Страница 36 из 49
— Слухай, малы, ідзі ты назад да ракі — там табе самае месца — і чакай вестак ад мяне. А я выберу момант і яшчэ раз зайду ў гарадок паглядзець. Трэба спачатку добра выведаць і ўпэўніцца, што ўмовы склаліся спрыяльныя, і тады толькі пачынаць небяспечную справу. А потым у Тэхас!
«Другі» застаўся гэтым задаволены. Потым абодва пачалі пазяхаць, і метыс сказаў:
— Надта спаць хочацца! Цяпер твая чарга вартаваць.
Ён скруціўся на траве і хутка захроп. Таварыш штурхануў яго разы два, і ён сціх. А потым і вартаўнік пачаў дзюбаць носам; галава яго апускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Цяпер ужо храплі абодва.
Хлопчыкі з палягчэннем уздыхнулі.
— Цяпер мы выратаваныя! — шапнуў Том. — Ідзем хутчэй!
— Не магу,—сказаў Гек,—я памру на месцы, калі яны прачнуцца.
Том прасіў, Гек не згаджаўся. Нарэшце Том ціханька падняўся і пайшоў адзін. Але пры першым-жа кроку старыя дошкі пад нагамі так зарыпалі, што ён абамлеў ад страху і прысеў на месцы, а другі раз прабаваць ўжо не адважыўся. Мінуты цягнуліся надзвычайна марудна; хлопчыкам здавалася, што час скончыўся і нават вечнасць паспела пасівець. Яны вельмі ўзрадваліся, калі ўбачылі, нарэшце, што сонца садзіцца.
Цяпер ужо храплі не двое, а толькі адзін. Індзеец Джо прыпадняўся, сеў, азірнуўся навакол, паглядзеў на свайго таварыша, у якога галава звесілася на калены, і пахмура ўсміхнуўся. Потым штурхануў яго нагой і сказаў:
— Уставай! Вось дык вартаўнік!
— Ну дык што-ж? Нічога-ж не здарылася. Ды няўжо-ж я заснуў?
— Быў грэх. Ну, брат, час нам і ў дарогу. А ў нас-жа ж яшчэ маленькі запас застаўся. Што мы з ім будзем рабіць?
— А ўжо-ж і не ведаю. Хіба тут пакінуць, як раней? Пакуль мы не рушымся на поўдзень, нам ён не спатрэбіцца. А цягнуць на сабе шэсцьсот пятьдзесят срэбрам чаго-небудзь ды варта.
— Яно так, ды заходзіць сюды неахвота.
— Ну, нічога, уначы прыдзем, як заўсёды хадзілі, гэта будзе лепш.
— Так, але вось што, браце: нам можа яшчэ не скора выйдзе магчымасць выканаць тую справу — ведаеш якую,— ці мала што можа здарыцца, грошы-ж у нас дрэнна схаваныя... Давай лепш закапаем іх ды глыбей.
— Добрая справа,— сказаў таварыш і, перайшоўшы на другі бок пакоя, апусціўся на калены; потым прыпадняў адну заднюю цэглу камінка і выцягнуў адтуль мяшок, у якім прыемна бразнула срэбра. Ён выняў адтуль дваццаць ці трыццаць далараў для сябе і столькі сама для метыса і перадаў яму мяшок; Джо стаяў на каленах у куце і капаў зямлю сваім вялікім нажом.
Хлопчыкі адразу забыліся на свой страх і нягоды. Яны прагнымі вачыма сачылі за кожным рухам бандытаў. Такога багацця яны і ўявіць сабе не маглі. Шэсцьсот далараў! Гэтага досыць, каб ўзбагаціць поўтузіны хлопчыкаў! Скарб сам даваўся ў рукі, цяпер ўжо не трэба будзе задумвацца над тым, дзе капаць. Яны кожную хвіліну штурхалі адзін аднаго локцем, і кожны разумеў, што гэтыя красамоўныя штуршкі азначалі пытанне: «Ага! цяпер ты здаволены, што мы забраліся сюды»?
Нож метыса стукнуўся аб нешта цвёрдае.
— Эге! — сказаў ён.
— Што там такое? — спытаўся таварыш.
— Гнілая дошка... Не, здаецца, скрынка. Ідзі сюды, памажы выцягнуць! Паглядзім, што там такое. Пачакай, не трэба,— я прабіў дзірку.
Ён сунуў руку ў скрынку і зараз-жа выцягнуў яе назад.
— Слухай, ды тамака грошы!
Абодвы нахіліліся над жменяй манет. Гэта было золата. Хлопчыкі наверсе былі не ў меншым захапленні, як самі бадзягі.
— Трэба хутчэй выкапаць скрынку,— сказаў таварыш метыса. — Я надоечы бачыў там у куце, у траве, за комінкам старую зайржавелую матыку. Я зараз прынясу.
Ён пабег і прынёс рыдлёўку і матыку, пакінутыя хлопчыкамі. Метыс узяў матыку, крытычна аглядзеў яе, паківаў галавой, нешта прамармытаў сам сабе і пачаў капаць зямлю.
Хутка ён выцягнуў скрынку. Скрынка была невялікая, акованая жалезам, відаць, калісьці была вельмі моцная, пакуль не папсаваў яе час.
Некалькі мінут бадзягі ў шчаслівым маўчанні глядзелі на знойдзенае багацце.
— Тут куча грошай,— заўважыў індзеец Джо,— некалькі тысяч далараў.
— Кажуць, у гэтых месцах некаторы час бадзялася банда Мэўрэля,— сказаў «другі».
— Я таксама гэта чуў. Мабыць яны гэта сюды і захавалі.
— Цяпер табе няварта і пачынаць тую справу.
Метыс нахмурыўся.
— Ты мяне не ведаеш, або, прынамсі, не ўсё ведаеш аб гэтай справе. Тут зусім не ў грабяжы справа, а ў помсце,— і вочы яго бліснулі злосцю. — А калі скончым з гэтым, тады і ў Тэхас! Ідзі сабе дахаты к сваёй Нэнсі і дзетвары і чакай вестак ад мяне.
— Добра, няхай будзе па-твойму. А з гэтым што мы зробім? Зноў закапаем?
— Так! — (Поўная радасць наверсе.) — Не, клянуся вялікім сахемам, не! — (Глыбокі сум наверсе.) — Я было і забыўся: на рыдлёўцы-ж была свежая зямля. — (У хлопчыкаў у ваччу пацямнела ад страху.) — Адкуль тут узяліся гэтыя матыка і рыдлёўка? Адкуль на іх свежая зямля? Хто прынёс іх сюды і куды дзеўся той, хто прынёс! Ты нікога не бачыў, не чуў? Як-жа ж зноў закапаць гэтыя грошы, каб хто-небудзь прышоў, убачыў, што зямля кранутая, і выкапаў іх? Ну не, ужо мы перанясем іх у маю бярлогу.
— Вядома, вядома! Я пра гэта не падумаў! У якую бярлогу? Нумар першы?
— Не, нумар другі, пад крыжам. Першая не падыходзіць,— надта кідаецца ў вочы.
— Добра. Цяпер ужо сцямнелася, можна ісці.
Індзеец Джо падняўся на ногі і хадзіў ад акна да акна, асцярожна прыглядаючыся навакол, потым сказаў:
— Хто мог прынесці сюды гэтыя інструманты? Ты не думаеш, што там наверсе, можа, хто-небудзь сядзіць?
У хлопчыкаў захапіла духі... Індзеец Джо палажыў руку на нож, хвіліну пастаяў у нерашучасці і потым накіраваўся да сходняў... Хлопчыкі ўспомнілі пра каморку, але не мелі сілы пасунуцца з месца. Ступенькі сходняў зарыпелі пад важкімі крокамі.
Надзвычайны жах абудзіў у хлапцоў рашучасць, і яны ўжо хацелі кінуцца ў каморку, як раптам пачуўся трэск зламаных дошак і індзеец Джо зваліўся на зямлю разам з рэшткамі зламанай лесвіцы. Крэкчучы і лаючыся, ён падняўся на ногі, а таварыш яго сказаў:
— Ну і чаго было туды лезці? Калі там хто-небудзь сядзіць, ну і няхай сабе сядзіць,— нам што да таго? Калі ён пажадае скакнуць уніз і забіцца на смерць, мы яму таксама не будзем перашкаджаць. Праз чвэрць гадзіны зусім сцямнее. Тады хай гоняцца за намі, калі хочуць,— я нічога не маю супроць. Я так думаю, што калі той, хто прынёс сюды рэчы, убачыў нас, то пэўна, палічыў нас за чарцей або за здані і цяпер, мусіць, уцякае з усіх ног.