Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 30 из 82

— Памажыце!

Пустое слова!.. Ну і няхай сабе пустое... На краі гібелі не да арыгінальнасці. Жыць што б там ні было — нават калі яго жыццё будзе цюцелька ў цюцельку падобнае на жыццё ўсіх астатніх, як таннае пячэнне, спечанае ў адной форме! Хутка пясок дойдзе да грудзей, да падбародка, да кончыка носа... He магу болей!

— Памажыце!.. Абяцаю ўсё, што захочаце!.. Прашу вас, памажыце!.. Прашу вас!

Мужчына не вытрываў. Спачатку ён толькі ўсхліпваў, а потым заплакаў наўзрыд. Ён з жахам зразумеў, што ўсё прапала. Цяпер усё роўна — ніхто яго не бачыць... Шкада, ведама, што ўсё гэта адбываецца без патрэбнай у такіх выпадках працэдуры... Калі памірае прыгавораны да смерці, ён можа пакінуць свае запіскі... Тут колькі ні крычы... ніхто табе не спагадае. Блага!

Ён нават не вельмі здзівіўся, калі ззаду пачуліся раптам галасы. Ён быў пераможаны. Адчуванне сораму перагарэла і ператварылася ў попел, як страказінае крылца, да якога паднеслі агонь.

— Гэй, хапайся!

Уніз спаўзла доўгая дошка і ўперлася яму ў бок. Прамень святла абрысаваў у цемры кола і асвяціў дошку. Мужчына з цяжкасцю павярнуў скаванае тулава ў той бок, адкуль чуліся галасы, і жаласна папрасіў:

— Даруйце, можа, вы мяне выцягнеце гэтай вяроўкай...

— Ды не, вы ж не пень, каб вас карчаваць...

Ззаду засмяяліся. Добра не пазнаць, але там іх чалавек пяць-шэсць.

— Пацярпіце яшчэ трохі, ужо пайшлі па рыдлёўкі... Упрыцеся локцямі ў дошку, і ўсё будзе ў парадку...

Як яму і прапаноўвалі, ён абапёрся локцямі аб дошку і апусціў галаву на далоні. Валасы змакрэлі ад поту. Ён нічога не адчуваў, толькі хацелася як найхутчэй збавіцца ад гэтага сораму.

— А ведаеце... Вам яшчэ пашанцавала, што мы беглі ўслед за вамі. Тут такая багна — сабакі і тыя блізка не падыходзяць... Вы былі ў вялікай небяспецы... Нават не ведаю, колькі людзей, нічога не падазраючы, завалакаліся сюды, так і не вярталіся... Тут, за гарамі, мясціна зацішная, вось і намятае сюды пяску... Калі прыходзіць зіма — наносіць снегу... На яго зноў пясок... Потым зноў снег, і гэтак гадоў сто — як недапечаная слоеная вафля... Гэтак гаварыў нам сын колішняга старшыні арцелі, той, што паехаў у горад вучыцца. Цікава, праўда?.. Калі паспрабаваць дакапацца да дна, можа, здабудзеш што-небудзь вартае.

Нашто ён усё гэта?! Гаворыць з такім выглядам, быццам ён чысценькі і ні ў чым не вінаваты. Мог бы кончыць сваю балбатню... Куды разумней было б цяпер павыскаляцца. Ці лепей няхай ужо пойдзе і пакіне яго аднаго з надзеямі, якія загінулі...

Нейкае ажыўленне, — відаць, прынеслі рыдлёўкі. Трое мужчын, прымацаваўшы да падэшваў дошкі і ледзь трымаючы раўнавагу, на нейкай адлегласці сталі адкопваць вакол яго пясок. Пласт за пластам. I мары, і сорам, і адчай — усё было пахавана пад гэтым пяском. I ён нават не здзівіўся, калі яго ўзялі за плечы. Загадалі б яны, і ён мог бы спусціць штаны і на іх вачах пачаць выпаражняцца. Неба пасвятлела — цяпер вызірне, напэўна, месяц. З якім выразам твару сустрэне мяне жанчына?.. Усё роўна з якім... Цяпер яго могуць лупцаваць як хочуць — ён павінен цярпець.

27

Чалавека абвязалі пад пахамі вяроўкаю і, як мяшок, зноў апусцілі ў яму. Ніхто не вымавіў ні слова. Здавалася, яны прысутнічаюць на яго пахаванні. Яма глыбокая, цёмная. Месячнае святло агарнула дзюны тонкім бліскучым шоўкам: узоры, вычарчаныя ветрам, нават сляды яго ног ператварыла яно ў зіхатлівае, застылае ў складках шкло. I толькі яма, не жадаючы ўліцца ў гэты пейзаж, асталася ў цемры. Ды ўсё гэта яго не трывожыла. Калі ён падняў галаву і паглядзеў на месяц, яму стала млосна і закружылася галава — да смерці ён натаміўся.

У гэтай пякельнай цемры жанчына вырысоўвалася яшчэ цямнейшаю плямаю. Ён ледзь даплёўся да пасцелі і не бачыў самой жанчыны, хоць яна яго і падтрымлівала. I не толькі яе — усё навокал расплывалася, нібыта ў тумане. Нават паваліўшыся на пасцель, ён усё яшчэ бег па пяску... I ў сне ён не пераставаў бегчы. Спаў неспакойна. Добра помніў шаргаценне кашоў, якія апускаліся і падымаліся, далёкі брэх сабак. Ведаў, што жанчына вярталася сярод ночы, каб паесці, і запальвала лямпу, якая стаяла каля яго пасцелі. Але зусім прачнуўся, толькі калі ўстаў напіцца вады. Пайсці памагчы жанчыне не было ў яго сілы.

Ён запаліў лямпу і закурыў, рассеяна азіраючыся па баках. Тоўсценькі, але жвавы павучок забегаў вакол лямпы. Калі б гэта быў матылёк, ён бы не здзівіўся, але што святло вабіла павука — дзіва. Ён хацеў ужо быў прыпячы яго цыгарэтаю, але перадумаў. Павук з дакладнасцю секунднае стрэлкі кружыўся вакол лямпы на адлегласці пятнаццаці — дваццаці сантыметраў. Можа, не толькі святло вабіла яго? Не, ён чакаў і дачакаўся, калі на агонь прыляцеў начны матылёк. Матылёк некалькі разоў стукнуўся аб шкло ў лямпе, і цень яго буйна адбіўся на столі, потым упаў на мета лічную падстаўку і болей не кратаўся. Нейкі дзіўны матылёк — вельмі агідны. Ён прыткнуў да яго цыгарэту. Нервовыя цэнтры былі паралізаваны, і ён падкінуў яшчэ жывое насякомае на тую дарожку, дзе бегаў павук. Разгарэлася драма, якую ён прадбачыў. Імгненна павук падскочыў і ўчапіўся ў матылька. Потым ён зноў стаў кружыцца, цягнучы сваю ахвяру, цяпер ужо нерухомую. Так ён, напэўна, цешыўся, смакуючы наперад, як будзе жэрці сакаўнога матылька.

Ён і не ведаў, што ёсць такія павукі. Так разумна выкарыстаць замест павуціны лямпу. Плетучы павуціну, астаецца толькі чакаць, каб хто-небудзь папаўся ў яе, а з лямпаю ахвяру можна самому завабіць. Патрэбна толькі прыдатная крыніца святла. У прыродзе, на жаль, яе няма. Месяц ці лясныя пажары наўрад ці падыдуць на гэта. He выключана, што гэты павук — прадстаўнік нейкага новага віду, які выпрацаваў свае інстынкты, эвалюцыянуючы ўслед за чалавекам... Тлумачэнне, напэўна, неблагое... Але як тады растлумачыць, што святло прываблівае матылькоў?.. Матылькі — не тое, што павукі, наўрад ці святло лямпы спрыяе іх зберажэнню. Аднак з’ява гэтая ўзнікла зноў жа пасля таго, як паявілася штучнае святло. Доказам можа служыць хоць бы тое, што матылькі не сабраліся ў чароды і не паляцелі да месяца.

Было б яшчэ зразумела, калі б падобным інстынктам валодаў нейкі адзін від насякомых. Але ж ён агульны ўсім матылькам, якіх налічваецца тысяч дзесяць відаў. Значыць, гэта нейкі пэўны, нязменны закон. Сляпое, шалёнае трапятанне крылаў, выкліканае штучным святлом. Патаемная сувязь паміж святлом, павукамі і матылькамі... Калі закон можа выяўляцца так неразумна, дык у што ж тады верыць?





Мужчына заплюшчыў вочы... Паплылі мутныя блікі...

Калі ён выцягваў руку, каб схапіць іх, яны пачыналі мітусіцца і знікалі... Быццам цені шпанскіх мушак на пяску...

Яго разбудзіў плач.

— Чаго плачаш?

Жанчына, стараючыся схаваць збянтэжанасць, паспешна паднялася.

— Даруйце... Хацела згатаваць вам чаю...

Яе здушаны голас, змочаны слязамі, азадачыў мужчыну. Калі яна нагнулася і стала распальваць у печцы, яе спіна неяк дзіўна ўздрыгвала, і ён доўга не мог зразумець, у чым справа. Разумеў ён слаба, быццам вяла перагортваў старонкі заплеснелай кнігі. Але добра яшчэ, што мог перагортваць старонкі. Нечакана яму стала нясцерпна шкада сябе.

— He выйшла...

— Ага...

— I так па-дурному ўсё правалілася.

— Але ж нікому не ўдавалася... ні разу яшчэ...

Яна гаварыла праз слёзы, але ў яе голасе гучалі ноткі ўпэўненасці, быццам яна апраўдвала і растлумачвала яго правал. Што ні кажы — жаласлівае спачуванне. Было б дужа несправядліва не адгукнуцца на яго.

— Шкада ўсё-такі... Я ўжо вырашыў, калі ўдасца ўцячы, адразу куплю і прышлю табе прыёмнік...

— Прыёмнік?

— Ты ж даўно хацела яго.

— Ды нічога, не трэба... — Жанчына гаварыла нясмела, быццам прасіла прабачэння. — Калі я добра папрацую, змагу і тут купіць. Калі ў растэрміноўку, дык на першы ўзнос грошай хопіць, напэўна.

— Ведама, калі ў растэрміноўку...

— Калі вада нагрэецца, памыемся?

Раптоўна ў ім паднялася туга, шэрая, як світанне. Трэба залізваць раны адно аднаму. Але калі бясконца залізваць раны, якія не зажываюць, дык ад языка нічога не астанецца.