Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 39 из 82

Я закурыў. Падняўшыся, каб знайсці попельніцу, я аслупянеў ад нечаканасці, убачыўшы, што было ў эмаліраванай місцы. Вуха, тры пальцы, запясце, шчака ад павека да губы... Яны абы-як ляжалі ў місцы, яшчэ дыхаючы жыццём, нібыта толькі што адрэзаныя. Мне стала нядобра. Яны здаваліся болей сапраўднымі, чым сапраўдныя. Шчыра кажучы, нават у галаву не прыходзіла, што вельмі дакладная копія гэтак можа гнясці. Хоць даволі было паглядзець на зрэзы, каб пераканацца, што гэта толькі пластыкавыя муляжы, мне ўсё роўна здавалася, што я чую пах тлену.

З-за шырмы раптам паявіўся К. Мяне ўразіла яго нечакана мяккае аблічча. Кучаравыя валасы, акуляры без аправы з тоўстымі шкельцамі, падобнымі на донцы ў шклянках, мясісты падбародак... Дый ад яго пахла звыклымі мне хімікатамі.

Цяпер настала яго чарга хвалявацца. Напачатку ён маўчаў, збянтэжана гледзячы то на маю візітную картачку, то на мой твар.

— Такім чынам, вы... — К. змоўк, зноў зірнуў на маю візітную картачку і ўжо зусім другім, чым па тэлефоне, голасам стрымана закончыў: — Вы прыйшлі да мяне як пацыент?

Зразумела, пацыент. Але якое б выдатнае ні было умельства К., я не спадзяваўся, што яму ўдасца зрабіць тое, чаго я хачу. Адно толькі, на што я мог разлічваць, — гэта на параду. З другога боку, сказаць пра гэта адкрыта, проста ў лоб, і пакрыўдзіць субяседніка — таксама было б невелікадушна. К., мабыць, тлумачыў маё маўчанне баязлівасцю і гаварыў спагадліва:

— Сядайце, калі ласка... На што скардзіцеся?

— У час эксперыменту адбыўся выбух вадкага кіслароду. Звычайна мы выкарыстоўвалі вадкі азот, таму па звычцы я быў не асабліва асцярожны...

— Келоідныя рубцы?

— Як бачыце, увесь твар. Напэўна, я схільны да паяўлення келоідаў. Доктар, што мяне лячыў, болей не захацеў важдацца з маім тварам, бо найменшая неасцярожнасць можа выклікаць рэцыдыў.

— Твар каля губ нібыта не пацярпеў?

Я зняў цёмныя акуляры і паказаў яму.

— Дзякуючы ім мае вочы таксама не пацярпелі. Маё шчасце, што я блізарукі і нашу акуляры.

— Праўда, вам пашанцавала! — I з запалам, быццам гэта тычылася яго самога, казаў: — Я гавару пра вочы і губы... Калі яны трацяць рухомасць — зусім кепска... Адною формаю, якую ім ні надавай, нікога не ашукаеш.

Нібыта адданы сваёй справе чалавек. Пільна гледзячы мне ў твар, ён, здавалася, выпрацоўваў у галаве план. Каб не расчароўваць яго, я паспяшаўся перамяніць тэму:

— Мне паказвалі працу, што вы напісалі. Па-мойму, летась улетку.

— Праўда, летась.

— Я быў ашаломлены. Проста не мог паверыць, што можна дасягнуць такога майстэрства.

К. з задавальненнем узяў сагнуты палец і, асцярожна гушкаючы яго на далоні, сказаў:

— Каб вы ведалі, якая гэта руплівая праца. Хіба адрозніваецца чым-небудзь дактылаграма гэтага пальца ад сапраўднага? Чамусьці я і атрымаў дзіўнае на першы погляд распараджэнне паліцыі — рэгістраваць усе дактылаграмы...

— Формаю служыць гіпс?

— He, я выкарыстоўваю вязкі крэмній. Справа ў тым, што гіпс не дае магчымасці перадаць найдрабнейшыя дэталі... А тут, глядзіце, нават завусеніцы каля асновы пазногцяў добра відаць.

Я баязліва дакрануўся да пальца — адчуванне, быццам пачапаў нешта жывое. I хоць я разумеў, што гэта нешта штучнае, мяне ўсё роўна ахапіў нейкі забабонны страх, нібыта я дакрануўся да смерці.





— Усё ж мне гэта здаецца кашчунствам...

— I тым не менш усе яны — кавалачкі чалавечага цела.

К. ганарліва ўзяў другі палец і зрэзам уніз паставіў яго вертыкальна на стол. Здавалася, што мярцвяк, праткнуўшы стол, высунуў палец.

— Паспрабуйце зрабіць, каб ён быў вось такі, крышку брудны, гэта не так проста. Мабілізуеш усё сваё майстэрства, каб абсалютна дакладна ўзнавіць пэўны орган пацыента, стараешся перадаць амаль няўлоўную, толькі яму ўласцівую адметнасць... Гэта, напрыклад, сярэдні палец, і таму з унутранага боку першае фалангі відно вось такое адценне. Хіба гэта не нагадвае слядоў нікаціну?

— Пэндзлікам ці яшчэ чым-небудзь падмалявана, напэўна?

— Hi ў якім разе... — К. першы раз зарагатаў. — Фарба ж імгненна сатрэцца. З сярэдзіны, слой за слоем, накладваюцца рэчывы розных колераў. Напрыклад, там, дзе пазногці, — вінілавы ацэтат... Калі трэба — налёт бруду пад пазногцямі... суставы і цені маршчын... вены — на ўсё гэта выкарыстоўваецца сінь. Во гэтак яно.

— Чым жа яны адрозніваюцца ад звычайных рамесніцкіх вырабаў? Іх можа зрабіць любы, хіба не?..

— Гэта праўда. — I, чухаючы калена, далей казаў: — Але ў параўнанні з вырабам твару ўсе гэтыя штучкі — толькі першыя няўпэўненыя крокі. Твар ёсць твар... Найперш, існуе такая штука, як выраз. Праўда? Маршчынка ці гарбінка ў нейкую дзесятую частку міліметра, апынуўшыся на твары, набывае велізарнае значэнне.

— Але рухомасці яму вы ж не можаце надаць?

— Вы хочаце дужа многа. — К., расставіўшы калені, павярнуўся да мяне. — Я аддаў усе сілы, каб стварыць аблічча, а вось рухомасць — да гэтага яшчэ рукі не дайшлі. Часткова гэта кампенсуецца выбарам найменш рухомых мясцін твару. I яшчэ адно — існуе такая праблема, як вентыляцыя. Возьмем, напрыклад, ваш выпадак. Без дэталёвага агляду зрабіць канчатковае заключэнне цяжка, але, мяркуючы па тым, што я бачу, нават праз бінт у вас прасочваецца пот... Мабыць, потавыя залозы не закрануты і прадаўжаюць функцыяніраваць. Закрыць твар нечым такім, што перашкаджае вентыляцыі, нельга. Гэта не толькі выклікае парушэнні фізіялагічнага характару, але і прыводзіць да таго, што чалавек пачынае задыхацца і болей за паўдня наўрад ці вытрымае. Тут патрэбна вялікая асцярожнасць. Камічна, калі ў старога зубы белыя, як у дзіцяці. Тое самае і тут. Куды большага эфекту можна дасягнуць зменамі, незаўважнымі іншым... Бінт вы самі можаце здымаць?

— Магу... але, бачыце... — і, думаючы пра тое, як бы лепей растлумачыць яму, што я не пацыент, як ён думаў: — Па праўдзе кажучы, я не прыняў яшчэ канчатковага рашэння, і гэта мяне вельмі гняце... А пакуль я не вырашыў, наўрад ці варта рабіць што-небудзь з ранамі на твары.

— Варта, безумоўна, — К., нібыта падбадзёрваючы мяне, стаў яшчэ болей настойлівы. — Раны на целе, асабліва раны на твары, нельга разглядаць толькі як праблему касметычную. Трэба прызнаць, што гэта праблема сутыкаецца з галіною прафілактыкі душэўных хвароб. А іначай хіба па добрай волі хто-небудзь аддаваў бы свае сілы такой дурноце. Я ж паважаю сябе як доктар. I ніколі не задаволіўся б роляю рамесніка, што вырабляе драбязу.

— Ведама, разумею.

— Дык як? — Ён іранічна скрывіў губы. — He хто іншы, як вы называлі мае работы рамесніцкаю драбязою.

— He, я гаварыў не ў такім сэнсе.

— Нічога, — і павучальна, з выглядам выключна дасведчанага педагога, прадаўжаў: — Вы не адзіны, хто ў апошнюю хвіліну пачынае вагацца. Унутраны пратэст супраць вырабу твару — звычайная справа. Напэўна, пачынаючы з позняга сярэднявечча... дый цяпер яшчэ людзі на нізкай ступені развіцця спакойна ствараюць свае твары... Каранёў падобнага погляду я, на жаль, не ведаю, бо я не спецыяліст... Але статыстычна ён выяўляецца даволі дакладна... Калі ўзяць, напрыклад, вонкавыя раненні, дык калецтваў твару прыкладна ў паўтара раза болей, чым калецтваў канечнасцяў. А між тым восемдзесят працэнтаў з усіх, хто атрымаў вонкавыя раненні, звяртаюцца да медыцынскае дапамогі з прычыны страты канечнасцяў, пераважна пальцаў. Зразумела, што ў адносінах твару існуе пэўнае табу. Прыкладна тое самае заўважаюць і мае калегі. I самае страшнае — да мае працы ставяцца як да працы высокакваліфікаванага касметолага, апанаванага прагаю нажывы...

— Але ж няма ніякага дзіва ў тым, што зместу аддаюць перавагу перад формаю...

— Што ж гэта, аддаецца перавага зместу, які не мае ёмішча? Не веру. Я цвёрда перакананы, што чалавечая душа знаходзіцца ў скуры.

— Магчыма, выказваючыся фігуральна...

— Чаму фігуральна?.. — I спакойным, але рашучым тонам гаварыў: — Літаральна. Чалавечая душа — у скуры. Я перакананы ў гэтым. Пераканаўся з свайго вопыту, набытага ў вайну, калі служыў у арміі ваенным доктарам. На вайне адрывала рукі і ногі, калечыла твары — там гэта адбывалася штодзень. Але які, вы думаеце, клопат у раненых быў найперш? Не жыццё, не аднаўленне функцый арганізма, не. Перш-наперш іх хвалявала, ці зберажэцца іх аблічча. Спачатку я таксама смяяўся з іх. Усё, пра што я гавару, адбывалася на вайне, дзе нічога не мела цаны, апрача колькасці зорачак у пятліцах і здароўя. Ды аднойчы адбыўся такі выпадак: адзін салдат, у якога быў моцна пакалечаны твар, хоць больш вялікіх раненняў не меў, перад самаю выпіскаю са шпіталя нечакана налажыў рукі на сябе. Да гэтага ён быў у стане шоку... I вось з таго часу я стаў уважліва вывучаць аблічча раненых салдатаў... I нарэшце прыйшоў да зусім пэўнага вываду. Да таго сумнага вываду, што сур’ёзнае вонкавае калецтва, асабліва калецтва твару, як пераводны малюнак, адбіваецца душэўнаю траўмаю...