Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 70 из 82

Я не збіраюся даходзіць да такое крайнасці, каб сцвярджаць, што ўсе акцёры маюць злачынныя схільнасці. Я ведаю, праўда, што адзін начальнік важнае канцылярыі, які выяўляе павышаную цікавасць да касцюміраваных шэсцяў у час экскурсій, наладжаных кампаніяй, і дэманструе ў іх незвычайны талент, на самай справе рэдкі аптыміст, зусім задаволены сваім становішчам... Ну, а калі б яны дазналіся, што гэта праведная штодзённасць ніколечкі не бяспечнейшая за той свет злачынстваў, ці асталіся б яны тады ў баку ад злачынства?.. Сумняваюся... Штодзень ставіць будзільнік на пэўны час, рабіць сабе пячатку, заказваць візітныя картачкі, адкладваць грошы, здымаць памер каўнерыка, калекцыяніраваць аўтографы, страхаваць жыццё, рэгістраваць нерухомую маёмасць, пісаць віншавальныя паштоўкі, наклейваць фатаграфію на пасведчанне асобы... Цяжка паверыць, што ў свеце, дзе рызыкуеш згубіцца, калі забудзешся зрабіць што-небудзь з гэтага, што ў гэтым свеце людзі жывуць і ім ні разу не захацелася, нават у галаву не прыйшло стаць празрыстымі...

Ды ўсё ж на нейкае імгненне я, відаць, заснуў. Напэўна, падняўся вецер, і мяне разбудзіў скрып аканіц. Боль галавы і моташнасць нібыта аціхлі, але было мне яшчэ блага.

Хацеў пакупацца ў ванне, але, як на злосць, не цякла вада. Мабыць, слабы напор, і вада не можа падняцца нават да другога паверха. Махнуў рукою і вырашыў выправіцца ў лазню. Пасля доўгіх ваганняў паміж маскаю і бінтам вырашыў пайсці ў масцы. Я згараў ад сораму, варта было толькі ўспомніць, якое ўражанне пакідае ў людзей бінт, і яшчэ хацелася выпрабаваць маску ў самых розных умовах. (Калі я надзяваю маску, да мяне адразу вяртаецца сіла і ўпэўненасць.) Абмацваючы ў кішэнях у пінжаку бумажнік, я дакрануўся да нечага цвёрдага. Гэта быў той самы духавы пісталет і залацісты ё-ё. На выпадак, калі часам сустрэнуся з дачкою адміністратара, я загарнуў ё-ё разам з мылам у ручнік і выйшаў з дому.

На жаль, дзяўчынкі я не сустрэў. Не з-за нейкага прадчування, але мне не захацелася ісці ў самую блізкую лазню, і я пакіраваўся на суседнюю вуліцу, да якое быў адзін аўтобусны прыпынак. Лазня нядаўна адчынілася, наведнікаў было мала, вада ў басейне чыстая. Я залез у ваду і, каб рэшткі ап’янення зусім выветрыліся, вырашыў цярпець гарачыню і тут заўважыў у кутку насупраць чалавека, які сядзеў у вадзе, не скінуўшы чорнае кашулі. Не, гэта, аказваецца, не кашуля, а татуіроўка. Можа, з-за таго, што так падала святло, не ведаю, але здавалася, што ён нацягнуў на сябе рыбіну скуру.

Спачатку я стараўся не глядзець, але ён усё болей прыцягваў мяне, і скора я ўжо не мог адарваць ад яго вачэй. Мяне прывабіў не малюнак, уразіў сам акт татуіроўкі, якога я ніяк не мог вытлумачыць — тлумачэнне круцілася на кончыку языка, як нечае забытае імя.

Можа, таму, што я адчуваў кроўную сувязь яе з маскаю? На самай справе, маска і татуіроўка маюць дзіўную агульнасць: абедзве яны — разнавіднасць штучнае скуры. Агульнае ў іх імкненне знішчыць сапраўдную скуру і замяніць яе нечым другім. Але ёсць, ведама, і адрозненні. Маска, як можна бачыць і па іерогліфах, толькі часовы твар, а татуіроўка цалкам асімілюецца, становіцца часткаю скуры. Апрача таго, маска з’яўляецца алібі, а татуіроўка, наадварот, вылучае, выстаўляе напаказ. У гэтым сэнсе яна, мусіць, бліжэй не да маскі, а да бінту. Не, калі гаварыць пра вабнасць, дык яна ані не саступае маім п’яўкам.

Ніяк не магу даўмецца, чаму людзі даходзяць да падобнай недарэчнасці, каб прыцягваць да сябе ўвагу. Сам гэты чалавек наўрад ці зможа адказаць. I якраз таму, што не зможа адказаць, для яго ёсць сэнс прыцягваць увагу. Вырадкі, звычайна, любяць загадкі і часта робяць сваёю прафесіяй загадванне недарэчных загадак і выманьванне грошай у людзей, якія не могуць іх адгадаць. У татуіроўцы папраўдзе тоіцца пытанне.

Доказам можа служыць тое, што я сам стараўся знайсці адказ. Я спрабаваў, напрыклад, падгледзець з сярэдзіны свой стан, у якім быў бы, калі б татуіроўка была на мне. I першае, што я адчуў,— вочы другіх людзей, якія ўпіваюцца ў мяне, быццам калючкі. Я мог добра ўявіць сабе гэта, бо я ўжо зведаў, што такое гнездзішча п’явак. Потым неба пачне паволі аддаляцца. Навокал разліецца яркі поўдзень, і толькі на тую мясціну, дзе я стаю, апусціцца суцэльная цемра... Праўда, праўда, татуіроўка — гэта ж кляймо катаржніка... Кляймо злачынца, і таму нават сонечныя промні перасталі дакранацца да мяне... Але чамусьці я не адчуваў прыніжэння, і мне зусім было не брыдка... I гэта натуральна... Я ж сам выпек на сваім целе кляймо злачынства і па сваёй волі пахаваў сябе перад грамадствам... Цяпер ніхто ўжо мяне не пашкадуе...

Калі мужчына вылез з вады, выява будыйскага божышча, засыпанага вішнёвымі кветкамі, стала выгінацца, выдзяляючы карычняваты пот, і я, адчуваючы сябе саўдзельнікам злачынства, адчуў, што яго раскаваная поза асвяжае мяне. Правільна, кроўная сувязь паміж маскаю і татуіроўкаю выяўляецца не ў іх вонкавым падабенстве, — галоўнае, дзе жыве сам чалавек, па які бок мяжы, праведзенай па сапраўдным твары. Калі ёсць людзі, якія могуць жыць, церпячы татуіроўку, дык, натуральна, можна цярпець і маску.





Аднак каля выхаду з лазні татуіраваны мужчына стаў чапляцца да мяне. Калі кашуля з доўгімі рукавамі схавала татуіроўку, ён здаўся маладзейшым, меншым на рост і не такім грозным, але ўсё роўна ён насіў перасцярогу на сваім целе і быў вялікім майстрам запалохвання.

Хрыплым голасам мужчына абвінаваціў мяне ў тым, што я недалікатна глядзеў на яго, і вымагаў прабачэння. Мяркуючы па яго словах, гэта яго вельмі абразіла. Лепей было мне перапрасіць яго, як ён дамагаўся, але бяда не прыходзіць адна — з-за таго, што я доўга быў у гарачай вадзе, пад маскаю ў мяне кіпела, быццам варыўся булён, вось-вось закружыцца галава.

Доўга не думаючы над сэнсам сваіх слоў, я папытаўся:

— А хіба татуіроўка не на тое існуе, каб яе паказваць?

Не паспеў я дагаварыць, як рука яго махнулася ўгору. Але мой інстынкт абароны маскі не саступаў яму ў хуткасці. Тое, што першая атака скончылася нічым, яшчэ болей распаліла мужчыну. Ён нечакана схапіў мяне і пачаў па-зверску трэсці, спрабуючы выбраць момант, каб стукнуць мне ў твар. Нарэшце ён прыціснуў мяне да дашчанае сцяны, і ці то яго рука, ці то мая (не ведаю добра, рукі нашы перапляліся), увогуле, нечая рука слізганула знізу ўверх па маім падбародку, і ў тое ж імгненне маска была садрана.

Я быў ашаломлены, быццам на вачах у людзей раптам знялі з мяне штаны. Ашаламленне праціўніка было ніколечкі не меншае. Глухім, баязлівым голасам, які так не стасаваўся з яго выглядам, ён прамармытаў нешта невыразнае і з гневам, нібыта гэта ён пацярпеў, хутка пайшоў. Траха не змярцвелы, выцер я пот і зноў надзеў маску. Сабраліся, напэўна, разявакі, але ў мяне не хапіла мужнасці агледзецца. Калі б гэта было на сцэне, з нас бы нарагаталіся. Цяпер, калі буду куды ісці, ні за што не пакіну духавога пісталета дома.

ПАСТСКРЫПТУМ. Цікава, як успрынялі маю трагікамедыю татуіраваны чалавек і разявакі — сведкі гэтае сцэны. Колькі б яны ні смяяліся, толькі смехам гэта не магло кончыцца. Выпадак на ўсё жыццё зберажэцца, відаць, у іх у памяці. Ага, але ў якім выглядзе? Засядзе ў сэрцы, як асколак ад снарада? Ці стукне ў вочы і перакрывіць абліччы ўсіх навокал?.. Ва ўсякім разе, можна цвёрда сказаць, што болей яны ўжо не будуць вылупліваць вачэй на твары другіх людзей. Другія людзі стануць для іх празрыстымі, як прывіды, а ўвесь свет будзе ў прагалінах, як карціна на шкле, намаляваная бледнымі румянамі. Сам свет пачне здавацца няўяўным, як маска, людзей ахопіць пачуццё невыказнае адзіноты. Але я не вінаваты перад гэтымі людзьмі. Тое, што яны ўбачылі, было, найхутчэй, праўда. Відна толькі маска, сама праўда не відна. I вось гэтую, глыбейшую, праўду яны змаглі ўбачыць. Якой бы мізэрнаю яна ні здавалася чужому воку, яна заўсёды нясе ў сабе ўзнагароду.

Аднойчы, гадоў дваццаць назад, я ўбачыў труп дзіцяці. Яно ляжала дагары за школаю ў густой траве. Я выпадкова наткнуўся на яго, калі шукаў бейсбольны мяч. Труп быў раздзьмуты, як гумовы шар, і ўвесь укрыты чырвонымі плямамі. Мне здалося, што рот у яго шавеліцца, але калі я прыгледзеўся, дык убачыў, што гэта кішаць чэрві, якія ўжо раз’елі губы. Мяне скаваў страх, і потым некалькі дзён яда не лезла ў горла. Тады гэта зрабіла на мяне пакутліва-страшнае ўражанне, але з гадамі — труп, напэўна, сталеў разам са мною — збераглася толькі ахінутая ціхім смуткам лёгкая чырвань на гладкай, быццам з воску, скуры. А цяпер я ўжо не стараўся пазбягаць успамінаў пра труп. Наадварот, нават палюбіў іх. Кожны раз, калі я ўспамінаю пра гэты труп, у мяне ўзнікае адчуванне, што мы сябры. Ён прымушае мяне ўспомніць, што, апрача пластыку, існуе яшчэ свет, да якога можна дакрануцца рукою. Ён назаўсёды астанецца са мною як сімвал другога свету.