Страница 92 из 96
I яшчэ ніхто не ведаў, што сюды фарсіраваным маршам падыходзяць яшчэ дзве роты і будуць не пазней поўдня.
Мужыкі валілі вуліцай, гародамі і садамі. Усім хацелася хутчэй дайсці да мэты. Лілася зыркая вогненная рака.
Потым пярэднія пачалі суцішваць крок.
Ля царквы цямнеў салдацкі ланцуг. Спадзістым частаколам ружавелі ўздзетыя ўгору багнеты, і ў іх адбіваўся агонь шматлікіх паходняў.
Натоўп глуха загуў і стаў. Людзі баяліся пераступіць нябачную мяжу, якая аддзяляла іх ад салдат у канцы вулачкі.
Але маўчалі і салдаты. Нават Мусатава прабіралі непрыемныя мурашкі, так многа было перад ім лю-дзей і агнёў.
Рысіныя вочы капітана мацалі натоўп і ўрэшце сустрэліся спачатку з ястрабінымі вачыма Паківача, а потым з чорнымі і дрымучымі вачыма Корчака.
I тут Мусатаў упершыню адчуў няўпэўненасць і жах. Ён не ведаў людзей з гэтай белай масы, але аблічча Корчака ён ведаў. I Мусатаў падумаў, што тут, відаць, не проста мужыкі, а лясныя браты, а паколькі гэта так, справа будзе гарачая. Ён памыляўся, але не мог ведаць, што памыляецца.
— Разыдзiцеся, — сказаў Мусатаў.
Гэта было нечакана, але наперад выйшаў не Корчак.
— Мы не хочам крыві, — сказаў Паківач.
— Чаго вы хочаце?
— Мы хочам бачыць сапраўдны маніфест, схаваны ў царкве.
— Які маніфест?
— Сапраўдны… царскі.
— Ёсць адзін маніфест.
Паківач з дакорам пахітаў галавою.
— Нашто брахаць, пане?.. Служывы, а сам з гэтымі падманшчыкамі. Ці пахваліць цябе бацька-імператар?.. Прапусці нас у царкву, і мы пойдзем адсюль.
Мусатаў падумаў, што гэта дае магчымасць выйграць час і ўзяць завадатараў.
— Ідзіце, — сказаў ён.
Мужыкі пачалі раіцца. Урэшце першы пайшоў да царкоўнай брамы Паківач.
— Чый? — мераючы яго вачыма, спытаў Мусатаў.
— Лясны.
— Стой тут. Яшчэ хто?
Другою выйшла з натоўпу Марта.
— Ты чыя?
— Божая.
Мусатаў падумаў, што ўсё гэта дрэнна і сапраўды тут не мужыцкі бунт, а паход "лясных братоў". Іх развялося шмат, каму, як не яму, было ведаць пра гэта.
Два цені, чорны і белы, стаялі асобна ад натоўпу і сачылі, хто выйдзе яшчэ. Кандрат паспрабаваў быў зрабіць крок, але яго раптам моцна сціснулі з бакоў. Ён пакасіўся: цяжка сапучы ад бегу, стаялі побач з ім бацька і Юрась.
— Галава яловая, — сказаў змрочны бацька.
Кандрат ірвануўся быў — сціснулі. Андрэй раптам пачаў пхаць яго назад, у натоўп.
— До, — сказаў ён. — Ты што, не бачыш? Пастка.
Строгія сінія вочы Андрэя сустрэліся з ягонымі вачыма.
— Хадзем адсюль, — сказаў Андрэй шэптам. — Падвесці хочаш загорскае наваколле? Кінь, браце. Не час. Зразумей, галава ты дурная. Чакай. Выспімся мы яшчэ на іхняй шкуры. Дарэмна загінуць хочаш.
Падкова пачырванела на Кандратавым ілбе. Але сваякі моцна прыціснулі яго да глухой сценкі нейкай пуні.
Мусатаў стаяў трохі вышэй за мора агню. Рукі ягоныя, учэпістыя рукі ў рабацінні, нервова абмацвалі паяс.
Мусатаў не адчуваў ранейшай упэўненасці. I менавіта дзеля таго, каб яна вярнулася, спытаў:
— Яшчэ хто?
— Я, — рушыў з натоўпу Брона.
Ён аддаў штуцэр суседу і пайшоў, топчучы поршнямі снег.
— Хто такі? Адкуль?
— А ты не ведаеш? Дарэмна. Давялося-такі табе памучыцца з намі пад Глінішчамі.
У Мусатава перасмыкнулася шчака. I гэты лясны.
— Т-так, — працягнуў ён i, паколькi ўпэўненасць не прыходзiла, загадаў: — Салдаты, бярыце iх.
Траіх людзей схапілі за рукі.
— Гэта што ж? — спытаў Паківач. — А абяцанне?
— Лясным бандзюкам не абяцаюць.
— Людзі! — крыкнуў Брона. — Бачыце?!
— Ты што ж гэта робіш?! — закрычаў нехта з натоўпу.
Мусатаў узняў руку:
— Народ! Гэтыя людзі ўпэўняцца, што ніякага маніфеста ў царкве няма, і там жа будуць чакаць, пакуль прыйдзе расплата.
Кандрат Кагут адбіваўся ля сценкі. Яго трымалі.
— Пусцiце! Бачыце, як яны! Пусццiе!
Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці.
— Цягнiце яго, хлопцы, цягнiце адсюль.
За Кандратавымі нагамі цягнуліся два снегавыя разоры. Ён напінаўся і роў.
— Раю вам разысціся, — шчэцістыя бакенбарды капітана дрыжалі. — Сюды ідзе яшчэ дзве роты. Па-шкадуйце сваё жыццё.
Натоўп завагаўся. Корчак з адчаем бачыў, як трох чалавек цягнуць да брамы. Веска маўчала, глядзела цёмнымі вокнамі. Напэўна, за некаторымі з іх былі вочы, але нават не каля саміх каламутных шкельцаў, а ў глыбіні хаты.
— Хлопцы! — крыкнуў Корчак. — Ды што ж гэта яны, ірады? Выганяйце іх з хат. Паходню ў страху, калі не выйдуць.
Мужыкі пачалі біць у вокны і дзверы, выганяючы гарыпяціцкіх на вуліцу. Іх цягнулі з хат. Натоўп быў у ярасці: хаваліся за цёмнымі вокнамі, і ў кожнага, хто стаяў з паходняй, было таму страшна і сіратліва на сэрцы. А хіба тыя, што з паходнямі, зладзеі? Яны хацелі толькі ўпэўніцца ў хлусні.
— Корчак! — крыкнуў Мусатаў. — Не здзекуйся з людзей!
— Адпусці ўзятых, доўбня! — крычаў Корчак. — Бач, літасцівы воўк! Успомні Півошчы!
Валтузня вакол Броны, Марты і Паківача на хвіліну прыпынілася.
— Людзі! — крыкнуў Мусатаў.
— Мы табе не людзi, а быдла, — адказаў Корчак. — А i вы нам не людзi, а ваўкi.
Навісла маўчанне.
…На загуменні бацька, Андрэй і Юрась трымалі, сапучы, Кандрата.
— Здраднiка з мяне робiце, — сiпеў той.
Вуліцай, прыгуменнямі, садкамі павольна, па адным, па тры адлучаліся ад натоўпу людзі.
— Бачыш? — сказаў Юрась, і раптам голас ягоны перасекся. — Бачыш? Вось табе гэты бунт. То ты што, у гульні хацеў галаву скласці?
Кандрат круціў галавою, як загнаны конь.
— Сорам, перад братамі сорам, — ён зноў пачаў вырывацца.
Андрэй схапіў яго за валасы і моцна, так, што Кандрат крыкнуў, павярнуў ягоную галаву да садкоў.
— Глянь! Ану, глянь! Унь яны, браты!
Ад вогненнага возера адрывалiся i плылi садкамi агеньчыкi. То адзiн, то другi з iх рабiў у цемры зыркае паўкола — зверху унiз, — i потым адтуль далятала сычэнне згасаючай паходнi, якую совалi ў сакавiцкi, нямоцны нават уначы, снег.
У Юрася нешта клекатала ў горле.
— Братка… — захлынаючыся, сказаў ён. — Братка, ты не думай. Мы пачнем не так. Калі мы пачнем — зямля пад імі ўсімі закурэе. Пачакай да таго часу, братка.
— Калі пачнецца сапраўднае — першы пайду з табою, — сказаў Андрэй.
— Мы з-пад іх зямлю рванем, — усё паўтараў Юрась. — Гэта ўжо скора. Вер мне, я людзей ведаю. Кандрат зноў ірвануўся з-пад іх.
Ён глядзеў, як сычэлі і сычэлі ў снезе згасаючыя паходні, як меншала і меншала — на вачах, агнёў. Сутарга раптам прабегла па Кандратавым целе, і ён, ірвучыся, закрычаў нема і страшна.
— Панеслі, — сказаў Юрась.
Андрэй ускінуў на плячо братава цела, і Кагуты рушылі зарасцямі вішняку, а потым узлобкам далей ад Гарыпяцічаў. Кандрат пагойдваўся на плячах, нерухома-цяжкі, як мёртвы.
На ўзгорку, перад тым як спусціцца ў яр, Юрась і Андрэй спыніліся. Агні ўсё яшчэ згасалі ў лагчыне, але сычэння не было чуваць: далёка.
— Нічога, мы ім гэта ўспомнім, — сказаў Андрэй.
Брат не сказаў нічога, але Андрэю стала страшна, калі ён убачыў сціснутыя Юрасёвы кулакі.
"Давялі, — падумаў ён. — Ваўкоў з людзей парабілі. I дзіва што…"
Натоўп радзеў. Засталіся толькі Корчакавы людзі і ўзброеныя мужыкі з вёсак Хаданскага, ды яшчэ гарыпяціцкія, якім не было куды ўцякаць.
Але Мусатаў усё адно адчуваў дзіўную слабасць.
…Натоўп тым часам усё яшчэ стаяў у нерашучасці. I салдаты стаялі перад ім таксама нерухома. I на тварах салдат, якія трымалі Брону, Марту і Паківача, была нерашучасць.
Часам у натоўпе выбухаў крык:
— Пусціце іх!
— Сыраядцы! Супраць царовай волі! Вось ён вам…
— Апускаліся багнеты, і нібы разам з імі на натоўп апускалася цішыня.
Брона глядзеў-глядзеў на гэта, ды і плюнуў:
— Мужыкі-і…
Корчак спрабаваў узняць сваіх — дарэмна.
…Яшчэ не пачынала днець, але на ўсходзе загарэлася ўжо янтарна-жоўтая, халодная стужка заранкі. Людзі пераступалі з нагі на нагу, рыпеў пад поршнямі снег.