Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 71 из 82

Не, гэтыя апраўданні прызначаны не толькі зусім чужым людзям. Цяпер усе мае трывогі будуць закранаць і цябе. Я хачу, каб ты паверыла маім словам, нават калі табе і здасца, што яны пакідаюць вельмі глыбокія раны. Ды гэта і не раны, а трошкі мацнейшыя, чым хацелася б, успаміны пра ўражанне, калі ты зазірнула мне пад маску. Я веру, прыйдзе час, і ты будзеш успамінаць пра гэта з пяшчотаю, як я пра труп.

Я трохі забавіўся — трэба было агледзець сінякі і замяніць клей. Праўда, па дарозе я зрабіў круг, каб спецыяльна масцы купіць усё патрэбнае: запальнічку, запісную кніжку, бумажнік. А потым выправіўся на выбраную мясціну — роўна ў чатыры гадзіны я быў на аўтобусным прыпынку. Тут я збіраўся дачакацца цябе, калі ты будзеш вяртацца з лекцый па прыкладным мастацтве, на якія ты хадзіла кожны чацвер. Набліжаўся час вячэрняе штурханіны, шум гэтае ажыўленае мясціны, быццам у бочцы з расолам, паглынуў усю прастору сваёю перанасычанаю шчыльнасцю, і я чамусьці адчуў дзіўны спакой, быццам ішоў па лесе, дзе пачало ападаць лісце. Мабыць, тое ўзрушэнне яшчэ не прайшло, і яно з сярэдзіны заглушала ўсе мае пяць пачуццяў. Варта было заплюшчыць вочы, як пачыналі віраваць, нібыта рой маскітаў, незлічоныя зоркі, якія выпраменьвалі яркае святло. Мусіць, падняўся ціск. Напраўду, узрушэнне было глыбокае. Але гэта не толькі кепска. Прыніжэнне, падзейнічаўшы як стымулятар, штурхала на парушэнне закона.

Я вырашыў пачакаць каля банка на ўсходцах, якія вытыркаліся наперад. З вышыні лепей было відаць, a таму, што побач са мною стаяла і чакала шмат людзей, я не кідаўся ў вочы. Не было чаго баяцца, што ты заўважыш мяне раней, чым я цябе. Лекцыі канчаюцца ў чатыры гадзіны, і нават калі ты прапусціш адзін аўтобус, усё роўна даедзеш мінут за дзесяць.

Ніколі не думаў, што твае лекцыі змогуць мне гэтак спатрэбіцца. Калі б у мяне папыталіся, я б сказаў, што сам факт гэтага нястомнага шматгадовага наведвання такіх зусім непатрэбных лекцый служыць выдатным доказам няўстойлівасці жаночага існавання. Вельмі сімвалічна, што ты выбрала выраб гузікаў і вучышся з захапленнем. Такое мноства гузікаў, вялікіх і маленькіх, ты ўжо вытачыла, выразала, адпаліравала! Ты рабіла гузікі не на тое, каб імі нешта зашпільваць, — ты бясконца майстравала патрэбныя для практычнага выкарыстання рэчы з мэтамі зусім непрактычнымі. Не, я не хачу абвінаваціць цябе. Я ж папраўдзе гэтаму ні разу не працівіўся. Калі ў цябе напраўду захапленне — ад душы бласлаўляю гэты наіўны занятак.

...Але ў падзеях, што адбыліся пазней, ты была адной з галоўных дзейных асоб, і таму не буду выкладаць іх адну за адной. Што трэба, дык гэта вывернуць маё сэрца і выставіць на святло бессаромны твар паразіта, які там схаваўся. Ты прыехала трэцім аўтобусам і прайшла міма мяне. Я падаўся следам. Была ты надта гнуткая, вельмі зграбная, і мяне ахапіла баязлівасць.

Я дагнаў цябе каля светлафора на пераходзе насупраць вакзала. За некалькі мінут, якія патрэбныя, каб дайсці да вакзала, я павінен любымі сродкамі завабіць цябе. Не трэба ісці напралом, але і кружная дарога не падыходзіць. Падаючы, быццам толькі што выпадкова падняў, прыхаваны загадзя скураны гузік, які ты зрабіла, я загаварыў з табою. I словы былі загадзя падабраныя:

— Гэта не вы згубілі?

Не хаваючы здзіўлення, ты, стараючыся выясніць, чаму гэта здарылася, падняла сумку, стала аглядаць дно, правяраць зашпількі і, усім сваім выглядам паказваючы, што не можаш знайсці тлумачэння, глянула на мяне. Калі ўжо я загаварыў, нельга было ўпускаць магчымасці, у якую паверыў, і я забег наперад.

— Можа, з капелюша?





— З капелюша?

— Спрытнасць рук — і з капелюша можа паявіцца трусік.

Але ты нават не ўсміхнулася. Болей таго, паглядам, як хірургічнымі шчыпцамі, заціснула мне рот. Гэта быў пільны пагляд, быццам ты забылася, пагляд, які гаварыў, што ты нічога не разумееш. Калі ты будзеш гэтак глядзець яшчэ некалькі секунд, дык убачыш мяне наскрозь, — я імгненна зразумеў гэта і адступіўся. Ды гэтага не магло здарыцца. Поспех маскі ўжо быў пацверджаны ў самых розных сітуацыях. Не было чаго баяцца, што ў цябе паявіцца падазрэнне — ты ж не сарвеш маскі сілаю, як той татуіраваны, не дакранешся да яе губамі (розніцу ў тэмпературы схаваць немагчыма). Дый я свядома гаварыў ніжэйшым, чым звычайна, голасам, але нават калі б я гэтага і не рабіў, з-за таго, што на мае губы былі накладзены яшчэ і штучныя, губныя гукі зусім змяніліся.

Можа, я залішне хваляваўся: ты адразу адвяла вочы, і на твар вярнуўся звычайны абыякавы выгляд. Але мой эратызм, наткнуўшыся на твой пільны пагляд, падціснуў хвост, і калі б ты гэтак і пайшла, дык, можа, і я знайшоў бы ў сабе сілу адмовіцца ад задуманага плана, разумеючы, што гэта самае лепшае для нас абаіх. Дзень быў ясны, сонечны, і перад табою магчымасці маскі, яе дзівосная сіла завялі. Але і ты на імгненне завагалася. А вулічны паток, які выгінаўся вакол нас, быццам пражэрлівае першабытнае страшыдла, паглынаў думкі, якія толькі што ўзнікалі і пачыналі прасочвацца. Высвятляць, чаму ўзбунтавалася магнітнае поле, якое ўзнікла між намі дзякуючы твайму хвіліннаму ваганню, не было калі, і я выкарыстаў гэтую замінку і рушыў другі эшалон падрыхтаваных загадзя слоў.

ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ. Выраз «узбунтаванне магнітнага поля» вельмі правільны. Увогуле, я ж прадчуваў важнасць гэтае мінуты. Калі б гаворка ішла толькі пра прадчуванне, не было б чым ганарыцца, не было б чаго тлумачыць. Ды нават калі б не было прадчування, калі б я апусціў гэтыя радкі — уздрыгваючы пры адной думцы пра гэта, — я быў бы прыгавораны да асмяяння, усе мае дзеянні і ўчынкі сталі б прадметам насмешкі, і гэтыя запіскі з запісак маскі ператварыліся б у звычайныя запіскі клоуна. Клоун — гэта таксама няблага, ды проста не хачу я стаць клоунам, які не разумее, што ён клоун.

Ты, напэўна, памятаеш? Я, як нічога і не было, тонам, быццам мне ўжо надакучыла высвятляць, папытаўся, дзе канцавы прыпынак вось таго аўтобуса. Не ведаю, ці звярнула ты ўвагу, але я выбраў той прыпынак не таму, што мною кіравала недарэчная думка змарнаваць час, не, гэта была спрытна падстроеная пастка.

Найперш гаворка ішла пра адзіны прыпынак на гэтай лініі аўтобуса, што быў каля самага вакзала, але ў нязручным ціхім закутку, мала каму вядомым. Апрача таго, было гэта ў другім баку вакзала, і калі не ведаць пра падземны пераход, давялося б ісці кружным шляхам па віядуку. I яшчэ, гэты пераход надта заблытаны, двума словамі не растлумачыш, як звязана з пэўнаю мясцінаю мноства яго ўваходаў і выхадаў. Ну і, нарэшце, калі пайсці гэтым пераходам, адлегласць да платформы, з якое ты павінна ехаць, ніколечкі не большая, чым калі ісці цераз вакзал. I ты, безумоўна, ведала гэты прыпынак.

Я ўвесь напружыўся, чакаючы адказу. Цела маё нібыта акамянела ад страху, што ты разгадаеш мае патаемныя намеры, і, калі б не было на мне маскі, нават калі б ты сказала, што правядзеш мяне, не ўпэўнены, ці змог бы я ісці побач з табою. Сумняваюся нават, ці ўдалося б мне схаваць як след перарывістае дыханне. Я чакаў у такім стане, быццам мяне пасадзілі ў крохкі шкляны сасуд (шкляны сасуд танчэйшы за паперу, чхні — і ён рассыплецца на друзачкі). Нельга адмаўляць, што мне не цярпелася, але праўда і тое, што ты не спяшалася адказваць. Што прымусіла цябе вагацца? Я ўчапіўся за той факт, што ты вагаешся. Становішча стварылася такое, што ты павінна была прыняць неадкладнае рашэнне — ці згадзіцца, ці адмовіцца. I чым болей ты вагалася, тым вастрэй адчувалася ненатуральнасць, расла падазронасць. Калі ты не хацела, даволі было аднаго твайго «не ведаю», але ты не пераставала вагацца, і гэта значыла, што ты напалавіну згодная. А згадзіўшыся, хай сабе напалавіну, страціла падставу, каб адмовіць. Каб табе лягчэй было адважыцца, можа, мне варта было дабавіць яшчэ што-небудзь. У гэты час малады хлопец, нахабна штурхаючыся, паспешліва праціснуўся між намі. Толькі тады мы заўважылі, што замінаем людскому патоку і вакол нас ужо ўтварыўся вір. З цяжкасцю трымаючыся ў гэтым патоку, ты запытальна зірнула на мяне — слізганула па мне вачыма, быццам нядбайна прагарнула каляндар. Не па душы мне твой пагляд, падумаў я, і толькі наважыўся разявіць рот, каб хоць трохі падагнаць тваю рашучасць, як ты нарэшце адказала.