Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 57 из 82

Выйшаўшы з універмага, можа, па інерцыі, я прыдумаў яшчэ адну невялікую авантуру. Ды не, нічога сур’ёзнага, зайсці толькі ў маленькі карэйскі рэстаран, што туліўся ў вузкім завулку воддалек ад ярка асветленых цэнтральных вуліц. Я даўно ўжо толкам не еў, і голад рабіў напамінак, дый смажанае мяса, такое смачнае, — мая любімая яда. Але хіба толькі гэта прычына? Хіба смажанае мяса было адзіным пабуджэннем, што прымусіла мяне пайсці туды?

У якой меры я дзейнічаў свядома — гэта другое пытанне. Але было б хлуснёю гаварыць, што выбар іменна карэйскага рэстарана не меў пад сабою ніякіх падстаў. Якраз я браў у разлік, што гэта карэйскі рэстаран і там будзе многа карэйцаў. Я несвядома спадзяваўся, ведама, на тое, што, калі ў маёй масцы і ёсць яшчэ нейкія недаробкі, карэйцы, напэўна, нічога не заўважаць, дый здавалася, што кантактавацца з імі мне будзе лягчэй. А можа, я бачыў падабенства паміж сабою, чалавекам, што страціў твар, і карэйцамі, якія часта станавіліся аб’ектам расавых забабонаў, і міжволі адчуваў да іх блізкасць. Сам я, ведама, не быў настроены супраць карэйцаў. Найперш, чалавек без твару не мае права мець забабонаў. Праўда, расавыя забабоны маюць бясспрэчную субстанцыю, бо выходзяць за межы індывідуальнага намеру і падаюць ценем на гісторыю, на народ. Таму, ва ўсякім разе суб’ектыўна, сам факт, што я шукаў сховішча сярод гэтых людзей, быў не чым іншым, як пераніцаванымі забабонамі...

Віўся ўгору блакітны дымок. Шумеў дапатопны вентылятар. Наведнікаў трое, і, на шчасце, усе трое нібыта карэйцы. Дваіх з першага пагляду не адрозніш ад японцаў, але іх беглая гаворка па-карэйску сведчыла, што яны сапраўдныя карэйцы. Хоць быў яшчэ толькі поўдзень, трое апаражнілі ўжо цэлую батарэю піўных пляшак, а гэта яшчэ болей распаліла іх і так экспансіўную манеру гаварыць.

Я лёгенька дакрануўся да маскі каля шчок, каб праверыць, ці ўсё ў парадку, і адразу заразіўся іх весялосцю. А можа, псіхалагічна растлумачваецца гэта таксама, як жаданне жабракоў пагаварыць пра сваіх багатых сваякоў, — такіх можна часта сустрэць у раманах. Але як сабе ні было, заказаўшы смажанае мяса і кіруючыся да крываногага століка, я адчуў сябе ледзь не кінаакцёрам.

Па сцяне поўзаў таракан. Згарнуўшы газету, што нехта забыўся на стале, я змахнуў яго на падлогу. Потым стаў рассеяна чытаць загалоўкі — звычайныя аб’явы: «Патрэбны», «Што ідзе ў кіно, мюзік-холах, забаўных установах»... Спалучэнне ўсіх гэтых іерогліфаў неяк дзіўна распаліла маю фантазію. Скрозь аб’явы перада мною адкрыўся краявід, поўны загадак і намёкаў, а балбатня трох карэйцаў служыла ідэальным акампанементам.

Там стаяла попельніца, якая ўгадвала лёс. Яна была адмыслова сканструявана: калі ў яе апускалі дзесяцііенавую манету і націскалі кнопку, з адтуліны ўнізе выскоквала згорнутая паперка велічынёю з запалку. Маю маску ахапіў, здавалася, такі бесклапотна-вясёлы настрой, што і яна вырашыла паспрабаваць шчасця. Я разгарнуў паперку — мой лёс быў вызначаны так.

«Невялікая ўдача: чакай і дачакаешся. Калі ўбачыш чалавека з радзімкаю пад вокам, ідзі на захад».

Я ўжо гатовы быў засмяяцца, але тут адзін карэец загаварыў раптам па-японску. Павярнуўшыся да дзяўчыны, якая прынесла маё снеданне, ён моцна сказаў:

— Гэй ты, дзеравеншчына, у цябе твар, як у карэйскае дзеўкі. Праўда, якраз як у карэйскае дзеўкі.

Здавалася, ён не загаварыў, а зароў. Ад перапалоху ўтуліўшы галаву ў плечы, быццам ён здзекаваўся з мяне, я зірнуў крадком на афіцыянтку, але яна, не выказваючы ніякае трывогі, паставіла перада мною талерку з мясам і, як быццам далучаючыся да рогату трох таварышаў, расплылася ўсмешкай. Я разгубіўся. Можа, у выразе «карэйская дзеўка» не было таго благога сэнсу, які мне здаўся? Калі праўду, якраз гэты крыкун сярэдніх гадоў быў самы неачэсаны з іх, і, як нікому другому, яму найболей падыходзіла азначэнне «дзеравеншчына». Мяркуючы па іх вясёлай балбатні, можна было здагадацца, што яны проста жартавалі самі з сабою. Дый не выключана, што і дзяўчына таксама была карэянка. I няма ніякага дзіва, калі карэйцы яе веку ведаюць толькі японскую мову. Тады той выраз пра дзеўку не толькі не быў насмешкаю, а, наадварот, мог успрымацца як дружалюбны вокліч адабрэння. Гэта праўда. Не стане ж карэец ужываць слова «карэйскі» ў благім сэнсе.

I вось, пакуль я меркаваў так і гэтак, мяне стала мучыць сумленне: я подла ашукваў сябе, робячы выгляд, быццам у мяне да карэйцаў вялікая прыхільнасць. Выказваючыся фігуральна, мая пазіцыя была такая: белы жабрак па-сяброўску абыходзіцца з каляровым каралём. Хоць забабоны ў аднолькавай меры пашыраліся і на іх, і на мяне, прырода забабонаў была розная. Яны мелі права высмейваць носьбітаў забабонаў, а я не меў. Яны мелі сяброў, з якімі ядналі сілу ў барацьбе з забабонамі, а я не меў. Калі б я вырашыў заняць з імі адно становішча, мне давялося б смела скінуць маску і выставіць напаказ гнездзішчы п’явак. I мне давялося б склікаць здані, якія не маюць твару... Не, недарэчнае меркаванне. Ці можа знайсці сяброў чалавек, які сам сябе не любіць?

Натхненне адразу астыла, усё абрыдла, і мне нічога не аставалася, як вярнуцца ў сваё сховішча, зноў адчуваючы, што пачуццё сораму пранікла ва ўсе поры. Але перад самым домам — няўжо я так змяніўся? — я зноў выкінуў дурны выбрык. Толькі я, нічога не падазраючы, павярнуў за вугал, як сутыкнуўся нечакана з адміністратараваю дачкою.

Прыпёршыся да сцяны, яна няўмела гуляла з ё-ё[3]. Ё-ё быў вялізны, блішчаў золатам. Я стаў як укопаны. Гэта было ўжо зусім неразумна. Дарожка, па якой я ішоў, канчалася тупіком і патрэбна была толькі таму, хто карыстаўся стаянкаю аўтамашын за домам ці чорнаю лесвіцаю. Пакуль я сам не назавуся адміністратаравай сям’і «малодшым братам», не варта ў масцы хадзіць з чорнага ходу. Праўда, найлепей, напэўна, калі б я прайшоў як нічога і не было, бо дом толькі што пастаўлены і амаль усе жыльцы новыя, але... Я зрабіў быў спробу падбадзёрыцца, ды было ўжо позна... Дзяўчынка таксама нібыта заўважыла маю збянтэжанасць. Як жа выйсці з гэтага становішча?

— У тым пакоі, — і, разумеючы, якое недарэчнае тлумачэнне, але не могучы прыдумаць нечага лепшага, — мой брат там жыве... Цяпер ён дома? У яго ўвесь твар во гэтак забінтаваны... Ты яго, напэўна, ведаеш?





Але дзяўчынка толькі ледзь-ледзь пашавялілася, нічога не адказваючы і не мяняючы выразу твару. Я адчуваў сябе злоўленым. Ці не заўважыла яна чаго-небудзь? He, не павінна... Калі верыць яе бацьку — адміністратару, дарма што на выгляд яна амаль дзяўчына, невядома, ці зможа яна па сваім разумовым развіцці вучыцца нават у пачатковай школе. Здаецца, калі яна была зусім маленькая, ліхаманка ўскладнілася менінгітам, да канца яна так і не вылечылася. Кволы, як крылцы ў насякомых, рот. Дзіцячы падбародак. Вузкія, пакатыя плечы. I кантрастуе з імі тонкі, як у дарослае, нос. Вялікія, авальныя, пустыя вочы... Мусіць, я не памыліўся, адразу так падумаў пра яе.

Але нешта ў маўчанні дзеўчаняці выклікала адчуванне няёмкасці, якое не дазваляла проста прайсці міма. Каб прымусіць яе загаварыць, я сказаў першае, што прыйшло ў галаву.

— Вялікі ё-ё, праўда? Добра падскоквае?

Дзяўчынка задрыжала ад перапалоху і, схаваўшы цацку за спіну, задзірыста адказала:

— Мая, я не хлушу!

Я ледзь не зарагатаў. I ў той жа час мне захацелася яшчэ крышку яе пацвяліць. I адплаціць ёй за тое, што яна прымусіла мяне перажыць непрыемныя хвіліны, за тое, што падняла крык, першы раз убачыўшы забінтаваны мой твар. Хоць дзяўчынка і разумова адсталая, яна была прыгожая, як эльф. Калі ўсё пойдзе як трэба, размова з ёю паможа хоць часткова адабраць у маскі ўладу, якая становіцца ўсё болей небяспечная.

— Праўда? А чым ты дакажаш, што не хлусіш?

— Вы паверце мне. Я ж нічога благога не раблю.

— Добра, веру. Але мне здаецца, на ё-ё нечае другое імя напісана.

— Ды ў гэтым няма нічога такога. Даўным-даўно адна кошачка сказала... Падобная на нашу, не пярэстая, а такая, зусім, зусім белая кошачка...

— Добра, ты мне яе пакажаш?

— Я вельмі моцна берагу сакрэты.