Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 91 из 96



— І гэта вас клікалі чырвоным?

— Я і ёсць чырвоны. Але я не хачу, каб чырвоныя перадчасна пралілі чырвоную кроў. Пе-рад-час-на.

Выбіцкі пачырванеў.

— Я завязу ліст, — сказаў ён. — Даруйце мне.

— Вельмі буду абавязаны, — сказаў Алесь. — Гэта вызваліць, магчыма, і маю шкуру.

Аконам хаваў у кішэнь пулярэс:

— А можа, не рызыкаваць?

— Не, — сказаў Алесь. — Спяшайцеся, Выбіцкі. Я паеду без зброі. І тыя і іншыя могуць зрабіць са мною, што хочуць.

Ён паспешліва збіраўся. Загадаў Логвіну асядлаць Ургу. Накінуў плашч. У саквы загадаў пакласці бінты, корпію і ёд.

Хвілін праз трыццаць пасля таго, як аконам вылецеў з двара, Алесь сышоў па сходах.

— Можа, трэба па дапамогу? — спытаў Халімон Кірдун.

— Не трэба. Бывай, Кірдун.

Ён крануў каня з двара, адчуваючы дзіўную звонкую пустату, якая поўніла ўсё цела. Так заўсёды бывала перад небяспекай: стан, падобны на захапленне ці на лёгкі хмель.

"Ах, коннічак ты мой на белым кані, — іранізаваў ён з сябе. — Ах, галава ты дурная. Бачыце, збавіцель".

Але не скакаць у Гарыпяцічы ён не мог.

XVII

Людзі ішлі ўжо вечар і ноч. Уначы — чырвона-чорныя, асветленыя зарывамі, удзень — нібыта звычайныя, толькі ў вачах як быццам аставаліся агонь і ноч.

Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Паколькі кожная наступная каштавала танней — горш за ўсе давялося бедным, якія не маглі многа купіць.

Шасціпрацэнтавы гадавы ўзнос у выкуп быў такі — не асіліць.

Браніборцы падумалі крыху і самі сабе сказалі: канец. Лепей паншчына, лепей нясцерпнае рабства.

Здзіўляла жорсткасць царскай волі. Загорскі і Раўбіч, паны, вызвалілі сваіх больш выгадна. Спачатку думалі — падман, і вось табе на. Атрымалі! Алесь і пан Яраш адразу выйгралі ў вачах людзей.

А потым нехта пусціў чутку, што Раўбіч і Загорскі проста ведалі аб сапраўдным маніфесце і не палічылі за магчымае ісці супраць царскай волі. Нездарма князь у Мілым падчас чытання вачэй не мог узняць з сораму. Але супраць астатніх ісці, відаць, не рызыкнуў. Толькі што сам вырашыў не браць граху на душу, вызваліць "па-царску".

Мужыкі адмовіліся ад устаўных грамат. Аконам Браніборскага пачаў пагражаць. Людзі крычалі і стукалі кулакамі ў грудзі.

I тут з'явіўся Корчак з людзьмі. Глядзеў у натоўп шалёнымі чорнымі вачыма, гаварыў незразумелае:

— Не мог цар даць такую волю. Сапраўдная воля за сямю пячацямі. У ёй для ўсіх сыраядцаў смерць. Цар загадаў волю віламі браць. Ён за сваё жыццё баіцца. Але як пойдзеце паноў біць — узрадуецца ягоная душа.

Марта з Паківачовага млына (многія ведалі яе па патаемных маленнях) глядзела вялізнымі вачыма. Вочы напалову твару, і ў іх — апантанасць і ўтрапенне:

— Праўду гаворыць Корчак! Сама ад лёзных[76] людзей чула! Расце белабожы конь! Як не падтрымаеце яго — у пекле вам быць! Божае жарабя прадасцё — не бачыць вам шчасця!

Плач баб рэзаў па сэрцы. Усё адно было прападаць з такім выкупам. I таму людзі слухалі. А Марта крычала:

— Маці божая з былой Алейнай брамы плача. Валасы ў яе пасівелі і дыбарам усталі. Мёртвых дзетачак бачыць. Прадалі іх бацькі.



Зрэнкі Марты пашырыліся на ўвесь раёк і трапяталі:

— Бог, бог сказаў! Выдавацьме брат брата і бацька сына на смерць; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх; і будуць вас ненавідзець за імя маё, але хто выцерпіць да канца, спасён будзе.

Мужыкі, урэшце, паверылі. Справа была не ў ляманце Марты. Проста жыць стала нельга, а лямант надаваў становішчу неабходнае адценне жуды і велічы. Хай галосіць.

— Крывёю рака паплыве, калі не заступіцеся!!!

— Глядзіце, хлопцы, — сказаў Корчак. — Не пойдзеце з намі — адзін пайду. Вам потым сорамна будзе.

У гэты час прыйшлі вязыніцкія. Іх прывёу той самы Брона, што калісьці разрэзаў вяроўкі на руках Раўбіча. Вялізны, з англійскім штуцэрам у руках, ён прыйшоў пад абшчынны дуб і кінуў толькі некалькі слоў:

— Вандроўнік дарогаю казаў: паны папоў падкупілі. Папы сапраўдную царскую волю ў царквах схавалі. На прастоле пад сукном.

Натоўп маўчаў. Падобна было на тое. Папы чыталі волю, але папоў на Прыдняпроўі, якіх вера (то адна, то другая) біла і трэсла столькі стагоддзяў, ніколі не любілі.

— Схавалі, — сказаў Брона. — І ці не памацаць нам цэрквы?

Вырашылі: мацаць.

Бліжэй за ўсё было да гарыпяціцкай бажніцы. Людзі пайшлі туды і дарогаю ўзнялі яшчэ вёску Крутое. Гледзячы, як многа мужыкоў ужо ідзе, люд уздымаўся лёгка.

Потым прысталі сяляне дзвюх хаданскіх вёсак. Гэтыя прыйшлі з мяламі, граблямі, сякерамі і косамі.

Абрастаючы, як снежны камяк, натоўп рухаўся да Гарыпяцічаў. Палілі дарогаю панскія дворныя пабудовы. У чырвоным зарыве, вялікія ад яго, рухаліся праз ноч людзі, і страшна, востра блішчалі над іхнімі галовамі адпаліраваныя штодзённай працай вілы і карычневыя бічы на арэхавых цапільнах.

Ужо некалькі сотняў ног тапталі падмёрзлы нанач снег. Ішлі плеценыя скураныя поршні, вайлакі, лап-ці. Пазіраючы на іхнія сляды, пасуравелы пасля забойства Кандрат Кагут жартаваў:

— Глядзі, рашоты сваёй хадой гналі. Ай, мужыкі, ай, галовы!

Рогат каціўся над галовамі бліжэйшых. Гігатаў, як конь, Брона, абкружаны падлеткамі. У хлопцаў былі ў руках сякеры на доўгіх дрэўках, і нават па гэтым можна было пазнаць: з Вязынічаў. Толькі ў вязыніцкіх, прыроджаных лесарубаў, сякеры былі на такіх, удвая даўжэйшых за звычайныя, тапарышчах.

Корчак ішоў перад сваімі, як на свята, п'яны ад думкі, што вось, урэшце, настаў час. Ён не ведаў, што ўся гэтая спроба з самага пачатку асуджана на правал, што большасць думае пра толькі што атрыманую, няхай нават куртатую, свабоду, што ніхто, акрамя ягоных хлопцаў, не назапасіў злосці, што людзі ішлі, як на вясёлую гулянку, і маглі разысціся пры першай перашкодзе.

Не ведаў, што сапраўдны час гэтых людзей прыйдзе не зараз і нават не праз год, але як прыйдзе — пажар будзе палаць зырка.

Корчак не ведаў, што і Кагуты ідуць з ім не ад усяго сэрца. Пайшоў Кандрат, адзіны, хто ведаў праўду пра смерць Стафана і яшчэ гневаўся на ўсіх. Андрэй рушыў за ім: нельга ж было кінуць блізнюка. Але гэты выправіуся без ахвоты і разы са два стрымліваў брата. Пакуль што гэта не ўдавалася, але на трэці раз магло мець поспех.

Ды і што было Кагутам? Яны былі людзі вольныя і, як большасць такіх, хацелі, ды і то не вельмі пільна, паглядзець: а ці не задумалі вялікія людзі падмены маніфеста.

Павінна было мінуць шмат часу. Беларусь павінна была зазнаць яшчэ шмат крыўды, рабунку, галечы і пагарды, каб нарадзіць навальніцу. I таму меў рацыю ў сваіх учынках Загорскі, а не Корчак.

Але Корчак не ведаў, баяўся самому сабе прызнацца ў гэтым, і таму ішоў, нібы яго чакала галоўная справа жыцця. Ён занадта доўга чакаў і зашмат пакутаваў, каб адмовіцца ад "паходу на Гарыпяцічы" (як гэта потым назвалі), выходкі гераічнай, але бессэнсоўнай і таму трагічнай.

У карчме, дзе быў сядзельцам стары Ушар, разбілі дзверы пуні і выкацілі на снег дзве бочкі са смалой. Усе, хто хацеў, рабілі сабе паходні. Гарэлкі дый іншай маёмасці не кранулі: нашто чалавеку потым адказваць перад гаспадаром? Дый ішлі ж не рабаваць, ішлі мацаць царкву, каб самім упэўніцца ў нізкім падмане.

Натоўп ішоў да бочак і адыходзіў з паходнямі. Нібы чорная рака падпаўзала да нейкага месца, тут успыхвала і далей паўзла ўжо вогненная.

Падышлі да Гарыпяцічаў. Сяло маўчала. Ні агеньчыка, ні гуку. Толькі сабакі брахалі ў дварах. Белая, з дзвюма званіцамі, царква на ўзгорку драмала сярод мокрых голых ліп. I вышэй за іх узносіўся васемсотгадовы, чорны і каржакаваты царкоўны дуб, равеснік першай царквы, закладзенай на гэтым месцы.

Людзі здзіўляліся, чаму сяло маўчыць. Яны не ведалі, што, пакуль яны ішлі, затрымліваючыся падоўгу ля кожнай вёскі, і не хавалі мэты паходу, аконам з Вязынічаў паспеў папярэдзіць Сухадол. Палкоўнік Яраслаўскага палка, раскватараванага там, быў хворы, і на Гарыпяцічы з дзвюма ротамі выйшаў Апалон Мусатаў. Яны рэквізавалі ў адным з сёл мужыцкія сані і прыбылі на месца значна раней, чым мужыкі.

76

Вандроўных.