Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 81 из 82

Потым дзяўчына праходзіць некалькі вуліц, адчайна змагаючыся з сабою кожны раз, калі выходзіць на голае месца, нічым не заслоненае справа, ці да перакрыжавання, якое павінна перасекчы (я так блізка прымаў гэта да сэрца, што ўскокваў з свайго месца), і нарэшце набліжаецца да баракаў, абгароджаных калючым дротам.

Дзіўныя будынкі. Быццам мы нечакана вярнуліся на дваццаць гадоў назад — у двары сноўдаюцца салдаты, адзетыя ў форму старое арміі. Адны без усякага выразу твару, другія маршыруюць, праз кожныя тры крокі становяцца ва фронт і аддаюць чэсць. Сярод іх найболей уражвае стары салдат, які ўвесь час паспешліва дэкламуе пад нос рэскрыпт імператара да салдатаў. Словы сцерліся і страцілі сэнс — збярогся толькі агульны контур і тон.

Гэта псіхіятрычная бальніца для колішніх вайскоўцаў. Хворыя не ведаюць пра ваеннае паражэнне і жывуць мінулым, астаючыся ў часе, які спыніўся ў іх дваццаць гадоў назад. Паходка ў дзяўчыны, якая ішла міма гэтых сцен, стала да непазнавальнасці лёгкая і спакойная. Яна ні з кім не гаворыць, але паміж ёю і хворымі адчуваецца ўзаемны давер і блізкасць, як паміж сябрамі, хоць цяпер яны вельмі занятыя. А дзяўчына, у той час, як санітар за нешта ёй дзякуе, пачынае мыць бялізну, прымасціўшыся ў кутку ў бараку. Гэтую дабрачынную работу яна выбрала сама і рабіла яе раз на тыдзень. Калі дзяўчына падымае галаву, між будынкамі бачыць асветленую сонцам прастору, дзе дзеці бесклапотна гуляюць у мяч.

Потым сцэна мяняецца. Цяпер мы бачым, як жыве дзяўчына ў сябе дома. Дом яе — маленькая майстэрня на ўскраіне, дзе штампуюць з бляхі цацкі, празаічны, нудны дом. Але калі глядач бачыць то справа, то злева расчырванелы дзявочы твар, у сціплым абліччы дома паяўляецца дзіўная перамена і нават простыя ручныя прэсы, што стаяць у рад, пачынаюць жаласна стагнаць. I пакуль дакладна да драбніц узнаўляліся гэтыя дэталі штодзённага жыцця, узнікала трывога за будучыню дзяўчыны, якая ніколі не наступіць, за прывабную палавіну яе твару, якога ніхто не ацэніць. У той жа час было ясна, што такое спачуванне раздражняе дзяўчыну, дапякае ёй. Таму не будзе нічога нечаканага, калі ў адзін цудоўны дзень гэтая дзяўчына ў адчаі абліе кіслатою нечапаную палавіну твару і зробіць яе такою самаю, як скалечаная. Праўда, гэта ўсё роўна не выйсце. Але ніхто не мае права абвінавачваць дзяўчыну за тое, што ніякі іншы сродак не прыйшоў ёй у галаву.

Раніца на другі дзень. Дзяўчына, павярнуўшыся да брата, кажа:

— Вайна. Нешта яна доўга не пачынаецца.

Проста ў яе была наіўная надзея, што калі пачнецца вайна, дык адразу адбудзецца пераацэнка каштоўнасцей, увага людзей сканцэнтруецца не так на твары, як на страўніку, не так на вонкавай форме, як на жыцці. Брат, здавалася, зразумеў прыхаваны сэнс пытання і адказаў абыякава:

— Дзіва што доўга... Ды на заўтра нават угадаць надвор’я не могуць.

— Ага, калі б так проста было дазнацца, што будзе заўтра, дык гадалкі асталіся б без хлеба.

— Ведама. Вазьмі вайну — толькі пасля таго, як яна пачнецца, дазнаешся, што яна пачалася.

— I праўда. Калі загадзя ведаць, што вытнешся, ніхто б ніколі не выцяўся.

Тое, што пра вайну гаварылася так абыякава, быццам ад некага чакалі пісьма, было горка, стварала цяжкую атмасферу.

Але на вуліцах няма нічога, што прадказвала б аднаўленне правоў страўніка і жыцця. Кінакамера дзеля дзяўчыны гойсае па вуліцах, але адно, што ёй удаецца падмеціць, — гэта празмерная сквапнасць, бязлітаснае растрачванне жыцця. Бяздоннае мора выкідных газаў... Незлічоныя будоўлі... Гарластыя дымавыя трубы брудных, прапыленых заводаў... Імклівыя пажарныя аўтамабілі... Страшэнная штурханіна ў мясцінах забаў і на распрадажах... Няспынныя званкі ў паліцэйскім участку... Бясконцы лямант тэлевізійнае рэкламы...





Урэшце дзяўчыне здаецца, што болей няма ў яе сілы чакаць. Што далей нельга чакаць. Тады гэтая дзяўчына, якая ніколі нічога не прасіла, стала ўмольваць брата паехаць з ёю куды-небудзь далёка-далёка (хоць раз у жыцці). Брат адразу заўважыў, што яна робіць націск на слове «жыццё» болей, чым на слове «раз», ды ён лічыў, што не мае права пакідаць сястру адну, другога выйсця не было, і ён, кіўнуўшы, згадзіўся, бо любіць — значыць раздзяляць гора.

I вось праз некалькі тыдняў брат і сястра едуць. Змрочны пакой у правінцыйнай гасцініцы выходзіць да мора. Сястра з усяе сілы стараецца, каб скалечаная палавіна твару аставалася ў цяні і брату была відна толькі прыгожая палавіна, завязвае валасы стужкаю, яна незвычайна жывая, радасная. Яна гаворыць, што мора бяздушнае, а брат адказвае, што гэта няпраўда, што мора — выдатны апавядальнік. Але яны разыходзяцца толькі ў гэтым. Ва ўсім астатнім, нават у самых дробязях, у іх была згода, быццам у закаханых, кожнае слова ў іх набывала двайны сэнс. Узяўшы ў брата цыгарэту, дзяўчына спрабуе курыць. Іх узбуджанасць пераходзіць у прыемную стому, і яны кладуцца побач на пасцелі. Праз акно, якое пакінулі яны адчыненае, каб можна было ўбачыць месяц, сястра назірае, як адна за адною падаюць залатыя кроплі і заліваюць мяжу паміж морам і небам. Яна загаварыла да брата, але той не адказвае.

Назіраючы, як падымаецца месяц, падобны на спіну залатога кіта, дзяўчына чакала ўсё нечага, але, адразу ўспомніўшы, што яны паехалі да мора, каб спыніць чаканне, паклала руку брату на плячо, стала трэсці яго, стараючыся разбудзіць, і прашаптала:

— Ты мяне не пацалуеш?

Брат дужа разгубіўся, каб і далей прыкідвацца, што спіць. Прыплюшчыўшы вочы і гледзячы на празрысты, быццам фарфор, сястрын профіль, ён не меў сілы аблаяць яе, але і не мог, ведама, выканаць такую просьбу. Аднак сястра не адступалася.

— Заўтра ж можа быць вайна... — упрошваючы, задыхаючыся, заклінаючы, шаптала яна, усё набліжаючы і набліжаючы губы да яго губ.

Так адчайнае разбурэнне забароны спараджае няпоўнае згаранне паміж двума поршнямі, якія працуюць не ў такт, — паміж злосцю і жаданнем. Любоў і агіда... Пяшчотнасць і імкненне забіць... Згода і адказ... Ласка і пабоі — падзенне, якое ўвесь час паскараецца, забаўляючыся з непрымірымымі страсцямі, падзенне, што адразае дарогу назад... Калі назваць гэта бессаромнасцю, дык хіба хоць хто-небудзь з іх пакалення можа не быць уцягнуты ў падобную бессаромнасць?

Неба пасвятлела, набліжалася світанне. Дзяўчына, прыслухоўваючыся да дыхання соннага брата, ціхенька ўстала і пачала адзявацца. У брата ў галавах яна паклала загадзя падрыхтаваныя два канверты і крадком выйшла з пакоя. Як толькі дзверы за ёю зачыніліся, брат, які, здавалася, спаў, расплюшчыў вочы. З пратуленых губ сарваўся глухі стогн, у вушы пацяклі слёзы. Ён устаў з пасцелі, падышоў да акна і, са скрыгатам сціснуўшы зубы, стаў асцярожна глядзець, трошкі высунуўшыся над падаконнікам. Ён убачыў, як дзяўчына, быццам белая птушка, бегла да змрочнага ўздыбленага мора. Хваля раз за разам адкідала белую птушку, але, нарэшце адужаўшы яе, дзяўчына, то знікаючы, то паказваючыся зноў, паплыла ў адкрытае мора.

У яго не хапала цярпення стаяць на каленях на цвёрдай падлозе; удалечыні паявілася лінія чырвоных ліхтароў, і гэта на імгненне адцягнула яго ўвагу, а калі ён зноў паглядзеў туды, дзе раней белаю кропкаю плыла яго сястра, ужо нічога не было відаць.

Усе цвёрда перакананыя, што казка пра брыдкае качаня абавязкова канчаецца лебядзінаю песняю. Вось тут і ўзнікае апартунізм. Добра самому зведаць тое, што зведвае лебедзь. Якую б песню ні спявалі табе другія — гэта смерць, поўнае паражэнне. Мне гэта агідна. Збаўце мяне. Калі я памру, ніхто не падумае пра мяне, як пра лебедзя, і, значыць, я магу разлічваць на перамогу. Калі я паглядзеў гэты фільм, ён выклікаў толькі раздражненне, але цяпер другая гамонка. Я не магу не зайздросціць той дзяўчыне.

Яна, па крайняй меры, дзейнічала. З такою велізарнаю мужнасцю разбурыла яна, здавалася б, неадольны забаронены плот. Ну, а тое, што яна памерла, — дык жа гэта па сваёй волі, і намнога гэта лепей, чым бяздзейнічаць. Вось чаму гэтая дзяўчына прымусіла зусім чужога чалавека зведаць горкае пачуццё раскаяння, адчуць сябе ледзь не саўдзельнікам злачынства.