Страница 40 из 49
Гек павялічыў крокі, каб нагнаць іх, бо бачыць яго яны не маглі. Некаторы час ён амаль бег, потым пайшоў цішэй, баючыся, каб не абагнаць іх, і праз некалькі крокаў зусім спыніўся і пачаў прыслухоўвацца. Ані гуку. Ён чуў толькі стук свайго ўласнага сэрца. Са ўзгорка пачуўся злавесны крык пугача, але крокаў не было чуваць. Няўжо-ж усё прапала? Гек хацеў-быў вяртацца, як раптам нехта пачаў кашляць за два крокі ад яго. Геку здалося, што сэрца ў яго скокнула ў горла, але ён праглынуў яго зноў і застаўся на месцы, трасучыся ўсім целам, нібы на яго напала разам дзесяць трасцаў, і адчуваючы такую слабасць, што яму здавалася — вось-вось ён зараз паваліцца. Ён пазнаў месца: ён стаяў за пяць крокаў ад пералазу праз плот, які агароджваў маёнтак удавы Дуглас.
«Добра», падумаў ён, «хай закопваюць тут,— прынамсі нядоўга прыдзецца шукаць».
Потым голас індзейца Джо ледзь чутна прамовіў:
— Чорт-бы яе пабраў! У яе, здаецца, госці,— там свеціцца, хоць і позна.
— Дзе ты бачыш свет? Я не бачу.
Другі голас належаў таварышу метыса — незнаёмаму з зачараванага дома. Ледзяныя дрыжыкі прабеглі па целе Гекльберы Фіна. Дык вось каму яны надумаліся помсціць!
Першай думкай яго было — бегчы. Потым ён успомніў, што ўдава Дуглас не адзін раз была ласкавая да яго, а гэтыя людзі можа задумалі забіць яе. Ён шкадаваў, што ў яго нехапае мужнасці папярэдзіць яе, але ведаў, што не адважыцца: а што, калі яны яго зловяць? Усё гэта і яшчэ шмат чаго пранеслася ў яго галаве, раней як метыс паспеў адказаць:
— Табе кусты засланяюць святло. Пасунься сюды, вось так. Цяпер бачыш?
— Але. Мабыць у яе госці. Ці не лепш будзе нам пакінуць гэта?
— Пакінуць, калі я хачу назаўсёды пакінуць гэтыя месцы! Пакінуць, калі можа другога такога выпадку не будзе! Паўтараю табе яшчэ раз, як ужо казаў: мне яе грошай не трэба можаш узяць іх сабе. Але яе муж пакрыўдзіў мяне, не адзін раз крыўдзіў. Ён быў міравым суддзёй і не раз садзіў мяне ў турму за валацужніцтва. На яго шчасце, ён памёр, але я расквітаюся з ёй!
— Не забівай яе! Не трэба!
— Забіць яе? Ці-ж я казаў, што заб’ю яе? Я забіў-бы яго, каб ён быў тут, але не яе. Калі хочуць адпомсціць жанчыне, яе не забіваюць,— дзеля чаго? Досыць папсаваць ёй фізіяномію: раскроіць нос, абсячы вушы, як свінні!..
— Але-ж гэта...
— Пакінь сваю думку пры сабе! Цалейшы будзеш. Я прывяжу яе да ложка. I калі яна зыйдзецца крывёю, ці-ж гэта будзе мая віна? Я не заплачу, калі яна падохне. А ты, браце, паможаш мне па сяброўству,— затым ты сюды і прышоў; аднаму мне, магчыма, не справіцца. А калі спалохаешся, табе будзе капут — зразумеў?А калі мне прыдзецца забіць цябе, я заб’ю і яе,— і тады ўжо ніхто не пазнае, чыіх рук гэтая справа.
— Ну, што-ж? Калі рабіць, так рабіць. Чым хутчэй, тым лепш,— мяне ўсяго трасе.
— Як? Зараз? А госці? Слухай, брат, гэта нешта падазронна: чаго гэта ты так раптам заспяшаўся? Не, мы пачакаем, пакуль пагасяць агні. Спяшацца няма куды.
Гек адчуў, што цяпер пачынаецца маўчанне, яшчэ больш жудаснае, як гэта нарада душагубаў, таму ён затаіў дыханне і адступіў на крок назад, загадзя абследваўшы нагой месца, куды ступіць, дзеля чаго яму прышлося балансіраваць на адной назе, рызыкуючы ўпасці. З такімі-ж перасцярогамі і рызыкай ён зрабіў другі крок назад, потым яшчэ і яшчэ. Раптам пад яго нагой хруснула галінка! У яго дух захапіла. Ён спыніўся, прыслухоўваючыся. Ні гуку, мёртвая ціша. Вельмі ўзрадаваны, ён асцярожна завярнуўся ў вузкім праходзе між двума радамі кустоў і шпарка, але ціха зашагаў далей. Дайшоўшы да каменаломні, ён адчуў, што небяспека мінула, і пусціўся бегчы ва ўвесь дух. Як віхор, ляцеў ён з гары, дабег да дома валійца і пачаў барабаніць кулакамі ў дзверы. З акон высунулася галава старога фермера і яго двух дужых малодшых сыноў.
— Што за шум? Хто там стукае? Што табе трэба?
— Упусціце мяне хутчэй! Я ўсё скажу.
— Ды хто ты такі?
— Гекльберы Фін. Упусціце хутчэй!
— Гекльберы Фін? Вось дык здорава! Гэта не такое імя, каб перад ім расчыняліся дзверы. Але ўсё-ж такі, хлопчыкі, упусціце яго. Паглядзім, што з ім такое.
Пачуліся стрэлы.
— Калі ласка, не расказвайце нікому, што я вам скажу, а то мне будзе бяда. Але ўдава была ласкавая да мяне, і я вам скажу. Скажу калі вы абяцаеце нікому не казаць, што гэта я...
— Чэснае слова, у яго ёсць што сказаць, гэта нездарма! усклікцуў стары. — Ну, малец, выкладвай, што ведаеш,— мы нікому не скажам.
Праз некалькі мінут стары фермер і яго сыны, добра ўзброеныя, узышлі на ўзгорак і ішлі на цыпках па сцежцы між кустамі, трымаючы напагатове пісталеты. Гек давёў іх да сцежкі, але далей не пайшоў.
Ён прысеў за вялікім каменем і чакаў. Настала доўгае, нуднае маўчанне. Раптам пачуліся стрэлы і крыкі. Гек не чакаў, што будзе далей. Ён ускочыў і паімчаўся ўніз з гары з ўсёй шпаркасцю, на якую здольны былі яго ногі.
Раздзел XXIX
У нядзелю раніцою, з першым пробліскам святла, Гек пастукаў у дзверы старога валійца. У доме ўсе яшчэ спалі, але тым чулым сном, ад якога прачынаюцца пры самым малым шуме ў выніку трывог, якія былі ўначы. З акна яго гукнулі:
— Хто там?
Ціхі, спалоханы голас адказаў.
— Калі ласка, упусціце! Гэта я, Гек Фін.
— Перад гэтым імем, хлопчык, дзверы нашага дома заўсёды адчынены і ўдзень і ўноч. Калі ласка, уваходзь!
Дзіўна прагучэлі гэтыя словы для слыху маленькага валацугі. Ніколі яшчэ ён не чуў такіх прыемных слоў, нават не мог прыпомніць, каб хто-небудзь калі-небудзь сказаў яму: «калі ласка!»
Дзверы адчынілі, і Гек увайшоў. Яго пасадзілі, а стары і яго малайцы-сыны спешна апраналіся.
— Ну, мой хлопчык, я думаю, ты досыць галодны. Але ў нас снеданне будзе хутка гатова; як толькі сонейка ўзыйдзе, будзе гарачы блін,— ужо наконт гэтага будзь пэўны. А я з дзецьмі спадзяваўся, што ты вернешся і пераначуеш у нас.
— Я страшэнна спалохаўся! — прызнаўся Гек. — Як вы пачалі страляць, я пабег з усіх ног і аж тры мілі бег, не спыняючыся. А цяпер я прышоў, каб даведацца пра ўсё, як яно вышла, і знарок да святла, каб не напароцца на гэтых д'яблаў, нават калі яны ўжо мёртвыя.