Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 42 из 82

Аднак у такім выпадку ўзнікае вельмі сур’ёзнае пытанне: ці не стане тады маска маім колішнім тварам у зусім нязмененым выглядзе? Любы спрактыкаваны рамеснік вылепіць на чэрапе твар і ўзновіць аблічча — яно будзе такое, як пры жыцці. I калі гэта адпавядае сапраўднасці, значыць, аблічча вызначаецца касцяком, які знаходзіцца пад скураю, і, значыць, трэба або выразаць косці, або ігнараваць анатамічныя асновы выразу твару (але тады нельга называць гэта выразам твару), — іншых спосабаў збавіцца ад твару, з якім нарадзіўся, няма.

Ад гэтых думак я разгубіўся. Выходзіла, што, з якім бы майстэрствам ні была зроблена маска, я надзену маску — дакладную копію свайго твару, — і ні пра якую маску ў поўным сэнсе гэтага слова не магло быць і гаворкі.

На шчасце, я ўспомніў пра свайго школьнага таварыша, які стаў спецыялістам у галіне палеанталогіі. У работу палеантолага ўваходзіць, напэўна, аднаўленне першапачатковага аблічча па акамянеласцях, знойдзеных пры раскопках. Я пагартаў адрасную кнігу і дазнаўся, што ён і цяпер працуе ва універсітэце. Хацеў абмежавацца тэлефоннаю размоваю, але, можа, таму, што пасля заканчэння школы прайшло так многа часу, ці таму, што тыя, хто займаецца палеанталогіяй, пранікаюцца любоўю да чалавека, ён, як нешта само па сабе зразумелае, прапанаваў дзе-небудзь сустрэцца і не захацеў гаварыць далей па тэлефоне.

Урэшце я згадзіўся. Не адмовіўся я з пратэсту супраць пачуцця сораму, якое зазнаваў да свайго забінтаванага твару. Але адразу ж мяне апякло жорсткае раскаянне. Ну што за паганая ганарлівасць! Адзін толькі бінт мой распаліць яго цікавасць, а тут яшчэ гэты забінтаваны чалавек пачынае дэталёва распытвацца пра анатомію твару, пра тэхніку аднаўлення першапачатковага аблічча, а гэта не з’яўляецца яго спецыяльнасцю. Ён, напэўна, падумае, ці не жулік перад ім, які, надзеўшы маску, хоча спакойна разгульваць па горадзе сярод белага дня. Калі ў яго напраўду ўзнікнуць такія падазрэнні, дык найлепей адразу адмовіцца ад сустрэчы. Дый я ненавідзеў вуліцу. У любым спагадлівым ці абыякавым паглядзе, — калі б гэта не мела дачынення да мяне, я б і не адчуў, — былі схаваны ржавыя, атручаныя іголкі. Вуліца гняце мяне. Аднак момант, калі я мог узяць свае словы назад, быў прапушчаны. Згараючы ад сораму, я паплёўся ў прызначанае месца. Нічога другога мне не аставалася.

Кавярня, дзе мы дамовіліся сустрэцца, стаяла на рагу добра знаёмай мне універсітэцкай вуліцы, таму я беспамылкова спыніў таксі каля самых яе дзвярэй і такім чынам змог дабрацца туды, не прыцягваючы нічые ўвагі. Затое таварыш мой так збянтэжыўся, што мне цяпер захацелася яму паспачуваць. I, можа, таму, што я ўбачыў гэта, да мяне вярнулася злосная абыякавасць. Не, абыякавасць не тое слова. Мне хочацца, каб ты ўявіла — гэта зусім не цяжка, — які я быў няшчасны, нібыта бадзяжны сабака, як я адчуваў, што само маё існаванне выклікае агіду ў прысутных. Адчайная адзінота, якая бачыцца ў вачах старога сабакі, які здыхае. Няўцешнасць, што чуецца ў звоне, які нясецца па рэйках, калі глыбокаю ноччу рамантуюць пуці. Я ўвесь быў скаваны, разумеючы, што, які б выраз ні спрабаваў я даць свайму твару, схаванаму пад бінтам і цёмнымі акулярамі, мой субяседнік яго не ўбачыць.

— Што, спалохаўся? — I, адчуўшы яго душэўны стан, ужо другім, лагодным, як начны ветрык, голасам гаварыў далей: — Абярнуў на сябе вадкі кісларод. Відаць, я маю схільнасць да ўтварэння келоідных рубцоў... Во як, увогуле, паршыва... Увесь твар спярэшчаны, быццам п’яўкі парылі на ім сабе норы. Бінт таксама не выйсце, але ўсё ж лепей, чым выстаўляць яго ўсім напаказ...

Мой субяседнік нешта прамармытаў, разгублены, але я не разабраўся. Яго прапанова зайсці куды-небудзь выпіць віна, некалькі разоў паўтораная бадзёрым голасам нейкае паўгадзіны назад, цяпер, здавалася, рыбінаю косткаю засела ў яго ў горле. Але цвяліць яго не ўваходзіла ў мае планы, таму я хутка перамяніў тэму гаворкі і перайшоў да справы. Таварыш мой, ведама, адразу скокнуў у гэтую выратавальную лодку. Тлумачэнні яго зводзіліся пераважна вось да чаго. Страшэннае перабольшанне думаць, што спрактыкаваны майстар можа ўзнавіць да драбніц першапачатковае аблічча. Агульнае размяшчэнне мышцаў — вось што ён можа даволі дакладна ўявіць, зыходзячы з анатамічнай будовы шкілета. Таму, калі паспрабаваць, напрыклад, па шкілеце рэканструяваць хоць бы нават адну будову такой жывёліны, як кіт, які мае асабліва развітыя падскурныя ўтварэнні і тлушчавы слой, атрымаецца незвычайная, ні на што не падобная істота, нейкая помесь сабакі з цюленем.

— Значыць, можна думаць, што і пры аднаўленні твару абавязкова будуць істотныя памылкі?

— Калі б беспамылковае аднаўленне першапачатковага аблічча было магчымае, дык шкілеты невядомага паходжання перасталі б існаваць. Чалавечы твар — гэта, ведама, не кіт, але аднавіць яго таксама вельмі складана. Тут не можа быць падробкі, як, нaпрыклад, y фотамантажы. Калі б нельга было цалкам адысці ад шкілета, дык найперш не паявіліся б пластычныя аперацыі касметычнага характару.

Тут ён прабегся вачыма па маім бінце, неяк няёмка запнуўся і прыкусіў язык. Можна было не пытацца, што замінае яму прадаўжаць. Хай думае, што хоча. Не цікавіла мяне гэта, бо ён, не хаваючы збянтэжанасці і нават не спрабуючы неяк апраўдацца, сядзеў насуплены, чырвоны.

ПАСТСКРЫПТУМ. У чым сапраўдная сутнасць сораму? Тут, можа, варта яшчэ раз успомніць той выпадак са спаленымі накладнымі валасамі. Цяпер усё было якраз наадварот: на мне ўбачылі накладныя валасы, і я прымушаю субяседніка чырванець. Але ці варта гэтак моцна хвалявацца з-за гэтага? А раптам іменна тут схаваны дзівосны ключ да разгадкі твару?





Які ён, аднак, няспрытны. Я знарок выбраў зусім бяскрыўдную, нейтральную тэму і нічым ужо не мог памагчы, калі ён сам зайшоў куды не трэба і пачырванеў. У асноўным я выведаў усё самае патрэбнае для майго плана, а які асадак астанецца ў яго пасля нашай сустрэчы, не мой клопат. Але тое, што выклікае пачуццё сораму, часта становіцца крыніцаю плётак. А я цярпець не магу, калі расказваюць пра нешта з такім выглядам, быццам паведамляюць пра падгледжанае праз шчыліну ў замку. Апрача таго, скаванасць майго субяседніка паступова перадалася і мне. I ўрэшце з агідаю я стаў ні з таго ні з сяго апраўдвацца, а гэтага ўжо зусім не трэба было рабіць.

— Пра што ты думаеш цяпер, я, увогуле, уяўляю. Калі паспрабаваць знайсці сувязь паміж вось гэтым бінтам і маімі пытаннямі, дык можна ўсё зразумець. Але, папярэджваю, ты дужа памыляешся. У мяне ўжо не тыя гады, каб мучыцца з-за скалечанага твару...

— Сам ты памыляешся. Няма чаго прыпісваць мне тое, чаго ў мяне няма.

— Калі памыляюся, дык добра. Але, мабыць, ты міжволі мяркуеш пра людзей па твары. ІІраўда? Зусім натуральна, што ты прыняў мой клопат так блізка да сэрца. Але калі ўдумацца, пасведчання асобы мала, каб пасведчыць чалавека. Пасля таго, што адбылося са мною, мне давялося многае перадумаць. Ці не занадта мы адданыя гэтым пасведчанням асобы? I ці не таму паяўляюцца ўвесь час калекі, занятыя фальсіфікацыямі і падробкамі?

— Згодзен, цалкам... Навошта фальсіфікацыі, яны зусім не патрэбны... Сярод надта размаляваных жанчын многа, кажуць, істэрычак...

— Але, з другога боку, хіба можна ўявіць чалавечы твар, калі гэта гладкае яйцо — без вачэй, без носа, без рота?..

— Ведама, не, бо нельга было б адрозніваць аднаго ад другога.

— Злодзея ад паліцэйскага... Злачынца ад пацярпелага...

— I сваю жонку ад жонкі блізкага свайго... — Быццам хапаючыся за выратавальны круг, ён закурыў і ціха засмяяўся. — Гэта было б здорава. Здорава, але ўзнікаюць сякія-такія пытанні. Вось, дарэчы, стане жыццё ад гэтага зручнейшае ці, наадварот, будзе нязручнае?..

Я засмяяўся разам з ім і вырашыў, што на гэтым размову трэба канчаць. Але мяне раптам зацягнула ў вір, у цэнтры якога быў твар, тут ужо і тармазы не памагалі. Пакуль цэнтрабежная сіла не вырвала з маіх рук вяроўку, я, добра разумеючы небяспеку, прадаўжаў круціцца. I нічога не мог зрабіць.