Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 41 из 49

— Але, брат, у цябе такі выгляд, нібы ты і зусім не спаў. Ну, ды не бяда! Вось табе пасцеля; як паснедаеш, дык і лажыся. Не, малец, на жаль, яны не забітыя,— і гэта нам вельмі прыкра. Бачыш ты, як яно вышла. Па твайму апісанню мы ўжо ведалі, дзе іх узяць, таму мы на цыпках падкраліся да іх зусім блізка,— на гэтай-жа сцежцы між кустоў цёмна, як у склепе. Спыніліся гэтак крокаў, мабыць, за пяць, і раптам — што-б ты думаў? — прыпёрла-ж мяне чхнуць. Вельмі не пашанцавала! Як я ні ўстрымліваўся, нічога не мог зрабіць,— чхаю, ды і ўсё тут! А ішоў я паперадзе, трымаючы пісталет напагатове. Толькі я чхнуў, гэтыя жулікі кінуліся бегчы, а я крычу сваім: «Страляй, хлопцы!» І стрэліў разбойнікам услед. І мальцы мае таксама. Але гэтыя падлюгі ўжо ўцяклі,— трэба думаць, што мы ўсе тры прамінуліся. Яны праз лес,— мы за імі. Потым яны спыніліся і таксама давай смаліць у нас, але толькі іхныя кулі прасвісцелі міма, не пашкодзіўшы нам. Потым ужо і тупату не было чуваць. Тады мы спынілі дагон, спусціліся з гары і ўзнялі на ногі паліцэйскіх. Тыя вылучылі некалькіх чалавек пільнаваць бераг; а як толькі развіднеецца, шэрыф загадае абшукаць лес і мае мальцы пойдуць. Добра, каб ты мог апісаць нам, якія яны з выгляду, гэтыя разбойнікі, гэта нам вельмі дапамагло-б. Але-ж ты, малы, мусіць, і не разгледзеў іх у цямноце?

— Не, я ўбачыў іх у горадзе і пайшоў следам за імі.

— Вельмі добра! Ну, дык кажы, якія яны.

— Адзін з іх стары, глуханямы іспанец, які ў апошні час ходзіць па горадзе, а другі — абадранец, паганая такая фізіяномія...

— Гэтага досыць, галубок,— мы ўжо ведам. Учора мы бачылі іх у лесе; яны бадзяліся каля дома ўдавы, а як убачылі нас, дык ходу. Ну, хлопцы, хутчэй ідзіце к шэрыфу, снеданне ўжо прыдзецца адкласці на заўтра!

Сыны валійца зараз-жа пайшлі. Калі яны накіраваліся да дзвярэй, Гек кінуўся за імі і пачаў прасіць:

— Калі ласка, толькі не кажыце, што гэта я данёс на іх! Калі ласка! Вельмі прашу!

— Добра. Калі ты не хочаш, мы не скажам. Але-ж ты нічога дрэннага не зрабіў,— цябе толькі пахвалілі-б за гэта.

— Ой, не, не трэба! Калі ласка, не кажыце!

Калі маладыя людзі вышлі, стары звярнуўся да Гека:

— Яны не скажуць, і я не скажу. Але чаму ты не хочаш, каб гэта было вядома?

Гек адважыўся сказаць, што гэтыя людзі абавязкова заб'юць яго, калі даведаюцца, што ён данёс на іх.

Стары яшчэ раз абяцаў захоўваць тайну, але ўсё-ж такі спытаўся:

— Як табе прышло ў галаву сачыць за імі, хлопчык? Вельмі падазроннымі яны табе здаліся, ці што?

Гек маўчаў, прыдумваючы такі адказ, які не мог-бы яго скампраметаваць, і нарэшце сказаў:

— Бачыце, жывецца мне нясоладка, ды і сам я нікуды няварты чалавек,— прынамсі ўсе так гавораць, і я нічога не магу сказаць супроць гэтага. Вось я іншы раз і не сплю ўначы, усё думаю ды раздумваю, як-бы гэта мне пачаць жыць па-іншаму. Так яно было і ў мінулую ноч. Заснуць я не мог, ну і бадзяўся па вуліцы гэтак а поўначы, думаючы пра ўсё гэта. Іду міма старога мураванага хлява, што каля карчмы, стаў ля сцяны і думаў... І раптам бачу — бягуць міма два чалавекі, у аднаго з іх нешта пад пахай,— я так і парашыў, што гэта крадзенае. Адзін курыў, а другому хацелася закурыць,— вось яны і спыніліся за два крокі ад мяне. Цыгары асвятлілі іх твары, і я пазнаў у высокім глуханямога іспанца,— я пазнаў яго па сівых бакенбардах і пластыры на воку. А другі быў гэты абадраны д’ябал у лахманах...

— Няўжо ты мог пры святле цыгары разгледзець яго лахманы?

Гек на хвіліну замяшаўся.

— Ужо не ведаю як, але мабыць разгледзеў.

— Ну, і што-ж? Яны пайшлі, а ты?..

— А я за імі. І так яно ўсё і вышла. Мне хацелася даведацца, што яны надумалі. Яны лезлі ўсё вышэй і вышэй, і я за імі да самага плота, што каля дома ўдавы. Там я стаў у цемры і слухаю: абадранец стаяў за ўдаву, а іспанец бажыўся, што знявечыць ёй морду,— ну, ды я-ж вам ужо расказваў...

— Як? Усё гэта казаў глуханямы?

Зноў папаўся! Гек усяляк стараўся, каб старому нават і ў галаву не магло прыйсці, хто такі іспанец, але яго язык нібы паставіў сабе задачу — падводзіць яго. Ён некалькі разоў прабаваў выправіць справу, але стары ўвесь час не зводзіў з яго вачэй, і ў яго штохвілінна вырывалася хлусня. Нарэшце валіец сказаў:

— Галубок, ды не бойся-ж ты мяне! Я нізавошта ў свеце не згадзіўся-б выдаць цябе. Наадварот, я вазьму цябе пад сваю абарону. Гэты іспанец не глуханямы. Ты наўмысна выказаў, і цяпер ужо не возьмеш сваіх слоў назад. Ты нешта ведаеш пра гэтага іспанца і не хочаш сказаць? Ну, здаверся мне, скажы. І будзь спакойны,— я цябе не выдам.

Гек паглядзеў у чэсныя вочы старога, нагнуўся і шапнуў яму на вуха:

— Гэта не іспанец, гэта індзеец Джо.

Валіец ледзь не скаціўся з крэсла.

Валіец ледзь не скаціўся з крэсла.

— Ну, цяпер справа ясная, цяпер я разумею,— сказаў ён. — Калі ты казаў пра адсечаныя вушы і раскроены нос, я думаў, што гэта ты сам выдумаў, ад фантазіі; але індзеец Джо — гэта, вядома, зусім іншая рэч.

За снеданнем гутарка працягвалася, і паміж іншым стары сказаў, што перад тым, як пайсці адтуль, ён з сынамі запаліў ліхтар і агледзеў плот і зямлю побач, шукаючы, ці няма дзе плямін крыві. Плямін яны не знайшлі, але захапілі вялікі клунак з...

— З чым?!

Словы гэтыя, як маланка, сарваліся са збялелых вуснаў хлопчыка. Ён разгубленымі вачыма ўтаропіўся на старога і, ледзь дыхаючы, чакаў адказу. Валіец, у сваю чаргу, глядзеў на яго тры, пяць, дзесяць секунд, перш чым адказаў.

— Клунак з зладзейскімі інструмантамі. Але што з табой?

Гек адкінуўся на спінку крэсла, слаба, але глыбока ўздыхаючы з надзвычайным палягчэннем. Валіец сур'ёзна і з цікавасцю глядзеў на яго.

— Так, вязку зладзейскіх інструмантаў. Гэта, відаць, вельмі супакоіла цябе. Але чаго-ж ты баяўся? Што, ты думаў, мы знайшлі?

Гек быў прыціснуты да сцяны. Стары не зводзіў з яго дапыглівых вачэй. Хлопчык аддаў-бы ўсё на свеце, каб выдумаць добры адказ, але нічога ў галаву не прыходзіла, а дапытлівы погляд старога ўсё глыбей пранікаў яму ў душу. Патрапіў самы недарэчны адказ, але абдумваць не было калі, і Гек наўдачу прамармытаў:

— Я думаў, што вы знайшлі... падручнікі нядзельнай школы.

Небарака быў надта збянтэжаны і не мог усміхнуцца, але стары зарагатаў так гучна і весела, што закалыхалася ўсё яго важкае цела, і нарагатаўшыся такім чынам ён абвясціў, што такі смех — гэта эканомія, бо ён вызваляе ад выдаткаў на дактароў і лякарствы.