Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 43 из 62



23

Часам рэчы не такія, якімі яны здаюцца, – гэта досыць істотная і вартая ўвагі рэмарка. Напрыклад, на планеце Зямля чалавек заўжды меркаваў, што ён разумнейшы за дэльфінаў. Чалавек аргументаваў гэта тым, што людскі род вынайшаў гэтак шмат: кола, Нью-Ёрк, войны і г.д. да т.п. – у процівагу дэльфінам, якія толькі й рабілі, што спаражняліся ў ваду і дурэлі ў поўны рост. Аднак, са свайго боку, дэльфіны таксама былі перакананыя, што вянец прыроды якраз яны – і мелі падобную аргументацыю.

Цікавая заўвага: дэльфіны з самага пачатку ведалі пра няўхільны знос планеты Зямля і рабілі безліч спробаў папярэдзіць чалавецтва пра небяспеку. Аднак большасць дэльфінавых спробаў выйсці на кантакт трактавалася людзьмі як забаўныя дзеянні, калі, падштурхнуўшы мячык або свіснуўшы ў свісцёлку, дэльфін хоча атрымаць пачастунак.

Урэшце дэльфіны плюнулі на марныя высілкі паразумецца з чалавецтвам і незадоўга да візіту воганаў па сваіх каналах пакінулі Зямлю.

Самае апошняе паведамленне, якое даслалі дэльфіны людзям, было патлумачана тымі як надзвычай складаны падвойны скачок з паваротам праз абруч з адначасовым высвістываннем амерыканскага гімна.



Але ж насамрэч паведамленне казала:

«Бывайце здаровы і дзякуй за рыбку!»

Калі ўжо на тое, дык адзін біялагічны від на Зямлі быў разумнейшы нават за дэльфінаў. Яго прадстаўнікі бавілі шмат часу, праседжваючы ў лабараторыях. Вывучаючы людскія паводзіны, яны бегалі ў сярэдзіне колаў і рабілі неверагодныя ў сваёй вышуканасці вопыты на людзях. А тое, што людзі зноўку няправільна тлумачылі сабе гэтыя паводзіны, было абсалютна сугучна далёкасяжным планам гэтага віду.