Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 45 из 82

Прыкладваючы палец да розных частак металічнае асновы, прыкрываючы яе абедзвюма рукамі, засланяючы яе, я, сам таго не заўважаючы, аддаўся марам. Якая ўсё ж гэта тонкая штука... Даволі крануць пальцам — і вось ужо другі чалавек, і не тое што брат ці дваюрадны брат... Прыкладзеш далонь — зусім незнаёмы... З таго часу, як я ўзяўся рабіць маску, напэўна, упершыню ў мяне быў такі бадзёры, дзейны настрой.

...Напраўду, можна смела сказаць: тое, што я перажыў у тую ноч, было вельмі важнаю вяршыняю ўсяе мае працы. Яна не была такая ўжо крутая, не была і велічна-высокая, але затое, здаецца мне, у ёй угадвалася выдатная мясціна рэльефу, якая давала пэўны кірунак водам, што выцякалі з крыніцы, і валодала, увогуле, вялікаю сілаю, якое хапала, каб кіраваць патокам. I гэта таму, што з таго моманту паміж праблемаю крытэрыю выбару твару і праблемаю тэхнічнага ўвасаблення плана ў жыццё, якія да гэтага часу ішлі як дзве паралельныя лініі, сапраўды пралегла нешта падобнае на ледзь пазначаны канал. Злепак твару з сурмы, хоць і не даваў ніякіх перспектыў у сэнсе метаду вырабу маскі, падбадзёрваў мяне, даваў веру ў тое, што, дзякуючы штодзённай канкрэтнай рабоце, мае магчымасці будуць усё болей пашырацца.

Я вырашыў назаўтра раніцаю купіць гліны і пачаць мадэліраваць твар. Выразнай мэты ў мяне не было, і я ішоў да яе вобмацкам. Звяраючыся з анатамічным атласам мімічнае мускулатуры, я накладваў адзін на адзін тонкія слаі гліны. Праца трагічна напружаная, нібыта ўдзельнічаеш у працэсе эмбрыянальнага развіцця чалавека, быццам крытэрый выбару, які, увогуле, і не ўхопіш, пачынае зацвердзяваць, нібыта астуджаны жэлацін, — з такім адчуваннем я паступова надаваў форму падатліваму матэрыялу. Ёсць геніяльныя сышчыкі, якія знаходзяць злачынца, седзячы ў крэсле, а ёсць звычайныя сышчыкі, якія, не шкадуючы ног, ганяюцца за доказамі. Я таксама найболей люблю дзейнічаць, працаваць рукамі.

Якраз у гэты час я зноў зацікавіўся кнігаю Анры Блана «Твар», якую я ўжо ўспамінаў. Калі яна першы раз трапілася мне на вочы, аналіз у ёй прыняў я за скрупулёзную класіфікацыю, якую так любяць вучоныя, і нават падумаў з раздражненнем: ну што могуць даць усе гэтыя разважанні мне, чалавеку, занятаму канкрэтнаю справаю. Але калі я літаральна навобмацак падышоў да праблемы стварэння маскі, дык выявіў нарэшце, што ў Бланавай тэорыі формаў ёсць нешта большае, чым тое, што можна знайсці ў звычайным даведніку. Вось гэтак здаецца, што карта знаёмай мясціны і карта чужое краіны зусім розныя.

У агульных рысах Бланава класіфікацыя мае такі выгляд.

Спачатку рысуецца вялікая акружнасць, цэнтрам якой служыць нос, а радыусам — адлегласць ад кончыка носа да нізу падбародка. Потым рысуецца малая акружнасць, радыус якой — адлегласць паміж носам і губамі. Залежна ад суадносін гэтых акружнасцяў твары падзяляюцца на два тыпы: з цэнтрам, зрушаным уніз, і з цэнтрам, зрушаным угору. А твары падзяляюцца на сухі і поўны. Такім чынам, усяго вылучаюцца чатыры тыпы твару:

1. Цэнтр зрушаны ўніз, сухі — на лобе, шчоках, падбародку моцныя жаўлакі.

2. Цэнтр зрушаны ўніз, поўны — на лобе, шчоках, падбародку мяккія тлушчавыя адклады.

3. Цэнтр зрушаны ўгору, сухі — завостраны каля носа твар.

4. Цэнтр зрушаны ўгору, поўны — твар мякка выдаецца наперад каля носа.





Усе тыпы твару імі, ведама, не вычэрпваюцца. Гэтыя чатыры ствалы бясконца разгаліноўваюцца залежна ад сінтэзу шэрагу важных элементаў, якія ўзаемавыключаюцца, ад падкрэслівання пэўных частак, ад затушоўвання дэталяў. Але мне не было патрэбы ўдавацца ў тонкасці. I паколькі я накладваў слой за слоем, пачынаючы з ніжняга, можна было не прымаць усяго гэтага пад увагу. Галоўнае — не забыцца пра самае важнае, а далей хай ідзе як ідзе.

Калі разглядаць згаданыя чатыры асноўныя тыпы ў святле псіхамарфалогіі, дык атрымаем вось што. Першыя два — гэта тып людзей інтравертных, засяроджаных на сваім унутраным свеце, а два апошнія — экстравертных, засяроджаных на тым, што адбываецца вакол іх. Тыпы пад няцотнымі нумарамі варожыя ці, ва ўсякім выпадку, супраціўляюцца навакольнаму свету. Тыпы ж пад цотнымі нумарамі, наадварот, маюць тэндэнцыю прымірыцца з ім ці нават знаходзяцца ў згодзе. Шляхам спалучэння двух гэтых відаў класіфікацыі можна вызначыць спецыфічныя асаблівасці кожнага тыпа.

Калі ж прыбавіць да метаду класіфікацыі ідэю таго самага Блана пра каэфіцыент мімікі, дык праблема набудзе яшчэ большую стройнасць. Каэфіцыент мімікі — гэта колькаснае вызначэнне ўплыву на выраз твару кожнага з размешчаных па ступені рухомасці дзевятнаццаці пунктаў, выбраных болей чым з трыццаці мімічных мускулаў. Вельмі цікавы і метад, якім праводзіўся падлік. Паслядоўна сфатаграфаваўшы прыкладна дванаццаць тысяч выпадкаў выяўлення радасці і смутку і метадам праектавання падзяліўшы на гарызанталі, як тапаграфічную карту, Блан вызначыў сярэднюю велічыню рухомасці кожнага пункта. Вывады, да якіх ён прыйшоў, у агульных рысах такія. Шчыльнасць каэфіцыента мімікі асабліва высокая ў трохвугольніку, абмежаваным кончыкам носа і куткамі губ. Потым яна паступова памяншаецца ў такой паслядоўнасці: мясціна паміж ротам і скуламі, мясціна пад вачыма і, нарэшце, пераносіца. Самы нізкі каэфіцыент мае лоб. Такім чынам, мімічная функцыя канцэнтруецца ў ніжняй частцы твару, найперш вакол губ.

Усё гэта — размеркаванне каэфіцыента залежна ад месца. Але на яго ўплывае і характар падскурнае тканкі. Шчыльнасць каэфіцыента падае прапарцыянальна яе таўшчыні. I ўсё ж, мабыць, гэта не тое самае, калі невялікі каэфіцыент і калі няма мімікі. Нават пры высокай шчыльнасці каэфіцыента можа быць колькі хочаш выпадкаў без мімікі, а пры вельмі малым каэфіцыенце бываюць выпадкі з багатаю мімікаю. Вынікае, што мімікі можа не быць і пры высокай і пры нізкай шчыльнасці каэфіцыента.

ПАСТСКРЫПТУМ. Можа, паспрабуем ужыць Бланаў метад класіфікацыі да нашых твараў? Спачатку — да твайго. Калі гаварыць, які ён, дык яго варта, мабыць, залічыць да твараў з цэнтрам, зрушаным угору. Падскурная тканка мае тлушчавыя адклады. Значыць, ён набліжаецца да чацвёртага тыпу: каля носа твар выдаецца крыху наперад. З пункту погляду псіхамарфалогіі ты належыш да людзей экстравертных, засяроджаных на тым, што адбываецца вакол іх, і жывеш у згодзе з навакольным асяроддзем. Каэфіцыент мімікі параўнальна нізкі, і выраз твайго твару стабільны, мала паддаецца ваганням.

Ну як? Спадзяюся, якраз пацэліў? Ты, здаецца, сама расказвала, што ў школе табе далі мянушку Бодысатва. Калі я першы раз пачуў гэта, дык зарагатаў. Што ж мяне так рассмяшыла? Калі ўдумацца, дык я, мусіць, зусім няправільна ўяўляў і Бодысатву і цябе. Вонкава ты, ведама, ані не была падобная на статую Буды. Ды калі б і захацела, не змагла б стаць такою халоднаю i непрыступнаю. Я б сказаў, што ў цябе, найхутчэй, тэмпераментны, пажадлівы твар. Калі ж паглядзець на цябе з сярэдзіны, дык, паводле Бланавай класіфікацыі, у табе напраўду ёсць рысы Бодысатвы. Засяроджанасць на тым, што адбываецца навокал, згодна з навакольным светам — гэта жывая гумовая сцяна таўшчынёю на метр. Бязмежна мяккая — яна ніколі не прычыняе болю. Твар з прыплюшчанымі вачыма, ледзь крануты ўсмешкаю, — як у статуі Буды. Чалавек з такім тварам перамагае голымі рукамі. Здалёку гэта такая замілаваная, прывабная ўсмешка. Але калі набліжаешся, яна пачынае расплывацца ў туман, які засцілае вочы. Я ад душы захапляюся чалавекам, які прыдумаў табе мянушку Бодысатва.

...Табе гэта здаецца яхіднасцю? Можа, калі сям-там выткнуліся калючкі, вінаваты ў гэтым толькі я, ты тут зусім ні пры чым. Напэўна, я належу да людзей, якія хваравіта ўспрымаюць дабрату другіх.

Цяпер мой твар... Ну добра... Ці варта гаварыць пра твар, які страчаны. Калі б мне надарыўся выпадак, я хацеў бы лепей паслухаць, як паводле Бланавай тэорыі разглядаць твары людзей племя саракаба, якія так мяняюць свае твары, што іх немагчыма падвесці ні пад адзін пункт класіфікацыі.