Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 82

— Чаму ж ён адразу не ўцёк?

Жанчына не адказала. I так усё зразумела, што і адказваць няма чаго. He ўцёк, бо не змог уцячы... Прычына, ведама, толькі гэта.

— А апрача яго?

— Ага... на самым пачатку года быў тут студэнт, ён, здаецца, прадаваў кнігі.

— Карабейнік, ці што?

— Нейкія танюсенькія кніжачкі, усяго па дзесяць іен. У іх проці некага было напісана...

— Студэнт — удзельнік руху за вяртанне на радзіму... Яго таксама злавілі?

— Ён і цяпер, напэўна, жыве ў трэцяй ад нас хаце.

— I вераўчаныя лескі таксама знялі?

— Моладзь ніяк у нас не прыжываецца... Што ж зробіш, у горадзе лепей плацяць, дый кіно і рэстараны кожны дзень адчынены...

— Але ж не можа быць, каб ніводнаму чалавеку яшчэ не ўдалося адсюль уцячы!

— Чаму ж не, быў адзін малады хлопец, якога збілі з тропу сябры, і ён уцёк у горад... Некага ён там нажом парнуў — нават у газетах пра гэта пісалі... Засудзілі яго, а потым зноў сюды вярнулі, жыве, напэўна, спакойна, у бацькавай хаце...

— He пра гэта я пытаюся! Я пытаюся пра тых, якія ўцяклі адсюль і не вярнуліся!

— Гэта даўно было... Помню, цэлая сям’я спрытна ўцякла ўночы... Хата доўга пуставала, і гэта стала вялікаю небяспекаю, але ўжо нічога не зробіш... праўда, вялікаю небяспекаю... Калі хоць адно гнездзішча тут разваліцца — гэта ўсё роўна што трэшчына ў плаціне...

— I пасля гэтага, кажаце, не было?

— Думаю, што не...

— Абсурд нейкі! — Жылы ў яго на шыі надзьмуліся, стала цяжка дыхаць.

Раптам жанчына перагнулася папалам, быццам аса, што кладзе яйцы.

— Што такое?.. Баліць?

— Баліць...

Ён дакрануўся да яе пабялелай рукі. Потым падсунуў пальцы пад вузел і памацаў пульс.

— Чуеце? Пульс нармальны... Па-мойму, нічога сур’ёзнага. Разумею, што раблю нядобра, але мне трэба, каб вы паскардзіліся тым, з вёскі, якія ва ўсім вінаватыя.

— Прабачце, вы не пачухаеце мне шыю, там за вухам?

Заспеты знянацку, ён не мог адмовіцца. Паміж скураю і накарэлым пяском быў слой густога поту, які нагадваў разліты алей. Было адчуванне, што пазногці пралазяць скрозь персікавую скурку.

— Даруйце... Але праўда, адсюль яшчэ ніхто не выбраўся?..

Раптоўна абрысы дзвярэй ператварыліся ў бясколерную невыразную лінію і сплылі. Гэта быў месяц. Асколкі бляклага святла — быццам мурашыныя крылцы. I, чым болей вочы прывыкалі, тым болей дно пясчанай ямы набывала вільготную глянцавасць, якая бывае на сакаўным маладым лісці...

— Ну што ж, у такім выпадку я буду першы!





18

Чакаць было цяжка. Час ляжаў бясконцымі петлямі, падобнымі на змяіныя кольцы. Наперад можна рухацца толькі з кольца ў кольца. I ў кожным кольцы сумненне, а ў кожнага сумнення свая зброя. I вельмі нялёгка было прасоўвацца наперад, спрачаючыся з гэтымі сумненнямі, ігнаруючы іх ці адкідаючы.

У пакутлівым чаканні прайшла ноч. Развіднелася. Праз акно смяялася з яго раніца, якая паўзла, нібыта белы смоўж, у яго па лобе і носе.

— Даруйце, каб вадзічкі...

Што такое? Напэўна, задрамаў на нейкае імгненне. Рубашка, штаны на каленях змакрэлі. Пясок, наліплы на пот, і колерам і навобмацак — быццам недапечаная пшанічная аладка. Ён забыўся прыкрыць твар, таму ў носе і ў роце перасохла, як на рысавым полі зімою.

— Даруйце, вельмі прашу...

Жанчына, з ног да галавы засыпаная пяском, калацілася як у ліхаманцы. Яе пакуты, быццам па правадах, перадаваліся і яму. Ён зняў з кацялка поліэтылен і спачатку сам прагна прыпаў да яго. Набраў крыху вады, каб прапаласкаць рот, але аднаго разу, нават двух было мала. Ён усё выплёўваў з рота пясок. Потым махнуў рукою і праглынуў яго разам з вадою. Гэта было ўсё роўна што глытаць камяні.

Выпітая вада адразу выступіла потам. Запалёная скура — на спіне зверху данізу, на грудзях і на баках да самае паясніцы — балела так, быццам яе здзіралі палосамі.

Ён напіўся і з вінаватым выглядам паднёс кацялок жанчыне да рота. Яна схапіла яго зубамі і, не прапаласкаўшы рота, стала піць, стогнучы, як голуб. Тры разы каўтнула — і кацялок стаў пусты. Вочы яе глядзелі на мужчыну з-пад прыпухлых павекаў, упершыню яны выказвалі бязлітаснае асуджэнне. Апарожнены кацялок стаў лёгкі, нібыта папяровы.

Каб збавіцца ад непрыемнага адчування віны, мужчына спусціўся на ток, атрасаючы з сябе пясок. Можа, хоць твар працерці ёй мокрым ручніком? Ведама, гэта разумней, чым даваць ёй душыцца потам. Лічыцца, што ўзровень цывілізацыі прапарцыянальны ступені чысціні скуры. Калі ў чалавека ёсць душа, яна, безумоўна, пасяляецца ў скуры. Варта толькі падумаць пра ваду, як брудная скура адразу ўкрываецца дзесяткамі тысяч саскоў, гатовых яе ўсмактаць. Халодная і празрыстая, што лёд, мяккая, што пух, — выдатнае ёмішча душы... Яшчэ хвіліна — і скура на ўсім яго целе згніе і адваліцца.

Ён зірнуў у бак і раптам шалёна крыкнуў:

— Там пуста!.. Зусім пуста!

Ён засунуў у бак руку. Кончыкамі пальцаў дастаў да пяску, што асеў на дне. Пад скураю, якая смагла вады, заварушылася процьма тысячаножак.

— Сволачы, пра ваду забыліся!.. Можа, яны пазней збіраюцца прывезці?

Ён добра разумеў, што хоча гэтым супакоіць сябе. Пікап заўсёды канчае работу і вяртаецца ў вёску, як толькі развіднеецца. Задума гэтых нягоднікаў зразумелая. Яны, відаць, надумаліся не даць вады і давесці яго да шаленства. I ён успомніў — вось гэтыя людзі, добра ведаючы, якая небяспека падкопваць пясчаны абрыў знізу, нават не падумалі перасцерагчы яго. Ім і клопату няма пра тое, каб з ім чаго не здарылася. Яны, мабыць, напраўду не збіраюцца выпускаць адсюль жывога чалавека, які вельмі глыбока пранік у іх тайну, і калі ўжо сталі на гэтую дарогу, дык не сыдуць з яе да канца.

Мужчына прыпыніўся ў дзвярах і паглядзеў на неба. У чырвані, разлітай промнямі ранішняга сонца, ледзь пазнаваліся пушыстыя сарамлівыя воблакі. Неба не паказвала на дождж. З кожным выдыхам цела, здавалася, траціць ваду.

— Ды што ж яны надумаліся?! Хочуць забіць мяне, ці што?!

Жанчына і цяпер моўчкі калацілася. Можа, таму, што яна ўсё добра ведае. Карацей — хаўрусніца злачынства, якая прыкідваецца ахвяраю. Памучся!.. Твае пакуты — толькі справядлівая кара.

Але ўсе яе пакуты нічога не дадуць, калі пра іх не дазнаюцца тыя паганцы з вёскі. А гарантыі няма ніякай, што яны дазнаюцца. Мала таго, калі спатрэбіцца, яны, можа быць і такое, не задумваючыся, ахвяруюць і жанчынаю. Можа, таму яна і напалохалася гэтак. Звер надта позна зразумеў, што шчыліна, у якую ён палез, спадзеючыся ўцячы на волю, аказалася ўваходам у клетку... Рыба нарэшце здагадалася, што шкло ў акварыуме, у якое яна сюд-туд тыцкалася носам, — непераадольная перашкода... Ён другі раз астаўся ні з чым. I цяпер зброя ў іх у руках.

Але палохацца не трэба. Людзі, якія пацярпелі караблекрушэнне, гінуць не так ад голаду і смагі, як ад страху, што яды і вады не хопіць. Варта толькі падумаць, што прайграў, і ў тое ж імгненне пачынаецца паражэнне. З кончыка носа ўпала капля поту. Звяртаць увагу на тое, колькі кубічных сантыметраў вільгаці страчана, — значыць, папасціся ворагу на вудачку. Трэба было б падумаць, колькі спатрэбіцца часу, каб выпарылася шклянка вады. Непатрэбныя хваляванні не падгоняць жа гэтую клячу — час.

— Можа, развязаць, га?

Жанчына недаверліва замерла, затаіўшы дыханне.

— He хочаце — мне ўсё роўна... Калі хочаце — развяжу... Але з адною ўмоваю... Без дазволу рыдлёўкі ў рукі не браць... Ну як, абяцаеце?

— Вельмі прашу, ну, калі ласка! — стала жаласна прасіць жанчына, якая да гэтага цярпліва, як сучка, усё трывала. Гэта было нечакана, быццам парасон вывернула парывам ветру. — Што хочаце, абяцаю! Вельмі прашу, ну, калі ласка... калі ласка!..

Аборкі пакінулі чырвоныя рубцы, зверху зацягнутыя белаватаю плеўкаю. Лежачы ў тым самым становішчы, дагары, жанчына церла ступакі адзін аб адзін. Потым пачала пальцамі расціраць запясці. Каб не стагнаць, яна сціснула зубы, на твары выступіў пот. Вось яна паволі перавярнулася і стала на карачкі: спачатку на калені, пасля на рукі. Нарэшце з цяжкасцю падняла галаву. Нейкі час гэтак яна і стаяла, крыху пагойдваючыся.