Страница 13 из 90
I раўнуў на Змiтра:
— Яшчэ раз гэткае — не пашлю купляць коней. Кувай сабе ў Загоршчыне!
Уздыхнуў:
— Падбяры для панiча кабылку з больш цiхмяных i жарабца.
— Глорыю хiба? — спытаў Змiцер.
— Каб галаву скруцiў?
— Што вы, пане, не ведаеце, як ездзяць мужыцкiя дзецi? Яны з хваста на каня ўзлятаюць, чэрцi… каб брыкнуць не паспела.
— А мне не трэба, — сказаў пан Юры. — Мне трэба, каб ён за якi месяц навучыўся ездзiць прыгожа, а не па-халопску. Потым дамо i сапраўднага жарабца.
— Добра, — сказаў Змiцер i пайшоў у стайнi.
Алесь глянуў на англiчанiна i нечакана заўважыў, што вочы яго смяюцца.
— То гэта малады князь? — спытаў англiчанiн. — Будучы гаспадар?
— Але, — сказаў бацька.
— Новы мятла будзе месцi па-новаму, — сказаў Крэбс. — Крэбс пойдзе адсюль разам з веданнем коней i свавольнасцю. Га?
— Можна мне сказаць, бацька? — спытаў Алесь.
— Кажы.
— Вам не трэба будзе iсцi адсюль, пан Крэбс. Вы харошы. Вы застанецеся тут, i я вам буду больш плацiць.
Бацька ўсмiхнуўся. Халодныя вочы Крэбса пацяплелi.
— Гуд бой, — сказаў ён. — Тады i я буду рабiць малады пан добра. Я навучу пан ездзiць, як малады лорд з найлепшых фамiлiй. — I, глянуўшы на пана Юрыя, дадаў: — I ён нiколi не будзе прымушаць састарэлага ўжо тады Крэбса рабiць супраць сумлення… i падманваць яго. А Крэбс зробiць, каб трохгодкi пана былi лепшыя нават у Пецярбурзе.
Засаромлены бацька адвёў вочы:
— Вам не давядзецца чакаць, пан Крэбс. Я павялiчваю вам пенсiю ўдвая.
— Нашто мне гэта? — сказаў Крэбс. — Лепей бы не трэба стаяць на сваiм. Сапраўдны лорд не ўваходзiць у змову з конюхамi i супраць свайго ж знаўцы, што хоча зрабiць конны завод лорда лепшым за ўсе.
— Добра ўжо, Крэбс, прабач, — сказаў бацька. — Больш не буду. Рабi сабе што хочаш.
Конюхi павялi перад людзьмi на ўзбочыне коней.
— Ну, якую кабылку бярэш? — сказаў бацька.
Сярод усiх Алесь заўважыў адну, маленькую і ладную, як цацка, усю дзiўна падабраную, чысценькую i як быццам атласную. Масць кабылкi была мышастая, вушкi акуратненькiя, капыткi, як стопачкi.
— Гэту, — сказаў Алесь.
Англiчанiн пажвавеў:
— У маладога ёсць вока… Варта вучыць… Красуня кабылка… Як маладая лэдзi… Галоўка маленькая, але не злая; шыя — дзiва шыя.
Звярнуўся да бацькi:
— Але вашы iмёны… Бог мой, што за iмя… Для такой лэдзi i раптам: Ка-сюнь-ка.
— Касюнька! — вiскнуў усцешаны Алесь i кiнуўся да кабылкi.
— Цукар вазьмi, — сказаў бацька.
Алесь соваў пад храпу Касюнькi кавалак цукру, i тая далiкатна ляпала па яго далонi цёплай цвёрдай храпай.
— Касюнька мая, Касюнька.
— Вядзiце яе, — сказаў бацька. — Выбiрай другога, Алесь.
Зноў пайшлi конi, i кожны быў прыгожы, бы ў сне, але нейкi не той, без повязi, што вядзе да чалавечага сэрца.
— Пераборлiвы, як Мнiшкава Анэля, — сказаў бацька.
Але ён дарэмна казаў гэта, бо ў той самы момант з варот стайнi з'явiўся Ён, той, без каго жыццё не магло мець сэнсу. Яго вёў пад аброць худы i падабраны хлопец, i Ён, дурэючы, рабiў выгляд, што хоча схапiць хлопца зубамi за плячо.
Ён быў прыгажэйшы за ўсiх на зямлi, прыгажэйшы за ўсiх звяроў i ўсiх людзей. Ён iшоў, прытанцоўваючы на кожным кроку, бязмерна ганарлiвы ад здароўя, сiлы i немагчымай сваёй прыгажосцi.
Белы як снег i бялейшы за яго, з маленькай нервовай галоўкай i доўгай шыяй, увесь дасканаласць i без адзiнай заганы, ён касiў залатым i трошку крывавым па бялку вокам, а ягоныя хвост i грыва, неверагодна доўгiя i мякка-залацiстыя, варушылiся лагоднымi хвалямi.
«Вы, маленькiя людцы, — здаецца, казаў зрак каня. — Што мне да вас? Я дазваляю вам апаганьваць нагамi мае бакi толькi таму, што раблю вам ласку. І так будзе, пакуль я не знайду таго, каго палюблю. А над тым буду панам, бо я бог, а ён толькi чалавек…»
Бацька глянуў на Алеся i ўздыхнуў: усе было зразумела.
— Логвiн, — сказаў бацька конюху, — вядзi Ургу сюды.
Малады i сур'ёзны хлопец падвёў араба да ix.
— Будзеш канюшым маладога пана, Логвiн, — сказаў пан Юры. — Будзеш ведаць толькi яго. Ургу падрыхтуй. Праз месяц ён спатрэбщца. I ты, Змiцер, ведай: Логвiну належыць толькi Касюнька i Урга. Нiчога больш.
Логвiн усмiхнуўся сцiплай харошай усмешкай.
— Панiча намуштраваць, — сказаў Загорскi. — Навучыць скрэбцi, чысцiць, мыць, даглядаць капты. Навучыць лекавым травам для коней.
— Зробiм, — сказаў Логвiн.
— То тады бывайце… Бывайце, мiстэр Крэбс.
Яны прайшлi конскiя двары i падышлi да старасвецкай каменнай сабакарнi. Чалавек сярэднiх год, з прыкметнай ужо сiвiзною ў доўгiх вусах, буры, як абкураная пенкавая люлька, павольна iшоў да iх. На поясе, што ладна перахватваў яго зялёную венгерку, вiсеў доўгi медны рог.
— Карп, — сказаў бацька, — старшы даязджачы. З гэтым, брат, трымай вуха востра. Сур-ровы.
Карп падышоў да iх i, не вiтаючыся, пачаў дакладаць звонкiм i трошкi сiпаватым, даязджачым голасам:
— Юнка адышла, пан Загорскi.
— Ведаю, — сказаў бацька, — старасць. А добрая была.
— Знайд, памятаеце, са своркі адбiўся. То схапiў, вiдаць, ад нейкай вясковай сучкi, скурапею. Мазалi празрысценькiм бярозавым дзёгцем i акурвалi. Праз два тыднi будзе як шкло… Сцiнай паздаравеў… I яшчэ Аза мела ласку прынесці шчанюкоў.
— Вось гэта добра. Хадзем, Карп.
Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкiмi акенцамi. Каля паўсотнi сабак розных парод i масцей ляжалi i хадзiлi па загарадках. Тут былi выжлы, ганчакi, норныя, дацкiя п'яўкi для мядзведжага палявання. Брудастыя, шчыпцовыя, камякалапыя… Але хлопец яшчэ не мог адрознiваць iх, i таму асаблiва зацiкавiў яго стракаты ньюфаундленд, з добрае цяля ростам, i куток хартоў.
Харты былi ўсе белыя, з доўгiмi шчыпцамi[14]. Вялiзныя iхнiя вочы былi, як чорныя слiвы.
Бацька на хаду даваў парады, якiя Карп слухаў пачцiва, але з нейкай сваёй думкай.
— Пайшлi б вы ўжо, княжа, да Азы, — сказаў ён. — Хвалюецца.
Калiдорчыкам прайшлi ў парадзiльнiк. Тут, у плеценым кашы, ляжала на аўсянай саломе чорная з белым сука iспанскай пароды i махала куртатым хвастом. Ля яе саскоў павiсквалi цёплыя шчанюкi.
Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Вялiзныя, усе ў дробных завiтках, чорныя вушы раскрылiся.
— Бачыш, — сказаў Алесю пан Юры, — на качак i цецерукоў лепшага не бывае. А якая акуратная. Не сабака, а арыстакратка.
— Я вазьму аднаго шчанюка, — сказаў Алесь.
— Ну вось, — сказаў бацька, — цяпер маеш усё. А iмя ёй будзе — Алма.
Хадзiць давялося доўга. Аглядалi палi, не вельмi добрыя. Аглядалi бровар i — здалёк — багадзельню. Ля сцежкi, што вяла туды, выпадкова падслухалi размову дзвюх старых. Стаялi, абапiраючыся на кii.
— Ты куды iдзеш?
— Га?
— Куды iдзеш, кажу?
— А-а… У анвалiдны дом.
— Ну i як там?
— Нiшто-о.
— Кормяць хаця добра?
— До-обра. Цэбар крупнiку дадуць на тыдзень, акрамя сухога, то хочаш адразу з'еш, хочаш — раздзялi.
I гэта размова сапсула хлопцу ўсю радасць ад Ургi, Касюнькi i Алмы. Не ўзнiмаючы вачэй, ён глуха спытаў бацьку:
— Гэта праўда, што iм адразу даюць?
— А што iм, дрэнна?
— Але чаму адразу?
Селi адпачыць у парку, на лаўцы з неашкураных бярозак.
Бацька пакручваў хвалiсты бялявы вус, з усмешкай паглядаў на сына. Яго загарэлы твар здаваўся алiўкавым ад рухомага ценю дрэў.
— Добры ты, сыне. Я вось купiў у матчынага траюраднага брата, у Кроера, цукраварню. Прыйшоў — аж работнiкi ўсе ў масках, каб не елi цукру. Гэта Кроер прыдумаў.
— Ну i дурань, — сказаў сын. — Я i чуў, што гадзюка.
— Ды i не ў тым справа. Нельга дазволiць такога здзеку. Што яны, быдла, гэтыя людзi, цi што? Я зняў… Але ж нельга дагаджаць. Будзеш салодкi — згiнеш. Багацця аднаго чалавека на ўсiх не выстачыць. Ведаеш, колькi дваран на Магiлёўшчыне?
— Не.
— Патомных нешта каля дваццацi сямi тысяч, асабiстых — каля трох з паловай, але гэтыя не ў лiк. Дык вось, з гэтых дваццацi сямi тысяч маюць права голасу на выбарах у губернскi сход толькi пяцьсот восемдзесят два. А сялян у губернi восемдзесят сем тысяч пяцьсот шэсцьдзесят адна душа — па тры душы на аднаго дваранiна. Дробная шляхта — гэта бочка з порахам. Ненавiдзяць i нас, i сялян. А ў цябе з братам сем тысяч гаспадарскiх душ. Ты з часам дваццаццю дзевяццю тысячамі будзеш уладаць. Трэцяй часткай усiх душ губернi, не лiчачы тых, што за яе межамi. I калi будзеш даверлiва глядзець у драпежныя зяпы — жывога праглынуць.
14
Шчыпец — пашча ў хартоў (паляўнiчы жаргон).