Страница 6 из 62
– Сесці тут дзеля таго, каб вы са спадаром Дэнтам схадзілі ў карчму?
– Так, вы абсалютна слушна ўсё зразумелі, – адказаў Фольксваген. – Менавіта дзеля гэтага.
Спадар Просэр зрабіў два знерваваныя крокі ўперад і спыніўся:
– Абяцаеце?
– Слова гонару, – паабяцаў Фольксваген. Потым павярнуўся да Артура. – Давай падымайся, – загадаў Фольксваген, – вызвалі для чалавека месца.
Артур падняўся з адчуваннем, што спіць.
Фольксваген кіўнуў спадару Просэру, які, засмучаны, агаломшаны, садзіўся ў гразюку.
Спадар Просэр падумаў, што ўсё ягонае жыццё нагадвала сон, і ён часам пытаўся, чый гэта сон і ці хоць мае яго ўладальнік насалоду ад таго сна. Гразь атачыла ягоны азадак, далоні ды прашылася ў боты.
Фольксваген строга зірнуў на спадара Просэра.
– І ніякіх паспешлівых руйнаванняў дамоў у нашую адсутнасць, ясна? – папярэдзіў ён.
– Ды проста думка да галавы прыйшла! – прастагнаў спадар Просэр. – Я ж нават абдумваць яе не пачаў, – працягваў ён, паваліўшыся на спіну, – проста мне падумалася, што такое дзеянне магчымае, і ўсё.
Ён убачыў, як прадстаўнік прафсаюза бульдазерыстаў набліжаецца да яго, і тады спадар Просэр, адкінуўшы галаву назад, заплюшчыў вочы. Ён спрабаваў упарадкаваць свае аргументы, якія мелі на мэцё давесці, што ўжо ён сам не ўяўляе пагрозы душэўнаму здароўю сябраў прафсаюза. Аднак ён не быў пэўны на гэты конт – яго мозг, здавалася, поўніўся галасамі, тупатам капытоў, дымам і пахам крыві. Гэтак адбывалася шторазу, калі ён пачуваўся ашуканым і яму рабілася шкада сябе. Спадар Просэр ніколі не мог гэтага сабе патлумачыць. У вышэйшых вымярэннях, пра якія мы анічога не ведаем, магутны хан у такіх выпадках раз’юшана рыкаў, а спадар Просэр адно дрыжаў і румзаў. Ён ужо адчуваў кропелькі вадкасці пад сваімі павекамі.
Бюракраты, якія напартачылі са зносам дому, узлаваны чалавек, што лёг у гразюку, няўцямны чужаніца, які ўзвёў на яго дзікі, але да канца не зразумелы праклён, і невядомае войска коннікаў, што смяяліся з яго ў ягонай жа галаве, – ну і дзянёк!
Ну і дзянёк. Фольксваген Гольф ведаў, што Артуравы дом не каштуе цяпер і затычкі ад дзіравай бочкі і што абсалютна няважна, зруйнуюць яго ў хуткім часе ці не.
А вось Артур па-ранейшаму нерваваўся.
– Але ці можам мы яму давяраць? – запытаў ён.
– Як на мяне, дык я б даверыўся гэтаму спадару ажно да канца свету, – сказаў Фольксваген.
– Ну, вядома, – сказаў Артур. – А гэта надоўга?
– Прыкладна на дванаццаць хвілін, – сказаў Фольксваген, – давай, мне трэба выпіць.