Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 82

— Напраўду, такія выпадкі, відаць, бываюць... Але, грунтуючыся на тым, што падобных прыкладаў можа быць колькі хочаш, нельга, мне думаецца, разглядаць гэтую з’яву як агульны закон, пакуль не будзе яму дакладнага навуковага абгрунтавання. — У душы маёй раптам паднялося неадольнае раздражненне. Не прыйшоў жа я сюды весці гаворку пра тое, што мяне чакае. — Між іншым я яшчэ добра не разабраўся ва ўсім гэтым... Даруйце, нагаварыў, напэўна, усялякага глупства. Зусім без патрэбы адабраў у вас так многа дарагога часу, вінаваты...

— Пачакайце, пачакайце. — I ўпэўнена, са смехам, кажа: — Можа, вы ўспрымеце гэта як прымус, але я хачу сказаць вам, і я цвёрда веру, што не памыляюся... Калі вы ўсё пакінеце так, як яно ёсць, усё жыццё вам давядзецца пражыць у бінце. Вы і цяпер у ім. Гэта якраз і даказвае: вы самі лічыце — няхай лепей бінт, чым тое, што пад ім. Цяпер у памяці вашых знаёмых той ваш твар, які ён быў да калецтва. Але ж час не чакае. Дый памяць паволі згасае. Апрача таго, паяўляюцца ўсё новыя і новыя людзі, якія не ведалі вашага твару. I ўрэшце вас аб’явяць неплацежаздольным даўжніком за тое, што вы не плаціце па вэксалі бінту... I хоць вы будзеце жывы, таварыства пахавае вас.

— Ну, гэта ўжо задужа! Што вы хочаце гэтым сказаць?

— Людзей з пакалечанымі рукамі ці нагамі можна сустрэць колькі хочаш. Нікога не здзівіць сляпы ці глухі... Але ці бачылі вы хоць калі чалавека без твару? Не, напэўна. Вы што, думаеце, усе яны вылечыліся?

— He ведаю. Другія мяне не цікавяць!

Мой голас гучаў ненаўмысна груба. Гэта ўсё роўна што прыйсці на паліцэйскі ўчастак заявіць пра грабеж, а табе там раяць купіць надзейны замок. Але мой субяседнік не склаў зброі.

— На жаль, вы мяне, мабыць, не зусім зразумелі. Твар — гэта ўрэшце яго выраз. А выраз... як бы гэта лепей сказаць... Увогуле, гэта адмысловае ўраўненне, якое абазначае адносіны з другімі людзьмі. Гэта сцяжынка, якая звязвае вас з імі. I калі сцяжынку заваліла, дык нават людзі, якія сяк-так прабраліся па ёй, пройдуць, пэўна ж, міма вашае хаты, як міма пакінутай разваліны.

— Хай сабе. Мне і не трэба, каб без дай прычыны заходзілі.

— Значыць, вы хочаце сказаць, што пойдзеце сваёю дарогаю?

— А што, няможна?

— Нават псіхалогія дзіцяці не можа ігнараваць таго факту, што чалавек здольны дазнацца, які ён на самай справе, толькі паглядзеўшы на сябе вачыма другога. Вам даводзілася калі-небудзь бачыць выраз твару ў ідыёта ці ў шызафрэніка? Калі своечасова не расчысціць сцяжынку, дык урэшце і забудуць, што яна ёсць.

Каб не быць зусім загнаным у куток, я спрабаваў наўздагад кідацца ў контратаку.

— Ну што ж, гэта правільна. Дапусцім, выраз твару з’яўляецца іменна тым, што вы гаворыце. Але ж вы самі сабе супярэчыце. Чаму, не маючы лепшага, прыкрываючы нейкую частку твару, вы, ліха на яго, лічыце, што аднаўляеце яго выраз?

— He хвалюйцеся. Прашу вас даверыцца мне. Гэта ўжо па маёй спецыяльнасці. Ва ўсякім разе я ўпэўнены, што змагу даць вам нешта лепшае за бінт... Ну што ж, давайце здымем яго? Мне б хацелася зрабіць некалькі фотаздымкаў. З іх дапамогаю метадам выключэння ўдасца паслядоўна выбраць найважнейшыя элементы, патрэбныя для аднаўлення выразу твару. А з іх — найменш рухомыя, якія лёгка фіксуюцца...

— Даруйце, але... — Цяпер у мяне ў думках было адно — уцякаць адсюль. Адкінуўшы пачуццё свае годнасці, я пачаў упрошваць: — Аддайце мне лепей во гэты палец. Ці аддасце?





К., здзіўлены, паціраў калена.

— Палец, вось гэты палец?

— Калі нельга палец, добра мне будзе вуха або яшчэ што-небудзь...

— Але ж вы прыйшлі да мяне з-за келоідных рубцоў на твары, праўда ж?

— Ну што ж, прашу прабачыць. Нельга дык нельга...

— Вы не зразумелі мяне, даруйце... Справа ў тым, што я не магу прадаць... Хоць бы таму, што цана непамерна высокая. Бачыце, на кожны асобна даводзіцца рабіць форму з сурмы. Толькі выдаткі на матэрыял дасягаюць пяці-шасці тысяч іен. Гэта паводле самых сціплых падлікаў.

— Ну і добра.

— He разумею, што за думкі ў вас у галаве?

Ён і не павінен разумець... Наша размова нагадвала дзве рэйкі, пракладзеныя без дакладнага разліку, якія разыходзяцца ў розныя бакі. Я дастаў кашалёк і, адлічваючы грошы, бясконца прасіў прабачэння.

Калі, моцна, быццам зброю, сціскаючы ў кішэні штучны палец, я выйшаў на вуліцу, рэзкая мяжа паміж святлом і ценем здалася мне ненатуральнаю, прачэрчанаю чалавечаю рукою. Дзеці, што гулялі ў завулку ў мячык, убачыўшы мяне, пабляднелі і прыціснуліся да плота. У іх былі такія твары, быццам іх падвесілі за вушы прышчэпкамі ад бялізны. Калі б зняў я бінт, у іх бы лыткі затрэсліся. А мне так і карцела ўварвацца ў гэты ландшафт — быццам сышоў бы з рэкламнай паштоўкі. Але мне, чалавеку без твару, нельга было адысці хоць на крок ад свайго бінту. Уяўляючы, як бы я разрэзаў гэты пейзаж, размахваючы штучным пальцам, які ляжаў цяпер у мяне ў кішэні, я ледзь пераварыў агідныя словы К. «пахаваць сябе жывога». Нічога, паглядзім. Калі цяпер мне ўдасца прыкрыць твар нечым такім, што ён не будзе адрознівацца ад сапраўднага, дык які б штучны ні быў ландшафт, ён не здолее ператварыць мяне ў адкінутага, занядбанага...

У тую ноч... Паставіўшы штучны палец на стол, нібыта свечку, я, не заплюшчваючы вачэй, думаў пра гэты «выраб», болей падобны на сапраўдны палец, чым сапраўдны.

Можа, ствараў я сваёю фантазіяй касцюміраваны баль з нейкай чароўнай казкі, на якім я нечакана паяўлюся. Але нават у фантазіі я не мог не зрабіць маленькай заўвагі: «казка». Ці не сімвалічна гэта? Я ўжо пісаў, што выбраў гэты план з лёгкім сэрцам, быццам пераходзіў цераз вузенькую рэчачку. I, безумоўна, у мяне не было ніякага канчатковага рашэння. Можа, з-за таго, што я несвядома імкнуўся абыякава ставіцца да маскі, спрабуючы супакоіць сябе тым, што страта твару яшчэ не азначае страты нечага вельмі істотнага? Таму ў пэўным аспекце праблему складае не сама маска — самадастатковае значэнне набывае сэнс выкліку, які яна кідае твару, аўтарытэту твару. Калі б, сутыкнуўшыся з разбураным Бахам, з тваёю адмоваю, я не быў такі зацкаваны, дык, можа, паглядзеў бы на ўсё спакайней i нават знайшоў бы ў сабе сілу жартаваць з свайго твару.

А пакуль чорная цемра, як туш у шклянцы вады, усё шырэй расплывалася ў маім сэрцы. Твар — сцяжынка паміж людзьмі, гэтак лічыць К. Як мне цяпер бачыцца, калі К. і зрабіў на мяне нядобрае ўражанне, дык не з-за самазадаволенасці ці навязвання свайго лячэння, а з-за гэтай ідэі. Згадзіцца з ім — значыла прызнаць, што, страціўшы твар, я навечна замураваны ў адзіночнай камеры, і, выходзіць, маска набывае ўжо вельмі глыбокі сэнс. Мой план ператвараўся ў спробу ўцячы з турмы, у спробу, дзе на карту было пастаўлена жыццё чалавека. Значыць, цяперашняе становішча робіцца безнадзейным і якраз падыходзіць пад гэты план. Сапраўды пагрозлівыя абставіны — гэта абставіны, якія ўспрымаюцца як пагрозлівыя. Вельмі цяжка было згадзіцца з такою думкаю.

Я сам прызнаю, што не каму-небудзь другому, a мне патрэбна сцяжынка, якая звязвала б мяне з людзьмі. I якраз па гэтай прычыне прадаўжаю пісаць табе гэтыя радкі. Але хіба твар — адзіная сцежка? Не верыцца. Мая дысертацыя, прысвечаная рэалогіі, была прызнаная, яе цытавалі людзі, якія ні разу не бачылі майго твару. Безумоўна, наладжваць сувязь з людзьмі можна не толькі з дапамогаю навуковых прац. Ад цябе, напрыклад, я хачу зусім другога. Тое, што мы называем душою, сэрцам, не мае акрэсленых межаў, але з’яўляецца куды большым сімвалам чалавечых адносін. Гэтыя адносіны болей складаныя, чым адносіны паміж жывёламі, якім, каб пазначыць сябе, даволі паху, і таму найболей прымальны і пашыраны шлях іх усталявання — выраз твару. Мусіць, гэтаксама, як грашовая сістэма абмену з’яўляецца крокам наперад у параўнанні з натуральнаю. Але, у канчатковым выніку, і грошы не болей чым сродак, і наўрад ці можна сцвярджаць, што яны ўсемагутныя пры любых абставінах. У адных выпадках маленькая паштовая марка і тэлеграфны перавод, у другіх — каштоўныя камяні і высакародныя металы намнога зручнейшыя за грошы.