Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 58 из 82

— Сакрэты?..

— Даўным-даўно адна кошачка сказала. Мышы хочуць надзець на мяне званочак, што ж мне рабіць?

— Ну добра, хочаш, дзядзька купіць табе такі самы?

Мне была радасць ад аднаго таго, што магу вось так спакойна пагаварыць, але вынікі паддобрывання перасягнулі ўсе мае спадзяванні.

Дзеўчаня церлася спіною аб сцяну і нейкі час, здавалася, пільна ўзважвала сэнс маіх слоў. Потым, падазрона гледзячы на мяне спадылба, папыталася:

— Употай ад мамы?

— Ведама, употай.

Я міжволі засмяяўся (напраўду, я смяюся!) і, разумеючы эфект маскі, якая смяецца, засмяяўся яшчэ мацней. Нарэшце і да дзеўчаняці як быццам дайшло. Яно расслабіла нацягнутыя, як струны, мускулы і адтапырыла ніжнюю губу.

— До-о-бра... до-о-бра, — праспявала яна некалькі разоў і, з сумам праціраючы золата ё-ё крысом кофты, гаварыла: — Калі напраўду купіце, я гэты аддам... Але праўда, праўда, гэты я не ўкрала ціхенька... Мне яго калі яшчэ абяцалі... Але я аддам... Во проста цяпер пайду і аддам... Мне ён падабаецца, хто б які гасцінец ні даў, мне вельмі падабаецца...

Тулячыся да сцяны, яна бачком, бачком кралася паўз мяне. Дзеці ёсць дзеці... Я зусім ужо супакоіўся, але, параўняўшыся са мною, яна прашаптала:

— Гуляем у сакрэты!

«Гуляем у сакрэты»? Што гэта значыць? Ат, няма чаго звяртаць увагі. Хіба здатнае гэта недаразвітае дзіцяня на такія складаныя хітрыкі? Гэта, мусіць, ад невялікага розуму, але ж сабака з мізэрным розумам мае, нібыта кампенсацыю, востры нюх... Сам факт, што я непакоіўся з гэтай прычыны, быў пэўным доказам таго, што мая ўпэўненасць зноў захісталася.

Увогуле, асадак быў вельмі прыкры. Толькі твар мой стаў зусім новы, а памяць і звычкі асталіся колішнія — гэта ўсё роўна што чэрпаць ваду конаўкаю без дна. Калі я ўжо надзеў на твар маску, дык яна павінна адпавядаць рытму майго сэрца. Мне б хацелася ў сваім акцёрстве дасягнуць такой высокай дасканаласці, каб мяне не мог выкрыць нават дэтэктар хлусні...





Я зняў маску. Набрынялы потам клей пахнуў, як пераспелы вінаград. I ў гэтую хвіліну нясцерпная стома хлынула ўгору, як з забітай сцёкавай канавы, і вязкім дзёгцем стала застойвацца ў суставах. Але ўсё залежыць ад успрымання, і першую спробу ніяк нельга назваць няўдачаю. Пакуты, звязаныя з нараджэннем дзіцяці, — і то не жарт. А тут сфарміраваны дарослы чалавек збіраецца перарадзіцца ў зусім другога — ці не павінен я лічыць, што нейкія шурпатасці, няўдачы натуральныя? Ці не павінен я дзякаваць за тое, што не атрымаў смяротнае раны?

Выцершы маску ўсярэдзіне, я зноў нацягнуў яе на злепак, вымыў твар і змазаў крэмам, каб даць скуры крыху адпачыць. Прылёг на ложак. Напэўна, гэта была рэакцыя на вельмі доўгае напружанне: хоць сонца яшчэ не зайшло, я моцна заснуў. I прачнуўся, калі світала.

Дажджу не было, але за густым з буйных кропель туманам гандлёвы квартал, які аддзяляў ад мяне праезную вуліцу, здаваўся цёмным лесам удалечыні. Блякла афарбаванае неба, таксама, напэўна, з-за туману, крышку паружавела і цяпер стала яшчэ болей фіялетавае, чым было. Адчыніўшы акно, на ўсе грудзі ўдыхнуў я паветра, тугое, што марскі вецер, і гэтыя хвіліны, адмераныя таму, хто хаваецца, хвіліны, калі зусім не трэба баяцца чужых позіркаў, гэтыя хвіліны, лічыў я, выдатныя, забраніраваныя спецыяльна мне. Ага, а ці не выяўляецца сапраўднае аблічча чалавечага існавання іменна вось у такім тумане? I сапраўдны твар, і маска, і гнездзішча п’явак — усе гэтыя фальшывыя строі прасвечваюцца наскрозь, быццам радыеактыўнымі прамянямі... Іх сапраўдны змест, іх сутнасць раскрываюцца ва ўсім сваім непрыкрытым выглядзе... I чалавечую душу, як персік з аблупленаю скуркаю, можна паспытаць. За гэта, ведама, трэба заплаціць адзінотаю. Але ці не ўсё роўна? Хто ведае, можа, людзі з тварам не меней адзінокія, чым я. Якую б шыльду я ні павесіў на сваім твары, няма чаго сяліць у сябе ўсярэдзіне чалавека, які пацярпеў гібель карабля.

Адзінота была пеклам, бо я ўцякаў ад яе, але таму, хто прагне адзіноты, шчасце яна. Ну, а калі пакінуць ролю героя плаксівае драмы і пайсці ў пустэльнікі? Калі ўжо ў мяне на твары выціснута кляймо адзіноты, неразумна не здабыць з гэтага выгады. На шчасце, у мяне ёсць бог — высокамалекулярная хімія, ёсць малітва — рэалогія, ёсць храм — лабараторыя, і зусім няма страху, што адзінота будзе замінаць маёй штодзённай працы. Наадварот, хіба яна не гарантуе, што кожны мой дзень будзе прасцейшы, правільнейшы, цішэйшы і змястоўнейшы, чым быў дагэтуль?

Я глядзеў на паружавелае неба, і на душы рабілася ўсё святлей. Праўда, калі ўспомніць пра цяжкія баі, якія вёў я дагэтуль, такая змена настрою магла здацца залішне рэзкаю, крыху неўраўнаважанаю, але калі ўжо вывеславаў у адкрытае мора і назад няма звароту, наракаць не трэба. Радуючыся ад душы, што ёсць яшчэ магчымасць, пакуль відзён бераг, павярнуць лодку назад, я зірнуў на маску, якая ляжала на стале. Лёгка і велікадушна, чыстасардэчна і шчыра я вырашыў развітацца з маскаю.

Разлітае па небе святло яшчэ не дайшло да маскі. I гэты цёмны чужы твар, які глядзеў на мяне без ніякага выразу, не збіраўся падпарадкоўвацца і, глыбока схаваўшы сваю волю, з усяе сілы працівіўся, не даваў мне з ім зблізіцца. Гэтая маска здавалася мне нячыстаю сілаю з казачнай краіны, і нечакана я ўспомніў казку, якую некалі прачытаў ці пачуў.

Даўным-даўно жыў кароль. Аднойчы ён на нешта захварэў. Гэта была страшная хвароба, ад якое цела яго паволі раставала. Hi дактары, ні лекі не памагалі. I тады кароль вырашыў выдаць новы закон, па якім смяротная кара чакала кожнага, хто яго ўбачыць. Закон прынёс карысць: хоць у караля растаў нос, не стала рук да запясцяў, пачалі знікаць ногі да каленяў, ніхто не сумняваўся, што кароль жывы і здаровы. А хвароба не адступалася, і кароль, які раставаў, як свечка, вырашыў нарэшце папрасіць дапамогі, але было ўжо дужа позна — у яго і рот прапаў. I вось кароль знік. Але ні адзін з адданых яму міністраў не выказаў сумнення, што кароль жывы. Расказваюць нават, што гэты зніклы кароль, які не мог ужо чыніць ліха, доўгія гады славіўся як мудры правіцель і шанаваўся ў народзе.

Нечакана я зазлаваўся, зачыніў акно і зноў кінуўся на ложак. Не прайшло і паўдня з таго часу, як я наважыўся выпрабаваць маску. I такая невялікая практыка не дае ніякіх падстаў, каб надта хвалявацца. Выкарыстаць сурдзінку можна калі хочаш. Заплюшчыўшы вочы, я пачаў успамінаць адзін за адным неасэнсаваныя асколкі прывідаў: мокрае ад дажджу акно, а потым — то травінка, якая вызірае з расколіны ў тратуары, то пляма на сцяне, падобная на жывёліну, то нараст на старым пакалечаным дрэве, то павуціна, гатовая прарвацца пад цяжарам расы. Мой звычайны абрад, калі я быў узбуджаны і не мог заснуць.

Але цяпер і гэта не памагала. Наадварот, раздражненне, не ведаю чаму, усё больш разбірала, і нарэшце стала нясцерпнае. Раптам я падумаў, каб хоць гэты туман на дварэ быў атрутным газам. Каб хоць выбухнуў вулкан ці вайна і свет задыхнуўся, а рэальнасць рассыпалася на кавалкі. Спецыяліст па штучных органах К. расказваў, што на вайне салдаты, якія страцілі твар, накладвалі на сябе рукі. Амаль уся мая маладосць прайшла на фронце, і я добра ведаю, што такія выпадкі былі сапраўды. У тыя гады цана на твары ўпала. Калі смерць бліжэй да цябе, чым самы блізкі друг, ці можа сцяжынка, што звязвае з людзьмі, мець якое-небудзь значэнне? Навошта твар салдату, які ідзе ў атаку? Папраўдзе, гэта быў непаўторны час, калі забінтаваны твар здаваўся прыгожым.

У фантазіі я зрабіўся артылерыстам, які расстрэльваў усё, што пападалася на вочы. I ў гэтым парахавым дыме я нарэшце заснуў.

Уплыў сонечных прамянёў на псіхічны стан чалавека незвычайны. А можа, я проста выспаўся? Калі ад яркага святла я павярнуўся на другі бок і расплюшчыў вочы, была ўжо адзінаццатая гадзіна, і мая маркота зусім выпарылася, як ранішняя раса.

Заўтра канчаецца мая выдуманая камандзіроўка. I калі я збіраюся здзейсніць свой план, дык за сённяшні дзень павінен абавязкова асвоіцца з маскаю. З добрым настроем я нацягнуў маску і сабраўся ў дарогу. Адчуваючы няёмкасць, я ўбраўся ў новы гарнітур, надзеў пярсцёнак. Выгляд у мяне быў элегантны. Цяжка было ўявіць, што гэта той самы чалавек, які ў халаце, пазаліваным хімікатамі, з раніцы да ночы займаўся малекулярнымі даследаваннямі. Мне захацелася высветліць, чаму гэта цяжка ўявіць, але, на жаль, я быў бяссільны. I не толькі бяссільны — ап’янелы ад свайго бліскучага перараджэння. I ў нейкім пункце, на два пальцы ў глыбіню ад вочнага дна, няспынна чуўся трэск феерверку, які абвяшчаў пачатак нечага... Я трымаўся франтам, які выправіўся палюбавацца ўрачыстасцю.