Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 79 из 82

Нечакана я пачаў лаяцца. Лаючыся, сутаргава абмотваў бінтам твар, потым, ледзь прычыніўшы дзверы, выскачыў на двор. Чаго я маруджу! Калі так, трэба нарэшце адважыцца! A то, можа, ужо позна! Позна? Што позна? Я і сам добра не ведаў, чаму выкарыстаўся гэтым словам, але прадчуванні былі змрочныя, напоўненыя распаленай атмасферай няшчасця, быццам заганялі мяне страшыдлу глыбока ў горла.

...I прадчуванні гэтыя спраўдзіліся. Было каля дванаццаці, калі я падышоў да дома, дзе наймаў кватэру. Святло ў пакоі не гарэла, не было ніякіх прыкмет, што ў ім нехта ёсць. Бязлітасна лаючы сябе за самаўпэўненасць, з якою я чакаў да такога позняга часу, я падняўся па чорнай лесвіцы і, адчуваючы ў роце гаркоту, адчыніў дзверы. Сэрца моцна стукала, быццам білася аб тонкую парафінавую паперу. Пераканаўшыся, што з пакоя не даносіцца ні гуку, я запаліў святло. Цябе не было. Твайго трупа таксама. У пакоі нічога не змянілася з таго часу, як я яго пакінуў. На стале акуратна ляжалі тры сшыткі і нават запіска на шматку паперы, у якой я пісаў, каб ты пачынала чытаць з першае старонкі першага сшытка, асталася ляжаць, прыціснутая пляшачкаю чарніла. Можа, ты ўвогуле не паяўлялася ў гэтым пакоі? Я ўсё болей не разумеў... Хоць мне было б лягчэй, калі б ты знікла, не прачытаўшы, чым схавалася, прачытаўшы. Няшчасце ўсё роўна здарылася. Зазірнуў у шафу. Не было ніякіх прыкмет, што ты чапала маску і гузік.

Хоць, пачакай... Пах... Пах, які трошкі аддае плесняю, перамяшанаю з пылам, — безумоўна, твой. Значыць, ты тут усё-такі паяўлялася. Але тое, што ўсё, нават запіска, асталося на сваіх месцах, можна ўспрыняць як знак, што ты ігнаравала сшыткі... Але чаго ж ты тады прыйшла?

Выпадкова зірнуўшы на запіску, я здрыгануўся. Папера была тая самая, на якой пісаў я, але почырк другі зусім. Гэта было пісьмо да мяне, якое ты напісала з другога боку на запісцы. Відаць, збегла, прачытаўшы сшыткі. Такім чынам, адбылося самае горшае з таго, што я меркаваў.

Не, не трэба так лёгка ўжываць словы «самае горшае». Змест пісьма перасягнуў усе мае прадбачанні, ашаламіў мяне. Страх, разгубленасць, боль, пакута — усё гэта не ішло ні ў якае параўнанне з тым, што я зведаў. Як у загадкавай карцінцы, дзе адзін штрых ператварае блыху ў слана, усе мае спробы ператварыліся ў процілеглае таму, на што я разлічваў. Рашучасць маскі... Ідэі маскі... Барацьба з сапраўдным тварам... Усе мае надзеі, якія спрабаваў я здзейсніць з дапамогаю гэтых запісак, павярнуліся недарэчным фарсам. Страх. Хто б мог уявіць, што чалавек здольны так насмяяцца з сябе, так апляваць самога сябе?..

ЖОНЧЫНА ПІСЬМО

Тое, што ляжыць мёртвае ў шафе, — не маска, а ты сам. Пра твой маскарад ведала не толькі дзяўчынка, што гуляла з ё-ё. З самае першае хвіліны... З тае самае хвіліны, калі ты самазадаволена гаварыў пра буры магнітнага поля, я зразумела ўсё. Ты папытаешся, як я ўсё зразумела, — не пытайся, калі ласка, болей ні пра што. Я, ведама, разгубілася, была збянтэжаная і спалоханая. Што ні кажы, гэта былі дзёрзкія дзеянні, якіх нават нельга было чакаць ад цябе, чалавека самага звычайнага. I таму, калі я ўбачыла, як ты самаўпэўнена трымаешся, мне здалося, што ў мяне галюцынацыя. Ты добра ведаў, што я цябе бачу наскрозь. I, ведаючы, ты ўсё роўна настойваў на тым, каб мы моўчкі прадаўжалі гэты спектакль. Спачатку ўсё гэта здалося мне жахам, але потым я ўзяла сябе ў рукі і падумала, што ты робіш гэта дзеля мяне. Ты трохі саромеўся, быў ласкавы са мною, мяккі, здавалася, ты запрашаеш мяне на танец. I калі я ўбачыла, як ты з усяе сілы імкнешся быць сур’ёзным і робіш выгляд, быццам я цябе ашукала, сэрца маё напаўнялася ўдзячнасцю і мне захацелася паслухмяна пайсці за табою.

Але ж ты ўвесь час памыляўся. Ты пішаш, нібыта я адштурхнула цябе, — гэта хлусня. Хіба не сам ты сябе адштурхнуў? Стан, калі хочаш адштурхнуць сябе, здаецца, я разумею. I, паколькі з табою такое здарылася, я амаль прымірылася з думкаю раздзяліць твае пакуты. Вось чаму я абрадавалася тваёй масцы. Нават пра тое, што здарылася, я думала са шчаслівым пачуццём. Каханне зрывае маскі, і таму трэба старацца надзець маску дзеля любімага чалавека. Калі ж не будзе маскі, не будзе і шчасця зрываць яе. Ты мяне разумееш?





Не можаш не зразумець. Да самай апошняй хвіліны ў цябе былі сумненні: ці не сапраўдны твар тое, што лічыў ты маскаю, ці не маска тое, што ты лічыў сапраўдным тварам? Хіба не гэтак? Ведама, гэтак. Любы, каго спакушаюць, паддаецца спакусе, добра гэта разумеючы.

Такім чынам, маска ўжо не вернецца. Спачатку з дапамогаю маскі ты хацеў вярнуць сябе, але з нейкага моманту ты стаў глядзець на яе толькі як на шапку-невідзімку, каб уцячы ад сябе. I таму яна стала не маскаю, а другім тваім сапраўдным тварам. Праўда? Нарэшце ты паўстаў у сваім сапраўдным абліччы. Гэта была не маска, гэта быў ты сам. Толькі калі не хаваеш ад другога, што маска ёсць маска, маецца сэнс надзець яе. Вазьмі касметыку жанчын, якую ты так не любіш, — ніхто не спрабуе схаваць, што гэта касметыка. Увогуле, кепская была не маска, проста ты кепска ведаў, як з ёю абыходзіцца. Доказ? Хоць ты і надзеў маску, усё роўна нічога не змог зрабіць. Не змог зрабіць ні добрага, ні благога. Толькі швэндаўся па вуліцах, а потым напісаў гэтыя прызнанні, бясконцыя, як гадзюка, якая ўхапіла сябе за хвост. Быў бы апечаны твой твар ці не, надзеў бы ты маску ці не — на табе гэта ніяк бы не адбілася. Ты не можаш паклікаць маску назад. I, паколькі не вернецца маска, ці варта вяртацца і мне?..

Але ўсё роўна прызнанні страшныя. Мне здавалася, быццам мяне, зусім здаровую, гвалтам паклалі на аперацыйны стол і рэжуць і крамсаюць сотнямі дзіўных скальпеляў і нажніц невядомага прызначэння. З гэтага пункта погляду прачытай яшчэ раз тое, што ты напісаў. I ты абавязкова пачуеш мае стогны. Калі б у мяне быў час, я б растлумачыла табе значэнне кожнага майго стогну. Але я баюся, што забаўлюся і ты паспееш прыйсці. Ты малюск. Хоць ты і кажаш, што твар — сцяжынка, якая звязвае людзей, але сам ты малюск, ты быццам таможны чыноўнік, толькі і стараешся зачыніць дзверы. Ты, такі высакародны, не можаш супакоіцца, падымаеш вэрхал, быццам я, якую ты з усяе сілы трымаў за сцяною, пералезла цераз гэтую сцяну, не меншую за турэмную агароджу, і ўкрала тваю жонку. I ты, не вымавіўшы ні слова, паспешліва забіў створкі ў масцы, як толькі на вочы трапіўся мой твар. I праўда, як ты кажаш, свет напоўнены смерцю. Але хіба сеяць смерць не занятак падобных на цябе людзей, якія не жадаюць ведаць нікога, апрача сябе?

Табе трэба не я — табе трэба люстэрка. Любы чужы чалавек табе не болей чым люстэрка з тваім адбіткам. Я не хачу вяртацца ў гэтую пустыню люстэркаў. Маё сэрца гатовае лопнуць ад твайго здзеку — ніколі, ніколі ў жыцці не прыміруся з ім.

(Далей ідуць яшчэ два радкі, закрэсленыя так густа, што прачытаць нічога немагчыма.)

...Такі нечаканы ўдар. Адразу распазнаўшы ў маёй масцы маску, ты прадаўжала прыкідвацца, што ашуканая. Тысячаногія чэрві сораму папаўзлі па мне, выбіраючы мясціны, дзе лёгка паяўляецца курыная скура — пад пахі, спіну, бакі. Нервы, якія адчуваюць сорам, напэўна знаходзяцца каля самае паверхні скуры. Я ўкрыўся высыпкаю ганьбы, распух, быццам тапелец. Карыстацца заезджаным выразам, што я не хачу быць клоунам, які не бачыць сябе клоунам, няма сэнсу, бо самі гэтыя словы сталі клоунавымі словамі. Ты ж усё бачыла наскрозь. Ці не падобна гэта на тэатр, у якім выступаў толькі адзін акцёр, які лічыў сябе нябачным і верыў у хлуслівыя заклінанні, нават не ўяўляючы, што ўвесь ён на віду? Скуру ўзорвалі мурашкі сораму. А ў барознах узаранае скуры вырасталі іголкі марскога вожыка. Яшчэ трохі, і я ператваруся ў калючую жывёліну...

Я стаяў, пагойдваючыся, зусім разгублены. А калі ўбачыў, што цень таксама пагойдваецца, зразумеў, што гэта не мая фантазія — я папраўдзе пагойдваюся. Ага, я дапусціў недаравальную памылку. Недзе сеў, відаць, не ў той аўтобус. Куды ж я павінен вярнуцца, каб перасесці ў той, што мне трэба? Усё яшчэ пагойдваючыся, спрабаваў асвяжыць памяць, звяраючыся з зацёртаю, замурзанаю картаю.