Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 23 из 82

22

Калі прамежкі паміж мускуламі заліць гіпсам, дык, напэўна, самаадчуванне будзе прыкладна такое самае. Вочы нібыта расплюшчаны, але чамусьці вельмі цёмна? Недзе мыш цягне нешта ў сваю нару... У горле пячэ, быццам шарганулі рашпілем... З рота пахне, як з памыйнае ямы... Хочацца курыць... He, раней, пэўна, нап’юся... Вада!.. Ён адразу вярнуўся да рэальнасці. Вунь яно што. Гэта была не мыш — жанчына пачала працаваць!.. Колькі ж часу ён праспаў?.. Спрабаваў падняцца, але нейкая страшная сіла кінула яго на матрац... Раптам ён сцяміў і садраў з твару ручнік. Праз адчыненыя насцеж дзверы лілося свежае месячнае святло, быццам прапушчанае цераз жэлацін. Непрыкметна зноў наступала ноч.

Каля пасцелі стаялі кацялок, лямпа і пляшка з гарэлкаю. Ён падняўся на локці і прапаласкаў рот. Ваду выплюнуў як найдалей, да агнішча. Паволі, са смакам некалькі разоў каўтнуў. Памацаў каля лямпы, намацаў мяккі скрутак — запалкі і цыгарэты. Запаліў лямпу, прыкурыў. Яшчэ крыху выпіў з пляшкі. Разбітая на кавалкі свядомасць стала паступова складвацца ў нешта цэлае.

У скрутку была і яда. Яшчэ цёплыя тры піражкі з рысу і мукі, два вяленыя селядцы, высахлая зморшчаная марынаваная рэдзька і крыху варанае гародніны, горкае на смак, — здаецца, сушанае лісце тае самае рэдзькі. Аднаго селядца і піражка было даволі. Страўнік стаў велічынёю з гумовую пальчатку.

Калі ён устаў, суставы затрашчалі, як бляшаны дах ад моцнага ветру. З апаскаю мужчына зазірнуў у бак. Ён зноў быў поўны да краёў. Мужчына намачыў ручнік і прыклаў яго да твару. Дрыжыкі пранізалі ўсё цела, як іскра — лямпу дзённага святла. Ён працёр шыю, бакі, выцер пясок між пальцамі. Можа, такімі імгненнямі і трэба вызначаць сэнс жыцця.

— Чайку не хочаце? — Жанчына стаяла ў дзвярах.

— He варта... Жывот як барабан — вадою наліты.

— Спалі добра?

— Калі ўставала, трэба было і мяне разбудзіць...

Апусціўшы галаву, жанчына сказала са смехам у голасе, быццам яе казыталі:

— Я за ноч тры разы ўставала, папраўляла ў вас на твары ручнік.

Гэта было какецтва трохгадовага дзіцяці, якое з цяжкасцю нарэшце навучылася пераймаць смех у дарослых. Яе збянтэжанасць добра паказвала, што яна проста не ведае, як лепей выказаць сваю вялікую радасць. Мужчына панура адвёў вочы.

— Памагчы капаць?.. Ці лепей насіць бітоны?

— Ды пара ўжо. Вось-вось павінны кашы апускасць...

Пачаўшы працаваць, ён здзівіўся, што не адчуў таго супраціўлення, якога чакаў ад сябе. У чым прычына гэтай перамены? Можа, ад страху астацца без вады ці ў даўгу ў жанчыны, а можа, у характары самой працы? Папраўдзе, праца памагае чалавеку прымірыцца з часам, нават калі ён пралятае бязмэтна.





Аднойчы «Стужка Мёбіуса» завалок яго на нейкую лекцыю. Месца, дзе яна праводзілася, было абгароджана ржаваю жалезнаю сеткаю, за якою валялася гэтулькі абрыўкаў паперы, пустых бляшанак і ўсялякіх ануч, што не відаць было зямлі. Чаму праекціроўшчыку прыйшло ў галаву паставіць тут агароджу? I, як бы адказваючы на гэта яго дзіўнае пытанне, паявіўся нейкі чалавек у зношаным пінжаку, які перагнуўся цераз агароджу і старанна скроб яе пальцамі. «Стужка Мёбіуса» шапнуў, што гэта паліцэйскі, пераадзеты ў цывільнае. На столі расцякліся кававага колеру дажджавыя рагі — такіх вялікіх ён нідзе не бачыў. I вось у такіх абставінах лектар гаварыў: «Няма іншага шляху ўзвысіцца над працаю, як цераз самую працу. Не праца сама па сабе мае каштоўнасць, а пераадоленне працы працаю... сапраўдная каштоўнасць працы ў сіле яе самаадмаўлення».

Пачуўся рэзкі свіст. Уклаўшы пальцы ў рот, нехта падаваў умоўны сігнал. Бесклапотныя выкрыкі суправаджалі пад’ём кашоў з пяском, але чым бліжэй да іх ямы, тым цішэй станавілася. Апускаліся кашы, калі стала зусім ціха. Ён адчуваў, што за імі сочаць, але крычаць перад сцяною было яшчэ болей неразумна, чым раней. Калі выграбены пясок паднялі наверх, напружанне знікла, атмасфера як быццам разрадзілася. Ніхто нічога не сказаў, але было ўражанне, што патрэбнага ўзаемаразумення дасягнулі.

У паводзінах жанчыны таксама адбылася прыкметная перамена.

— Перакурым... Я чайку прынясу...

I ў яе голасе і ў рухах адчувалася бадзёрасць. Ёй хацелася жартаваць, і яна не хавала гэтага. Мужчына быў перасычаны, быццам аб’еўся цукру. Але ўсё ж, калі жанчына праходзіла міма яго, ён лёгенька паляпаў ёй па азадку. Калі напружанне дасягае мяжы, засцерагальнік перагарае. Hi ў якім разе не трэба яе гэтак ашукваць. Ён ёй калі-небудзь раскажа пра вартавога, што абараняў прывідную крэпасць.

Была крэпасць... Не, не абавязкова крэпасць — завод, банк, ігральны дом — усё роўна. I замест вартавога можа быць проста вартаўнік. Дык вось, вартаўнік, заўсёды чакаючы нападзення ворага, увесь час быў напагатове. Нарэшце вораг, якога ён гэтулькі чакаў, прыйшоў. Вартаўнік адразу затрубіў у сігнальную трубу. Аднак, як ні дзіўна, ад галоўных сіл ніякага адказу не паступіла. Ясна, што вораг без цяжкасці, адным махам змёў вартавога. У свае апошнія хвіліны той бачыў, як праз туман, што вораг, не сустракаючы супраціўлення, быццам паветра, прарываўся праз вароты, сцены, дамы. На самай справе паветрам быў не вораг, а крэпасць. Вартавы, адзінокі, як сухое дрэва ў дзікім полі, усё жыццё ахоўваў прывід...

Мужчына сеў на рыдлёўку і стаў закурваць. З трэцяй запалкі ён нарэшце прыкурыў. Стома, быццам туш, улітая ў ваду, расплывалася кругамі, распаўзалася, як медуза, ператваралася ў мудрагелісты арнамент, у схемы атамных ядраў і, нарэшце, растваралася. Начная птушка, заўважыўшы палявую мыш, агідным голасам кліча сваю сяброўку. Глуха брэша патрывожаны нечым сабака. Завываюць, сутыкаючыся высока ў небе, плыні паветра. А на зямлі рэзкі вецер, як нож, слой за слоем здзірае тонкую скуру пяску.

Мужчына выцер пот, высмаркаўся, строс пясок з галавы. Пясчаныя ўзоры ў яго пад нагамі былі падобныя на грабяні застылых хваляў.

Калі б гэта былі гукавыя хвалі, якая б тут гучала цяпер мелодыя? Калі б заціснуць нос абцугамі, забіць вушы згусткамі крыві, выбіць малатком усе зубы, дык тады і чалавек, напэўна, змог бы напець яе. Але гэта вельмі жорстка, дый музыка ўсё роўна будзе не тая... Раптам яму здалося, што яго вочы, быццам птушкі, падняліся высока ў неба і адтуль уважліва глядзяць на яго. I не хто іншы, а ён сам думае пра дзівацтва жыцця, але сам жыве як дзівак.

23

Got a one way ticket to the blues, woo, woo...

(Я купіў білет y адзін канец на нябёсы, вуу, вуу...) Хочаш спяваць — спявай, калі ласка. На самай справе чалавек, якому ўперлі білет у адзін канец, ні за што не стане гэтак спяваць. Падэшвы ў людзей, якія маюць білет толькі ў адзін канец, вельмі тонкія, і яны войкаюць, наступіўшы нават на самы маленькі каменьчык. Далей — ні з месца. Ім хацелася б праспяваць пра білет на нябёсы ў два канцы. Білет у адзін канец — гэта жыццё, якое распалася на часткі, без сувязі паміж учарашнім днём і сённяшнім, паміж сённяшнім і заўтрашнім. I толькі чалавек, які заціснуў у кулаку зваротны білет, можа спяваць трохі сумную песеньку пра білет у адзін канец. Гэта праўда. Іменна таму ён увесь трывожыцца — баіцца, што згубіць палавіну білета на паездку назад ці яе ўкрадуць; ён купляе акцыі, страхуе жыццё, крывіць душою перад прафсаюзам і начальствам. Ён затыкае вушы, каб не чуць немых крыкаў-просьбаў дапамогі, што даносяцца з памыйных каналаў і ям, — крыкаў тых, каму дасталіся білеты ў адзін канец. Каб не думаць, ён на ўсю магутнасць уключае тэлевізар і на ўвесь голас спявае блюз пра білет у адзін канец. I можна верыць, што кожны зняволены будзе спяваць блюз пра білет у абодва канцы.

Як толькі выпадала вольная хвіліна, мужчына цяпер употайкі рабіў вяроўку. Ён падраў на палосы верхнюю рубашку, звязаў, прывязаў да іх пояс ад кімано жанчынінага нябожчыка мужа — і выйшла метраў пяць. Прыйдзе час, і ён прывяжа на канец вяроўкі старыя ржавыя нажніцы. Ён укладзе ў іх трэску і замацуе, каб яны былі да палавіны разведзеныя. Вяроўка пакуль яшчэ кароткая. Каб яна была даўжэйшая, давядзецца прывязаць і саламяную вяроўку, нацягнутую над токам, на якой сушыцца рыба і зерне, а таксама вяроўку з-пад бялізны.