Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 14 из 90



— А нашто яна мне патрэбна, тая, трэцяя? — спытаў Алесь.

Бацька аслупянеў.

— Ну, хаця б для таго, каб быць добрым да большай колькасцi хрысцiян… Ты не Кроер, не Хаданскi, не Таркайла… Нашы людзi бога моляць, каб не трапiць ад нас да iх.

— Усё адно гэта нiкуды не варта. Хай добры ты. Хай добры буду я. А што, як памрэм? Яны ж тады сваякам пяройдуць, напэўна… тым. Куды ж такi парадак варты, калi чалавек не ведае, што з iм будзе заўтра? I людзi на вёсцы так гавораць i баяцца.

— З намi нiчога не зробiцца, — сказаў бацька. — Не тое перажывалi. Восемсот год за плячыма. I вера ў будучае. Я не баюся нi чумы, нi вайны, нi палiтычных забойстваў, нi руднiкоў. Хвала богу, усяго было. Горшага не будзе.

Памаўчаў, водзячы прутком па пяску.

— Справа ў тым, што ты належыш да самай дзiўнай суполкi на зямлi. У гэтага клана было славутае i грознае мiнулае, — але i тады ў яго не было iмя. У гэтага клана сучаснае, горш за якое цяжка знайсцi, i будучае, што губляецца ў тумане невядомага. Гэта грамада не мае свайго аблiчча — i пагражала калiсь ордэнскiм землям. У яе няма душы — i яна выклiкае магутны выбух сiл у кожнага суседа, што датыкнецца да яе. Тады яна дае такiя ўзлёты генiя, што ўсiх бярэ здзiўленне. Часам яна знiкае, як рака пад зямлёй, каб усплыцъ у зусiм нечаканым месцы, Штохвiлiнна гiне i адначасова жывучая, як нiхто. У цябе няма адзнак, i менавiта ў гэтым вялiкiя твае перавагi. Ты бязлiкi i ты мнагатвары, ты нiшто i ты ўсё. Ты кладоўка самых неверагодных магчымасцей. I ты ганарыся гэтым, ганарыся сваей магутнасцю, ганарыся тым, што ты — гэта ты.

Пан Юры паглядзеў на постаць сына i раптам спахапiўся:

— Ах, божа, ты ж яшчэ шмат чаго… Ды добра, добра… Я, цi разумееш, i гаварыць не магу. Не мая гэта справа, я чалавек просты. Вось паляваць ды сабачнiчаць — гэта ўжо iншае.

Зноў абмiнулi дом з серабрыстымi фантанамi iтальянскiх таполяў. Ад бакавога ўвахода ў яго цягнулася вузкая алейка. У канцы яе стаяў той круглы павiльён, што заўважыў Алесь, пад'язджаючы да Загоршчыны. Дах гэтага павiльёна перарываўся па кругу суцэльным шкляным акном, а вышэй шкла ўзносiўся зграбны круглы купал.

— Царква, цi што? — спытаў Алесь.

— Гэта карцiнны павiльён. Зрэшты, ты пакуль мала што яшчэ зразумееш. Я хачу табе паказаць толькi адну карцiну.

I ён адчынiў дзверы.

— Тут, брат, усё ёсць. Лепшая калекцыя толькi ў твайго дзеда… Вось глядзi.

Проста перад iмi вiсела на сцяне даволi вялiкая карцiна ў цяжкай, пацьмянелай ад часу залатой раме. На карцiне быў пейзаж, якiх не бывае — празрыста-блакiтны i няўлоўны.

— Мантэнья, — сказаў бацька, — славуты iтальянскi мастак.

Пейзаж праглядаўся праз галiны высокай яблынi з залацістымі пладамi. А пад дрэвамi iшоў кудысь малады чалавек i вёў за аброць белага каня. На чалавеку была круглая шапачка; доўгiя рукавы дзiвоснага ўбору адносiў вецер.

У чалавека былi цёмна-шэрыя вочы i прамы нос.

— Увесь дзень думаў, на каго ты падобен, — сказаў бацька. — I вось успомнiў. Ды гэта ж ты, гэта ты з белым канём. Гэта ты i Урга. Як дзве кроплi вады.

Ах, як не адступаў ад Алеся ўсе гэтыя днi белы конь! I ўсё гэта было як сон. I вось цяпер ён сам, сам Алесь, iшоў з белым канём у нейкую блакiтную далячынь.

V

Так пайшлі дні.



Кожны з іх быў непадобны на другі, і ўсё ж няўлоўна падобны. Гэта таму, што кожны быў адкрыццём і нечаканасцю.

Алесь гідаваў новым становішчам: празмернай пяшчотай бацькоў, недарэчнымі звычаямі палаца і неўсвядомлена ганарыўся гэтым, бо ён быў падлетак, бо яму ўжо, як кожнаму падлетку, хацелася сцвярджаць і ўстаткоўваць сваё «я».

Бацькі, можа, і не ведаючы гэтага, выбралі зручны час. Непрыкметна з яго рабілі не тое, што ён хацеў, а тое, чаго хацелі іншыя.

Падымалі яго а сёмай гадзіне раніцы. Бадай, запозна, бо ў Азярышчы ўставалі раней, і ён часцей за ўсё добрую палову гадзіны ляжаў без сну.

Алесь ляжаў, кожны раз новымі пасля сну вачыма разглядаючы блакітныя сцены пакоя. Над яго галавою, у куце, плыла кудысь старажытная копія з божай маці Куцеянскай: маленькі горкі рот, «нос не кратак», доўгія вочы з такой дабрынёй і тугою, што часам, асабліва ўвечары, хацелася плакаць, гледзячы на іх. Рука прыціскае дзіця, падобнае на маленькага мудрага старога.

Па старому паданню, гэту ікону напісаў, пасхіміўшыся, восемсот год таму назад ваявода Глеб, такі далёкі продак Алеся, што і ўявіць было страшна. Мячом прыводзіў у хрысціянства жыхароў Сухадола і Ршэ, быў у гэтым шчыраванні да веры ледзь не больш суровы, чым мсціслаўскі сабрат, Воўчы Хвост, ды, відаць, не вытрымала душа бязвіннай крыві нядаўніх братоў па Пяруну, таму што кінуў Глеб меч і кінуў ваяводства і, пад імем Анфімія, пайшоў на чорны пострыг і вечнае маўчанне. Ікон такіх напісаў дзве — адну для манастыра, другую — сыну (яна цяпер вісела ў старога дзеда Загорскага).

А тая, што вісела тут, была копіяй шаснаццатага стагоддзя. Рабіў таксама Куцеянскі майстра, Іпаці. Вісела і, нават з некаторым здзіўленнем, глядзела на ложак з полагам, на канторку чорнага дрэва, на блюда з незабудкамі (карэнні іх прыціснулі кавалкам мармуру, кветкі ўсталі і стаялі над блюдам суцэльнай блакітная шапкай).

Алесь ведаў, што за першымі дзвярыма светлы калідор другога паверха, што другія дзверы вядуць у ванны пакой, а потым у пакой для заняткаў, што ён можа заўсёды спусціцца з таго пакоя ў бібліятэку, што ўсё гэта для яго, і гэты прастор палохаў яго.

А сёмай па ўсім доме білі гадзіннікі. Трэба было заплюшчваць вочы. І тады ў спальню заходзілі два чалавекі: немец-гувернёр, гер Фельдбаўх, тоўсты лысаваты і надта рухавы, і прыгонны дзядзька, Халімон Кірдун, па мянушцы Халява, чалавек вельмі добры і вельмі змрочны, напэўна, з той прычыны, што ягоная жонка была незвычайная прыгажуня. Алесь сам чуў ад дваравых, што Халімону даўно варта было б яе набіць. Але Халімон, відаць па дабрыні, усе ніяк не мог рашыцца на гэта. Таму, напэўна, і змрачнеў.

Алесь ведаў, што немец пачне гаворку па-свойму, і не палохаўся гэтага. Проста дзівіўся, як хутка рабіліся зразумелымі чужыя словы. Як быццам выплывалі з далёкага, калісьці роднага, а потым забытага сну. Быццам даўно ведаў, а потым на хвіліну забыў. Так яно, урэшце, і было, бо да сямі год ён не ведаў іншых моў, акрамя французскай і нямецкай. І вось цяпер прагна, са свежай галавой наганяў.

Немец кацiўся да ложка, як шар, i адразу пачынаў буркатаць нешта, зразумелае толькi з пятага на дзесятае, але прыемнае:

— Oh, dieser kleiner Pe

Гэта быў, на яго думку, самы прыстойны стыль размовы з дваранскім дзіцем.

Фельдбаўх — сын багатага бюргера — скончыў гімназію і першы курс універсітэта ў Гецінгене, але потым бацькі збяднелі, і сын паехаў шукаць шчасця ў невядомае Прыдняпроўе. Тут ён служыў ужо дзесяць год, з іх апошніх шэсць — у Загорскіх. Яго не адпусцілі нават тады, калі Алесь трапіў на дзядзькаванне. Засумаваўшы па рабоце, ён цяпер даганяў, хочучы, чаго б гэта ні каштавала, прымусіць вучня за нейкі год добра гаварыць па-нямецку.

Фельдбаўх рабіў рэзкі рух крысом халата, быццам захінаў рымскую тогу.

— Schon gut. Mach dich drau zu waschen, mach dich Mutti zu begrüβen, mach dich an die Gottesgabe, — ja an die Bücher doch, we

…Алеся падымалі, вялі ў ванны пакой, і там, пад даглядам немца, Кірдун абліваў хлопца вадой і расціраў. Кірдун раўнаваў паніча і таму ўвесь час бурчаў пад нос, лаючы Фельдбаўха, якому, немаведама нашто, далі права наглядаць за туалетам, як быццам бы ён, Кірдун, рабіў гэта без немца значна горш. Кірдун суправаджаў некалі пана Юрыя за мяжу і таму ведаў некалькі нямецкіх слоў.

15

О, гэты маленькі сануля. Усе ўсталі, маленькія птушкі спяваюць госпаду сваю хвалу, ці не так? А ён спіць і не ведае, што ў ранняй гадзіны золата ў вуснах, ці не так? (ням.)

16

Вельмі добра. Ідзі ўмывацца, ідзі прывітацца з матуляй, ідзі прамыць божы твар, ды потым за кніжкі, калі князь не хоча застацца дурным князем, ці не так? (ням.).