Страница 11 из 104
- У рэдакцыю прыйшло пiсьмо... Мне Шыковiч расказаў. Распiсваюць добрыя людзi, як ты выкарыстоўваеш санiтарную машыну. На Ўкраiну - па вiшнi, з ранiцы - на рынак, увечары - у лес. А лекары неадкладнай ходзяць пехатой. Я кажу яму: калi пра Гаецкую, то можна пiсаць без праверкi. Усё правiльна, ручаюся галавой. Цяпер я падкiну яму факт з халадзiльнiкам... Сенсацыйны фельетон будзе!
Яна спынiлася. Ён па iнерцыi зрабiў крокi два i павярнуўся. Яна застыла ў дзiўна нязграбнай позе, нахiлiўшыся набок, бо трапiла адной нагой у канаўку для сцёку вады. Твар яе, што хвiлiну назад палаў, пабялеў, ноздры непрыгожа раздулiся.
Яраш адчуў, што ў iм загучала вясёлая лёгкая музыка. Нарэшце ён знайшоў, чым дапячы ёй. Яна адказала пагрозлiва, холадна - нiколi яшчэ не гаварыла з iм такiм тонам:
- З'явiцца фельетон, я табе да смерцi не дарую. - I, не развiтаўшыся, павярнулася i пайшла назад.
Ярашу раптам захацелася гарэзлiва, па-хлапечы свiснуць ёй услед.
Майзiс, маленькi, кучаравы, у вялiкiх чорных акулярах, сустрэўшы яго на ганку аддзялення, сказаў:
- У вас сёння, калега, добры настрой.
- А хiба вы бачылi калi-небудзь мяне ў дрэнным настроi?
- Не. Але часам чалавек бывае залiшне задумлiвы. Ён уважлiвы ў працы, але не бачыць хараства вакол сябе.
Яраш засмяяўся:
- Майзiс, ведаеце што? Прыязджайце да мяне на дачу. Я пакажу вам такое хараство, якого вы, гараджанiн, зроду не бачылi.
Але, пракансультаваўшы колькi хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. З iм рэдка гэта здаралася.
- Вiдаць, зноў будзе навальнiца. Хочацца спаць, - сказаў ён Майзiсу, пазяхнуўшы, калi яны пераходзiлi з палаты ў палату. - Апошнi?
- У мяне апошнi. Ды вельмi прасiла хворая з тэрапii, каб вы паглядзелi яе. Асабiста вас просiць, Антон Кузьмiч. Па-мойму, цiкавы выпадак. Мiтральны стэноз. Згодна аперыравацца.
Яраш паглядзеў на гадзiннiк, уздыхнуў:
- Ах, Майзiс, Майзiс, карыстаецеся вы маёй слабасцю.
- Што зробiш, Антон Кузьмiч. Такая наша прафесiя.
- Але, брат, прафесiя наша цяжкая. Нiчога не скажаш.
Прыгадаўшы аддзяленне, куды яму належала iсцi, i галоўнага лекара, Яраш зноў адчуў злосць. Беспарадак, бруд не толькi ў бальнiцах, але i ў другiх месцах, яго, звычайна спакойнага, прыводзiлi ў лютасць. Можа, праз гэта пра яго хадзiлi легенды. Расказвалi, напрыклад, што ён пабiў лекара сельскай бальнiцы, якую правяраў, аддаў пад суд хiрурга, якi аперыраваў п'яны, што ён у часе сваiх аперацый мацюкаецца на асiстэнтаў i сясцёр. Усё гэта, безумоўна, выдумкi. Лекара ён завёз у райком, хiрургу толькi пагразiў судом, а мацюкнуўся адзiны раз на асiстэнта, якi зрабiў памылку. Гэтыя выдумкi таксама злавалi Яраша; ён бадай пакутаваў, калi бачыў, што маладыя лекары баяцца яго i праяўляюць залiшнюю пачцiвасць, быццам ён сапраўды сiвагаловы прафесар, сусветнае свяцiла.
Па дарозе ў тэрапеўтычнае аддзяленне ён сказаў Майзiсу:
- У Гаецкай у кабiнеце халадзiльнiк. А шторы? Бачыце якiя? Побач з такiм аддзяленнем!
Майзiс падняў галаву, i з яго акуляраў выскачылi асляпляльныя зайчыкi. Усмешка варухнула тоўстыя вусны.
- У нас яе завуць "царыца Тамара".
- Бо вы бяззубыя тут, як малюскi. Прапясочылi б гэтую "царыцу" на партыйным сходзе.
- Для гэтага патрэбна прынцыповасць доктара Яраша.
- Не падхалiмнiчайце, Майзiс.
Маладзенькая лекарка, якая вяла хворую, сустрэла iх у калiдоры i адразу разгубiлася - пачырванела, пачала заiкацца, называла Яраша "прафесарам". Ён не ўзлаваўся на гэтае дзяўчо. Але, баючыся, што ўсё разам - яе пачцiвасць, выгляд аддзялення, успамiн пра Тамару - можа даць недзе гнеўную ўспышку, Яраш нахмурыўся, апусцiў галаву, выключыў увагу (ён умеў гэта рабiць), каб менш бачыць i чуць.
Яны ўвайшлi ў палату, дзе стаяла штук сем ложкаў, памiж iмi было цесна праходзiць. Як нi хацеў Яраш, усё адно ўбачыў усё адразу: ложкi, сцены, пацямнелыя ад старасцi залатаныя навалачкi, прасцiны, ручнiкi, абшарпаныя тумбачкi i хворых - хто як глядзiць на яго: з цiкавасцю, абыякава цi хоча папрасiць: "Доктар, паглядзiце i мяне".
- Вось наша хворая, - сказала лекарка, спынiўшыся каля ложка ў кутку, i, спахапiўшыся, падала Ярашу табурэт.
Хворая як хворая. Такiх ён бачыў сотнi. Маленькая жанчына, такая худая, што здавалася, пад коўдрай - пустата. А на падушцы спакутаваны твар з яркiмi прыкметамi яе хваробы: крыху збляклая ўжо сiнюшнасць губ, крылляў носа. А шчокi заружавелi. Хвалюецца. I вочы... Якiя вочы! I як яны глядзяць! Чаго толькi не бачыў за сваё жыццё i лекарскую практыку Яраш, але такiя вось вочы яго заўсёды выводзiлi з раўнавагi. Яны прасiлi, малiлi, выказвалi надзею, страх - усю бясконцую гаму пачуццяў чалавека, якi прагне жыць.
Сядаючы на табурэт, ён падумаў, што ў большасцi такiх цяжкахворых жанчын прыгожыя валасы. Ад кантрастнасцi, вiдаць. У гэтай вунь таксама якiя цудоўныя - светла-залацiстая пышная карона. Каб не сустракацца позiркам з хворай, Яраш разглядаў свае вялiкiя, адбеленыя спiртамi i эфiрамi пальцы i слухаў даклад лекара. У яго ўжо выпрацавалася прафесiйная звычка: чуць i фiксаваць у памяцi толькi тое, што патрэбна яму як кансультанту. Усё iншае, у тым лiку прозвiшча i iмя, ён выясняў пасля, калi сам пачынаў аглядаць хворага. Але паведамленне лекара аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкiм лагеры, узварухнула яго. Ён глянуў на гэтую маленькую жанчыну з цiкавасцю i жалем, сустрэў яе вочы, поўныя дзiвоснага агню i малення, падумаў:
"Вось яна, вайна. Збудаваны гарады. А сэрцы людзей... Сэрцы ранены". Ён падумаў пра сэрцы не наогул. Не. Як лекар, уявiў канкрэтнае маленькае сэрца, у якiм развiўся парок. Лекар расказвала, у якiм стане хворая паступiла ў бальнiцу:
- Ацёчнасць нiжнiх канечнасцей... Рэзка павялiчана пячонка...
- Калi паступiла? - спытаў Яраш.
- Два тыднi назад. - Лекар збянтэжылася, забылася, на чым яе перапынiлi.
- Гаварыце, гаварыце. - I зноў збоку здавалася, што кансультанта цiкавяць толькi ўласныя рукi.
- Быў праведзены курс лячэння...
I раптам у аднатонны даклад, перасыпаны лацiнскiмi словамi, уварваўся шэпт:
- Кузьма...
Яраш нават спачатку не звярнуў увагi.
- Антон Кузьмiч, - гучна паправiў Майзiс, якi стаяў за спiной у Яраша.
Тады Яраш рэзка падняў галаву, паглядзеў на хворую. Яна ўсмiхнулася вiнавата i зноў нясмела прашаптала ўжо другое iмя:
- Вiктар...
Яраш адчуў, што праз рукi яго быццам прапусцiлi электрычны ток, закалола ў кончыкi пальцаў: ён пачуў свае падпольныя клiчкi.
У яго былi надзвычай чуткiя пальцы, паталагiчна чуткiя, нават уласныя эмоцыi ён перш за ўсё адчуваў пальцамi. Вось так заколе - значыцца, злосць, радасць, здзiўленне.
Ён пазнаў гэтую жанчыну. Але не верыў вачам.
Хiба ўваскрасаюць мёртвыя? Колькi прайшло год! Дзе яна была дагэтуль?
Ён павольна падняўся з табурэта.
Лекар са страхам глядзела на сваю пацыентку: што тая трызнiць?
Майзiс лёгка свiснуў: ён быў рамантык, любiў прыгоднiцкiя кнiгi, фiльмы, нечаканыя сустрэчы людзей.
Хворая супакоiла свайго лекара простым i ясным запытаннем:
- Не пазнаяце, Антон Кузьмiч?
Яраш умеў стрымлiваць свае пачуццi ў любых абставiнах. Але тут не стрымаўся.
- Зося? - прашаптаў ён так, што ўздрыгнула лекар, прыўзнялiся на локцях хворыя, а Майзiс у захапленнi пацёр рукi.
- Зося! - паўтарыў ён гучней i, высокi, мажны, схiлiўся над ложкам, як бы хочучы загарадзiць яе ад чужых вачэй, ад хвароб, ад усiх навал. Узяў тонкiя, схудалыя рукi ў свае мяккiя шырокiя далонi, асцярожна сцiснуў. - Адкуль вы з'явiлiся, Зося?
А ў дзверы ўжо заглядвалi сёстры, хворыя, i ўсё аддзяленне загудзела, як разварушаны вулей.
5
На супынцы таксi каля вакзала адзiн з шафёраў ветлiва запрасiў Яраша:
- Калi ласка, доктар, у маю машыну.
- У Дзятлаўскае ляснiцтва. Ведаеце?
- Ведаю. Наш брат усё мусiць ведаць.
"Волга" рванула з месца, Яраш па iнерцыi адкiнуўся на спiнку i гэтак застыў. Мiльгалi вулiчныя лiхтары, вiтрыны, сiгналы сустрэчных машын. Ён заплюшчыў вочы, але не адчуў асалоды адпачынку. Дзень скончаны. Незвычайны дзень. Яраш жыў уражаннямi ад сустрэчы з чалавекам, якога васемнаццаць год лiчыў мёртвым. "Вось сюжэт для Кiрылы". Ён хацеў надаць думкам iншы кiрунак, абстрагавацца i супакоiцца. Але дарэмна. Супакоiцца не так проста.