Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 24 из 104



Сумна. Трэба неяк адкруцiцца ад гэтых вясталак. I раптам Славiк убачыў Тараса. Пазнаў цераз плошчу. Той стаяў на супынцы загарадных аўтобусаў збоку вялiкай чаргi.

- Ша, лэдзi! Бачу аднаго прадстаўнiка будучага грамадства. Пайду раздабуду на сённяшнi дзень. Чакайце.

Ён пашыбаваў цераз плошчу, не звяртаючы ўвагi на машыны.

- Хэло, мiстэр Ганчароў, - шумна прывiтаўся Славiк.

- Здароў, таварыш Шыковiч. - Тарас усмiхнуўся, як усмiхаюцца дарослыя, назiраючы забаўкi дзяцей.

Калгаснiцы з чаргi зацiкаўлена i зняважлiва глядзелi на хлопца ў вузенькiх штонiках, стракатай кашулi, з матузкамi на шыi, сцягнутымi бляшкай.

Славiк трохi сумеўся ад гэтых позiркаў. Недурны хлопец, ён адразу адчуў, што тут не месца для крыўляння i галёкання. Загаварыў проста, грубавата. Паказаў на турысцкi мяшок, што стаяў каля ног у Тараса.

- Куды з такiм "гумном"?

- Да сваiх.

- Клапатлiвы сын паважаных бацькоў.

Старая жанчына не вытрымала:

- Па табе хлопчык, вiдаць, што ты такога "гумна" не павязеш сваiм бацькам.

- Твайго Яраша возiць мой бохан на машыне. I яны не прыязджаюць пустымi.

Па чарзе пракацiўся шэпт:

"Яраша? Якога Яраша? Таго? Доктара? Сын? Каторы?"

Славiк узяў Тараса пад руку, кiўком галавы запрашаючы адысцi. Тарас папрасiў жанчын папiльнаваць мяшок i чаргу.

Не надта блiзка знаёмы яны. Калi пасябравалi сем'i, Тарас быў у армii. Вярнуўся - пайшоў на завод. Славiк у гэты час канчаў дзесяты клас. Толькi вось на дачы пазнаёмiлiся больш-менш. А таму Славiку пры ўсёй яго бесцырымоннасцi нялёгка было папрасiць грошай у гэтага спакойнага, старэйшага па ўзросту хлопца.

Тарас дастаў пачак "Беламора", прапанаваў запалiць.

- О, ты глядзi! Не ведаў, што сябры камбрыгад паляць.

Ведаў. Усё ведаў. Але за жарцiкi лягчэй схаваць сваю збянтэжанасць.

- А што мы, незямныя? - Тарас пстрыкнуў перад Славiкавым тварам запальнiчкай, даючы прыпалiць.

- А скажы шчыра, сумна ў такой брыгадзе?

- Дзiўныя ў цябе ўяўленнi, работнiк тэлестудыi. Чаму сумна? Сумна хораша працаваць?

- Не жыве ж чалавек адной працай! А гэты рэгламент... Не выпi, не запалi, не вылайся, не прыцiснi дзяўчыну... Мы здымалi для хронiкi брыгаду на швейнай. Манахiнi. Далiбог. У кожным пакоi абавязацельствы вiсяць. Наведваць тэхвучобу, хадзiць у кiно, у музеi. У якiя музеi, калi ў нас адзiн, краязнаўчы? Чытаць газеты... Узорна прыбiраць у пакоi... Не хапала толькi - чысцiць зубы... Нудна!

- Не ведаю, што там, на швейнай. А ў нас брыгада - што трэба. I адпачываем мы весялей за другiх.

- Але ж выпiць - нi-нi?

- Калi ёсць прычына...

- Ну-у? Можна, значыцца? Прыма. А ў рэстаран можаш пайсцi?

- А хiба ў рэстаране толькi п'юць? Можна паабедаць.

- Генiяльная мысля! Культурна паабедаць! Ты ведаеш, я галодны, як дыназаўр. Ранiцай як напiўся чаю...

Тарас сумеўся. Хацелася хутчэй да сваiх. За тыдзень ён засумаваў па Вiцю, Наташы, па бацьку, па Галiне Адамаўне. Яраша i цяпер, дарослы, Тарас клiкаў бацькам. Жонку яго як адмовiўся назваць мамай у першы дзень яе з'яўлення шаснаццаць год назад, так нiколi i не называў. Але любiў, як мацi. З гадамi мацней адчуваў удзячнасць, што яны выхавалi яго вось такiм... Вось такiм таварыскiм хлопцам, калектывiстам. Калi Слава сапраўды галодны, не можа ён, Тарас, маючы грошы, не накармiць яго. Праўда, чамусьцi той пачаў не з абеду, а з выпiўкi... Тарас ненавiдзеў гэтых васемнаццацiгадовых наведвальнiкаў рэстаранаў, што п'юць за бацькавы грошы. Але нiхто не казаў, што Слава такi. Ды i Шыковiч не такi, каб даваць волю i лiшнiя грошы. Можа, наадварот, празмерная строгасць бацькоў давяла, што ў сына няма на абед.

Тарас перавёў позiрк з правага крыла вакзала, дзе размяшчаўся рэстаран, на чаргу.

Славiк хмыкнуў.

- Баiшся?

- Чаго?

- Убачыць хто з завода - распiшуць заўтра на ўсiх сценах... Закрычаць з трыбун. Брыгадзiр Тарас Ганчароў...

- Глупства.

- То чаму ты азiраешся? Баiшся зайсцi ў рэстаран, каб паабедаць за сумленна запрацаваныя грошы? Ох, жыццё!

Тарас добра разумеў, што Славiк знарок падбiвае яго, цешыўся з такой наiўнасцi i дараваў: на якiя хiтрыкi не iдзе галодны чалавек!



- Прапушчу чаргу, калi я потым дабяруся да сваiх?

- У гэты аўтобус ты ўсё адно не ўваб'ешся. А ўлезеш - патрушчаць рэбры.

- Ну добра. Пайшлi.

Тарас вярнуўся да чаргi, узяў свой рукзак. Але ўжо праз хвiлiну пашкадаваў, што згадзiўся. Слава не пайшоў проста да рэстарана, а павярнуў да клуба. Наблiзiўшыся, спытаў:

- Бачыш, стаяць? Шык! Мае знаёмыя. Возьмем?

Крыклiва апранутыя дзяўчаты не спадабалiся Тарасу, хоць да любога адзення ён ставiўся даволi прымiрэнча. Слова вырвалася само, можа, не зусiм нават тое, якое патрэбна было сказаць:

- Вульгарныя.

Славiк засмяяўся i, не дайшоўшы да дзяўчат, крыкнуў iм:

- Лэдзi! Тарас кажа, што вы вульгарныя. Гуд бай! - i павярнуў у бок вакзала.

- Хамло твой Тарас! I ты разам з iм! - крыкнула адна з дзяўчат.

Кроў ударыла ў галаву так, што зазвiнела ў вушах. Тарас пачырванеў, потым пабялеў. Нiколi ён не паводзiў сябе так з дзяўчатамi. I нiколi не трапляў у такое скандальнае становiшча. Здавалася, уся плошча глядзiць на iх. Мiлiцыянер падыдзе зараз... Спытае... Варта паслаць да д'ябла гэтага бессаромнага шчанюка з яго рэстаранам!.. Але яшчэ i гэты крыкне што ўслед. А як вярнуцца цяпер у чаргу? Акрамя ўсяго, нечым ён прыцягвае да сябе, гэты Славiк. Хочацца пазнаць яго лепш.

Вось як ён спакойна нейтралiзаваў выкрык дзяўчыны:

- Мяшчанкi. Адкуль выплывае столькi дрэнi?

"Але навошта ты водзiшся з гэтай дрэнню?" Тарас iшоў злосны i зацiкаўлены.

Селi за столiк каля акна. На першым пуцi стаяў дальнi цягнiк. На пероне бегатня, крыкi. Каля буфетаў тоўпiлiся пасажыры. А сталы пустыя.

Славiк грэблiва змахнуў крошкi, завярнуў рог запэцканага абруса.

- Думаеш, тут можна культурна паабедаць? Шыш.

Тут, у рэстаране, ён пераўтварыўся: стаў сур'ёзны i паважны. Кiўком пальца паклiкаў афiцыянтку i, пакуль тая без спеху падыходзiла, разгарнуў цяжкую, зашмальцаваную, з пабляклым золатам лiтар дэрмацiнавую вокладку, у якой быў укладзены адзiн лiсток меню.

- Пачнём, Валя...

Дзяўчына, выцягнуўшы кнiжачку i агрызак карандаша, перасмыкнулася:.

- Усiм вам снiцца Валя.

- Ах, Марынка? Прабач, Марына. - Усмешка i тут жа суровасць. - Пачнём, Марына, з таго, што... заменiм абрус! Што гэта за ануча? Сорам. Рэстаран называецца. Май на ўвазе, гэта - Тарас Ганчароў.

Дзяўчына глянула на Тараса i паслухмяна пачала збiраць са стала келiхi i шклянкi. Тараса абурыў тон, якiм Славiк размаўляў з ёй. "Скажы, калi ласка, якi Сцiва Аблонскi! А пры чым тут маё iмя? Не, не таму, што галодны, цягнуў ты ў рэстаран. Парысавацца захацеў. Здзiвiць мяне. Хлапчук".

Калi дзяўчына пабегла па чысты абрус, ён сказаў узлавана:

- Слухай. Калi ты будзеш вось так, я пайду. Не люблю гэтых рэстаранных конiкаў.

- А што? - здавалася, зусiм шчыра здзiвiўся Славiк. - Няхай думае, што ты чэмпiён. Яны любяць чэмпiёнаў. Лепш абслужыць.

Ён вывучаў меню. Моршчыўся, круцiў галавой.

- Адна свiнiна ды рыбныя кансервы.

- А табе вустрыц захацелася?

Славiк зразумеў iронiю, i яму не спадабалася яна. Блiснуў вачамi.

- Хаця б чалавечага мяса. - I засмяяўся са свайго недарэчнага жарту. Вустрыцы! Гурка свежага няма. А на рынку iх поўна ўжо.

- На рынку ёсць, - згадзiўся Тарас. - Я вось вязу.

- Сур'ёзна? Кладзi на стол. А то Яраш плюс Шыковiчы ўсё з'ядуць. Калгасам жывуць. I апетыт у iх там...

- Няёмка.

- Усё ёмка. Давай сюды!

Ён сапраўды гiпнатызаваў сваёй здзiўляючай незалежнасцю. Ён амаль загадваў. Тарас у душы пратэставаў, але падпарадкаваўся. Развязаў мяшок i падаў паўдзесятка маладзенькiх зялёных гурочкаў.

Славiк перадаў iх афiцыянтцы, якая засцялiла чысты абрус, паставiла чаркi, з усмешкай слухаючы iх размову.