Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 24 из 62

10

Рухавік Бясконцай Неймавернасці (РБН) – новы цудоўны спосаб пераадольваць міжпланетныя адлегласці. Ён прызначаны для тых, хто не жадае ўблытвацца ў цягамотныя скачкі праз гіперпрастору.

РБН адкрылі ў выніку шчаслівага збегу акалічнасцяў, і пасля даследчая група на Дамогране гэты спосаб перасоўвання прыручыла і абкультурыла як змагла.

Калі ласка, кароткая гісторыя вынаходства РБН.

Прынцып вырабу невялікай колькасці канцавой імавернасці пры пасярэдніцтве простай зачэпкі лагічных ланцужкоў субмезонных мазгоў чмелязяўра-57 да атамнай друкаркі, апушчанай у генератар броўнаўскага руху (напрыклад, у стары добры кубачак гарачай гарбаты) былі – ясная рэч – добра вывучаныя, і такія генератары ўжываліся для стварэння святочнага настрою на вечарынках. Напрыклад, яны маглі зрабіць так, каб усе малекулы ў бялізне якой-небудзь госціцы – згодна з Тэорыяй Нявызначанасці – адначасова адскокнулі на трыццаць сантыметраў убок.

Шмат выбітных фізікаў заяўляла, што падтрымліваць падобныя вынаходніцтвы – ганьба часткова таму, што падобныя працы спрыяюць далейшай дэградацыі навукі, але ў асноўным таму, што згаданых вышэй фізікаў на такія вечарынкі ніколі не клікалі.

Яшчэ адна рэч, якая раздражняла фізікаў, – гэта пастаянная няўдача, якая насцігала іх, калі яны канструявалі машыну, што можа стварыць поле бясконцай імавернасці. Гэтае поле патрабуецца, каб шпурляць зоркалёт паміж самымі далёкаадлеглымі зоркамі на неймаверна-неверагодныя дыстанцыі. Урэшце, зацяўшыся ад няўдачы і злосці, навукоўцы афіцыйна абвясцілі, што існаванне такой машыны немагчымае ў прынцыпе.

І тут аднойчы адзін студэнт, якога пакінулі падмятаць падлогу фізічнай лабараторыі пасля нейкага на рэдкасць правальнага эксперыменту, злавіў сябе на думцы:

«Калі, – пачаў разважаць ён, – існаванне Рухавіка Бясконцай Неймавернасці немагчымае ў прынцыпе, тады – разважаючы лагічным чынам – яго стварэнне мае канцавую неверагоднасць. Стуль вынікае, што ўсё, што трэба зрабіць, каб гэтую неверагоднасць здабыць, – гэта падлічыць, наколькі ж яна неверагодная, загрузіць гэтую лічбу ў генератар Канцавой Неймавернасці, запарыць свежай гарбаты... і ўвамкнуць!»

Студэнт зрабіў гэтак і быў дужа здзіўлены, высветліўшы, што ў яго атрымалася з ніадкуль з нічога стварыць доўга шуканы Рухавік Бясконцай Неймавернасці.

Ягонае здзіўленне толькі павялічылася, калі пасля таго, як за гэтае вынаходніцтва Галактычная Акадэмія ўручыла студэнту звышпрэстыжную прэмію «За духоўнае браджэнне», яго лінчаваў натоўп раз’юшаных фізікаў, якія ўрэшце прызналі, што адзінае, чаго яны ўпраўду цярпець не ў стане, – гэта кемныя разумнікі і дапытлівыя самасуі.