Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 22 из 82

Дзед правёў кончыкам языка па верхняй губе і абыякава ўсміхнуўся. Не, мабыць, гэта і не была ўсмешка — проста ён прыжмурыў вочы, каб у іх не папаў пясок, які нёсся разам з ветрам. Але ад растрывожанага мужчыны не схавалася б нават маршчынка.

— Што? У чым справа?.. Хіба вы не разумееце, што вы на мяжы злачынства?

— Злачынства? Прайшло ўжо дзесяць дзён з таго часу, а паліцыя маўчыць... — Дзед гаварыў мерна, слова за словам. — А калі цэлых дзесяць дзён маўчыць, дык што ўжо там...

— He дзесяць дзён, тыдзень!

Дзед не адказаў. Папраўдзе, такая размова нічога цяпер не дасць... Мужчына патушыў узрушэнне і стараўся гаварыць далей спакойным голасам:

— Хай сабе, гэта не так важна... Лепей, можа, вы спусціцеся сюды і мы з вамі сядзем спакойна і пагаворым? Я вам нічога не зраблю. Ды калі б і хацеў што-небудзь зрабіць, усё роўна не змог бы. Проці вас я слабы. Абяцаю.

Дзед маўчаў. Мужчына задыхаў часцей.

— Я ж разумею, як важна вёсцы адграбаць пясок. Што ні кажы — пытанне жыцця... Вельмі вострае пытанне... Добра разумею... Калі б мяне не прымушалі сілаю, можа, я сам, па добрай волі, астаўся б тут... Клянуся вам! Варта ўбачыць, якое тут жыццё, — і кожны з простай чалавечнасці захоча вам памагчы. Але хіба тое, што я раблю, можа лічыцца сапраўднаю дапамогаю?.. Сумняваюся... Чаму вы не падумаеце пра якія-небудзь іншыя, болей прымальныя спосабы супрацоўніцтва?.. Людзей трэба расстаўляць разумна... Самае добрае жаданне памагчы будзе зламана, калі чалавеку не знойдзецца правільнага месца... Праўду кажу?.. Хіба нельга было знайсці лепшага спосабу выкарыстаць мяне, не ідучы на такую рызыку?

Дзед з такім выглядам, што не зразумееш, слухае ён ці не, павярнуў галаву і махнуў рукою, быццам адганяў кацяня, якое дужа разгулялася. А можа, баіцца на вачах у назіральніка з вышкі весці тут размовы?

— Згадзіцеся... Адграбаць пясок справа сапраўды важная... Але гэта сродак, а не мэта... Мэта — гэта папярэдзіць страшную небяспеку... Праўда ж? На шчасце, я даволі доўга даследаваў пясок. Я глыбока цікавіўся гэтым пытаннем. Таму я і прыехаў у такую мясціну. Што ні кажы, а пясок у нашы дні вабіць чалавека... Можна з поспехам гэта выкарыстаць... Ператварыць тутэйшыя мясціны ў турысцкі раён... Выкарыстаць пясок, ідучы за ім, а не працівячыся яму... Карацей кажучы, паспрабуйце думаць інакш...

Дзед падняў вочы і сказаў абыякава:

— Які там турысцкі раён, калі тут няма гарачых крыніц... Дый усе ведаюць, што на турызме нажываюцца адны гандляры і наезджыя...

Мужчына пачуў у яго словах насмешку, і тут ён успомніў жанчынін расказ пра паштовачніка, якога напаткаў такі самы лёс, і пра тое, як ён захварэў і памёр.

— Ведама, тое, што я сказаў, — гэта толькі да прыкладу... Ці думалі вы пра спецыяльныя сельскагаспадарчыя культуры, якія адпавядалі б уласцівасцям пяску?.. Увогуле, няма ніякай патрэбы гэтак моцна трымацца за даўнейшы лад жыцця...

— Мы тут усяляк прыкідвалі. Спрабуем садзіць і земляныя арэхі, і расліны, корань у якіх цыбулінаю... Паглядзелі б, як тут цюльпаны растуць...

— А як вядуцца работы па ахове ад пяску?.. Сапраўдныя работы па ахове ад пяску... Адзін мой таварыш працуе карэспандэнтам... З дапамогаю газеты ўдасца падняць грамадскую думку. У гэтым няма нічога немагчымага.

— Колькі б гэта ваша грамадская думка ні шкадавала нас, яна нічога не вартая, калі мы не атрымаем грашовае дапамогі.

— Вось я і прапаную пачаць кампанію за атрыманне такіх субсідый.

— Пяскі, што гоніць вецер, улады не лічаць стыхійным няшчасцем і страт нам не пакрываюць.

— Трэба іх прымусіць!

— Ды хіба ў нашай жабрацкай прэфектуры можна чаго-небудзь дамагчыся... А калі спадзявацца на ўлады, дык пакуль яны там будуць лічыць ды прыкідваць, нас якраз пясок і накрые...





— Але ж у мяне, у мяне ж ёсць сваё месца! — закрычаў мужчына на ўсю сілу сваіх лёгкіх. — Вось вы, хіба вы не бацькі сваім дзецям? Вы не можаце не разумець, што такое абавязак настаўніка!

У гэты самы момант дзед тузануў вяроўку ўверх. Заспеты знянацку, мужчына выпусціў яе. Што ж гэта такое?.. Няўжо дзед прыкідваўся, што слухае яго, толькі каб улучыць момант і вырваць у яго з рук вяроўку?.. У разгубленасці ён вадзіў у паветры выцягнутымі рукамі.

— Вы вар’яты... Вы ненармальныя... Нават малпа, калі яе навучыць, зможа адграбаць пясок... Я здольны на большае... А чалавек абавязаны цалкам выкарыстаць свае магчымасці...

— Угу... — кінуў дзед абыякава, паказваючы ўсім сваім выглядам, што яму надакучыла гэта балбатня. — Ну добра, выбачайце, калі што не так. Усё, што мы можам, зробім дзеля вас...

— Пачакайце! Я ж сур’ёзна! Гэй, пачакайце, калі ласка!.. Пашкадуеце! Вы ж яшчэ нічога не зразумелі!.. Прашу... Ну пачакайце!..

Але дзед нават ні разу не аглянуўся. Згорбіўшыся, быццам нёс на плячах цяжкую паклажу, ён устаў і пайшоў. Праз тры крокі зніклі яго плечы, а пасля чацвёртага ён зусім прапаў з вачэй.

Знямоглы мужчына прыпёрся да сцяны. Рукі і галаву ён акунуў у пясок. I пясок пасыпаўся за каўнер, распіраў рубашку. I раптам густы пот выступіў на шыі, твары, між ног. З яго выйшла ўся толькі што выпітая вада. Злучыўшыся, пот і пясок утварылі нешта накшталт гарчычніка, шчытна прыліплага да скуры. Скура распухла і стала падобная на гумовы плашч.

Жанчына ўжо ўзялася за працу. Мужчына раптам западозрыў, што яна выпіла рэшту вады. У паніцы ён кінуўся ў хату.

Вада стаяла нечапаная. Адным духам каўтнуў ён тры-чатыры разы і зноў здзівіўся са смаку гэтага празрыстага мінералу. Ён не мог схаваць трывогі. Да вечара яму гэтым не пратрымацца. А на гатаванне яды, ведама, не хопіць. Дакладна гэтыя тыпы разлічылі. Страх перад смагаю — гэта лейцы, на якіх яны збіраюцца вадзіць яго, як захочуць.

Насунуўшы на самыя вочы вялікі саламяны капялюш, ён выскачыў на двор, быццам за ім гналіся. Яго думкі і развагі перад постаццю смагі ператварыліся ў мізэрныя сняжынкі, што ўпалі на гарачы лоб. Калі дзесяць шклянак — прыкры сіроп, дык адна шклянка — напэўна, бізун.

— Ну дзе яна там, гэта рыдлёўка?

Жанчына паказала на павець і, стомлена ўсміхнуўшыся, выцерла рукавом пот з ілба. Хоць была яна ўся знявечаная, але ні на хвіліну не забылася, дзе стаяць інструменты. Гэта звыклы лад мыслення, натуральна набыты чалавекам, што жыве ў пяску.

У тое імгненне, калі ўзяў ён у рукі рыдлёўку, яго стомленыя косці пакарацелі, быццам ногі ў складаным трыножку. Напэўна, таму, што мінулае начы ён ні на валасок не заснуў. Пры любых абставінах трэба, відаць, найперш дамовіцца з жанчынаю пра мінімальны аб’ём работы, што трэба выканаць. Але яму было проста цяжка гаварыць. Мабыць, таму, што размове з дзедам ён аддаў вельмі многа сілы, галасавыя звязкі распаўзліся, як прэлая пража. Нібы аўтамат, ён стаў побач з жанчынаю і ўзяўся за працу.

Яны капалі, зладжана ідучы наперад між абрывам і хатаю, быццам злыганыя. Дашчаныя сцены ў хаце, мяккія, як недапечаныя рысавыя аладкі, ператварыліся ў расаднік грыбоў. Нарэшце яны згрэблі пясок у адну кучу. Потым сталі насыпаць яго ў бітоны і адцягваць на ачышчаную мясціну. Адцягнуўшы ўсе бітоны, яны зноў узяліся капаць.

Бяздумныя, амаль аўтаматычныя рухі. Рот поўны пеністай сліны, на смак яна — як сыры бялок. Сліна цячэ па барадзе і капае на грудзі, але ён не звяртае на гэта ўвагі.

— Ведаеце, вазьміцеся леваю рукою ніжэй... — ціха заўважыла жанчына. — Тады рыдлёўкаю можна не варочаць, а правая рука будзе як рычаг, і таміцца будзеце меней.

Каркнула варона. Жоўтае святло раптам ператварылася ў блакітнае. Боль, нібыта зняты шырокім планам, растварыўся ў навакольным ландшафце. Уздоўж узбярэжжа нізка праляцелі чатыры вароны. Канцы крылаў іх адсвечвалі цёмнаю зеленню, і мужчына чамусьці ўспомніў пра цыяністы калій у бляшанках на насякомых. Ага, пакуль не забыўся, трэба перакласці іх у другую скрынку і ўвярцець у поліэтылен. Бо ад спякоты рассыплюцца...

— На сёння, напэўна, хопіць...

Сказаўшы гэта, жанчына паглядзела на верх абрыву. Яе твар стаў зусім сухі, і, хоць ён быў укрыты слоем пяску, мужчына зразумеў, што ў ім няма ні крывінкі. Усё навокал пацямнела, быццам укрылася ржою. Вобмацкам, скрозь тунель памутнелае памяці, ён дабраўся нарэшце да свае зашмальцаванае пасцелі. Калі вярнулася жанчына, ён ужо не чуў.