Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 104



- Галя! - Ён адступiў на крок i паспрабаваў засланiцца ад яе ўдараў партфелем, якi ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Але яна выхапiла партфель i моцна стукнула iм па галаве, па твары. Гэта яго ўзарвала. Так жонка не паводзiла сябе ўжо колькi год. Узмахам рукi Антон выбiў у яе партфель, а самую схапiў у абдымкi, лёгка падняў, зацiснуўшы рукi, каб не драпалася. А каб не крычала, моцна, да болю, прыпаў вуснамi да яе вуснаў. Яна бiлася, трапяталася, як рыба, дрыгала ў паветры нагамi, намагаючыся вырвацца. Але дарэмна. Ён насiў яе па прасторнай верандзе, быццам закалыхваў, як малую, i праз сцiснутыя вусны шаптаў:

- Дурная. Дурная. Дурная...

I яна сцiхла. Быццам самлела. Нерухомая, зрабiлася цяжкай. Ён адняў вусны - яна не закрычала, нават не папрасiла: "Пусцi". Ён ведаў з мiнулага, што найпрасцейшы i хутчэйшы сродак памiрыцца - гэта паказаць ёй, што нiдзе ён не растрацiў сваю сiлу. Магчыма, Галiна чакала гэтага. Яму стала агiдна, балюча i крыўдна. Прыгадалася, з якой прычыны ён затрымаўся, з якiмi пачуццямi ехаў дадому. I раптам - такая сустрэча. Антон груба, як мяшок, кiнуў жонку на шырокую тахту (яны спалi тут жа, на верандзе). Душыў гальштук. Ён сарваў гальштук i шыбануў цераз стол, у кут. Туды ж паляцеў пiнжак i капялюш. У змроку яснай ночы Галiна бачыла гэтыя рэзкiя рухi i, адчуўшы навальнiцу, маўчала. Яна тонка ўмела адчуваць настрой мужа. Агонь рэўнасцi, якi яна распалiла, уяўляючы, як мужа, яе мужа, абдымае, цалуе гэтая распуслiвая Тамара, - гэты агонь патухаў. Яна амаль гатова была папрасiць прабачэння. Але Антонавы мяккасць i адыходлiвасць прывучылi яе да таго, што яна нiколi не рабiла першага кроку да прымiрэння. Акрамя таго, вельмi свежымi яшчэ былi пакуты, якiя яна перажыла за тры гадзiны - з таго часу, калi Кiрыла прыехаў адзiн i сказаў, што Антон затрымаўся на нейкай неадкладнай кансультацыi ў трэцяй клiнiцы. Колькi яна патрацiла сiлы, каб нi словам, нi рухам не выдаць сябе перад Шыковiчамi. Як на злосць, Валянцiна Андрэеўна не адступала ад яе ўвесь вечар, расказвала розныя вясёлыя здарэннi. Можа, знарок. Думка, што нехта чужы, збоку, бачыў i здагадваўся, што рабiлася ў яе сэрцы, была самай цяжкай. Ужо за адно гэта сваё ўнiжэнне яна мае права не дараваць Антону цi, ва ўсякiм разе, не iсцi першай на прымiрэнне. Ён гучна пракаўтнуў горкi i салёны камяк i амаль застагнаў:

- Божа мой!

Галiне стала шкада яго: такi дужы, вялiкi, мужны, ён застагнаў. Хваля пяшчоты залiла яе добрае сэрца. Каб ён наблiзiўся да тахты, яна прыцягнула б яго да сябе, прыласкала. Але ён хадзiў па верандзе, спатыкнуўся на партфель, злосна пiхнуў яго нагой. Пад яго цяжкiмi крокамi новыя маснiчыны не скрыпелi, а гудзелi. У рамах брынчалi шыбы. Можна было б сказаць яму: "Не хадзi. Пабудзiш дзяцей" - i гэта, напэўна, стала б крокам да прымiрэння. Але, акрамя ўсяго iншага, яе распiрала дурная жаночая цiкаўнасць: што скажа ён у апраўданне? Ён нiчога не сказаў яшчэ.

Ён паўтарыў:

- Божа мой! - i, памаўчаўшы, пачаў кiдаць словы, як каменнi: - Якое дзiкунства! Уявiць цяжка... Пражыць з чалавекам шаснаццаць год, выгадаваць дзяцей... I не верыць яму нi на крупiнку, нi на залатнiк. Бясконца лiчыць падлюгам, здольным на любую агiднасць. Бясконца падазраваць... Раўнаваць чорт ведае да каго... Зразумей, ты не дурная жанчына. Урэшце, у такой атмасферы нельга жыць. Нельга дыхаць. Чорт вазьмi!

Словы гэтыя абражалi Галiну Адамаўну. Абражалi сваёй праўдай. Але, так жыць нельга! Ды i не жывуць яны так, яны жывуць хораша i шчыра. А ад гэтых прыступаў рэўнасцi яна сама пакутуе ў сто разоў горш. Ён павiнен быў зразумець гэта i рабiць так, каб не было нiякiх прычын. Ён павiнен шкадаваць яе. А ён вось як лiчыць - што яна атручвае яму жыццё, што яна пачвара нейкая.

Галiна заплакала горка, надрыўна.

- Вядома, я дурная... Дзiкунка. Не даю табе жыць. Ты вялiкi вучоны. А я? Кухарка твая, служанка... Нянька тваiх дзяцей. За iмi, за тваёй шырокай спiной ды за гнiлымi зубамi пацыентаў я нiчога не бачу. Я свету не бачу...

Чым больш яна гаварыла, тым больш пераконвала сябе, што яна вялiкая пакутнiца, i, заходзячыся ад жалю, курчылася ад рыданняў.

"Ды няпраўда гэта! Хлусiш ты! - хацелася крыкнуць Ярашу. - Хiба ты жывеш горш за iншых? Хiба я не стараюся зрабiць тваё жыццё прыгожым i поўным? Ты сама выдумляеш сабе пакуты". Але ён умеў стрымлiвацца. Ён добра ведаў жонку, яе хваробу, у якой, магчыма, больш за ўсё вiнавата тая, да каго яна раўнуе. Ён пераключыў сваю злосць на Тамару. Падумаў: як правучыць гэту разбэшчаную бабу? Спынiўся каля тахты. Плечы Галiны сутаргава ўздрыгвалi. I ў яго дрогнула сэрца - стала шкада жонкi. Сапраўды, шмат у чым яна няшчасная. Але хiба ёсць у гэтым яго вiна? Можа, не так горача ўжо кахаў ён яе, але кахаў, разважлiва, спакойна, разумна, шанаваў, асцерагаў ад жыццёвых нягод, дамагаўся, каб была дружба i вера. Чаму ж яна не верыць яму, найблiжэйшаму чалавеку? Хiба не крыўдна гэта?

Ён прысеў на тахту, асцярожна дакрануўся да яе пляча, гарачага i праз шоўк сарочкi.



- Галя!

Яна ўсхлiпнула гучней.

- Добра. Я бяру свае словы назад. Даруй. Але будзь жа i ты аб'ектыўнай. Мы ж культурныя людзi. I нам не па дваццаць год, каб сустракаць адно аднаго кулакамi... Ды i ў дваццаць... Ты прынiжаеш у першую чаргу самую сябе, сваю чалавечую годнасць. Няўжо нельга было спытаць спакойна: дзе ты затрымаўся? I я адказаў бы табе. Я адказаў бы, - ён падняўся i ўсхвалявана прайшоў па верандзе, - што ў мяне незвычайны дзень... Я сустрэў чалавека, якi ратаваў мяне ад смерцi i якога я лiчыў мёртвым. Помнiш, я расказваў табе? Дачка доктара Савiча. Ты не ўяўляеш...

Муж расказваў у першыя гады сумеснага жыцця мноства розных гiсторый са сваёй дзейнасцi падпольшчыка. Галiна нават употай сумнявалася ў верагоднасцi некаторых з iх. I большасць гэтых гiсторый яна ўжо забылася, бо ў апошнiя гады Антон рэдка ўспамiнаў сваё падполле. Тым больш яна забыла прозвiшчы людзей, пра якiх ён расказваў, якiя былi яго таварышамi па барацьбе цi ворагамi. Але незнаёмую ёй Зосю Савiч яна помнiла. Помнiла, як тая ратавала Антона. I вось гэтая жанчына, пра якую ён успамiнаў асаблiва цёпла, з'явiлася. Адкуль? Сустрэлiся яны выпадкова цi яна шукала Яраша? Галiна Адамаўна забылася на сваю крыўду, на рэўнасць да Тамары. Iншае насцярожыла яе. Павярнулася на бок, тварам да мужа. Ён зразумеў гэта так, што жонка зацiкавiлася, яшчэ больш палагаднеў i пачаў расказваць падрабязна:

- Майзiс папрасiў мяне пракансультаваць хворую. Мiтральны стэноз. Сама хворая прасiла. Я прыйшоў у палату... I раптам хворая шэпча: "Вiктар". Маю падпольную клiчку. Уяўляеш? Не, ты падумай толькi. Васемнаццаць год я лiчыў чалавека мёртвым. I вось... Яна не ўсё расказала мне... Але я здагадваюся, што яна перажыла. Чатыры гады, як яна ў нашым горадзе... i пазбягала сустракацца. Дачка доктара Савiча. Гэтым сказана шмат што. Але чаму дачка павiнна адказваць за бацьку, калi нават той i сапраўды быў ворагам? Я перавёў яе ў нашу клiнiку. Гэта заняло час. Яна чула пра мае аперацыi i просiць аперыраваць яе. Буду аперыраваць! Здаецца, супрацьпаказанняў няма. Трэццяя стадыя па Бакулеву.

Галiна з палёгкай уздыхнула.

У яе была дзiўная рыса, выпрацаваная ўласнымi адчуваннямi лекара. Нiколi яна не раўнавала мужа да яго пацыентак. Многiя з тых, каго ён лячыў, аперыраваў, запрашалi яго пасля ў госцi, i яна смела адпускала яго аднаго. Пацыенткi ў яе вачах пераставалi быць жанчынамi небяспечнымi. А таму мужава паведамленне аб тым, што Савiч цяжкахворая i ён будзе яе аперыраваць, адразу супакоiла Галiну Адамаўну. Яна нават страцiла цiкавасць да падзеi, якая яўна ўсхвалявала Антона. Цяпер яна адчула сваю вiну перад iм, i ёй хацелася хутчэй загладзiць яе. Яна цiха паклiкала, перапынiўшы яго расказ:

- Хадзi сюды, Антон.

Ён змоўк, пастаяў звiлiну каля стала, як бы раздумваючы - iсцi цi не iсцi. Наблiзiўся нерашуча.

Яна пацягнула яго за руку, пасадзiла на тахту, прыпала да рукi вуснамi.

- Даруй мне, Антоша. Я дурная. Слабая i дурная жанчына.