Страница 12 из 89
- Грошай, кажуць, няма. Ну, мы кажам: не трэба, вазьміце так. А яны: звініце, але трэба дакуманты, адчотнасць... Гэта імушчаства... Вось і цягнецца гэтая "справа аб імушчастве" месяц. І папомні, яшчэ два месяцы будзе цягнуцца. А звер мучайся.
Туп пазнаў мяне. А вочы ягоныя глядзелі з такой смяротнай, не звярынай, а амаль чалавечай тугой, што мне раптам сціснула сэрца. Нібы гэта не малы чатырохногі артыст пакутаваў тут, а той, даўні, што ўратаваў мне жыццё. Такі горды і вольны звер быў кінуты зараз у клетку, у гной, у подлае і ганебнае рабства.
- Давай шворку, - сказаў я, адчыняючы клетку.
- Ты што?
- Давай, трасца іхняй праклятай матары. Не патрэбен стаў - забылі. Як чалавека. А ён з намі і пад дажджом, і па снезе. Гэтак многіх... спісаць можна. Ён жа здохне тут, пакуль яны... з "імушчаствам".
Я вывалак яго з клеткі, і ён, узрадаваны, стаў дыбкі і "абняў" мяне, запэцкаўшы зялёным гноем мой блакітны світэр. Мыкаў і лізаў-лізаў мне аблічча. Здорава падрос, быў ростам з мяне амаль, а я вымахаў не на хлопчыка з мізінчык. І галава была вялікая, з вялікай пашчай.
Я вывеў яго на двор, пакачаў па снезе, каб хаця крыху ачысціць - снег у тым месцы стаў амаль чорны, нібы на ім выбівалі дыван, і павёў дваром да прахадной. Вахцёр паспрабаваў быў затрымаць мяне, але не дужа заўзята, бо Туп у калідорчыку стаў дыбкі і забурчаў, нібы разумеючы, што гэты заслон пахне зноў клеткай. Службіст, нібы сам сабою, адскочыў з дарогі і толькі прабрахаў мне наўздагон нешта здзеклівае.
- Слухайце, - сказаў я, - мне нічога не каштуе зняць шворку. На такіх турэмшчыкаў, як вы тут, трэба па закону спускаць мядзведзяў. Вось пачакайце, унясу законапраект.
Ён закрыўся знутры. Мы з сябрам зарагаталі, і я павёў Тупа да прыпынку таксі. Я павінен быў зрабіць дзеля яго тое, што хацеў зрабіць. Хаця б у памяць Бурыка і ў знак таго, што людзі вінаватыя ва ўсіх смяротных грахах перад звяр'ём.
- Я патрымаю яго ў сябе, пакуль не дамовяцца з запаведнікам.
- Угм, - сказаў сябар.
Ля віннага магазіна прыядналіся да нас яшчэ два дружкі: гукааператар і асістэнт аператара. І так упяцёх мы падышлі да стаянкі таксі з самотнай "Волгай" на ёй.
- Чацвёра, - сказаў я таксісту. - Законная колькасць. Парушэння правілаў няма.
У таксіста палезлі на лоб вочы, калі ён убачыў Тупа:
- А г-гэта?
- Мале-енькі сабачка, - нявінна сказаў аператар. - Малю-юсенькая бясшкодная істотка.
Таксіст збіраўся газануць, але перамагла цікаўнасць.
- Шчыры друг чалавека, - сказаў я. - Ніхто не асмеліцца абразіць яго, выказаць хаця б цень сумлення ў тым, што ён бязвінны, як верабейчык.
Я ведаў, як мядзведзі любяць смактаць лапу, не сваю, дык чужую, і часта вытвараў такое - як з Бурыкам, так і з Тупам. Закасаў рукаў світэра і працягнуў локаць Тупу.
Да самага локця, ну, ва ўсякім разе, дзюймы на тры вышэй кісці, змясцілася ў ягонай пашчы мая рука. І ён пачаў смактаць яе, стогнучы ад асалоды.
- М-мну... м-му... М-м-мну-м.
Ніякай небяспекі тут не было. Я ведаў, што калі ён забудзецца ад шчасця, не суразмерыць сілы і пачне сціскаць сківіцы - досыць злёгку ляснуць яго далонню другой рукі па мордзе, каб ён апамятаўся і, пяшчотна-вінаваты, адпусціў. Але ж шафёр гэтага не ведаў. Ён бачыў схаваную ў пашчы руку і трохкутныя белыя зубы, сантыметры на чатыры даўжынёй, бачыў, як зубы труць, нібы перапілоўваючы.
- Пане мой божа, на ўсё святая воля твая! Вы з цырка? Выньце, выньце, калі ласка!
- Н-не выну, пакуль не павязеце. Бясшкодная, маленькая тварынка. Мініяцюрны калматы сабачка. Скочтэр'ер, не, нават балонка. Ціхенька ляжа ў нагах на радасць мтяцыянеру, які надумае правяраць. Улічыце, небяспекі ніякай. Падумае, што звар'яцеў. Тры рублі за дастаўку сабачкі на вуліцу рэвалюцыйнага дэмакрата Міхайлава.
- А чорт бы з вашымі грашамі, - ускіпеў таксіст. - Цягніце яго хутчэй на задняе сядзенне, пакуль не бачаць.
Я вызваліў руку, укрытую густой зялёнай слінай, і выцер яе снегам. Мы паклалі Тупа ў праход між пярэднім і заднім сядзеннямі і, не без выгоды, размясцілі на ім свае ногі.
- Хай яго, можа, вы і сапраўды дасцё яму зноў сваю затычку, - сказаў таксіст. - Хаця не. А раптам падкіне на яміне. Трымайце толькі за галаву. Дасць бог, можа, усё і абыдзецца.
Шафёр гнаў, уцягнуўшы галаву ў плечы, але зрэдку хмыкаў, відаць, задаволены і заінтрыгаваны. Добра, што мы пад'ехалі да майго дома ў прысмерку і ў двары не было цікаўных. Шафёр, калі мы выцягнулі Тупа, настолькі акрыяў духам, што гулліва спытаў:
- А шчанюка б?
- На жаль, фізіялагічна немагчыма. Кабялёк. Вось павяжам, можа, тады.
Таксіст загыгыкаў і рвануў з месца.
...Жыў я тады ў кватэры на пятым паверсе. Мы ўсцягнулі звера туды і перш за ўсё накармілі. Я схарчыў яму бохан хлеба, паліты паловай банкі згушчонага малака, а пасля спаіў два пакеты малака звычайнага. За гэта час наплала ванна, і мы, распрануўшыся да трусоў, агульнымі сіламі перавалілі яго туды. Ён ведаў толькі летняе купанне ў рэчцы і таму спачатку ўзвыў ад гарачаватай вады, як грэшная душа ў пекле. Але паступова пачалі адыходзіць лапы - мядзведзі ж не прыстасаваныя бадзяцца па снезе, бо ў іх голыя пяткі, - і ён супакоіўся.
Чатыры разы давялося яго мыліць, пакуль чацвёртая вада не стала празрыстая, а мыльная пена белая. А пасля я расшчодрыўся і закаціў яму пятую ваду з "Бадусанам", і ён блажэнна ляжаў у пене, цяпер ужо зялёнай і пахнучай лесам, і сніў пра верасовыя паляны ў векавых соснах.
А пасля мы насуха выцерлі яго, узвалілі на тахту, укрылі посцілкай, так, што стырчала адна галава - так нам здалося больш смешна, - і ён засоп, салодка, як немаўля. А мы селі да яго спінамі і распілі дзве бутэлькі каньяку за Тупа, за яго шлюб з Вялікай Мядзведзіцай і за хуткае з'яўленне Малой. Словам, за ўсё, за што п^ць мужыкі, калі яны адчуваюць, што непасрэднай прычыны для выпіўкі няма, а што яны проста харошы народ.
...Другі мой мядзведзь пражыў у мяне два з паловаю месяцы, і, слова гонару, гэтыя месяцы былі аднымі з лепшых месяцаў у маім жыцці. Слаўна нам жылося. Ён пасыцеў, поўсць стала льснянай і чыстай. Любіў качацца ў снезе і купадца. Спаў ля батарэі, але часам клаўся да мяне ў ногі і ўпарта не хацеў злазіць з тахты. Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, ніколі не азвярэе, што гэтыя сталёвыя простыя кіпці, толькі злёгку сагнутыя на канцы, ніколі не ўдараць: звяры ўмеюць помніць дабрыню. Але што я мог зрабіць? Улетку я заўсёды ад'язджаў на некалькі месяцаў маляваць, і на каго я мог пакінуць яго ў горадзе? А ўзяць і вазіць з сабой?..
Мне заставалася суцяшэнне, што я даў яму пару месяцаў харошага жыцця, якое нічым не было азмрочана. Хіба што спачатку, дні тры, маёй маўрскай мартышкай па мянушцы Лявонька, а калі паважліва, то Леанідам Юльевічам, таму што прынеслі мне яго ў ліпені.
Сусед мой па пляцоўцы, аднак, зваў Лявоньку часцей за ўсё лацінскай відавой назвай cercopithecus fuliginosus, рыпучай у першай частцы і намякаючай - у другой. Ён быў вучоны чалавек, сусед.
- Фулігінозус ты.
І прыбаўляў:
- Экая преподлая обезьяна!
Малпа была, сапраўды, падлючая... Варта было засмяяцца з Лявонькі, і ён у адказ круціў пальцам ля лба. Пакрыўдзіць нехта - і ён, калі прыйду я, скакаў да мяне і лапатаў на вуха нешта яраснае. "Наводил ябеду" - па словах таго ж суседа.
Паспрабаваў Лявонька даводзіць сваім подласцямі і Тупа, але той урэшце страціў цярпенне і так рыкнуў на яго, што бедалага ўзляцеў на шафу і, дрыжучы, сядзеў там з гадзіну. А назаўтра я застаў ідылічную сцэнку: Леанід Юльевіч сядзеў на мядзведзі і з самым падхалімскім выглядам перабіраў ягоную поўсць, хаця нічога там не было і быць не магло.
Заўсёды так з гэтымі нахабамі. Гаркнеш - і стануць лізаць. Так што і тут усё абышлося як найлепей. І я рад быў, што звер уратаваны, што яму добра.
А на пачатку мая выйшла нарэшце згода наконт "маёмасці", і я завёз Тупа ў запаведнік і пакінуў там. Жыць на волі і для волі.