Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 37 из 49

Джо, бармочучы, згадзіўся з таварышом, што шукаць больш няма калі, а трэба скарыстаць рэшткі дзённага святла, каб сабрацца ў дарогу. Хутка пасля таго яны выслізнулі з дому пад аховай змроку і накіраваліся да ракі, уносячы з сабой каштоўную скрыню.

Том і Гек усталі, аслаблыя ад доўгага ляжання і страху, але з лёгкім сэрцам, і доўга глядзелі ім услед праз шчыліну між бярвенняў, якія складалі сцяну. Праследваць іх? Ну, не! Нашы героі рады былі, што шчасліва спусціліся на зямлю, не паламаўшы сабе шыі, і, перабраўшыся праз узгорак, пайшлі ў горад.

Яны гатовы былі ненавідзець сябе за сваю дурноту. І трэба-ж ім было прыцягнуць сюды матыку і рыдлёўку? Каб не было гэтых прыладаў, у індзейца Джо не з’явілася-б падазрэнне. Ён закапаў-бы зноў сваё срэбра і золата да таго часу пакуль яму трапіцца выпадак адпомсціць, а потым, вярнуўшыся, знайшоў-бы толькі пустое месца. Як крыўдна, што яны прыцягнулі сюды прылады!

Яны пастанавілі сачыць за іспанцам, калі той вернецца ў горад выведваць і вынюхваць зручны выпадак, каб выканаць задуманую помсту, і потым прасачыць яго да нумара другога, які-б ён там ні быў. Раптам у Тома мільганула страшная думка:

— А што, Гек, калі гэта ён нам хоча адпомсціць?

— Ох, не кажы! — сказаў Гек, ледзь трымаючыся на нагах ад жаху.

Яны ўсё абмеркавалі і, пакуль дайшлі да горада, згадзіліся, што метыс мог мець на ўвазе і каго-небудзь іншага або, прынамсі, аднаго Тома, бо толькі Том сведчыў супроць яго. Але-ж мала, вельмі мала ўцехі было Тому ад таго, што небяспека пагражае толькі яму! Ён лічыў, што ў кампаніі было-б зусім не так страшна.

Раздзел XXVI

Перажытае ўдзень мучыла Тома ўсю ноч ува сне. Чатыры разы ён трымаў у руках скарб і чатыры разы гэты скарб знікаў, як толькі Том абуджаўся і вяртаўся да жорсткай сапраўднасці.

Пад раніцу, лежачы ў пасцелі і ўспамінаючы ўсе падрабязнасці сваёй прыгоды, ён заўважыў, што яны прадстаўляліся яму нейкімі няяснымі і далёкімі, нібы ўсё гэта адбылося ў другім свеце або даўно-даўно, і яму прышло ў галаву, што можа ўся гэтая прыгода саснілася яму.

Але чым больш ён думаў, тым ясней і выразней акрэсліваліся ў яго памяці падрабязнасці здарэння, і нарэшце ён зноў пераканаўся, што гэта быў не сон. Неабходна было высветліць гэтае пытанне. Ён спехам паснедаў і пайшоў шукаць Гека.

Гек сядзеў на борце баркі, боўтаючы нагамі ў вадзе, і выгляд у яго быў вельмі пахмурны. Том парашыў не распытваць Гека, а навесці яго на гутарку; калі ён не зразумее намёку, значыцца, Том усё гэта сніў.

— Здароў, Гек!

— Здароў! Эх, Том, каб мы пакінулі гэтую праклятую рыдлёўку пад сухім дрэвам, грошы былі-б у нашых руках. Ці не прыкра гэта?

— Дык, значыцца, гэта быў не сон? Далібог, я гатоў шкадаваць, што гэта быў не сон, сапраўды!

— Які там яшчэ сон?

— Ды я пра гэта, пра ўчарашняе. Мне пачынала здавацца, што ўсё гэта я сніў.

— Сніў! Каб не абламалася пад ім лесвіца, ён-бы табе паказаў які гэта сон! А мне дык цэлую ноч сніўся гэты д’ябал іспанец, нібы ён ганяўся за мной,— каб ён здох!

Нарада.

— Нашто каб ён прапаў? Трэба, каб мы знайшлі яго і знайшлі грошы.

— Ніколі нам яго не знайсці. Такая ўдача не бывае па два разы. Не здолелі скарыстаць, ну, і прапала ўсё! І ты ведаеш, мяне проста трасе ад жаху, калі я падумаю, што магу з ім сустрэцца.

— І мяне таксама, Гек. А ўсё-такі я хацеў-бы яго ўбачыць і прасачыць, дзе гэта ў іх нумар другі.

— Нумар другі? Так, так. Я сам думаў аб гэтым, але нічога не мог прыдумаць. Як ты думаеш, што гэта можа быць такое?

— Не ведаю. Нешта вельмі ўжо цёмна. Слухай, Гек,— можа гэта нумар дома?

— Што ты! Вядома, не. Ды ў нашым гарадку гэтага і быць не можа: у нас-жа ж дамы без нумароў.

— Верна. Дай мне падумаць. Ведаеш? А можа гэта нумар пакоя ў карчме.

— Вось дык штука! Добра прыдумаў! У нас-жа ж толькі дзве карчмы, так што праверыць гэта не цяжка.

— Пачакай тут, Гек, пакуль я прыду.

І Том знік. Ён не любіў паказвацца людзям разам з Гекам. Ён вярнуўся праз поўгадзіны.

У лепшай карчме, куды ён спачатку зайшоў, нумар другі даўно ўжо займаў адзін малады адвакат. У карчме горшай нумар другі быў нейкі таямнічы. Сын гаспадара расказаў яму, што гэты нумар увесь час зачынены, і ён ніколі не бачыў, каб туды хто-небудзь уваходзіў ці выходзіў адтуль, апрача як уначы. Ён не ведаў прычыны гэтай незвычайнасці і таму ўзяў сабе ў галаву, што ў другім нумары «не чыста». Паміж іншым, ён казаў, што ўчора ўначы бачыў там святло.

— Вось што я дазнаўся, Гек. Я ўпэўнены, што яны пра гэты самы друті нумар і казалі.

— Я сам гэта думаю, Том. Што-ж нам рабіць?

— Пачакай, дай падумаць.—Том доўга думаў, потым сказаў:

— Вось што трэба зрабіць. Заднія дзверы гэтага другога нумара тыя самыя, што выходзяць у маленькі закавулак між карчмой і старым напалову разбураным мураваным хлявом. Пастарайся здабыць як мага больш ключоў, а я сцягну ўсе цётчыны, і ў першую-ж цёмную ноч мы паспрабуем адчыніць гэтыя дзверы. І не забудзься высачыць індзейца Джо, калі ён з’явіцца ў горадзе,— памятаеш, ён казаў, што прыдзе паглядзець, ці зручны цяпер час для помсты. Як толькі ўбачыш яго, ідзі за ім, і калі ён не пойдзе ў нумар другі, значыцца мы не ўгадалі.

— Ах, ды як-жа ж я пайду за ім адзін? Я баюся.

— Ды гэта-ж уначы. Ён можа і не ўбачыць цябе, а калі і ўбачыць, нічога не падумае.

— Ну, калі ў цёмную ноч, дык я згодзен, паспрабую...

— Калі ноч будзе цёмная, дык і я пайду за ім, Гек. А то ён можа даведацца, што яму трэба, ды і ўцячэ разам з грашыма.

— Верна, Том, верна! Я пайду за ім, далібог, пайду!

— Вось гэта так! Вось добра! Ты толькі не дай хібы, Гек, а я ўжо не дам.

Раздзел XXVII

Том і Гек пастанавілі паспрабаваць у той-жа вечар. Да дзевяці гадзін яны бадзяліся каля карчмы. Адзін наглядаў за ўваходам, другі — за дзвярмі, што выходзілі ў закавулак. У закавулку ніхто не паказваўся; ніхто, падобны да іспанца, не ўваходзіў у карчму і не выходзіў адтуль.

Ноч была ясная, і Том пайшоў дадому, умовіўшыся з прыяцелем, што калі сцямнеецца, той прыдзе пад акно і мяўкне, тады Том вылезе праз акно, і яны пойдуць прымяраць ключы. Але ноч была светлая, і пасля дванаццаці Гек пакінуў свой наглядальны пункт і залез спаць у пустую бочку з-пад цукру, якая служыла яму прытулкам уначы.