Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 104

Зося папрасiла, каб ён аперыраваў яе. I не сказала, як многiя iншыя: "Лепш памерцi, чым так пакутаваць". Не. Яна верыць, што ён здолее ўратаваць яе.

Калi тая аперацыя! Праз месяц... I цi можна яе ўвогуле аперыраваць? Гэта яшчэ пакажуць даследаваннi. А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца, бадай, мацней, чым перад сваёй першай самастойнай аперацыяй. Уяўляе яе сэрца, бачыць, як на макеце, звужэнне левай перадсардэчна-страўнiкавай шчылiны... Недастатковасць клапана... Мозг пачынае напружана працаваць. Iдзе аперацыя. Ён уважлiва i прыдзiрлiва прасочвае ўвесь ход яе, ад падрыхтоўкi хворай да...

Раскрывае грудзi... Бярэ сэрца... Вось яно...

Машына рэзка спынiлася. Яраш расплюшчыў вочы. Стаялi перад закрытым шлагбаўмам каля чыгуначнага пераезду на ўскраiне горада.

"Усяго праехалi?" - здзiвiўся ён.

Прайшло некалькi хвiлiн, а ён траха не скончыў такую аперацыю, на якую патрэбны гадзiны.

- Задрамалi, Антон Кузьмiч? - спытаў шафёр.

Дзесьцi збоку пыхкаў паравоз. Затрубiў у ражок стрэлачнiк.

Яраш заглянуў шафёру ў твар, асветлены слабым водблiскам прыбораў i чырвоным лiхтаром шлагбаўма. Не, гэтага чалавека ён не лячыў, памяць у яго на твары добрая. Шафёр, зразумеўшы, што доктар хоча пазнаць яго, растлумачыў:

- Вы ўратавалi майго сына, Антон Кузьмiч. На ўсё жыццё вам удзячны. Мацi штодня ўспамiнае. Хаця б ты, кажа, павазiў доктара. Скажыце, i я кожны дзень буду вазiць вас.

- Хабар? - усмiхнуўся Яраш.

- Якi хабар, доктар? - пакрыўдзiўся шафёр. - Хабар даюць за цёмныя дзялы. А тут - жыццё сына...

Прайшоў нядоўгi таварны састаў. Старэнькi паравоз сыпануў у начное неба жменю iскраў. Але яны не сталi зоркамi - упалi назад на зямлю i патухлi.

Павольна падымаўся шлагбаўм. У нейкi мiг замест чырвонага лiхтара загарэўся зялёны. Яраша заўсёды здзiўляла гэтая няхiтрая механiка.

Машына кiнула на пераезд сноп кароткага святла. Заблiшчалi рэйкi. Вартаўнiк пагразiў пальцам. За пераездам фары выхапiлi з ночы больш доўгi кавалак чорнай шашы.

Яраш глянуў убок i ўбачыў зоркi. Iх было мала, i яны плылi над чорным лесам, якi заўсёды ўначы чамусьцi здаваўся горнай градой - з вяршынямi, доламi, цяснiнамi. А ўдзень гэта была зусiм роўная сцяна лесу за кiламетр ад дарогi. Там, наперадзе, лес падступiць да самай шашы, i тады знiкне гэтая iлюзiя. Антон Кузьмiч нiяк не мог растлумачыць прычыны такога зрокавага падману.

Усё гэта - супынка, размова з шафёрам, зоркi, лес - адцягнула думкi ад Зосi. Праўда, ненадоўга. Хутка ён пачаў зноў думаць пра яе, але ўжо iнакш. Прыгадаў, як зноў, другi раз за дзень, сутыкнуўся з Тамарай. Яна раптам запярэчыла супраць пераводу Зосi ў тую клiнiку, дзе пастаянна працаваў Яраш. Калi ён пайшоў, каб растлумачыць ёй, што мае сам аперыраваць хворую i таму зручней, каб яна была пад яго штодзённым наглядам, Тамара са здзекам спытала:

- Гэта тваё падпольнае каханне?

Антон не вытрываў i вылаяўся груба i злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформiла перавод.

Калi Яраш пазванiў у рэдакцыю Шыковiчу, што мусiць затрымацца, той сказаў:

- Хрэн з табой. Сядзi каля сваiх хворых хоць тыдзень. А я млею ад духаты.

Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго i хораша ўсмiхалася, шчаслiва i збянтэжана.

- Дзе вы былi ўвесь гэты час?

- Апошнiя тры гады тут, у нашым горадзе.

- I не ведалi пра мяне?

- Ведала. Бачыла колькi разоў.

- Бачылi? I не маглi прыйсцi?

- Я маленькi чалавек, Антон Кузьмiч. Прыёмшчыца арцелi кравецкай на Выселках.

- Ды якое мае значэнне, кiм вы працавалi! Глупства! Сорамна падпольшчыцы дзялiць людзей на маленькiх i вялiкiх.

- Якая я падпольшчыца! Я дачка доктара Савiча. - Вочы Зосi напоўнiлiся слязамi.

- Ну, не трэба! Калi ласка! Нiякiх хваляванняў i нiякiх расказаў! Аб усiм пагаворым пасля. - Ён падняўся, каб пайсцi.

Яна папрасiла нясмела, сарамлiва:

- Пасядзiце яшчэ трошкi, Антон Кузьмiч. Хлопчык гэты, Тарас, жывы?



- Хлопчык! Хлопчык гэты ў армii адслужыў. На заводзе робiць...

- Я шукала яго. - Яна як бы вiнавата прасiла прабачэння за тое, што не здолела знайсцi дзiця.

- Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе нiякiмi ўспамiнамi.

Сёстры i санiтаркi хадзiлi на пальчыках i гаварылi шэптам. У iх былi спалоханыя твары. Яраша абурыла гэта, але ён змаўчаў. Прымусiў сябе маўчаць. Што б яны падумалi, каб ён, звычайна ветлiвы i далiкатны з малодшым персаналам, раптам накрычаў на iх?

Цяпер, у машыне, ён падумаў, што трэба заўтра ж пра ўсё расказаць Машы i папрасiць, каб яна ўзяла шэфства над Зосяй. Не медыцынскае. Чалавечае.

Таксi звярнула з шашы ў лес. У святле фар дрэвы здаюцца дэкаратыўна нежывымi i ў той жа час фантастычна прыгожымi. Праплываюць застылыя ствалы з нерухомым белым лiсцем. Быццам на мiг з'яўляюцца на свет з дагiстарычнай цемры i зноў знiкаюць назаўсёды. Ценi бягуць наперадзе, пераганяючы святло, доўгiя i вузкiя - блiзка i шырокiя - удалi. А з бакоў - чарната. А ўгары - цемра: зноў не вiдаць зорак.

Яраш надзвычай любiў начную язду па лесе. Часта прасiў Шыковiча паездзiць. Той не разумеў яго захаплення. Яраш злаваўся: "Якi ты, да д'ябла, пiсьменнiк, калi не адчуваеш такой прыгажосцi? Ты паглядзi на гэтыя сосны! Якi ў iх колер? А ценi? З чым ты параўнаеш iх? Паспрабуй напiсаць гэта рэалiстычным пэндзлем. Памрэш - не напiшаш. Тут, брат, трэба нейкi асобы, умоўны прыём".

"Хiрург-абстракцыянiст! - хмыкаў Шыковiч. - Навiна! Дзiва дзiўнае!"

Шафёр таксi, напэўна, хацеў у знак удзячнасцi давезцi свайго пасажыра як мага хутчэй i iмчаў па карэннях i ямах, не шкадуючы машыны.

Яраш папрасiў:

- Цiшэй, калi ласка. Можна?

- Можна! - Шафёр адразу збавiў хуткасць. - Я думаў, вы спяшаецеся.

- Не. Я люблю паглядзець на лес.

- О, лясок тут добры! Каб такiх сосен на дом.

- Што было ў вашага сына?

- Пералом пазваночнiка. На будаўнiцтве, ведаеце. Няшчасны выпадак.

- А-а, помню.

Шафёра ўзрадавала, што доктар помнiў яго сына. Як бы пакрыўджаны за хабар, ён праз усю дарогу маўчаў. Гзта яму, вiдаць, нялёгка давалася, бо калi прарваўся, то пачаў паспешлiва i мнагаслоўна расказваць пра сына, пра сябе, пра ўсю сваю сям'ю.

Яраш слухаў i не чуў. Глядзеў на лес i думаў. Як у святле фар выплывалi з цемры дрэвы, так i з ночы памяцi выплывалi эпiзоды жыцця, далёкiя i блiзкiя, з падполля i з сённяшняга дня.

Да дачы ён не даехаў. Спынiўся каля канторы ляснiцтва, сiлком усунуў таксiсту грошы i пайшоў пехатой.

Свяцiлася толькi адно акно - на паддашку ў Шыковiча.

"Трэба адвучыць яго ад начной працы, - падумаў Антон Кузьмiч пра сябра i тут жа пра жонку з пяшчотай: - Спiць Галка. Тут добра спiцца".

Шкада было будзiць яе. Калi пад нагамi пiснулi ўсходцы ганка, ён пагразiў iм пальцам: "Цыц!" Потым доўга стаяў нерухома, слухаючы начную цiшыню.

Не паднiмалася рука, каб цiхенька, адным пальцам, пастукаць у шыбiну веранды. Ён быў упэўнены, што дзверы зачынены. Але паспрабаваў асцярожна нацiснуць на ручку - i дзверы лёгка адчынiлiся. Белая, як прывiд, постаць стаяла ў адным кроку ад парога. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў i ўмiг мабiлiзаваў свой спакой i вытрымку.

- Што, баiшся заходзiць? Сорамна? - не сказала, а прашыпела Галiна i тут жа сарвалася: - Не заходзь у дом, дзе спяць дзецi! Бессаромныя твае вочы!

- Галка! - Ён зрабiў крок, ён прасiў, малiў яе ласкавым iменем, каб яна не рабiла шуму: побач людзi, дзецi.

- Не падыходзь! Не датыкайся да мяне! Брудны тып!

- Галя! Выслухай! - не папрасiў, патрабаваў Антон.

- Што мне слухаць? Мне ўсё сказаў чалавек. "Ён заняты на кансультацыi..." Да дванаццацi ночы! Не першы раз ты "кансультуеш" яе... да позняй ночы! Крывасмок! Колькi ты выпiў маёй крывi! Не падыходзь!

Але сама кiнулася да яго i пачала ярасна калацiць маленькiмi кулачкамi ў магутныя грудзi.

- Паразiт! Я ненавiджу цябе! Не дакранайся да мяне! Усё! Усё, усё!.. Заўтра, заўтра!.. Зараз жа, зараз!.. Забiраю дзяцей... I ўсё. Жывi са сваёй шлюхай! Але я не дам вам жыцця. Не дам! Не чакай. Не!