Страница 11 из 89
Бурык адвесіў цяжкай лапай удар па загорбку пачвары і раздзёр яго. Але нават не рана прывяла Грома ў прытомнасць. Ён урэшце заўважыў мядзведзя., зразумеў, з кім мае справу, адчуўшы ненавісны і страшны, дзікі, звярыны, лясны пах.
...Калі ўрэшце падскакалі коннікі, Гром адступаў, дрыжучы ад нянавісці і жаху, задкаваў, усё яшчэ капыцячы зямлю, але ўжо не асмельваючыся рынуцца наперад. Нізка рыкаў і адступаў перад зверам, які на задніх лапах наступаў на яго. Бугаю накінулі на рогі і на заднюю нагу распетлі і павялі. Бурык ішоў ззаду, як канваір, і давёў усю гэтую мілую кампанію да кузні, дзе Грому зноў укруцілі кальцо.
...Маці дазволіла адвесці мядзведзя толькі ў нядзелю, усе тры дні адкормлівала яго, як кабана, і калі мы вялі Бурыка ў машыну - дырэктар, у падзяку за бугая, даў дзеля гэтага старэнькую саўгасаўскую палутарку, - цалавала яго ў морду і плакала.
Звера завялі па сходцах у кузаў. Бацька і я селі побач. Марка - у кабіне з шафёрам. Мядзведзь устрывожыўся было, калі затурчаў матор, але хутка супакоіўся. Глядзеў маленькімі вочкамі, як плылі назад лясы, і бліскучая, нібы цыратавая, цюпка ягонага носа рухалася: чытаў баравыя пахі. Мне было да болю шкада расставацца, але я разумеў, што ён увесь час аддаляецца, што хутка пачнуцца мядзведжыя гульні, што мядзведзя майго цягне да сабе падобных і яму там будзе лепей, чым сярод нас. Усё ж ён быў народжаны для свабоды.
Мы адвезлі яго за пяцьдзесят кіламетраў, у самы глухі кут, дзе найчасцей сустракалі мядзведзяў, выпусцілі, агладзілі яго і пайшлі да машыны. Некалькі разоў ён імкнуўся быў за намі, але пахі першабытнага лесу перамагалі, і ён усё аддаляўся. Бацька і Марка ўбачылі, як ён праводзіць нас позіркам, і далі ў паветра некалькі стрэлаў. Тады ён пабег трушком і знік сярод дрэў. Марка схадзіў і праверыў: гною не было. Значыць, спалохаўся, але не да хваробы.
Машына аддалялася. І я марыў, што вось будуць суніцы і чарніцы, будуць маліны і слімакі, а там жалуды. І ён жа ведае, як зімаваць. І жонка ў яго будзе, і дзеці. Усё яго чакае, а галоўнае - свабода.
...Праз некалькі тыдняў немцы бамбілі гарадок. Першыя бомбы трапііл ў пошту, універмаг, тэатр. Палясоўшчыкі казалі, што звяры скопам перакачоўваюць ад шуму і ад дарог у нетры лясоў. І адзіным слабым суцяшэннем сярод усеагульнага гора мне было тое, што звер, якога я любіў і які ўратаваў мне жыццё, цяпер напэўна не пойдзе да дарог, на якіх выбухаюць бомбы і гудуць танкі, над якімі праносяцца на брыючым самалёты.
На другім тыдні вайны мы ўсе пайшлі ў лес.
Не буду расказваць, як ствараўся ў нашым раёне адзін з першых атрадаў, якія памылкі па нявопытнасці былі дапушчаны, як гэта скончылася ледзь не поўным разгромам, як рассеяныя рэшткі атрада, пераседзеўшы небяспечны час, зноў пачалі збірацца ў адно. Не буду казаць і пра тое, як я быў сувязным. Для мяне, дванаццацігадовага падлетка, гэта было - у параўнанні з сувязнымі дарослымі - лічы што бяспечна. Калі, вядома, не спаймаюць на гарачым. Што расказваць? Пра гэта ўжо столькі пісалі. Дадам толькі яшчэ некалькі слоў.
...Восенню сорак другога года мы з дзедам Маркам прабіраліся лясамі на сувязь. Абодва ў кужалі і шарачку, абодва з торбамі. Марка, што адпусціў сівую бараду, сапраўды быў падобны на старца, а я быў у яго павадыром.
У нас і "легенда" была някепская. Бацька з маці "загінулі ад бомбы, а Марка, шкадуючы, падабраў мяне". Прыдрацца не было да чаго.
Лес быў увесь засыпаны звонкай сухой лістотай, залатой, іржавай, чырвонай, вішнёвай. Яна шастала пад нагамі і аж звінела, калі праносіўся подых ветру: мільёны лімонных і вінных матылёў узляталі ў паветра і мільгалі між дрэў.
І вось калі мы падыходзілі да яра ў вярхоўях Водры (з яра якраз выбівалася крынічка, што ўпадала ў яе), Марка раптам паклаў мне на плячо руку і спыніў.
Яр быў ледзь не па самы верх засыпаны лістотай. Зрабі крок - і ўтонеш. І дрэвы ўсё дабаўлялі і дабаўлялі ў яго золата і чырвані. І, мабыць, гэты шолах даў нам магчымасць падысці непачутымі так блізка.
На тым беразе адвальваў тоўстую, зялёную ад моху калоду магутны буры мядзведзь. Віслы зад, страшныя крываватыя пярэднія лапы, куды таўсцейшыя за заднія. І нават адсюль было відаць, як пераліваюцца мускулы на вялізным падвойным загорбку.
Калі ён адваліў калоду, сеў і пачаў выбіраць з-пад яе нешта і чамкаць, я ўбачыў белы ажаролак, і радасць гарачай хваляй абліла маё сэрца: "Няўжо ён? Ой, не ён. Ой, вядома ж, ён!"
- Бурык! Бурчынька! - шэптам паклікаў я.
Марка паклаў мне далонь на вусны. А мядзведзь насцеражыўся, і сеў, і стаў паводзіць сваёй цюпкай, і зыркаць ва ўсе бакі. Але паветра веяла ад яго на нас, а заўважыць нас ён не мог (мядзведзі кепскавата бачаць). І я маўчаў. Тады ён вытаргнуў, як мне здалося, амаль прызыўнае крактанне. Ласкавае, жаласнае, падобнае на мурканне. Ці, можа, я хацеў у гэта верыць?
Мы маўчалі, і паступова ён супакоіўся, даеў тое, пад калодай, і павольна, перавальваючыся, завалюхаў у нетры. Павеў ветру ўзняў між ім і намі чырвона-залатую сець. Пасля лістота пасыпалася з урвішча на дно яра. Мяккім хвалістым вадаспадам. І лісце нібы празвінела наўздагон яму. А пасля стала ціха.
Мінула вайна. Я даўно скончыў мастацкі інстьпут, і даўно працаваў, і дабіўся вядомасці. Калі часам даводзілася ўспамінаць пра тыя дні, я пераконваў сябе, што звер мой стаў мацёрым магутным мядзведзем, "дзедам" і "прадзедам", патрыярхам вялікай мядзведжай сям'і, і мірна заснуў ад старасці недзе на сонечным, укрытым кветкамі схіле.
Так цягнулася да таго часу, аж пакуль мяне не запрасілі мастаком на фільм пад назваю "Гісторыя аднаго мядзведзя".
Рэжысёру "в порядке бреда", кажучы словамі ідыёцкага кіношнага выразу, здалося, што цікава будзе ўвесці ў гісторыю мастака-анімаліста (нехта расказаў яму пра маю кватэру якраз, калі творцы марна імкнуліся выціснуць нешта з галоў), да якога трапляе мядзведзік Туп. Я не бачыў прычыны, каб адмаўляцца і не дапамагчы майму сябру-аператару, які дужа прасіў мяне. Акрамя таго, у фільме мне трэба было рабіць амаль тое, што і ў жыцці: маляваць, карміць звяроў, гаварыць з імі. А я навучыўся гэтаму за дваццаць пяць гадоў практыкі.
Там я і пазнаёміўся з Тупам і з ягонай сястрой, дублёршай Тапай. Здымаліся яны цераз дзень. У сястры быў злосны і сварлівы характар, і таму, калі здымкі падыходзілі да канца, яе завезлі ў запаветны лес і выпусцілі, прычым яна нават не азірнулася на людзей, урачыстай хадой аддаляючыся ў пушчу.
А Туп быў поўнай процілегласцю і таму быў агульны ўлюбёнец.
Яму дазвалялі лізаць мёд, зябіряттття ў гарачыя дні ў рэфрыжэратар і храбусцець там лёдам. Нават свавольствы яму дараваліся за яго рахманы і пяшчотны характар. Акрамя таго, ён меў прывычку, калі яго возьмуць на шворку, учыняць бег на месцы, у якасці доказу свабоды сваёй волі. Ён увогуле любіў свабоду.
Калі здымкі скончыліся, яго аддалі на станцыю юных натуралістаў, і я ўзрадаваўся, што не ў звярынец. Прасторныя пакоі, вялікі парк, дзеці, якіх ён любіў і, падобна разумным сабакам, ніколі не крыўдзіў.
І вось праз пару месяцаў я прыйшоў на студыю і, ідучы вялізным няўтульным здымачным павільёнам, дзе выбухалі галасы, ляскала жалеза, грукаталі малаткі ў руках рабочых, рухаўся кран і ўсё было заліта мёртвым, бязлітасным святлом дзігаў, я ўбачыў у куце, сярод хламу, вузкую і вельмі нізкую клетку, у якой, на тоўстым пласце гною, ляжаў сціснуты з усіх бакоў, страшэнна брудны Туп.
- Гэта яшчэ што? Чаму ё н тут?
- А, - сказаў аператар, - сволачы. Ён жа да пяшчоты прывык. А тут знайшліся раздураныя вырадкі, пачалі дражніць, цягаць. Я яго ведаю, ён да канца цярпеў. Ну, а пасля цяпнуў нейкага. Так проста, узяў у пашчу, нават следу не было. Напалохаць хацеў. Я ж ведаю, значыцца, зусім сілаў не стала трываць. - Друг аж кулакі сціснуў. - Ну, тут маменька ў кулонах
- адзадак, як ступа, а мазгоў і напарстку няма. Як жа, рабёнка пакрыўдзілі. Ну, тыя і вярнулі.
- То чаму ў запаведнік не аддалі?