Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 77 из 82

Урэшце, калі я не хацеў абвастраць становішча, не аставалася нічога больш, як ліквідаваць гэты трохвугольнік шляхам трохбаковага пагаднення, у якім павінна ўдзельнічаць і ты. Вось чаму я і пачаў пісаць гэтыя запіскі... Спачатку маска пагардліва паставілася да майго рашэння, але не магла нічога зрабіць і стала моўчкі насміхацца з мяне... З таго часу прайшло амаль два месяцы. За гэты час мы сустрэліся з табою яшчэ разоў дзесяць, і кожны раз мяне мучыла думка пра набліжэнне разлукі. Гэта не пустыя словы, мяне папраўдзе мучыла такая думка. Не раз траціў я ўпэўненасць і ўжо зусім быў кінуў свае запіскі. Я ўсё спадзяваўся, што адбудзецца цуд, — прачнуўшыся аднойчы раніцаю, я ўбачу, што маска шчытна прыліпла і ператварылася ў мой сапраўдны твар, я нават спрабаваў спаць у масцы. Але цуд не адбываўся. I я прадаўжаў пісаць — іншага выйсця ў мяне не было.

У тыя дні мяне найболей натхнялі назіранні за дзяўчынкаю, якая, схаваўшыся ад чужых вачэй у цяні каля чорнага ходу, ціхенька гуляла са сваім ё-ё. Дзяўчынка з вялізазнаю бядою, якая не разумела, што гэта бяда, — наколькі шчаслівейшая яна за нармальных людзей, якія пакутуюць ад свайго гора. Можа, гэта быў інстынкт — яна не баялася нічога страціць. I я, таксама як дзяўчынка, хацеў стаць здольным перажыць свае страты.

Выпадкова ў сённяшняй газеце я ўбачыў фатаграфію дзіўнае маскі: здаецца, маска нейкага дзікага племя. Сляды на ўсім твары, быццам уціснутыя вяроўкаю, утваралі геаметрычны рысунак; падобны на сараканожку нос, выгінаючыся сярод твару, падымаўся ўгору, да чэрапа; з падбародка звешваліся нейкія незразумелыя прадметы. Друк быў невыразны, але я як зачараваны не зводзіў вачэй з фатаграфіі. Раздваіўшыся, на фатаграфіі ўсплыў татуіраваны твар дзікуна, усплылі захінутыя кавалкамі матэрыі твары арабскіх жанчын, і я ўспомніў пачуты ад некага расказ, як жанчыны з «Аповесці пра Гэндзі»[4] лічылі, што агаліць твар — тое самае, што агаліць сорам. Ды не ад некага, а ад цябе. Гэта пачула маска пры адной з нашых сустрэч. Навошта спатрэбілася табе ўсчынаць такую размову? Тыя жанчыны былі перакананыя, што мужчыну можна паказаць толькі валасы, і нават паміралі яны, прыкрыўшы твар рукавом кімано. Спрабуючы разгадаць тваю задуму, я многа разважаў пра жанчын, якія хавалі свой твар, і нечакана перад маімі вачыма разгарнуліся, як скрутак, тыя часы, калі не існавала твараў, — я быў ашаломлены. Значыць, яшчэ ў старажытнасці твар не быў тым, што выстаўляюць напаказ, і толькі цывілізацыя накіравала на твар яркае святло, і ўпершыню твар ператварыўся ў чалавечую душу... А калі твар не проста існаваў, а быў зроблены, значыць, і я, надумаўшыся зрабіць маску, на самай справе ніякае маскі не зрабіў. Гэта мой сапраўдны твар, а тое, што я лічыў сапраўдным тварам, на самай справе аказалася маскай... Ну добра, хопіць, цяпер ужо ўсё роўна... Нібыта і маска настроена прымірэнча, дык, напэўна, на гэтым можна і кончыць, як ты лічыш?.. Толькі потым, калі ўдасца, хацелася б выслухаць і тваё прызнанне... Не ведаю, куды нас усё гэта завядзе, але думаю, нам ёсць яшчэ пра што пагаварыць.

Учора для нашай апошняй сустрэчы я перадаў табе план, як трапіць у маё сховішча. Прызначаны час набліжаецца. Ці не прапусціў я чаго-небудзь? Ат, усё роўна, часу ўжо няма. Маска вельмі шкадуе, што расстаецца з табою. Той гузік належыць масцы, дык давай і пахаваем іх разам.

Такім чынам, ты ўжо ўсё прачытала. Ключ ляжыць пад попельніцаю ў галавах — я хачу, каб ты адчыніла адзежную шафу. Проста перад сабою ты ўбачыш гумовыя боты, а лявей — рэшткі маскі і гузік. Рабі з імі што хочаш — даю табе права. Да твайго прыходу я ўжо буду дома. Ад усяе душы спадзяюся, што, калі ты вернешся, у цябе будзе звычайны выраз твару, быццам нічога не здарылася.

ЗАПІСКІ ДЗЕЛЯ СЯБЕ, ЗРОБЛЕНЫЯ НА ЧЫСТЫХ СТАРОНКАХ, ШТО ЗАСТАЛІСЯ Ў КАНЦЫ ШЭРАГА СШЫТКА.

...Я ўсё чакаў. Проста чакаў зусім абыякава, як парастак у полі, які ўсю зіму топчуць нагамі, і яму астаецца адно — чакаць, калі пададуць знак і дазволяць падняць галаву.

Уяўляючы цябе, як ты нязручна сядзіш — нават ног не паспела выцягнуць — і чытаеш гэтыя сшыткі ў маім сховішчы, якое нібыта нарадзілася з тварам дзеда, я ператварыўся ў першабытнае страшыдла з адным-адзіным нервам і ціха лунаў у цемры бясколерных пустых жаданняў...





Але дзіўна, у маёй галаве ўсплываў твой вобраз, а след, які пакідаюць у табе гэтыя запіскі, я зусім чамусьці не мог улавіць. Болей таго, нават змест запісак, якія перачытаў я многа разоў і якія павінен быў ведаць так, каб, не сходзячы з месца, пераказаць на памяць ад пачатку і да канца, — гэты змест, быццам пейзаж праз мурзатае шкло, выпадаў з-пад мае ўвагі, і я не мог пазнаць нават ніць, дзякуючы якой ажылі б успаміны.

Маё сэрца было бяздушна-халоднае і прасоленае, як каракаціца. Можа, таму, што я на ўсё махнуў рукою, — колькі цяпер ні мітусіся, перайначыць ужо нічога нельга. Такую самую спустошанасць я адчуваў, закончыўшы серыю доследаў. I чым болей важныя былі доследы, тым глыбейшая была спустошанасць.

Вынікам нашай рызыкоўнай гульні і быў мой стан — вырашай усё ты, хай выпадзе любая костка. Я добра разумеў, што выкрыццё маскі балюча цябе параніць, табе стане брыдка. Але і ты сваёю здрадаю мяне параніла — так што мы квіты, нічыя. Усё роўна ў мяне няма ніякіх падстаў трымацца з выклікам, і я зусім не збіраюся папракаць цябе, якая б ні была твая рэакцыя на гэтыя запіскі. Хай сабе становішча яшчэ горшае, чым было да маскі, і нашы адносіны быццам умерзлі ў глыбу лёду, усё роўна я гатовы прыняць любую тваю рэакцыю на запіскі, — ва ўсякім выпадку, будзе хоць нейкае вырашэнне.

Не, можа, гэта нельга назваць вырашэннем у поўным сэнсе гэтага слова, але хоць бы нейкім выйсцем. Горкае раскаянне, прыкрасць, пачуццё паражэння, пракляцце, самазнішчэнне... Я скамячыў усе ліхія думкі, якія апанавалі мяне, і я, ці добра, ці блага, уздыхнуў з палёгкаю, быццам зрабіў вялікую справу. Нельга, ведама, сказаць, што мне не хацелася, каб усё было па-добраму, але адно тое, што нават у пасцелі не садраў я маскі, а палічыў за лепшае расказаць табе пра ўсё ў запісках, адно гэта азначала, што я выкінуў белы сцяг. Да чаго б гэта ні прывяло, усё ж лепей, чым любоўны трохвугольнік — самаатручэнне рэўнасцю, якая разрасталася няспынна, быццам рак.

Ды ўсё ж, калі ўдумацца, нельга сказаць, што не было зусім ніякага ўраджаю. I хоць на першы погляд маё старанне было дарэмнае і я нічога не дамогся, усё роўна перажытае не прайшло ў мяне бясследна. Ва ўсякім выпадку, адно тое, што я зразумеў — сапраўдны твар усяго толькі недасканалая маска, — хіба гэта яе велізарная здабыча? Можа, я быў залішне аптымістычны, але разуменне гэтага ператварылася ў мяне ў магутную сілу, і мне здавалася, што калі я асуджаны навечна быць закаваным у глыбу лёду, дык і ў гэтай глыбе лёду змагу знайсці жыццё і ўжо пастараюся другі раз не рабіць дарэмных намаганняў... Ды лепей падумаць пра ўсё гэта ў спакоі, пасля таго, як ты вернешся, трымаючы ў руках умовы капітуляцыі. Цяпер, ва ўсякім выпадку, мне аставалася адно — чакаць...

Як марыянетка з перарэзанымі нітачкамі, я бяссільна паваліўся на падлогу, мне хацелася аднаго — паменшыць, наколькі можна, супраціўленне патоку часу. Светлы прамавугольнік неба, выразаны аконнаю рамаю і суседнім домам, здаваўся турэмнаю агароджаю. Я не зводзіў з яго вачэй і стараўся пераканаць сябе ў гэтым. I думка, што астрожнік не я адзін, што ўвесь свет — велізарная турма, гарманіравала з маім тадышнім станам. Я ўсё думаў: кожны імкнуўся вырвацца з гэтага свету. Аднак сапраўдны твар, зрабіўшыся непатрэбным, як хвост, нечакана перавярнуўся ў кайданы, і няма чалавека, якому ўдалося б вырвацца. Я — другая гамонка... Толькі я, хоць і на кароткі міг, паспытаў жыцця за агароджаю. Я не вытрываў яго залішне шчыльнае атмасферы і адразу вярнуўся назад — хай сабе гэтак, але я ведаю гэта жыццё. I калі не адмаўляць жыцця за агароджаю, сапраўдны твар — не што іншае, як мадэль недасканалае маскі, — не пасяляе ніякага адчування перавагі. Цяпер, пачуўшы маё прызнанне, думаю, ты не зможаш запярэчыць, ва ўсякім выпадку супраць гэтага.