Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 80 из 82

Позняя ноч, поўная рэўнасці, калі я вырашыў пісаць гэтыя запіскі... Дзень спакушэння, калі я ўпершыню загаварыў з табою... Раніца, калі я надумаўся, што стану распуснікам... З усмешкаю досвітак, калі была закончана маска... Хмурны вечар, калі я ўзяўся рабіць маску... I доўгі перыяд бінту і п’явак, якія прывялі мяне да гэтага... Што, яшчэ мала?.. Я і так далёка зайшоў, але, калі зраблю перасадку не там, дзе трэба, мне давядзецца шукаць станцыю адпраўкі зусім у другім баку. Няўжо і праўда ўва мне, незалежна ад ёмішча, заўсёды была гнілая вада, як ты сцвярджаеш?..

Увогуле дык мне няма чаго пакорліва прымаць тваё абвінавачанне. I найперш цяжка згадзіцца з думкаю, што насенне смерці сее той, хто, накшталт мяне, не жадае ведаць нікога, апрача сябе. Сам выраз «не жадае ведаць нікога, апрача сябе» надзвычай меткі і цікавы, але разглядаць яго ў шырэйшым сэнсе, чым вынік, — пры любых умовах значыць прыпісваць яму болей, чым ён заслугоўвае. He жадаць ведаць нікога, апрача сябе, — заўсёды вынік, але ніяк не прычына. Справа ў тым (я пісаў пра гэта і ў запісках), што сучаснаму грамадству патрэбны пераважна абстрактныя чалавечыя адносіны, і таму нават людзі, якія, накшталт мяне, страцілі твар, могуць свабодна атрымліваць жалаванне. У натуральных умовах мы знаходзім канкрэтныя чалавечыя адносіны. Людзі побач успрымаюцца як адкіды; самае большае, на што яны здольныя, — ледзь жыць толькі ў кнігах і на адзінокіх астраўках, якія называюцца сям’ёй. Колькі б тэлевізійныя спектаклі на сямейныя тэмы ні спявалі прытворных дыфірамбаў сям’і, свет па-за сям’ёю, у якім адны толькі ворагі і распуснікі, іменна гэты свет вызначае цану пэўнага чалавека, прызначае яму жалаванне, гарантуе яго жыццёвыя правы. Кожнага чужога суправаджае пах яду і смерці, і людзі ўрэшце пачынаюць пакутаваць ад чужафобіі. Адзінота, ведама, таксама страшна, але яшчэ страшней, калі табе здрадзіць чужая маска. Мы не хочам выконваць ролю выкінутых з сучаснасці дурняў, якія лісліва чапляюцца за чужыя хімеры. Бясконцы, манатонны паўтор дзён здаецца полем бою, якое ператварылася ў штодзённасць. Людзі цалкам аддаюцца таму, каб апусціць на твар жалезную штору, замкнуць яе на замок і не даць чужому пранікнуць усярэдзіну. А калі ўсё ідзе добра, яны мараць пра немагчымае (якраз гэтак, як мая маска) — пра тое, каб уцячы ад свайго твару, хочуць нават стаць празрыстымі. Няма такога чужога чалавека, пра якога можна было б сказаць, што яго спазнаеш, калі захочаш. У гэтым сэнсе ты, перакананая, што словамі «не жадаю ведаць нікога, апрача сябе» можна прыбіць другога чалавека, — ці не пакутуеш і ты сама ад гэтае цяжкае хваробы — нежадання ведаць нікога, апрача сябе?

Цяпер ужо, безумоўна, няма чаго ўдавацца ў падобныя дробязі. Грунтоўныя не разважанні, не апраўданні, а факты. Дзве такія заўвагі пацэлілі мне ў самае сэрца, смяротна мяне паранілі. Першае — гэта, безумоўна, жаночае прызнанне, што, выкрыўшы маску, ты прадаўжала рабіць выгляд, быццам мне ўдалося ашукаць цябе. I другое — бязлітасная крытыка за тое, што, нагрувашчваючы адно на адно апраўданні, — у мяне, бач, алібі, у мяне ананімнасць, у мяне мэта ў чыстым выглядзе, я проста ламлю забароны, — на самай справе я не падмацаваў гэтых слоў ні адным сапраўдным дзеяннем і толькі асіліў вось гэтыя запіскі, што нагадваюць гадзюку, якая ўхапілася за свой хвост.

Мая маска, на якую я ўскладаў надзеі, як на стальны шчыт, разляцелася на кавалкі лягчэй, чым шкло, — тут ужо нічога не запярэчыш. Напраўду, я адчуваў, што маска была не так маскаю, як нечым блізкім новаму, сапраўднаму твару. I калі абараняць маю тэорыю, што сапраўдны твар — недасканалая копія маскі, значыць, я, патраціўшы велізарную працу, стварыў фальшывую маску.

Можа быць... Нечакана я ўспомніў пра маску дзікуноў, якую нядаўна бачыў у газеце. Можа, яна і ёсць сапраўдная маска? Можа, справядліва назваць яе маскаю іменна таму, што яна не мае нічога агульнага з сапраўдным тварам? Вялізныя лупатыя вочы, вялізны ікласты рот, нос, утыканы блішчастымі шкельцамі, і па абодва бакі яго асновы — завіткі па ўсім твары, нібыта віры, вакол якіх, быццам стрэлы, тырчаць доўгія птушыныя пёры. Чым болей глядзеў я на яе, тым страшнейшаю, нерэальнаю яна здавалася. Але па меры таго, як я прыглядаўся, быццам збіраючыся надзець яе на сябе, я пачаў паступова чытаць ідэю гэтае маскі. Відаць, яна выяўляла выраз раз’юшанай малітвы — імкненне перасягнуць усё чалавечае і ўвайсці ў зборышча багоў. Якая жахлівая сіла фантазіі! Ашаламляльная кандэнсацыя волі, закліканая процістаяць забаронам прыроды. Можа, і мне варта было спыніцца на гэтай масцы, калі б я мог яе зрабіць. Тады я павінен быў бы з самага пачатку расстацца з пачуццём, быццам хаваюся ад другіх... Нічога падобнага. Я гаварыў з такою гарачнасцю, што ты мела ўсе падставы здзекавацца з дзіўных скальпеляў і нажніц невядомага прызначэння. Калі добра быць страшыдлам, дык, напэўна, няма асаблівае патрэбы мець маску, адных п’явак даволі. I багі сталі другія, і людзі сталі другія. Людзі пачалі з перыяду, калі змянялі твар, прайшлі цераз перыяд, калі твар захіналі, як гэта рабілі арабскія жанчыны, жанчыны з «Аповесці пра Гэндзі», прыйшлі да цяперашняга перыяду адкрытага твару. Я не збіраюся сцвярджаць, што гэта прагрэс. Гэта можна лічыць перамогаю людзей над багамі і адначасна разглядаць як пакорнасць ім. Таму вось мы і не ведаем, што будзе заўтра. Не выключана, што заўтра нечакана наступіць век адмаўлення ад сапраўднага твару. Але сёння, найхутчэй, не век багоў, а век людзей. I ў тым, што мая маска імітавала сапраўдны твар, былі свае прычыны.





Ну, хопіць. Даволі ўжо прычын. Калі пашукаць, апраўданняў можна знайсці колькі хочаш. Ды колькі б я іх ні выстройваў у рад, усё роўна мне не абвергнуць тых двух фактаў, на якія ты спаслалася. Тым болей што супраць твае другое заўвагі, што маска ўрэшце нічога не магла зрабіць і толькі апраўдвалася, пярэчыць няма чаго, наадварот, я сам усё болей і болей даказваю гэта. Хопіць ганьбіць сябе. Калі б я толькі выставіў сябе на пасмешышча, пацярпеў крах, хай сабе, але ўсе мае пакуты аказаліся дарэмнымі — вось гэта болей чым сумна і так брыдка, што я не маю сілы нават апраўдацца. Усё настолькі відавочнае, што можна прыйсці ў роспач. Бездакорнае алібі, бязмежная свабода, і ўсё роўна ніякага выніку. Дый пакінуўшы гэтую падрабязную пісьмовую справаздачу, я сваімі рукамі знішчыў сваё алібі, і цяпер нічога ўжо не зробіш. Ці не падобны я на агіднага імпатэнта, здольнага толькі на прыгожыя словы пра полавую цягу...

Ага, адно, пра што варта яшчэ напісаць, — гэта пра кіно. Па-мойму, гэта адбылося прыкладна на пачатку лютага. У запісках я зусім не закранаў гэтага фільма, не таму, што ён не меў да мяне ніякіх адносін, наадварот, ён вельмі тычыўся мяне... Я міжволі пазбягаў гаварыць пра яго таму, што адчуваў — гэта зводзіць на нішто ўсю маю цяжкую працу па стварэнні маскі. Але цяпер я ўжо дайшоў да мяжы, і забабоны не патрэбныя. Ці, можа, ад таго, што становішча змянілася, я цяпер успрымаю яго па-другому. Папраўдзе, тое, што я ўбачыў, не было простаю жорсткасцю. Фільм быў трохі незвычайны і не меў асаблівага поспеху, але назву яго ты, напэўна, помніш: «Адзін бок кахання».

Застылы пейзаж. На фоне яго, спатыкаючыся, ідзе тоненькая дзяўчына ў просценькай, але акуратнай сукенцы, яе профіль празрысты, як у здані. Яна ідзе па экране справа налева, таму відна толькі левая палавіна яе твару. На заднім плане жалезабетонны будынак, і дзяўчына амаль дакранаецца да будынка нябачным гледачу правым плячом. Яна як быццам саромеецца людзей, і гэта вельмі пасуе да яе журботнага профілю. Яе няшчасны выгляд выклікае боль і шкадаванне.

На тым баку вуліцы тры хлопцы, хуліганістыя на выгляд, успёршыся локцямі на рэйку, што адгароджвае тратуар ад маставой, чакаюць ахвяру. Адзін, заўважыўшы дзяўчыну, свіснуў. Але дзяўчына ніяк на гэта не рэагуе, быццам не мае органаў, якія ўспрымаюць вонкавыя раздражненні, Другі з кампаніі, падахвочаны свістам таварыша, падняўшыся, стаў набліжацца да яе. Звыклым рухам ён схапіў ззаду дзяўчыну за левую руку, спрабуючы прыцягнуць яе дэ сябе, і груба вылаяўся. Дзяўчына, быццам гатовая да гэтага, прыпынілася і паволі павярнулася да хлопца. I адкрыўся правы бок яе твару, бязлітасна скрамсаны келоіднымі рубцамі і зусім скалечаны. (Падрабязнага тлумачэння не было, але ў наступным дыялогу часта паўтараецца слова «Хірасіма», і, відаць, дзяўчына — ахвяра апрамянення.) Хлопец аслупянеў, не мог вымавіць ні слова, а дзяўчына, адвярнуўшыся, адыходзіць, быццам нічога не здарылася. Твар у яе зноў як у прывабнае здані...