Страница 1 из 49
A Мабыць, няма больш вядомай аповесці, чым аповесць Марка Твэна "Прыгоды Тома Сойера", якую з задавальненнем чытаюць ўжо больш за сто гадоў дзеці і дарослыя. І гэта зусім не дзіўна, бо ў ёй ёсць усё, што так прыцягвае чытача, - рамантыка прыгод, жывы гумар, захапляльны сваімі нечаканымі паваротамі сюжэт і нават пакутлівы любоўныя перажыванні галоўнага героя - падшыванца і гарэзы Тома Сойера! Раздзел I Раздзел II Раздзел ІІІ Раздзел IV Раздзел V Раздзел VI Раздзел VII Раздзел VIII Раздзел IX Раздзел X Раздзел XI Раздзел XII Раздзел XIII Раздзел XIV Раздзел XV Раздзел XVI Раздзел XVII Раздзел XVIII Раздзел XIX Раздзел XX Раздзел XXI Раздзел XXII Раздзел XXIII Раздзел XXIV Раздзел XXV Раздзел XXVI Раздзел XXVII Раздзел XXVIII Раздзел XXIX Раздзел XXX Раздзел XXXI Раздзел XXXII Раздзел XXXIII Раздзел XXXIV notes 1 2 3 4 5
МАРК ТВЭН
ПРЫГОДЫ ТОМА СОЎЭРА
ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУС
ЮНДЗЕТСЕКТАР МЕНСК — 1935 Пераклаў з рускай мовы Я. Маўр Тэхрэдактар X. Абрамава Карэктар М. Кавалёва Рэдактар X. Турэцкая Вокладка В. Басава
Раздзел I
— Том! Адказу няма. — Том! Адказу няма. — Куды ён дзеўся, гэты паганы хлапчук?.. Том! Старая ссунула акуляры на кончык носа і праз верх акуляраў агледзела ўвесь пакой, потым падняла акуляры на лоб і глянула з-пад акуляраў. Яна бадай ніколі не глядзела праз акуляры, калі шукала вачыма якую-небудзь дробную рэч,— напрыклад, хлопчыка,— бо гэтыя акуляры надзяваліся толькі для форсу, для хараства, а не для сапраўднай патрэбы: убачыць праз іх можна было столькі сама, колькі праз печныя засланкі. На момант яна збянтэжылася, а потым сказала не вельмі сярдзіта, але ўсё-ж такі настолькі гучна, каб мэбля магла яе пачуць: — Ну, трапіш ты да мяне... — я цябе... Яна не скончыла, бо ў яе нехапіла дыхання: кажучы гэтыя словы, яна старанна поркалася пад ложкам з памялом. Але з-пад ложка яна не выцягнула нічога, апрача кошкі: — Вось нягодны хлапчук! За ўсё сваё жыццё не бачыла такога! Яна падышла да адчыненай дзверы і спынілася на парозе, выгледжваючы Тома ў садзе сярод зеляніны таматаў і пустазелля. Тома не было. Тады яна крыкнула мацней: — То-о-м! Ззаду нешта шарахнула. Яна азірнулася і злавіла за рукаў хлапчука, які збіраўся ўжо ўвільнуць ад яе.
Цёця, што гэта ў вас за спіной? — Ну, вядома, мне трэба было глянуць у гэтую кладоўку! Што ты там рабіў? — Нічога. — Нічога?! Паглядзі на свае рукі, паглядзі на свой рот! Чым гэта ты выпэцкаў губы? — Не ведаю, цёця! — А я ведаю! Гэта — варэнне! Вось што гэта такое! Сорак разоў я табе казала, што калі ты не пакінеш у спакоі варэнне, я цябе адлупцую розгай. Давай сюды розгу! Розга свіснула ў паветры. Небяспека была немінучая. — Ай! Гляньце, цёця, што гэта ў вас за спіной? Старая спалохана павярнулася, прыпадняўшы спадніцу, а хлопец шмыгнуў у бок, пералез цераз высокі плот — і знік! Цёця Поллі пастаяла хвіліну здзіўленая і збянтэжаная, потым ціха засмяялася: — Ах ты, паганы хлапчук!.. ды няўжо-ж я ніколі не навучуся? Ці мала ён са мной такіх штук вырабляў? Вось ужо праўду гавораць, што стары дурань за ўсіх дурняў дурнейшы, і старога-жа новым штукам не навучыш. Але-ж у яго і штукі ўсё розныя; двух аднолькавых ён не выкіне,— ці тут здагадаешся, што ён надумаўся? А калі возьмешся за палку, варта яму на хвілінку адхіліць маю ўвагу ці прымусіць мяне засмяяцца — і ўвесь мой гнеў ужо мінуў, і я яго пальцам не крану. Ведаю, ведаю, што галава ў яго поўная ўсялякай блазноты, але што-ж мне рабіць? Ён жа-ж сын маёй беднай нябожчыцы сястры, і ў мяне неяк духу нехапае адлупцаваць яго, як след. Кожны раз, калі я дам яму магчымасць унікнуць кары, мяне так мучыць сумленне, што і сказаць не магу, а калі пакараю — маё старое сэрца сціскаецца ад жалю. Ну, ды добра! Сёння няхай пагуляе, а заўтра прыдзецца засадзіць яго за работу. Жорстка будзе прымушаць яго працаваць па нядзелях, калі для ўсіх хлопчыкаў свята, але нічога не зробіш: работы ён не любіць больш за ўсё, а мне-ж трэба хоць колькі-небудзь выканаць свой абавязак у дачыненні да яго, а то скончыцца тым, што я загублю гэтага хлопчыка. Том сапраўды бібікі біў увесь дзень, нават не глянуў у школу і вельмі добра правёў час. Ён вярнуўся дадому акурат у час, каб дапамагчы негру Джыму, хлопчыку-слузе, напіліць дроў і нашчапаць на распал або, прынамсі, расказаць Джыму пра свае прыгоды. Малодшы брат Тома, Сід (не родны брат, а стрэчны), к гэтаму часу ўжо справіўся са сваёй работай: яму было загадана набраць трэсак і стружак. Гэта быў паслухмяны, ціхі хлопчык, які ніколі не сваволіў. Пакуль Том еў сваю вячэру і карыстаўся кожным выпадкам, каб сцягнуць кавалак цукру, цёця Поллі задавала яму хітрыя пытанні, з глыбокім сэнсам,—з надзеяй, што ён прагаварыцца і сам сябе выдасць. Як многія прастадушныя людзі, яна цешыла сябе думкай, што яна вельмі хітрая, і самыя наіўныя свае замыслы лічыла цудам хітрасці і дасціпнасці. Так і цяпер яна павяла гутарку здалёк: — А што, у школе сёння, мабыць, было вельмі горача, Том, ці так? — Так, цёця, досыць горача. — Надта горача? — Але, цёця. — І табе захацелася купацца, Том? Тому раптам зрабілася неяк няёмка; у галаве яго мільганула непрыемнае падазрэнне. Ён пільна паглядзеў у твар цёці Поллі, але твар гэты яму нічога не сказаў. І ён адказаў: — Не, цёця, не надта. Старая працягнула руку і памацала сарочку Тома. — Але цяпер табе, відаць, не вельмі горача. Ты ніколькі не спацеў. І яна з гонарам падумала, як лоўка яна праверыла, ці сухая сарочка, а нікому і ў галаву не прышло, што яна сабе думае. Але Том ужо паспеў сцяміць, куды гне цётка. І ён папярэдзіў далейшыя роспыты: — Нашы хлопчыкі падстаўлялі галаву пад кран, каб асвяжыцца. У мяне валасы да гэтага часу мокрыя. Бачыце! Цётцы Поллі аж прыкра зрабілася: як магла яна выпусціць такі важны доказ? Але зараз-жа ў яе з’явілася бліскучая думка.