Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 78 из 82

Аднак, па меры таго, як бетонная сцяна, што засланіла неба, паступова траціла колер і расплывалася ў змроку, мяне ўсё мацней ахоплівала неадольная злосць за намаганні не звяртаць увагі на тое, што бязлітасна рухаецца час. Да якой жа мясціны ты дачытала? Не цяжка прыкінуць, калі ведаць, колькі ў сярэднім старонак можна прачытаць за гадзіну. Дапусцім, за мінуту адна старонка, значыць, шэсцьдзесят старонак... З таго часу прайшло чатыры гадзіны і дваццаць мінут, такім чынам, ты вось-вось павінна кончыць. Але ты, безумоўна, адхілялася, не магла не перачытаць некаторых мясцін. Былі моманты, калі, сціснуўшы зубы, як у час гайданкі на моры, табе даводзілася перасільваць сябе. Але ўсё роўна, колькі б ты ні перапыняла чытанне, табе трэба будзе яшчэ не болей за гадзіну... Тут я без усякае прычыны падхапіўся і адразу ж падумаў, што, увогуле, ніякай патрэбы ўставаць у мяне не было, але цяпер ужо прапала жаданне легчы зноў. Я ўстаў, запаліў святло і паставіў чайнік на газ.

Па дарозе з кухні я нечакана пачуў твой пах. Відаць, гэта быў пах касметыкі, які ішоў ад туалетнага століка, што стаяў у спальні каля самых дзвярэй.

Падступіла млосць, як гэта бывае, калі глыбока ў горле змазваюць ёдам. Відаць, імгненная рэакцыя п’явак, што павыпаўзалі наверх. Але я, хто выступаў ужо аднойчы ў спектаклі масак, ці меў я цяпер права гідліва моршчыцца ад касметыкі, якую ўжываюць другія? Трэба быць болей цярплівым. Раз і назаўсёды я павінен узняцца над дзіцячай настроенасцю супраць касметыкі і накладных валасоў. Тады, кіруючыся метадам, якім лечаць ад агіды да змеяў, я вырашыў сканцэнтраваць усю сваю ўвагу на псіхалогіі касметыкі. Касметыка... Выраб твару... Яна, натуральна, з’яўляецца адмаўленнем сапраўднага твару. Смелае намаганне, — змяніўшы выраз твару, пастарацца хоць на крок наблізіцца да чужога чалавека. Але калі касметыка прыносіць чаканы эфект... Ці могуць тады жанчыны не адчуваць рэўнасці да касметыкі? Нешта не заўважалася... I вось што дзіўна... Чаму нават самая раўнівая жанчына ані не рэагуе на чужога чалавека, які захапіў яе твар? Ад беднасці фантазіі ці духу самаахвяравання?.. А можа, ад лішку і самаахвяравання і фантазіі, які не дае магчымасці вызначыць розніцу паміж сабою і чужым чалавекам?.. Усё гэта біла міма цэлі і зусім не вылечвала ад агіды да касметыкі. (Цяпер, ведама, усё іначай. Цяпер бы я прадоўжыў, думаю, так. Жанчыны здольныя на рэўнасць да свае касметыкі, мусіць, таму, што інтуітыўна пераконваюцца ў змяншэнні каштоўнасці сапраўднага твару. Яны, забыўшыся пра ўласнасць, інстынктыўна адчуваюць, што каштоўнасць сапраўднага твару — не болей чым рэлікт таго часу, калі спадчынная ўласнасць была гарантыяй становішча ў грамадстве. Можа, гэта даказвае, што яны болей рэалістычныя і разумнейшыя за мужчын, якія чапляюцца за аўтарытэт сапраўднага твару? Праўда, тыя самыя жанчыны забараняюць касметыку, калі гэта датычыць дзяцей. Можа, недзе ў іх гнездзіцца трывога? Але ўсё роўна адказнасць за гэта ляжыць не столькі на няўпэўненасці жанчын, колькі на кансерватызме пачатковай адукацыі. Калі са школьнае парты ўбіць вучням у галаву, што касметыка карысная, дык, натуральна, і мужчыны будуць успрымаць касметыку без супраціўлення... Ну добра, хопіць. Колькі б магчымых тлумачэнняў я ні даваў, у канчатковым выніку гэта толькі бездапаможнае апраўданне абвінавачанага. Ва ўсякім выпадку, ясна адно — нават маска не можа вылечыць маю агіду да касметыкі.)

Каб трохі адхіліцца ад усяго гэтага, уключыў тэлевізар. Не шанцуе дык не шанцуе — паказвалі замежную хроніку, якраз ішла перадача пра выступленне амерыканскіх неграў. Няшчаснага негра ў разадранай кашулі валаклі белыя паліцэйскія, а дыктар дзелавіта вяшчаў:

— Расавыя хваляванні ў Нью-Йорку, якія выклікалі шмат клопату на парозе доўгага чорнага лета, прывялі да вынікаў, якія і прадбачылі кампетэнтныя асобы. Вуліцы Гарлема навадніла болей за пяцьсот паліцэйскіх у касках, неграў і белых. Прыняты папераджальныя меры, як летам 1943 года. У некаторых цэрквах адначасна з нядзельнаю службаю праводзяцца мітынгі пратэсту. I паліцэйскія, і жыхары Гарлема глядзяць адны на адных з пагардаю і недаверам...

Мною завалодаў агідны стан болю і тугі, быццам у зубах засела вострая рыбіна костка. Безумоўна, паміж мною і неграм няма нічога агульнага, выключаючы тое, што мы ператварыліся ў аб’ект прадузятасці. У негра ёсць таварышы, такія самыя, як і ён, а я зусім адзінокі. Негрыцянская праблема можа стаць сур’ёзнаю сацыяльнаю праблемаю, а тое, што тычыцца мяне, астаецца ў межах індывідуальных і ні на крок не зможа вырвацца з іх. Але ад гэтых сцэн хваляванняў у мяне перахапіла дух, бо я раптам уявіў некалькі тысяч мужчын і жанчын, якія сабраліся разам і якія, як і я, страцілі твар. Цікава, ці падымемся мы супраць забабонаў гэтак рашуча, як негры? Не, гэта немагчыма. Болей верыцца, што мы паб’ёмся між сабою, бо нам абрыдне наша агіднасць, або разбяжымся хто куды, каб не бачыць адзін аднаго. Між іншым, такое можна было б яшчэ вытрываць. Але справа ў тым, што мяне захапіла думка пра гэтыя хваляванні. Без усякае відавочнае патрэбы, выкарыстаўшы першую, што трапіцца, зачэпку, полчышчы нас, страшыдлаў, пойдуць у атаку на твары звычайных людзей. З нянавісці? Ці, можа, ад зусім утылітарнага патаемнага імкнення знішчыць нармальны твар і хоць бы адным чалавекам папоўніць свае шарэнгі? I тое і другое магло, безумоўна, паслужыць важкім стымулам, але над усім мела перавагу гарачае жаданне простым салдатам згубіцца ў віры паўстання. Іменна ў салдата ананімнае жыццё. Хоць ён і не мае твару, гэта не перашкода для выканання абавязку, і, такім чынам, сэнс існавання ў яго забяспечаны. Нечакана выявіцца, што безаблічная вайсковая часць — ідэальная група салдатаў. Ідэальная баявая часць, якая, не пахіснуўшыся, пойдзе на разбурэнне дзеля разбурэння.





У марах усё магло адбыцца іменна гэтак. Але ў сапраўднасці я быў, як і раней, адзінокі. Я, хто не забіў і птушачкі, хоць у кішэні ляжаў духавы пісталет. З агідаю выключыўшы тэлевізар, паглядзеў на гадзіннік — час, які табе выдзеліў, канчаецца.

I тут я зусім страціў спакой. Я прыслухоўваўся да кожнага гуку, кожныя некалькі мінут паглядаў на гадзіннік — прыкрае адчуванне, як пры паводцы, калі няўмольна прыбывае вада. Чакай, ідзе!.. Не, забрахаў суседскі сабака, відаць, нехта чужы. А цяпер? Зноў не тое... У цябе хада не такая цяжкая. Вось спынілася машына, ляпнулі дзверцы, але, на жаль, — у завулку за домам. Мне станавілася ўсё трывожней. Што ж нарэшце зрабілася? Ці не здарылася чаго? Можа, трапіла ў аварыю? Можа, прычапіўся які распуснік?.. Але тады магла б хоць бы пазваніць... Нават ты, распусніца... He трэба, ёсць рэчы, з якімі нельга жартаваць... Тое, што адбылося, укрыта такою далікатнаю, такою тонкаю скуркаю, што да яе нельга дакранацца словамі...

Калі я так трывожуся, дык, можа, лепей пайсці табе насустрач? Няма чаго пароць гарачку! Выйду я цяпер, і мы размінёмся — гэтым усё і кончыцца. Нават калі ты ўжо дачытала, табе магло спатрэбіцца болей часу, чым я меркаваў, на тое, каб пераварыць прачытанае, каб абдумаць, як лепей адказаць мне. Апрача таго, табе трэба было яшчэ пахаваць маску, якую даручыў я твайму клопату. Сшыткі ты пакінеш як рэчавы доказ, але ўсё роўна, каб начыста сцерці ўсе сляды гэтага дурнога сну, ты захочаш на дробныя кавалачкі раскрышыць, разарваць маску і гузік — і гэта вымагала, можа, болей часу, чым я разлічваў. Увогуле, цяпер уся справа ў часе. Не выключана, што ты ўжо ў дарозе дахаты. Яшчэ праз мінуту ты падымешся на ганак, як звычайна, коратка пазвоніш два разы... Яшчэ дзве мінуты... Яшчэ мінута...

Не выйшла. Паспрабую спачатку. Яшчэ пяць мінут... Яшчэ чатыры мінуты... Яшчэ тры мінуты... Яшчэ дзве мінуты... Яшчэ адна мінута... Я бясконца паўтараў і паўтараў гэта, і ўжо дзевяць гадзін, дзесяць гадзін, стрэлкі падыходзяць да адзінаццаці. Мае нервы напружыліся, ператварыліся ў стальныя трубкі, якія звінелі, рэзаніруючы ў такт вулічнаму шуму. Я шэптам задаваў сабе пытанні. Што ж яшчэ магло здарыцца?.. Куды ты магла пайсці, апрача хаты?.. Ды адказу ніякага не атрымліваў... Зусім натуральна... Адказу і не магло быць... Калі ты правільна зразумела мае запіскі...