Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 89



Недзе праз год з'явіўся да мяне чалавек, які пабываў "непадалёк ад запаведніка". Адзін з тых някепскіх увогуле людзей, якія, аднак, больш за ўсё любяць перадаваць вам жа непрыемныя для вас чуткі і плёткі пра вас.

Ён і перадаў мне, што Тупа застрэлілі. Спачатку нібыта ён выйшаў проста на дзевяцігадовага хлопчыка і пяцігадовую дзяўчынку, якія збіралі маліну. Хлопчык павёў сябе па-геройску: уцёк, кінуўшы сястру. А калі прыбег з дарослымі - мядзведзь і дзяўчынка гулялі. І ён нават хацеў пайсці, але яна чаплялася за яго і смяялася. І хаця ён вырваўся б і ад дзесяцёх дарослых - ён цярпеў.

Тупа занадта добра ведалі і на гэты раз нібыта "даравалі". Але хутка здарыўся канфлікт "міжнародны". Яго панесла на нейкую замежную дэлегацыю, і там ён задумаў пагуляць ужо не з дзіцем, а з дарослай сцервай, якую вызвалілі ад яго ў стадыі моцнага шоку.

Я прымерна ўявіў сабе, як магло адбыцца такое "вызваленне". Мядзведзі почасту паміраюць, як людзі, стогнучы і прыціскаючы лапу да раны. І грызучы зямлю. І ў ціхім непаразуменні адыходзячы на ёй. Каму ўжо і ведаць гэта лепей за мяне, паляўнічага, сына і ўнука паляўнічых? І менавіта таму я з'еў бы жыўцом усе гэтыя паляўнічыя заказнікі, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі на качыных азёрах, дзе звер адзін супраць многіх узброеных, і ўсё такое іншае. Паляванне толькі тады паляванне, калі яно адзінаборства. То што ўжо казаць пра звяроў, якіх мы кідаем у рабства, прывучаем любоўю, а тады забіваем толькі за тое, што яны любяць нас і шукаюць нас.

Было гэта так, як быццам я сам адвёў сябра ў камеру смяротнікаў

Чаму я не меў магчымасці прывучыць яго, як таго, першага? А дзе я мог яго прывучыць? У каменнай клетцы, куды яго сілаю ўзялі з вольных лясоў? Чаму той, падчас вайны, калі людзі звярэлі, гатовы быў пазнаць мяне, калі б я паказаўся? Толькі таму, што на яго не шкадавалі цеплыні. І дзе яна была ў гэтых, з "імушчаствам"? Куды яна падзелася?

Пасля, праўда, мне расказалі зусім іншае. Той самы аператар, з якім мы купалі Тупа. Я расказаў яму пра чутку, і ён сказаў, што гэта лухта, што мой звер ходзіць і зараз. Але я баюся гэтаму паверыць. Ён ведаў мае адносіны да мядзведзя і як чалавек душэўны і тактычны мог схлусіць.

Часам я ўсё ж сню, як малады мядзведзь ідзе лесам, выварочваючы калоды. І сыплецца на яго вінна-чырвонае і залатое лісце. І выходзіць яму насустрач сівы патрыярх, той, першы мой мядзведзь. Яны сядаюць ля мурашніка, і побач з імі сядаюць бацька, дзед Марка і я, ці то яшчэ падлетак, ці ў сённяшнім веку. У іх лапы, у нас дубчыкі ў руках. І мы, усе жывыя, сядзім за адным сталом, і ападае-ападае на нас лістота.

Так, былі ў мяне мядзведзі.

І менавіта таму мне ўсё цяжэй і цяжэй робіцца адбіраць у жывёл свабоду - адзінае, дзеля чаго існуе ўсё чыста жывое на зямлі.

Краіна Цыганія

Параходзік звярнуў з Прыпяці ў Стрынь і прайшоў яе звілістым рэчышчам аж дзесяць вёрст спецыяльна, каб высадзіць мяне ў Завід-Гарадку. Прайшоў - пад мат рулявога -дзеля аднаго мяне, а рака была, як змяя, што звіваецца, круціцца і штохвілінна спрабуе сама сябе ўкусіць за хвост.

Такі "спецрэйс" не быў такой ужо рэдкасцю для гэтых спрадвечных глухіх мясцін Палесся. Тут зямля не давала абвіць сябе дарогамі, дый тыя, што былі, заліло летняй повенню: у Карпатах і на Валыні гулі дзікія злівы, і беларускае Палессе захлыналася. Заставаліся нялётнае ўжо тры дні неба і першабытны вадзяны шлях.

...Сорак вёрст давялося б мне тупаць сюды да бліжэйшай прыстані, Уласт-Гарадка. А ў мяне быў рукзак з рэчамі і акрамя яго бліц, штатыў, экспанометры, безліч плёнкі. А яшчэ апараты: "Зеніт-Е", "Салют" з усёй оптыкай, з усімі гэтымі тэлевікамі і шырокавугольнікамі (а важыць гэтая бандура з прычындаламі восем кіло) - ды яшчэ цудоўны нямецкі "Лінгоф" і ўлюбёнка мая, непараўнаная японская "Мамея".

Капітан - добры хлопец - проста пашкадаваў мяне, дай Бог яму здароўя.

...Туманным чэрвеньскім ранкам я сышоў па сходнях на бераг, проста пад сівыя, карказломныя валы старажытнага гарадзішча, на якіх варушылася трава і вісеў вэлюм туману.

Гасцініцу атрымаў лёгка. Гарадок не толькі не быў ужо "Трэцяй сталіцай" магутнага княства, а і раёнам перастаў быць. Таму я сюды і трапіў, прашвэндаўшыся пяць год па цэнтральнай і заходняй Беларусі, а пасля па Палессі: шукаў, чаго тут яшчэ не затапталі.

Я адвык ад дому, але не скардзіўся. Гэта быў мой хлеб, і ён быў смачны мне. Я нібыта ратаваў старое Палессе, ягоныя хаты і драўляныя цэрквы, уборы, касцёлы, каб не патанула ўсё гэта на дне рэк сваіх і азёр.

..У чайной сядзелі звычайныя палескія бабы з "крэндалем" на галаве, балбатлівыя маладзіцы ў белых фартухах паўзверх расшытых сукняў, сівавусыя дзядзькі. Пілі дрэннае піва. А сярод іх я заўважыў некалькі цыганскіх сем'яў: дзяцей у кожнай было, як снапкоў, і мяса яны бралі з місак мурзатымі лапкамі... Ну і што?.. І толькі выйшаўшы на вуліцу, я нязмерна дзівіўся: плошча перад чайной, чэзлы скверык - усё гэта рдзела, як майскі букет. Сінь, зелень, залацістасць шаўкоў, срэбнасць намістаў, дымная чырвань шырокіх сукняў, медзь твараў.



Цыганоў было куды больш, чым мясцовых, што з-за дамоў з ласкавай, іранічнай палескай цікавасцю глядзелі на ўсё гэта.

Я ішоў здымаць драўляную царкву ХVІІ стагоддзя, адзінае, што мне трэба было зняць, ды назаўтра і ад'ехаць. На вулках быў тлум і не тое каб ціша - цыганы і ціша! - а прыглушанасць шуму. Толькі дзеці абступілі мяне, як камары:

- Дзядзька, паздымай! Дзядзька, паздымай! - І, калі зняў:

- А кеды фоткі?! А кеды фоткі?!

Цікаўныя палескія цёткі ішлі "ў адну дарогу" са мной:

- А што, і вы цыган?

- Нешта накшталт таго. Ды што ў вас тут робіцца?

- Цыганы гадавую спраўляюць. Год назад тут іхні адзін утапіўся. Кажуць, самы вярхоўны іхні цыганскі суддзя. Аркестра будзе. Сабраліся з усёй чыста зямлі. Бацюшко дазволіў ім на могілках трызну правіць. Адных курэй дзвесці штук насмажылі, трох кабаноў купілі. Гарэлкі - мора. Нічога, не сваволяць.

Я ледзь адвязаўся ад іх. Пайшоў пад вязамі і ліпамі паўз хаты - на франтонах іхніх быў палескі сімвал сонца, - паўз пратокі і каналы - проста на могілкі да Юраўскай царквы. Трохзрубная, з трыма шатрамі даху, яна аж танула ў бэзе і вішняку пад каравымі векавымі хвоямі.

Паздымаць мне, аднак, так і не ўдалося. Грымнуў жалобны марш. За агароджаю рухаўся на новыя могілкі цыганскі натоўп. Я хацеў быў зняць яго - калі яшчэ такое ўбачыш - і баяўся: яшчэ ў кішэнь накладуць. Пабойванні былі, аднак, дарэмныя. Да мяне падышоў змрочны дзядзька з касымі вачамі, у якіх жыла, здавалася, уся журба свету, і папрасіў:

- Здымі, друг. Харошы быў чалавек. Здымай.

І пачалося маё звычайнае: на дрэва - на агароджу - зноў на дрэва - ледзь не пад аскаленыя, пенныя конскія морды.

Сівы Мафусаіл наперадзе нёс ікону, абвітую ручніком, за ім сталыя цыганы, змаршчакаватыя бабці, шалёна прыгожыя дзеўкі. Пазвяквалі намісты, хваляваліся, як мора, сукенкі -вішнёвыя, гранатавыя, язмінныя, сінія, як бэз. І ўсё гэта было жыццё, хаця і крочыла ў месца смерці. Ехалі на вазах зусім расслабленыя і старажытныя, трымаючы на руках немаўлят. Вялі пад цуглі варанога цмока-каня, які страшна скаліўся, выкатваў вочы і, здавалася, не дакранаўся капытамі зямлі.

- З канём! З канём сфатаграфуй! Яго конь! А-а-ай і конь-

конь!!!

Блішчалі бляхі збруі. І сумная, апошняя была песня колаў на апошнім шляху.

Яшчэ з дрэва я заўважыў у натоўпе, што скідаўся на медны, залаты і чырвоны жар, адзіную белую пляму, а калі ўшчаміўся ў натоўп - убачыў, што гэта дзяўчына або маладзіца. Убор яе не ўвесь быў белы. Сукенка ў дробныя складкі -напалову палеская, напалову цыганская - была яркая, аж вачам балюча. І толькі вышэй яе была вельмі шырокая кофта з белых карункаў. З намістаў-мірыкляў, як сцябліна дзівоснай кветкі, вырастала шыя, валасы былі цяжкія, цёмна-каштанавыя, амаль чорныя. Рот дзівоснай свежасці, паўнаваты і белазубы. Нос смелай формы, з нервовымі ноздрамі. І цёмныя вочы - ні ў кога на зямлі я яшчэ не бачыў такіх выразных вачэй. І такой ганарлівай, такой усходняй, такой каралеўскай хады. Нібыта шар зямны, без ніякай натугі, нясе на галаве. І ясна, што не табарная, а з аседлых. Не змучанае, не змарнелае, не спечанае ўшчэнт сонцам, здаровае, чыстае, уходжанае цела.