Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 41 из 82

Але ці не ёсць гэта прадузятае меркаванне, вытлумачальнае звычкаю лічыць, што душа і сэрца нешта ідэнтычнае, і сувязь з імі можа быць наладжана толькі з дапамогаю твару? Зусім жа не рэдкія выпадкі, калі дарога да цеснага адзінства сэрцаў — не бясконцае сузіранне, а чатырохрадкоўе, кніга, грампласцінка. Калі лічыць, што твар выключна патрэбен, тады найперш сляпыя пазбаўлены магчымасці характарызаваць чалавека. Хіба не гэтак? Мяне трывожыць, хутчэй, другое — ці не прывядзе схільнасць занадта лёгка апірацца на звыклае ўяўленне пра твар да адваротных вынікаў: да звужэння, фармалізацыі сувязяў паміж людзьмі? Выдатным прыкладам можа служыць вядомая ўсім вар’яцкая прадузятасць супраць колеру скуры. Даручаць недасканаламу твару, функцыі якога абмежаваны тым, каб служыць адрозненнем паміж чорным, белым і жоўтым, даручаць яму вялікую місію быць сцежкаю да душы — гэта і азначае пагарджаць душою.

ПАСТСКРЫПТУМ. Прачытаў напісанае і ўбачыў, што, адмаўляючы ўсякую залежнасць ад твару, я ўжыў даволі няхітрую падтасоўку. Ну, напрыклад, той неабвержны факт, што ўпершыню я заўважыў цябе дзякуючы твайму твару. I цяпер таксама, калі я думаю пра тую адлегласць, якая нас раздзяляе, меркаю служыць не што іншае, як надта вялікая аддаленасць выразу твайго твару. Напраўду, відаць, з самага пачатку мне трэба было паспрабаваць памяняцца з табою месцамі і проста ўявіць, што б здарылася, калі б твар страціла ты. Недаацэнка твару, гэтаксама як і пераацэнка яго, заўсёды нясе ў сабе элемент штучнасці. Узяць хоць бы тую гісторыю з накладнымі валасамі ў мае сястры. Я згадаў яе, напэўна, дзеля таго, каб растлумачыць сваё жаданне не надаваць вельмі вялікага значэння твару. Але, калі ўдумацца, яна наўрад ці падыходзіць да гэтага выпадку. Можа, гэта была проста цікавасць і адначасна агіда да ўсяго штучнага, што часта назіраецца ў падлеткаў, і гісторыя гэта, найхутчэй, гаворыць пра тое, што я надаваў твару вельмі вялікае значэнне. А можа, я проста раўнаваў сястру, якая збіралася адкрыць сваё сэрца перад некім чужым.

I яшчэ адно. Неяк мне давялося ў газеце ці ў часопісе прачытаць артыкул, дзе, як ні дзіўна, даказвалася, што карэйцы з прымессю японскай крыві робяць пластычныя аперацыі, каб быць болей падобнымі на карэйцаў. Гэта ўжо яўнае імкненне да рэабілітацыі твару, а пра іх жа пры ўсім жаданні не скажаш, што яны забабонныя. Увогуле, я так і не здолеў разабрацца ў самых простых рэчах. I калі надарыцца выпадак, мне абавязкова хацелася б папытацца ў карэйца, што параіў бы ён мне, чалавеку без твару.

Неўзабаве я... я стаміўся ад размовы з самім сабою пра твар, ад размовы, якая ні на крок не наблізіла мяне да вырашэння праблемы. У той жа час не было і асаблівай прычыны адмаўляцца ад свайго плана... I я ўвесь заглыбіўся ў вывучэнне тэхнічнага боку праблемы.

З тэхнічнага пункту погляду штучны палец таксама меў вялікую цікавасць. Чым болей прыглядаўся я да яго, тым болей дзівіўся з майстэрства, з якім ён быў зроблены. Ён гаварыў пра вельмі многае, як звычайны жывы палец. Мяркуючы па тым, як нацягнута скура, ён мог бы, напэўна, належаць трыццацігадоваму. Просты пазногаць... упадзіны з бакоў... глыбокія маршчыны на суставах... Чатыры маленькія парэзы ў рад, быццам жабравыя шчыліны ў акулы... Чалавек, бясспрэчна, лёгкай фізічнай працы.

У чым жа тады яго выродлівасць?.. Выродлівасць! Нейкая асаблівая выродлівасць — ён ні жывы ні мёртвы! Не, відаць, не таму, што ён нечым адыходзіць ад сапраўднага. А можа, узнаўленне занадта дакладнае (значыць, мая маска таксама)?.. Значыць, іменна залішняя адданасць форме прыводзіць да процілеглага выніку — да адыходу ад рэальнага. Можна надаваць вялікае значэнне твару, але толькі пасля таго, як убачыш яго выродлівасць!

Напраўду, сцверджанне, што занадта дакладная копія недакладная, зусім справядлівае. Але хіба можна ўзнавіць у сваёй памяці палец, які не мае формы? Гадзюка, якая не мае даўжыні, кацялок без аб’ёму, трохвугольнік без вуглоў... Не, такога не сустрэнеш, пакуль не паляціш да далёкіх зорак, дзе падобнае існуе. Інакш твар без выразу не быў бы нечым незвычайным. I тое, што мы некалі назвалі тварам, ужо не было б тварам. У гэтым сэнсе і маска мае права на жыццё.

Тады, можа, праблема ў рухомасці? Нерухомую «форму» дзіўна называць формаю. Вось хоць бы гэты палец — ён глядзеўся б намнога лепей, калі б быў рухомы. Каб пацвердзіць гэта, я ўзяў палец і пакратаў ім. I праўда, стаў ён болей натуральны, чым калі стаяў на стале. Пра гэта, значыць, непакоіцца няма чаго. Такім чынам, з самага пачатку я цвёрда вырашыў, што маска абавязкова павінна быць рухомая.

Але аставалася яшчэ нешта такое, што не задаволіла. Палец быў нечым агідны. Я стаў параўноўваць яго са сваім пальцам, надта ўважліва, пільна ўглядаючыся. Праўда, розніца ёсць... Калі гэта не з-за зрэзу і пытанне не ў рухомасці, дык... Можа, адчуванне скуры? Нешта ўласцівае толькі жывой скуры, што не можа быць імітавана толькі колерам і формаю?..

ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ I. Пра адчуванне эпідэрмы.

Эпідэрма чалавека, як я ўяўляю, ахоўваецца празрыстым слоем, які не мае пігменту. Значыць, адчуванне скуры, — гэта, магчыма, несапраўдны эфект, які выклікаецца промнямі, адбітымі паверхняю эпідэрмы, і промнямі, што часткова праніклі ўсярэдзіну і другі раз адбіліся слоем скуры, які мае пігмент. У выпадку з гэтаю мадэллю пальца падобны эфект не назіраецца, бо слой, які імітуе пігментную афарбоўку, выходзіць непасрэдна наверх. Пра аптычныя ўласцівасці эпідэрмы і празрысты слой яе трэба будзе распытацца ў спецыялістаў.

ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ II. Праблемы, якія трэба вывучыць перш-наперш.





— Праблема зносу.

— Праблема пругкасці і эластычнасці.

— Сродкі замацавання.

— Спосаб злучэння краёў маскі з тварам.

— Праблема вентыляцыі.

— Выбар прататыпа і стварэнне мадэлі.

Мне здаецца, чым болей сумленна і грунтоўна я вяду свае запіскі, тым большую нуду наганяю на цябе, і ты, відаць, ужо перастала сачыць за расказам. Але я ўсё ж хачу, каб ты, адхінуўшыся ад майго ўнутранага стану, адчула хоць бы тую атмасферу, у якой нарадзілася маска, якую стварыў я зусім адзін.

Найперш, калі гаварыць пра празрысты слой эпідэрмы, дык гэта так званы керацін — разнавіднасць пласціністага альбуміну, у якім ёсць невялікая колькасць флюарэсцыйных элементаў. Цяпер пра спосаб злучэння. Калі дамагчыся, каб таўшчыня краёў маскі была, па магчымасці, меншая за глыбіню найдрабнейшых маршчынак, і потым накласці на месца злучэння штучную бараду, дык выйсці са становішча безумоўна ўдасца. Далей праблема эластычнасці, якая, думалася мне, найменей складаная, — яе таксама можна было вырашыць, калі разглядаць механізм мімікі біялагічна.

Асноваю выразу твару з’яўляецца, безумоўна, мімічная мускулатура. Яна зафіксавана ў пэўным кірунку, у якім расцягваецца і скарачаецца. Апрача гэтага, ёсць яшчэ скурная тканка, якая таксама мае пэўны кірунак валокнаў, і клетачнае валакно абаіх перакрыжоўваецца амаль перпендыкулярна. З медыцынскае кнігі, якую ўзяў у бібліятэцы, я дазнаўся, што падобнае размяшчэнне скурных валокнаў называецца «Лангеравымі лініямі». Дзякуючы спалучэнню двух гэтых кірункаў утвараюцца характэрныя маршчыны, характэрныя абрысы. Значыць, калі хочаш надаць масцы жывую рухомасць, трэба пучкі валокнаў злучыць адпаведна з «Лангеравымі лініямі». На шчасце, некаторыя віды пластмас, калі іх выцягваць у пэўным кірунку, выяўляюць вялікую эластычнасць. Калі не пашкадаваць часу і працы, і гэтую праблему можна лічыць вычарпанаю.

Я адразу ж вырашыў выкарыстаць сваю лабараторыю і пачаць доследы на расцяжнасць эпітэліяльных клетак. I ў гэтым выпадку мае калегі былі вельмі далікатныя. Амаль нікога не прыцягваючы, я мог шырока карыстацца патрэбным абсталяваннем.

Толькі ў «выбары прататыпа і ў стварэнні мадэлі» мне не хацелася абмяжоўвацца аднымі тэхнічнымі сродкамі. Бо, каб узнавіць найдрабнейшыя дэталі скуры, я павінен быў хочаш не хочаш узяць чый-небудзь чужы твар. Толькі такі мог быць у мяне прататып, гэта значыць першапачатковы выгляд. Узяць у другога не значыла, ведама, проста начапіць на сябе чужы твар, бо гаворка ішла толькі пра паверхню скуры на глыбіню сальных і потавых залоз і пра яе змены адпаведна будове майго твару. З самага пачатку не павінна быць ніякай апаскі, што я збіраюся парушыць аўтарскае права чужога твару.