Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 14 из 89



Сумна ўсміхнулася аб'ектыву, адразу ж іншай стала пастава і хада. І гэты рух, і гаты боскі выгін клуба.

Я пайшоў у натоўпе непадалёк ад яе.

На могілках сонца не магло прабіцца праз шаты шматвяковых дрэў, як на дно вільготна-халоднага зялёнага возера. Сям-там толькі прарываўся салатавы прамень, і ў адным з такіх прамянёў блішчала жалобная рыза папа і плыў шызы дым ладану. Убаку, там, дзе не было яшчэ магіл, з латаў, што ляжалі на галінах дрэў, звісалі палотнішчы, утвараючы даўжэзны шацёр, апошні шацёр нябожчыка, з якога адпраўляцца цыгану ў апошнюю яго краіну. Пад ім стаялі сталы з трызнаю. Убаку брудна бялеў другі шацёр, меншы. Там бразгалі талеркі, на якія накладалі стравы жанчыны.

- Глядзі, цыганскі фатограф!

- І фатографа свайго прывезлі!.. А колькі ж яны табе заплацілі, хлопе ц?

Тлум, спеў хору і выгукі папа, убаку, проста на траве, купкі людзей. І кожную купку - хоць у оперу. Вось старая курыць люльку. Вось дзяўчынка вязе каляску з брацікам і з гартаннай дзікасцю крычыць:

- Чавэло!

Ах, Цыганія-Цыганія! Ах, і мая ж цыганская кроў! Індзейская ярасць у вачах, калі унь тая, з крыху адутлаватым тварам і доўгімі індзейскімі валасамі, крычыць нешта.

Я зноў сфатаграфаваў "белую". Іначай не мог. Такая была грацыя ў кожным руху! Тэатр! Балет! Чорт ведае што!

І дзіўна было побач з гэтым святам жыцця, увасобленым у гэтай дзяўчыне, бачыць пліту і надпіс на ёй:

Рапановіч Гарась Іванавіч. 1928-1968

- Быў наш вярхоўны суддзя, - гаварыла яна чыста па-беларуску.

- Як гэта з ім?

- Вашу дзяўчынку ратаваў. Беларускую дзяўчынку. Наш, цыган. Не ўратаваў.

Што мне было яшчэ рабіць тут, побач з гэтай ганарліва-гожай дзяўчынай.

- Фота куды даслаць?

- Часцей за ўсё мы сядзім у вёсцы Горск. Дасылайце Яні Быгоцкай.

У беларускіх цыганоў амаль ва ўсіх беларускія імёны і прозвішчы.

- Ну, а як нагадаць, калі забудзецеся? - У вачах і ў голасе яе бездань іроніі і разумення.

Я сказаў імя і адрас.

- Раман, - паўтарыла яна імя. - Ну вось, а "ром" -значыць, цыган, муж. Бацька мой каваль у Горску. Астатнія на цукровым працуюць. Там толькі восенню ды зімой работа... Вунь мой бацька!..

Адправа скончылася. Пажылы цыган, дасканалы, як медная статуя, усаджваў людзей за сталы пад шатрамі. Доўга, дужа доўга і ўважна глядзеў на мяне, праўдзівей, нібы аглядаў і ацэньваў. Твар быў змрочны. Пасля ледзь таргануўся ражок рота пад чорным вусам.

...Музыканты выпілі па шклянцы і пайшлі. Была ўзнята маўклівая, змрочная першая чарка. Пад незнаёмыя мне словы. Я пайшоў зноў на старыя могілкі і са здзіўленнем убачыў, што яна стаіць у засені ліп, узлокціўшыся на плот, загадкавая, эгіпецкая ўсмешка застыла на яе вуснах і прыплюшчаных павеках.

- Не хачу так, - ціха сказала яна. - Не люблю смерці. Не хачу сядзець у асобным шатры. Лепей тут...

Увесь час, пакуль я здымаў царкву, яна сядзела ў траве, у сонцы і сакатанні палескіх цыкад і сачыла за мной. Уважна, дапытліва і цяжка.

- Цёмны, - сказала, калі падышоў, - у нас таксама не ўсе чорныя. І рухавы.

У канале шалахцела, уздымаючыся, вада.

- Рухавы, як вада. Бегчы ёй далё-ока. Кажуць, заліло б горад, каб жыхары не нанялі бульдозер ды не зрабілі дамбу, дзе яна з цясніны на абшар вырываецца. А мне шкада вады. Вада павінна бегчы. Я зайздрошчу вадзе. Ты шмат водаў бачыў?.. А ну, дай руку... Бачыў шмат водаў. Зморшчына цыганская унь якая!

- Беларускія воды ўсе бачыў. Ну, і некалькі марэй. Два акіяны.

- Шчаслівы. А я вось сяджу.

Я ўзняў каменны крыж, што ляжаў ніцма. Паставіў. Аблічча распятага было страшнае. Паганскае, асірыйскае, перакрыўленае, з жудаснай, як кашмар, грымасай болю. Оіупакі ног вялізныя, нібы ў палескага злодзея, далоні рук, як шчыты.



- А я вось блукаю ўсё жыццё. І ўсё адно, якую б ваду я ні бачыў - няма нічога лепей за гэтую раз'ятраную Стрынь, каналы, зарасці глогу над цёмнай вадой і ў гэтых зарасцях каменныя крыжы, на якіх што ні распяты, то - Твар.

Я сапраўды так думаў. І мяне разумелі гэтыя каменныя твары з пермскімі, вавілонскімі, этрускімі - чорт ведае якімі - а праўдзівей, з першароднымі палескімі рысамі.

- Абодва робім не тое, што хочам, сокал ты мой, -задумліва і ўпершыню на "ты" сказала яна.

- Робім, як здарылася, - сказаў я. - Як распарадзілася жыццё. У кожнага свой шлях.

- Праўда. І вось я сяджу, а ты і хацеў бы сесці, і любіў бы сядзець, а носяць цябе ногі пад воўчым сонцам. Ты ж не мог бы кавалём тут?

- Так, любіў бы. Так, ногі носяць. А кавалём - куды ўжо

мне?

- Цыган, значыцца, ты. А я - так сабе. Вось муж мой памёр, здавалася б, вольная, а сяджу на месцы. Ты хаця мне пра шляхі раскажы.

І я расказваў. Спачатку на гэтых могілках у спакойным ззянні заходу, што заліваў аранжавай пяшчотай Юроўскую царкву, у гэтым адыходзячым спакоі старога. Пасля ў "чыстым" пакоі чайной, дзе глядзелі на нас дзесяткі непаразумелых вачэй. Расказваў, як ніколі.

- Вечарам падыдзі да месца трызны, - хрыпавата сказала яна, адыходзячы. - Можа, і яшчэ нешта ўбачыш. Дый я на цябе

пагляджу.

Дзіўна, калі яна адышла, я, здаровы дурань трыццаці год, чалавек, не здатны да сантыментаў, адчуў дзіўны неспакой, нібы яна, ідучы гэтай ганарлівай паходкай, забрала з сабой задаволенасць, раўнавагу, душэўную цішыню. Нешта некуды клікала, нешта смактала, нешта рабіла дыханне перарывістым, як пасля слёз.

Вада ўсё бурліла. Жыхары маліліся, каб не заліло кветкавых плантацый, бо людзі жылі тым, што прадавалі насенне кветак ледзь не да самай Камчаткі. І страшна было думаць, што гэтыя снежныя шары півоняў, ліловыя стрэлы касачоў і хмары духмянага гарошку апынуцца пад бурай звар'яцелай вадой. Разам з вадою і на душу находзіла незразумелае і страшнае.

Каб не засесці тут, я знайшоў механіка з сельгастэхнікі -ён нядаўна саматугам змайстраваў сабе аўтамабільчык-амфібію

- і папрасіў яго заўтра раніцай даставіць мяне на той бераг цераз два паплавы і пратоку. Адтуль было недалёка да прыпынку аўтобусаў. Я разумеў, што мне не трэба тут быць, што насоўваецца нешта пагрознае, цяжкае і гаротнае. Прадчуваў гэта, як сабака пажар у доме.

...І ўсё ж прыцемкам я пайшоў да могілак. Вогнішча асвятляла шатры, бронзавыя твары людзей, плавілася ў намістах і бутэльках на сталах, цемрай і барвай бегала на вопратках. Вочы коней ля плота гарэлі трывожным агнём.

Яна была тут жа, ля мяжы святла. І - здалося мне або не, што бацька яе, адвярнуўшыся ад падпітай трызны, доўга глядзеў нам услед.

Былі каналы, і човен, і вёслы ў маіх руках, і яна на карме, задуменная, ледзь асветленая апошнім, няпэўным промнем захаду. А калі стрынская Венецыя і сама Стрынь засталіся ззаду, была пойма з таямнічымі ў тумане вялізнымі дубамі.

- Запалі вогнішча, - гартанна сказала яна.

Тое вогнішча, два малыя вогнішчы ў бліскучых яе вачах. І індзейская суровасць аблічча, і гэты тонкі нос, і строгія вусны -я ведаў, на што я іду. Ведаў, але не разумеў, як апошняе ўбоіска.

- Вось бачыш, - сказала яна, - ты разумееш і маўчыш. Ты сапраўдны цыган. У цябе і ў вачах гэта... Чаго не знішчыш.

Я паклаў галаву ёй на калені, як быццам вечнасць ведаў, як быццам так і трэба было. Дурны я быў побач з ёю, зусім нікудышны. Мне было тысячу год, ёй - тры тысячы.

- А мы аселі ўжо на гэтай зямлі. Часам толькі па сэрцы рэжа. І вецер. Некаторыя толькі восень і зіму на цукры, а там зноў - зноў на колы. Але мы аселі. Зайздрошчу табе. Але ты з сабой не бяры. Скончаны наш шлях. І як жа шырока табе.

Я ўзяў яе за цяжкія валасы і нахіліў да сябе.

- А можа, і я... Ну, быў муж. Усё адно што не было. А род наш павінен цягнуцца.

Цямнела ў мяне ў вачах, але яна паклала далонь між маіх і сваіх вуснаў.

- Ты мне абяцай, што я табе душу аддам, а ты панясеш паўсюль.

- Так, - аднымі вуснамі сказаў я.

- Ты здалёк. І каб не гаварылі, не калолі вочы, ястраб ты мой. Не хачу, каб ведалі хто. Цыганоў нарадзіў вецер. Ты, як вецер паўсюль. Вось. Але я не таму, што адна, без цяжару на руках.