Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 158



Дзяўчынка бязладна церабіла нейкі вялікі вузел у валасах у Агнесы, як раптам здарылася бяда. Валасы адарваліся, усе разам, і павіслі скамечаным комам на зубах грабеньчыка. Над высокім гладкім ілбом Агнесы не аказалася нічога — ні голага чэрапа, ні нават цемені. Проста жудасны чорны правал. Мэгі здрыганулася ад жаху, але нахілілася да лялькі і зазірнула ў адтуліну. Там ледзь угадваліся перавернутыя абрысы шчок і падбародка; праз крышачку раскрытыя губы ўсярэдзіну ледзь пранікала святло, і на яго фоне чорным сілуэтам праступалі зубы — як у звярынай пашчы, а над усім гэтым на драцяным прутку, які бязлітасна працінаў галаву, віселі вочы Агнесы — два страшныя цвёрдыя шарыкі.

Мэгі пранізліва закрычала, неяк зусім не па-дзіцячы, шпурнула ляльку на зямлю, закрыла твар рукамі і гучна заплакала, калоцячыся ўсім целам. Неўзабаве адчула, што Фрэнк бярэ яе далоні, падымае на рукі і пяшчотна туліць яе тварык да сваёй шыі. Мэгі моцна абняла брата, шукаючы ў яго суцяшэння; яго блізкасць крыху супакоіла дзяўчынку, і яна нават падумала, як хораша пахне ад Фрэнка — коньмі, потам, жалезам.

Калі Мэгі зусім супакоілася, Фрэнку ўдалося выпытаць у яе, што здарылася; ён падняў ляльку і здзіўлена паглядзеў у пусты яе чэрап, намагаючыся ўспомніць, ці мучылі і яго ў маленстве таемныя страхі. Але ў яго памяці загойсалі толькі вобразы людзей, ажылі перашэпты, суровыя позіркі. Прыгадаўся твар маці, змораны і бянтэжлівы, дрыжанне пальцаў, калі яна трымала яго за руку, яе паніклыя плечы. Што ж такое ўбачыла Мэгі, што гэтак перапужалася?

Яна наўрад ці расхвалявалася б так, калі б, сарваўшы валасы з галавы Агнесы, убачыла кроў, падумаў ён. Кроў — справа будзённая: у сям’і Кліры, прынамсі, кожны тыдзень што-небудзь здараецца і ў каго-небудзь шчодра льецца кроў.

— Яе вочы, вочы! — зашаптала Мэгі, упарта не адводзячы позірку ад лялькі.

— У цябе ж, Мэгі, не лялька, а цуд, — прамармытаў Фрэнк, зарываючыся тварам у валасы сястрычкі. Якія яны ў яе прыгожыя, густыя, яркія!

Паўгадзіны ён ласкава ўпрошваў дзяўчынку, пакуль яна згадзілася павярнуцца тварам да Агнесы, і яшчэ з паўгадзіны патраціў на тое, каб угаварыць яе зноў зазірнуць у бясцеменны чэрап лялькі.

Фрэнк паказаў ёй, як зроблены вочы, як дакладна нанізаны на дроцік, каб не крывіліся, не касілі і лёгка адплюшчваліся і заплюшчваліся.

— А зараз пойдзем дамоў, — сказаў ён, вышэй ускінуў на руках Мэгі і ўціснуў ляльку паміж сабой і дзяўчынкай. — Папросім маму прывесці яе ў парадак, добра? Адзежку памыем, адпрасуем, зноў прыклеім валасы. А з жамчужынак гэтых я зраблю табе шпількі, самыя сапраўдныя, каб не выпадалі, і тады ладзь ужо ёй якія хочаш прычоскі.

Фіёна Кліры абірала на кухні бульбу. Гэта была вельмі прывабная жанчына, надзіва прыгожая, але суровага і строгага выгляду; росту ніжэй сярэдняга, стройная, з тонкім станам, які ані не расплыўся ў таліі, хоць жанчына вынасіла і нарадзіла на свет шасцярых дзяцей. На ёй была доўгая шэрая міткалёвая сукенка, якая ледзь краналася падолам бездакорна чыстай падлогі; спераду сукенку прыкрываў шырокі белы накрухмалены фартух на шлейках, завязаны на спіне ў поясе акуратным каляным бантам.

Жыццё Фіёны з тае хвіліны, як яна падымецца з ложка і аж пакуль зноў не ляжа спаць, праходзіла на кухні і ў гародчыку-садзе за домам, і яе простыя чорныя чаравікі тупалі па адным і тым жа коле — ад пліты да ночваў, ад ночваў да вяроўкі з бялізнай, адтуль да градак з агароднінай і зноў да пліты.

Яна паклала нож на стол, пільна паглядзела на Фрэнка з Мэгі, і куткі яе прыгожых вуснаў апусціліся.

— Я дазволіла табе апрануць яшчэ з раніцы тваю самую лепшую, святочную сукенку пры адной умове, Мэгі, — каб ты яе не пэцкала. А зірні на сябе! Якая ты мурза!



— Яна, мам, не вінаватая, — заступіўся за сястрычку Фрэнк. — Джэк з Х’югі сілай забралі ў яе ляльку — захацелася ім паглядзець, як круцяцца рукі і ногі. Мы з табой паправім яе, праўда?

— Дайце гляну, — Фія працягнула руку да лялькі.

Фіёна Кліры была жанчына маўклівая, ад яе рэдка калі можна было пачуць лішняе слова. Аб чым яна думала, не ведаў ніхто, нават муж; трымаць дзяцей у струне яна пакідала яму, і ўсё, што ён загадваў, рабіла моўчкі і пакорліва, хіба толькі здарыцца нешта зусім незвычайнае. Мэгі чула, як хлапчукі шапталіся між сабой, што маці баіцца таты не менш за іх, але калі гэта нават і праўда, яна хавала сваю боязь пад маскай непранікальнага, крыху панурага спакою. Яна ніколі не смяялася, ніколі не давала волі гневу.

Агледзеўшы ляльку, Фія паклала яе на кухонную шафу каля пліты і скіравала позірк на Мэгі:

— Яе сукенку я памыю заўтра раніцой і новую прычоску зраблю. А сёння, думаю, пасля вячэры Фрэнк прыклеіць ёй валасы і пачысціць яе.

У гэтых словах было больш дзелавітасці, чым суцяшэння. Мэгі паківала галавой, невыразна ўсміхнулася; часам ёй страшэнна хацелася пачуць, як маці смяецца, але такога ніколі не здаралася. Мэгі адчувала, што яе з маці звязвае нешта агульнае, не ўласцівае тату і братам, але да мамы нельга было даступіцца — вечна яна на нагах, толькі і бачыш яе спіну. Кіўне рассеяна галавой, калыхне сваёй шырокай, доўгай спадніцай, спрытна павернецца ад пліты да стала і працуе, працуе, працуе...

I ніхто з дзяцей, апрача Фрэнка, не здагадваўся, што яе адольвала нязбытная, неадчэпная стома. Так шмат трэба было зрабіць, так мала на гэта грошай, і не хапае часу, і толькі адна пара рук. Яна з надзеяй чакала тых дзён, калі Мэгі падрасце і будзе ёй памочніцай; дзяўчынка і цяпер робіць што-небудзь зусім лёгкае, але малой толькі чатыры гадочкі, і ёй не пад сілу аблегчыць цяжар, што ляжыць на плячах у маці. Шасцёра дзяцей, і толькі адно з іх, і да таго ж самае малодшае, дзяўчынка. Усе прыяцелькі Фіі разам і спачувалі і зайздросцілі ёй, але ад таго лягчэй не рабілася. У рабочым кошыку цэлая гара нецыраваных шкарпэтак, і яшчэ адна шкарпэтка на прутках, а тут ужо Х’югі вырастае са сваіх світэраў, але Джэку яшчэ рана аддаваць яму свой.

У той тыдзень, на які прыпадаў дзень нараджэння Мэгі, Пэдрайк Кліры зусім выпадкова не быў у ад’ездзе. Пара стрыжкі авечак яшчэ не настала, і ён наймаўся да суседзяў — араў зямлю, сеяў. Па прафесіі ён быў стрыгаль; стрыгчы авечак — занятак сезонны, з сярэдзіны лета да канца зімы, а там надыходзіў час ягнення. Звычайна яму шанцавала, і ён знаходзіў досыць работы, каб неяк пратрымацца з сям’ёй вясну і першы месяц лета: дапамагаў пры акоце, араў або падмяняў гаспадара якой-небудзь суседняй малочнай фермы, які ледзь паспяваў двойчы на дзень падаіць кароў. Ён ішоў туды, дзе была работа, і сям’і ў вялікім старым доме даводзілася самой клапаціцца пра сябе; не так ужо і жорстка з яго боку, як магло здацца. Калі табе не пашчасціла мець свой кавалак зямлі, ты вымушаны гэтак рабіць.

Калі ён хутка пасля заходу сонца прыйшоў дамоў, лямпы ўжо гарэлі і на высокай столі скакалі трапяткія цені. На заднім ганку, збіўшыся ў гурт, хлопчыкі забаўляліся з жабай — усе, акрамя Фрэнка; Пэдрайк ведаў, дзе ён, — ад кладу дроў чулася размеранае гаканне сякеры. На верандзе Пэдрайк затрымаўся нядоўга — паспеў толькі даць выспятка Джэку і тузануць за вуха Боба.

— Ідзіце памажыце Фрэнку з дрывамі, лайдакі вы гэтакія. Ды каб паспелі, пакуль мама не паставіла на стол вячэру, a то пух і пер’е з вас паляціць.

Кіўком галавы ён прывітаў Фіёну, якая завіхалася каля пліты; не пацалаваў яе, не абняў — лічыў, што ўсялякім праявам пяшчоты паміж жонкай і мужам месца толькі ў спальні. Калі з дапамогай станочка ён сцягваў з ног аблепленыя падсохлай гразёй чаравікі, Мэгі подскакам падбегла да яго з пантофлямі, і ён шырока ўсміхнуўся дачцэ з нейкім няўцямным здзіўленнем і няясным пачуццём радасці, як заўсёды, калі позірк яго спыняўся на дзяўчынцы. Яна была такая прыгожанькая, такія былі ў яе цудоўныя валасы — ён падчапіў пальцамі адну кудзерку, выцягнуў у роўную пасмачку і адпусціў — хацелася паглядзець, як яна зноў скруціцца і адскочыць на месца. Падхапіўшы дзяўчынку на рукі, ён падышоў да запаленай пліты, каля якой стаяла адзінае на кухні зручнае крэсла — драўлянае, разьбяное, з прывязанай да сядзення падушачкай. Ён ціхенька ўздыхнуў, сеў, дастаў сваю люльку і вытрас проста на падлогу попел з галоўкі. Мэгі ўтульна прымасцілася ў яго на каленях, абвіла рукамі бацькаву шыю, прыткнулася да яго свежанькім, халаднаватым тварыкам: гэта была яе звычайная вячэрняя забава — глядзець, як скрозь залацістае шчацінне барады прасвечвае агонь.