Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 54 из 82

Усе бароды, што ёсць, не абмяжоўваюцца, ведама, бандыцкімі ці гераічнымі. Ёсць бароды прарокаў, ёсць бароды, як у Леніна, ёсць бароды еўрапейскіх арыстакратаў. Ёсць бароды Кастра, ёсць, не ведаю, як яны называюцца, надзвычай сучасныя бароды, іх любіць насіць моладзь, якая строіць з сябе людзей мастацтва. Хоць і цяжка пазбегнуць крыху эксцэнтрычнага выгляду, калі ты з барадою і ў цёмных акулярах, але — нічога другога мне не аставалася — трэба было хоць бы пастарацца зрабіць усё так умела, каб яна не выклікала агіды.

Ты ўсё бачыла і ўсё ведаеш сама, і наўрад ці трэба зноў гаварыць, які поспех мела мая работа. Мне самому не хацелася яе ацэньваць, ды я і не ведаў, ці змог бы яе змяніць, — тое, што атрымалася, задавальняла мяне. Праўда, дакоры сумлення былі, але...

Я зусім выпадкова ўжыў словы «дакоры сумлення», але, калі ўдумацца, у іх глыбокі сэнс. Думкі мае яшчэ не выліліся ў словы, не акрэсліліся. I гэта выклікала нейкае непрыемнае адчуванне, быццам прышчык на языку, які пачынаў шчымець, толькі разявіш рот — адчуванне, якое перасцерагала мяне: не балбачы лішняга...

У тую ноч, калі я кончыў нарэшце бараду, на вялікім пальцы на правай руцэ пінцэт пакінуў чорны крывавы мазоль. Боль, ад якога я ажно змакрэў, вугельчыкамі гарэў у вачах. Колькі я іх ні выціраў, зноў і зноў выступалі слёзы, ліпкія, як разбаўлены мёд, і вочы туманіліся, як брудныя шыбы ў акне. Калі я падняўся, каб пайсці ў ванну памыцца, ужо світала — я і не заўважыў, як прайшла ноч. У тую хвіліну, калі я міжволі адвярнуў твар ад яркіх блікаў ранішняга сонца, рассечаных рамаю ў акне, мозг пранізала пачуццё, якое аднойчы я ўжо зведаў.

Я ўспомніў адзін свой сон. Гэта быў сон, падобны на стары нямы фільм, які пачынаўся з вельмі мірнае сцэны: аднойчы ў канцы лета ці ў самым пачатку восені я, мне было тады гадоў дзесяць, а можа, і меней, рассеяна сачыў, як бацька, вярнуўшыся з працы, здымае ў пярэдняй чаравікі. Але раптам свет валіцца. Вярнуўся яшчэ адзін бацька. I гэты бацька, як ні дзіўна, такі самы чалавек, як і той бацька, — толькі другі ў яго капялюш. У таго бацькі — саламяны капялюш, а ў гэтага — мяккі, фетравы. Убачыўшы бацьку ў саламяным капелюшы, бацька ў мяккім капелюшы з пагардаю паглядзеў на яго і вельмі рэзкім жэстам паказаў яму, што ён пераблытаў адрас. Тады той, што быў у саламяным капелюшы, зусім збянтэжаны, з чаравікам у руцэ, сумна ўсміхнуўся, выскачыў з хаты. Сэрца разрывалася ў мяне ў грудзях, калі я, зусім яшчэ дзіця, глядзеў яму ўслед... Тут фільм абарваўся. I пасля яго астаўся толькі горкі асадак.

Яго можна было б назваць дзіцячым успрыманнем змены пораў года... Але калі б справа была толькі ў гэтым, хіба зберагліся б за дзесяткі гадоў так выразна і ярка ўсе пачуцці, якія зведаў я тады? Наўрад. Два капелюшы, якія я ўбачыў, былі нечым іншым. Можа, сімвалам ашуканства, недапушчальнага ў адносінах паміж людзьмі... Пэўна можна сказаць толькі адно: змена капелюша прывяла да таго, што давер, які быў у мяне раней да бацькі, быў цалкам падарваны. Напэўна, з таго часу мне заўсёды было сорамна за бацьку.

Але цяпер пазіцыі нашы перамяніліся. Цяпер была мая чарга апраўдвацца. Я разглядаў у люстэрку чырвоных п’явак, якія ўкрылі мой твар, і гэта падганяла мяне хутчэй зрабіць маску. Усё роўна не я павінен саромецца. I калі ўжо ёсць такія, у каго напраўду павінна балець сэрца, дык гэта, найхутчэй, людзі, якія не прызнаюць, што можа жыць чалавек без твару — яго пашпарта, — і тым самым хаваюць мяне жывога. Хіба няпраўда?

Зноў настроіўшыся агрэсіўна, я вярнуўся да маскі. Бессаромна аброслая фізіяномія... Фізіяномія з вытырклым носам... У вочы кідаецца толькі яе задзірысты выгляд. Непрыемнае ўражанне, напэўна, ад таго, што бачыш паасобныя часткі, — я прыставіў маску да сцяны і, адышоўшыся на некалькі крокаў, стаў разглядаць яе праз складзеныя трубкаю далоні. Я не адчуў радасці ад таго, што работа скончана, мусіць, я болей маркоціўся, што гэты чужы твар паступова завалодвае мною.





Напэўна, гэта ад ператамлення, падбадзёрваў я сябе. Заўсёды ж у мяне гэтак было, калі я канчаў вялікую працу. Радасць завяршэння зведвае толькі той, хто не мае ніякай адказнасці за вынікі працы. Можа, я яшчэ несвядома зазнаваў уплыў беспадстаўнага ўсталяванага меркавання адносна твару. Колькі б я ні змагаўся з абагаўленнем твару, не было ніякай гарантыі, што ў глыбіні свядомасці не астанецца каранёў гэтага ліха. Вось так людзі, якія не вераць у здані, усё роўна баяцца цемры.

Тады я вырашыў любымі сродкамі загнаць сябе ў працу. Каб ведаць да канца, што за маска атрымалася, паспрабую яе надзець. Спачатку я закасаў яе пад вушамі, адцягнуў каля падбародка, зняў з губ, выцягнуў трубку з ноздраў і садраў яе са злепка. Яна павісла мяккім мяшочкам, у які кладуць сухі лёд. Потым нацягнуў яе на твар. Тэхнічных памылак нібыта не было. Быццам доўга ношаная, яна добра прылегла да твару — я пракаўтнуў камячок, які стаяў у горле.

Зірнуў у люстэрка. На мяне холадна глядзеў незнаёмы чалавек. Як я і чакаў, няма ні рыскі, якая нагадвала б мяне. Поўнае пераўвасабленне. I колер, і глянец, і поўнае адчуванне скуры, — увогуле, можна гаварыць пра поспех. Але адкуль жа гэтая ненатуральнасць? Можа, люстэрка кепскае... Ці святло падае неяк ненатуральна... Я рыўком адчыніў аканіцы і ўпусціў у пакой сонца.

Вострыя асколкі промняў, вібрыруючы, як шчупальцы насякомых, праніклі ва ўсе куткі маскі. Выразна ўсплылі на паверхню поры, дробныя ранкі, нават разгалінаваныя найдрабнейшыя вены. I нідзе нельга было заўважыць дэфекту. Але ў чым жа тады прычына, што я быў незадаволены? Ці не таму ўжо, што маска нерухомая і страціла выраз? Нешта такое, што нагадвае непрыемны, ажно жах бярэ, твар нябожчыка, нарумянены пад жывое. Паспрабаваць хіба пашавяліць якім-небудзь мускулам? Спецыяльна я яшчэ нічога не падрыхтаваў, каб прыклеіць маску да твару, — я збіраўся выкарыстаць што-небудзь накшталт клею ці ліпучага пластыру, але меншай канцэнтрацыі, — дык не змагу дакладна перадаць маскаю рухаў мускулаў, відаць, мне ўдасца зрабіць гэта толькі каля носа і рота, дзе маска найболей шчытна прылягае да твару.

Найперш напружу куткі рота і паспрабую крышку расцягнуць іх управа і ўлева. He дарэмна я так уважліва паставіўся да анатамічнае праблемы, бо яна дала мне вельмі многа клопату, — слой за слоем накладваўся матэрыял, які мае пэўную накіраванасць. Натхніўшыся, я вырашыў паспрабаваць цяпер усміхнуцца папраўдзе. Але маска ані не ўсміхалася. Толькі крышку скрывілася. Цяпер у ёй адчувалася смерць куды болей, чым калі яна была нерухомая. Я разгубіўся, мне здалося, што нітачка, якая звязвае мае вантробы, парвалася, і ў грудзях стала пуста.

...Але я не хачу, каб ты мяне няправільна зразумела. У мяне ж і ў думках не было стаць у трагічную позу, гандляваць сваім няшчасцем. Ці добра, ці блага, але гэта была маска, якую я сам сабе выбраў. Твар, да якога я нарэшце прыйшоў пасля шматлікіх эксперыментаў. Калі я незадаволены, дык лепей самому і перарабіць, як мне падабаецца. А калі пытанне не ў тым, як яна зроблена, што ж мне тады рабіць? Ці змагу я пасля пакорліва прызнаць, што гэта мой твар, і безагаворачна прыняць яго? I тады я адчуў, што гэтая спустошанасць, ад якой я зусім заняпаў духам, была выклікана не так разгубленасцю перад новым тварам, як безвыходнасцю знікнення, быццам я ўбачыў, як мой асабісты вобраз хаваецца ад мяне пад шапкаю-невідзімкаю. А калі так, ці ўдасца мне здзейсніць далейшыя планы?

Выраз твару нагадвае гадавыя кольцы, якія выразаюцца жыццём, і, можа, дарэмна я адразу не паспрабаваў засмяяцца. Жыццёвыя ўмовы выклікаюць паўтор пэўных выразаў твару, і яны застываюць, напрыклад, у выглядзе маршчын, складак. Твар, які заўсёды ўсміхаецца, прывыкае да натуральнае ўсмешкі. I, наадварот, сярдзіты твар прывыкае да сярдзітага выразу. Але на маёй масцы, як на твары ў немаўляці, не адбілася ніводнага гадавога кальца. Як бы ні ўсміхалася дзіця, надзеўшы твар саракагадовага, яно будзе падобнае на пярэваратня. Безумоўна! Абавязкова! Таму першае, што я ўключу ў план пасля таго, як затаюся ў сваім сховішчы, — прывучыць маску да маршчын. Калі гэта ўдасца, маска стане мне родная, зручная пры карыстанні. Я, увогуле, з самага пачатку прадбачыў нешта падобнае, і таму цяпер не было ніякіх падстаў адчайвацца. Спрытна падмяніўшы адно пытанне другім, я не толькі не прыслухаўся да ўколаў сумлення, а, наадварот, паступова вязнуў усё глыбей і глыбей.