Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 82

— Напраўду... Але я зусім не перажываю... Калі яны так, дык і я магу чакаць. Дзе тыдзень, там і дзесяць дзён, і пятнаццаць дзён — розніца невялікая...

Жанчына з сілаю падціснула пальцы на нагах. Яны сталі падобныя на прысоскі прыліпалы. Мужчына засмяяўся. I, засмяяўшыся, адчуў, як да горла падступіла млосць.

Навошта сябе мучыць?.. Хіба ты не намацаў слабага месца ў сваіх ворагаў?.. Чаму ж ты не супакойваешся, не сочыш?! Калі ўжо ты шчасліва вернешся дахаты, безумоўна, варта апісаць усё перажытае.

...О! Мы здзіўлены. Нарэшце вы наважыліся нешта напісаць. Папраўдзе, перажылі вы нямала. Але на практыцы мы вучымся — нават дажджавы чарвяк не выцягнецца, калі не раздражняць яго скуркі. Дзякуй. Мне і праўда многае давялося прадумаць, нават загаловак ужо ёсць... О! Ну і які загаловак?.. «Д’яблаў дзюн» ці «Жах мурашынага пекла»... Праўда, інтрыгуюць загалоўкі. Але ці не ствараюць яны ўражання пэўнай несур’ёзнасці?.. Вы так лічыце?.. Якія б жахлівыя ні былі выпрабаванні, няма сэнсу абмалёўваць толькі вонкавы бок падзей. Апрача таго, героі трагедыі — гэта людзі, якія там жывуць, і калі ў вашым пісанні не будзе хоць бы пазначаны шлях да вырашэння праблемы, што тады вашы цяжкія выпрабаванні... Свінства!.. Што?..

Ага, здаецца, недзе чысцяць сцёкавую канаву? Ці, можа, адбываецца нейкая асаблівая хімічная рэакцыя паміж дызінфекцыйным сродкам, распырсканым у калідоры, і пахам часнаку, які ідзе ў вас з рота... Што?.. Нічога, нічога, не хвалюйцеся, калі ласка. Колькі я ні пісаў, бачу, не гаджуся я ў пісьменнікі... Гэта зноў зусім непатрэбная сціпласць, не падыходзіць яна вам. Мне здаецца, не трэба глядзець на пісьменнікаў як на людзей адмысловай катэгорыі. Калі пішаш, — значыць, ты пісьменнік... Існуе сталая думка, што хто-хто, а ўжо гэтыя настаўнікі любяць пісаць — дай ім толькі волю... Гэта, напэўна, таму, што прафесійна яны параўнальна блізкія да пісьменнікаў... Гэта і ёсць творчае навучанне? I нягледзячы на тое, што самі і скрыначкі на мел змайстраваць не ўмеюць. Скрыначкі на мел, шчыры дзякуй. Хіба адно тое, што табе адсланяюць вочы на цябе самога, не ёсць выдатная творчасць?.. I дзякуючы гэтаму мяне прымушаюць перажываць новыя ўражанні, якія нясуць новы боль... Але і надзею!.. He маючы ніякай адказнасці за тое, спраўдзіцца гэта надзея ці не... Калі з самага пачатку кожны не будзе верыць у сваю сілу... Ну, хопіць падманваць сябе. Ніводнаму настаўніку не дазволена падобная загана... Загана?.. Гэта я пра пісьменніцтва. Жаданне стаць пісьменнікам — самы звычайны эгаізм: імкненне стаць лялькаводам і тым самым адлучыць сябе ад астатніх марыянетак. Тое самае, дзеля чаго жанчыны карыстаюцца касметыкай... Ці не задужа строга? Але калі слова «пісьменнік» вы ўжываеце ў такім значэнні, дык быць пісьменнікам і проста пісаць, мабыць, і праўда не тое самае. Мабыць. I якраз таму я хацеў стаць пісьменнікам! Калі не змагу, дык і пісаць не варта!..

Дарэчы, які выгляд у дзіцяці, якому не далі абяцанага?

17

Знадворку пачуўся гук накшталт лопату крылаў. Схапіўшы лямпу, мужчына выскачыў за дзверы. На дне ямы валялася нешта, загорнутае ў рагожу. Наверсе — ні душы. Не чапаючы скрутка, ён моцна закрычаў. Ніякага адказу. Ён развязаў аборку, якою была звязана рагожа. Пакет невядома з чым — гэта ўзрыўчатка, да якое паднеслі запал, які называецца цікаўнасцю. Проці волі ў глыбіні душы зацеплілася надзея: можа, якое-небудзь прыстасаванне, каб выбрацца з ямы... Гэтыя вяскоўцы скінулі сюды ўсё патрэбнае і хуценька ўцяклі...

Але там быў толькі маленькі пакет, загорнуты ў газетную паперу, і прыкладна літровая пляшка, заткнутая драўляным коркам. У пакеце тры пачкі, па дваццаць штук, цыгарэт «Сінсэй». I болей нічога. Проста не хацелася верыць. Ён зноў узяў рагожу за край і моцна страсянуў яе — пасыпаўся толькі пясок... На благі канец, хоць запісачка павінна быць, усё яшчэ спадзяваўся ён, але яе не было. У пляшцы была паганая гарэлка, якая пахла пракіслымі рысавымі ляпёшкамі.

Нашто ўсё гэта? Пагадненне якое-небудзь?.. Ён некалі чуў, што індзейцы ў знак дружбы абменьваюцца люлькамі. Дый гарэлка — адзнака ўрачыстасці. Значыць, ёсць поўная падстава меркаваць, што ў такой форме яны выказваюць сваю згоду неяк дамовіцца.

Вяскоўцы звычайна саромеюцца выказваць свае пачуцці словамі. У гэтым сэнсе яны вельмі дабрадушныя.

Але пакуль убок усякія пагадненні — спачатку цыгарэты. Як гэта ён цэлы тыдзень вытрываў без іх? Звыклым рухам адрываючы ражок пачка, ён адчуў глянцавітасць паперы. Пстрыкнуў на дне і выбіў цыгарэту. Пальцы, узяўшы яе, дрыжалі. Прыкурыўшы ад лямпы, ён паволі і глыбока зацягнуўся, і пах духмянага апалага лісця разліўся па ўсім целе. Губы анямелі, перад вачыма павісла цяжкая аксамітавая заслона. Быццам ад удару, у яго закружылася галава, скаланулі дрыжыкі.

Моцна прыціснуўшы да сябе пляшку, ледзь трымаючы раўнавагу, ён паволі пайшоў у хату. Ногі не слухаліся. Галава, быццам сціснутая абручом, усё яшчэ кружылася. Ён хацеў паглядзець туды, дзе была жанчына, але ніяк не мог павярнуць галавы. Твар у жанчыны, які ён убачыў краёчкам вока, здаўся вельмі маленькім.

— Гасцінец, вось... — Ён высока падняў пляшку і страсянуў ёю. — Здорава прыдумалі, праўда? Цяпер, дзякуй ім, мы можам загадзя ўсё адсвяткаваць... Без слоў зразумела... Я з самага пачатку ўсё зразумеў... Што прайшло, тое прайшло... ну, можа, за кампанію чарачку?

Замест адказу жанчына моцна заплюшчыла вочы. Можа, яна злуецца за тое, што ён не развязаў яе? Дурная жанчына. Каб жа яна хоць на адно пытанне толкам адказала, ён адразу яе развязаў бы. А можа, ёй проста крыўдна? За тое, што яна не можа ўтрымаць з такою цяжкасцю здабытага мужчыну і мусіць — тут ужо нічога не зробіш — яго адпусціць. Нейкія падставы ў яе, пэўна, ёсць... Ёй жа гадоў трыццаць, удава. Ззаду на костачках у яе нейкія дзіўныя, рэзка акрэсленыя ямкі. Ён зноў адчуў прыліў беспрычыннага смеху. Чаму ў яе ногі такія дзіўныя?

— Хочаце закурыць? Дык агеньчыку дам.

— He, не хачу, і так у горле сохне... — ціха адказала яна, пакруціўшы галавою.

— Можа, даць папіць?





— Ды няхай сабе.

— He саромейцеся. Я зрабіў з вамі такое не таму, што злосны іменна на вас. Вы самі павінны зразумець, што гэтак трэба было дзеля стратэгіі. I вось цяпер яны як быццам адступілі...

— Мужчынам раз на тыдзень выдаюць гарэлку і тытунь.

— Выдаюць?.. — Вялікая муха, якой здаецца, што яна ляціць, калі на самай справе яна б’ецца галавою аб шкло... Навуковая назва Muscina stabulans... Амаль сляпыя вочы, якія ўспрымаюць прадметы па частках... Нават не стараючыся схаваць разгубленасць, ён з трывогаю папытаўся: — Ды навошта ім лішні клопат пра нас?! Хіба не лепей даць людзям магчымасць самім купляць, што ім трэба?

— Праца вельмі цяжкая, і многа яе — ні на чога больш не астаецца часу... Дый вёсцы выгадна: частку расходаў бярэ на сябе Ліга[3].

Калі так, усё гэта значыла не пагадненне, а зусім наадварот — параду капітуляваць!.. Ды не, напэўна, яшчэ горш. Можа, ён ужо ператварыўся ў колца, адно з тых, што прыводзяць у рух штодзённае жыццё, і як такое ўключаны ва ўсе спісы?

— Ага, мне для пэўнасці хацелася б папытацца. Я першы, з кім здарылася тут вось такое?..

— He. Што ні кажы, а рук жа не хапае... I людзі з гаспадаркі, і беднякі — усе, хто можа працаваць, адзін за адным пакідаюць вёску... Бедная вёсачка — пясок адзін...

— Ну дык як... — Нават голас яго набыў ахоўную афарбоўку — пад колер пяску. — Апрача мяне, ёсць яшчэ хто-небудзь, каго вы злавілі?

— Ёсць, гэта было летась, на пачатку восені... паштовачнік...

— Паштовачнік?

— Ага, агент аднае кампаніі, якая выпускае паштоўкі турыстам, прыехаў у госці да тутэйшага кіраўніка Саюза... Прыгожы пейзаж, кажа, толькі разрэкламаваць гараджанам...

— I яго злавілі?

— Якраз у адной хаце, у нашым радзе, не хапала рабочых рук...

— I што далей?

— Ды быццам адразу і памёр... He, ён з самага пачатку кволы быў... А тут яшчэ, як на злосць, пара тайфунаў, вось і перасіліўся...