Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 44 из 82

З другога боку, нельга таксама ігнараваць і той факт, што той самы партрэтны жывапіс з вякамі мяняў свой характар: пераносіў пункт погляду ад класічнай гармоніі твару і душы да індывідуальнага выразу, які, напэўна ж, страціў гэтую гармонію, і дайшоў да канчатковага разбурэння ў васьмівугольных тварах Пікасо ці ў «Фальшывым твары» Клее.

Дык у што ж тады верыць? Калі б у мяне папыталіся, якое маё асабістае жаданне, я, ведама, спыніўся б на апошнім пункце погляду. Я думаю, было б дужа наіўна выпрацоўваць твару нейкія аб’ектыўныя крытэрыі — гэта ж не выстаўка сабак. Нават у дзяцінстве асацыіраваў я ідэальную асобу, якою хацеў бы я стаць, з пэўным тварам.

ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ. Высокая супраціўляльнасць дзякуючы высокай ступені прыстасавальнасці.

Натуральна, рамантычнае, неардынарнае аблічча факусіравалася ў маім уяўленні скрозь туманную лінзу. Але я не павінен быў вечна знаходзіцца ў шчаслівым сне. Гатовыя грошы даражэйшыя за любы вэксаль. Не аставалася нічога іншага, як плаціць толькі за тое, што я мог аплаціць тым тварам, які меў на самай справе. Можа, мужчыны пазбягаюць касметыкі, працівячыся імкненню зняць адказнасць за свой твар. (Безумоўна, жанчыны... Жаночая касметыка... Калі ўдумацца, ці не таму яны хапаюцца за касметыку, што гатовыя грошы ў іх канчаюцца?..)

Дык вось, я не прыходзіў ні да якога рашэння. Адчуваючы нейкую нямогласць, быццам перад прастудаю. Але ўсе мае цяжкасці былі звязаны толькі з абліччам, і таму я прадаўжаў біцца адзін над тэхнічнымі праблемамі, якія мелі дачыненне да іншых частак маскі.

Трэба было падумаць і пра фармоўку маскі з сярэдзіны. Хоць я і гаварыў, што мне стварылі ўсе ўмовы, у лабараторыі я не хацеў дужа далёка заходзіць з сваёю працаю і вырашыў перавезці ўсё патрэбнае абсталяванне дахаты і паставіць у кабінеце. (А ты, здаецца, падумала, што імпэт, з якім я працую, — гэта кампенсацыя за раны на твары, і, праслязіўшыся, спрабавала памагчы мне. Безумоўна, гэта была кампенсацыя, але імпэт быў не той, пра які ты думала. Я зачыніў дзверы ў кабінеце, дайшло да таго, што замкнуў на замок, адкідаючы нават тваю дабрату, калі ты спрабавала прынесці мне вячэру.)

Праца, у якую акунуўся я з галавою за зачыненымі дзвярыма, была вось у чым.

Найперш я падрыхтаваў таз такой велічыні, каб у яго ўлазіў увесь твар, наліў раствору альгінакіслага калію, гіпсу, фасфату натрыю і крэмнію і, паслабіўшы мімічную мускулатуру, паволі апусціў туды твар. Раствор застывае за тры-пяць мінут. Гэтулькі часу не дыхаць я не мог і таму ўзяў у рот тонкую гумовую трубку, а канец яе вывеў за край таза. Уяві, што табе трэба некалькі мінут нерухома, з застылым тварам сядзець перад фотаапаратам. Гэта неймаверна цяжка. Пасля мноства няўдач — то свярбеў нос, то вока торгалася — на чацвёрты дзень я нарэшце дабіўся здавальняючага выніку.

Цяпер на чарзе была нікеліроўка атрыманай формы ў вакууме. Зрабіць гэта дома было немагчыма; я ўпотайкі прынёс яе ў лабараторыю і, хаваючыся ад чужых вачэй, зрабіў усё, што было трэба.





Нарэшце асталіся апошнія даробкі. У тую ноч, пераканаўшыся, што ты пайшла спаць, я паставіў на пераносную газавую плітку жалезную каструлю са сплавам свінцу і сурмы. Расплаўленая сурма прыняла колер какавы, у якую плюхнулі надта многа малака. Калі я стаў асцярожна ўліваць раствор у форму з альгінакіслага кальцыю, пацягнутую слоем нікелю, угору паволі паплылі кропелькі белае пары. З дзіркі, пакінутай гумоваю трубкаю, праз якую я дыхаў, а потым і адусюль, паўз краі формы, моцна пайшоў блакітны, празрысты дымок. Відаць, згарала альгінавая кіслата. Такі быў смурод, што я адчыніў акно. Марозны студзеньскі вецер, нібыта кіпцямі, драў у ноздрах. Перавярнуўшы форму, я выслабаніў зацвярдзелы злепак з сурмы і астудзіў альгінакіслую аснову, якая яшчэ дымілася, апусціў яе ў таз з вадою. Са стала на маё крывава-чырвонае гнездзішча п’явак глядзелі зборышчы п’явак, якія цьмяна паблісквалі серабром.

Але ўсё ж ніяк не верылася, што гэта мой твар. Другі... Зусім другі... Я не мог уявіць, што гэта тыя самыя п’яўкі, якія, дзякуючы люстэрку, да агіды мне знаёмыя... Безумоўна, гэты злепак твару з сурмы і мой адбітак у люстэрку — у іх левы і правы бакі памяняліся месцамі, і, можа, таму між імі бачылася пэўная розніца. Аднак такую самую розніцу колькі хочаш можаш бачыць з дапамогаю фатаграфіі, і гэта не так ужо важна.

Потым была, напэўна, праблема колеру? З кнігі французскага доктара Анры Блана «Твар», якую знайшоў у бібліятэцы, я дазнаўся, што паміж колерам твару і яго выразам сувязь намнога цяснейшая, чым можна пра гэта думаць. Напрыклад, гіпсавая пасмяротная маска, калі надаць ёй пэўны колер, можа быць ці мужчынскаю, ці жаночаю маскаю. Тое самае можна бачыць і на такім прыкладзе: варта зрабіць чорна-белую фатаграфію мужчыны, пераадзетага ў жанчыну, і маскарад адразу будзе разгаданы. Значыць, усё залежыць ад колеру. Амаль непрыкметныя патаўшчэнні на злепку з сурмы, — калі не падае святло, іх і не згледзіш... Ледзь заўважныя няроўнасці — яны не вартыя, напэўна, усіх гэтых хваляванняў з маскаю. На нейкае імгненне я нават падумаў, ці не шарахаюся я ад прывіду, ці не ваюю з ворагам, створаным маёю фантазіяй. Але, можа, калі нават гэтыя спляценні металічных п’явак пафарбаваць у крывава-чырвоны колер мяса, дык яны імгненна пакажуць сваю пачварнасць. Хто яго ведае. Так шкада, што чалавек зроблены не з металу.

Калі колер такі важны, пры канчатковай фармоўцы маскі трэба вельмі ўважліва зрабіць афарбоўку. Быццам сляпы, які радуецца любому адчуванню, пяшчотна гладзячы яшчэ цёплы злепак з сурмы, я востра адчуў, які цярністы шлях да вырабу маскі, калі заканчэнне аднае работы адразу паварочваецца яшчэ адной цяжкасцю. Напраўду, я задумаў дзёрзкі выклік. Нават калі гаварыць пра аб’ём выкананай работы і пра затрачаны час, я павінен быў бы пайсці вельмі далёка, але варта падумаць і пра тое, што да гэтага часу я яшчэ зусім не браўся за галоўнае — за выбар прататыпа. Да гэтага прыбавілася новая цяжкасць — колер. Ці настане імгненне, калі я змагу ажыццявіць сваю мару — пачаць новае жыццё ў вобразе другога чалавека?..

Былі, ведама, не толькі благія прыкметы. Блукаючы ў думках паміж складкамі металічных п’явак, я думаў пра тое, якая недарэчная роля, якую выконвае твар: з-за патаўшчэнняў на некалькі міліметраў чалавек павінен цярпець ганенні, як бадзяжны шалудзівы сабака, і раптам, быццам з вачэй упала заслона, я выявіў слабае месца ў галоўнага свайго ворага.

Гэтыя металічныя п’яўкі самі па сабе могуць існаваць толькі як негатывы для стварэння ўнутранага боку маскі. Іншымі словамі — адмоўнае існаванне, якое павінна быць прыкрыта і знішчана з дапамогаю маскі. Але ці толькі гэта? Ведама, адмоўнае існаванне, гэта безумоўна. Але калі не зрабіць яго асноваю, не можа існаваць і маска, якая павінна яго знішчыць. Дык вось, металічная аснова — гэта мэта, якую маска павінна знішчыць, і адначасна — зыходны пункт стварэння маскі.

Уявім сабе праблему крыху канкрэтней. Напрыклад, калі гаварыць пра вочы — іх астаецца толькі выкарыстаць, не мяняючы ні размяшчэння, ні формы, ні велічыні. Але, дапусцім, я асмеліўся і прыклаў да іх рукі, тады, пазначыўшы як мяжу размяшчэнне вачэй, ці павінен зрабіць я выпуклы толькі лоб, які ляжыць над ёю, ці, наадварот, зрабіць выпуклую толькі частку твару, якая ляжыць пад ёю, а калі не тое і не другое, — можа, зрабіць лупатыя вочы і моцна выстаўлены наперад твар? Могуць быць толькі гэтыя варыянты. Тое самае можна сказаць, калі справа дойдзе да носа ці рота. Тады выбар тыпа твару ўжо не здасца такім няясным. Абмежаванне? Можа, і абмежаванне. Але, па мне, гэта куды лепей, чым танная, эфемерная свабода. Ва ўсякім выпадку, яно паказвала мне мэту, якой я павінен дасягнуць. I нават калі я пайду кружною дарогаю памылак, спачатку найлепей паспрабаваць правільна змадэліраваць твар і, падганяючы яго да арыгінала, вывучыць, які тып найболей падыходзіць. Гэтая дарога мне найболей падыходзіла. (He вучоны, а ўсяго толькі тэхнік, — так гавораць пра мяне калегі, і, можа, у нечым іх праўда.)