Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 28 из 32



Павел не ведаў, як успрымае сваю вылазку капітан — з заўсёдным падкрэсленым спакоем ці даўшы нарэшце волю сваім пачуццям. А яму самому гэты паход у невядомае падабаўся. Не толькі абяцаннем адкрыць адну в таямніц іншага розуму, а і тым хваляваннем, напружаннем нерваў, якімі мімаволі поўнілася яго істота. Ён выбраў пункт, да якога было крыху больш за дзвесце кіламетраў шляху. Усюдыход павольна каціўся па плоскай раўніне, пакрытай мяккім грунтам. З кабіны Павел глядзеў на яркія зоркі, якія, не мігаючы, сачылі за ім, здавалася, з цікавасцю; на шэры змрок, які не рассейваўся і ахутваў усё вакол, як узняты і яшчэ не аселы пыл; на раўніну, у цемры падобную чамусьці на асенні засынаючы стэп; і думаў, што чакае яго ў канцы падарожжа? Знаходка, пусты нумар, яшчэ адзін марш-кідок на гэты раз ужо на тысячу кіламетраў да другой крыніцы? I ці не таму ён не павялічваў хуткасці, што баяўся расчаравання?

Паступова рэльеф мясцовасці пачаў мяняцца. З’явіліся ўзгоркі, каменныя нагрувашчванні. Усюдыход тыкаўся сюды-туды, збочваў, вяртаўся, і з кожным разам аўтавадзіцель усё больш доўга шукаў праезду. Павел рашыў выйсці з машыны.

— Перасеў на самы надзейны транспарт,— паведаміў ён таварышам і паглядзеў угору, дзе паміж зорак хаваўся запушчаны імі магутны рэтранслятар.

Амаль адразу прыйшоў адказ Бурмакова:

— А я пакуль на калёсах.

— Пашчасціла,— адказаў Павел,— а то тупалі б да тутэйшай ночы свае пяцьсот кіламетраў. А ты, Віцяй, як маешся?

— Блукаю між скал мясцовага значэння,— пажартаваў і ён.

— Ну, то прывітанне Вундэркінду, а я рушыў.

Паўлу ў гэтай нуднай цемры не хапала праніклівых вачэй зоркага робата, ды, бадай, і яго самога. Але на гэты раз рашылі кібера пакінуць на ўсякі выпадак Віцю — усё хлопец не адзін будзе.

На адным з пагоркаў Павел спыніўся. Недзе непадалёк павінна была знаходзіцца таямнічая крыніца. Аднак як знайсці тое, што нават не ўяўляеш? Не такая ж гэта крыніца, якая дома, дзе-небудзь на ўскрайку лесу, цурчыць маленькім фантанчыкам. Гэта струменіць магутна і нябачна.

Павел аглядзеўся. Як хапала вока, былі каменныя абломкі, бы хто панатыкаў іх у сухую і халодную Плутонаву глебу, спадзеючыся, што некалі з іх павырастаюць вялікія горы. Павел думаў і машынальна разглядаў гэты даволі кантрастны ў няўлоўных прамянях яркай зоркі-сонца дзіўны пейзаж, і раптам яшчэ адно параўнанне нарадзілася ў яго галаве. Перад ім была нібы сетка павуціны, сплеценая немаведама кім і немаведама каму, а ён сам стаяў у цэнтры яе. Павел нават азірнуўся, шукаючы таго павука, які працягнуў прамыя прасекі-дарогі, што разбягаліся ва ўсе бакі, быццам вуліцы ў разбураным часам або бамбёжкай паселішчы. У Паўла перахапіла дух: няўжо сапраўды горад? Ён не стрымаўся, не мог марудзіць. Збег з пагорка і пачаў рукамі разграбаць камяні.

— Што вы там сапіце, Павел Канстанцінавіч, бы на гару лезеце? — устрывожыўся Бурмакоў.

— Наадварот, пад гару,— Гушча выпрастаўся, крытычна агледзеў мізэрны вынік свайго парыву.— Як першабытны чалавек, вось толькі скафандр перашкаджае, а то і зубамі ўгрызся б.

— То ў вас лом за поясам,— засмяяўся капітан. — I пастаўце, калі ласка, тэлекамеру. Спадзяюся, не забыліся ў машыне?

— Прыхапіў,— з сумненнем прамовіў Гушча.— Ды, калі не памыляюся, прыйдзецца спачатку запісаць, а вам пазней паказаць — я ж углыб кіруюся.

3 дапамогай ломіка справа сапраўды пайшла хутчэй, і неўзабаве Павел, ссунуўшы вялікі пляскаты камень, убачыў дзірку, за якой была чорная пустата. Збіраючыся ў пошук, касманаўты прадбачылі і такі варыянт і захапілі неабходны рыштунак. Павел прымацаваў на паверхні канец доўгага троса і пачаў асцярожна спускацца ў пралом. Метраў праз пяць ён стаў нагамі на нешта твёрдае і гладкае Пасвяціў ліхтарыкам. Гэта была нібы падлога, выкладзеная вялікімі плітамі. Павел паглядзеў па баках. Святло ліхтара растварыла векавую цемру, і чалавеку адкрылася нешта падобнае на памяшканне — правільныя роўныя сцены з праёмамі для выхада і ўвахода, скляпеністая столь. Толькі нішто не нагадвала ні колішняга абсталявання, без якого памяшканне ўявіць было цяжка, ні нечага іншага, уласцівага зробленаму рукамі збудаванню.

Прамая сувязь яшчэ дзейнічала, і Гушча павёў тэлекамерай, паказваючы таварышам сваю знаходку.

— Колькі ж існуе гэта будыніна, што Плутон праглынуў яе? — раздумліва сказаў Бурмакоў.



— I праглынуўшы, нешта пакінуў,— Паўлу здавалася, што ён ужо зусім не хвалюецца, толькі вось не можа стояць на месцы і глядзець, яго ўсё цягне некуды далей.— Крыніцу, Сцяпан Васільевіч! Яна недае побач.

— ШукаЙце, Павел Канстанцінавіч, і не суньцеся ў пекла. Мы чакаем вашых паведамленняў.

Гушча памахаў перад тэлекамерай рукой, пасылаючы развітальнае прывітанне таварышам, і ступіў у праём.

Гэта быў пачатак калідора — вузкага прамавугольнага тунеля з паўкруглым верхам. Напэўна, стваральнікі гэтага лабірынта вельмі любілі ў лініях плаўнасць.

Калідор-тунэль абарваўся метраў праз пяцьдзесят, і Павел апынуўся ў новым сутарэнні, больш прасторным, чым першае. Пасярэдзіне яго высілася тоўстая калона, яна быццам падпірала столь, толькі на гэты раз не выпуклую, а ўвагнутую. Як вялікі сподак ці чаша.

Павел доўга глядзеў на дзіўнае і простае збудаванне, здагадваючыся, што адсюль, відаць, і выпраменьваецца тая энергія, што гэта і ёсць невядома дзеля чаго пастаўлены касмічны маяк. Ён прыкінуў месца, дзе стаяла калона з чашай, і павярнуў назад. У чашу варта было зазірнуць зверху.

Гушча прабіраўся праз нагрувашчванні на пагорак і дзівіўся з сябе. Сустрэча з іншым розумам стала явай. А ён, зямлянін, замест таго каб скакаць, крычаць, вар'яцець ад радасці і захаплення, дзелавіта выбірае, на які камень ступіць, а які абмінуць, каб не паслізнуцца, не ўпасці, і няма ў яго галаве ніякай узнёслай думкі...

Падысці блізка да чашы не ўдалося, хаця Павел двойчы абышоў яе. Чаша была абкружана нябачнай сцяной ці, можа, сілавым бар’ерам. Павел разгледзеў толькі вузкі сектар светлага матавага дна, і тады ён прыцягнуў некалькі абломкаў скалы, склаў іх пірамідкай. Залезшы на яе, убачыў нешырокую круглую адтуліну пасярэдзіне чашы. Мяркуючы па тым, што больш нічога там не было, сама крыніца, сховішча энергіі, знаходзілася, відаць, недзе ў глыбіні. Тут прамяні, напэўна, толькі факусіраваліся ў тонкі накіраваны пучок.

— Павел Канстанцінавіч, не ўздумайце лезці ў сховішча,— папярэдзіў Бурмакоў, якому Гушча паказваў усё, што бачыў сам.— Я пагляджу сваю крыніцу, і потым разам падумаем, як быць.

Гушча паслухаўся, хаця вельмі карцела пашукаць у падземным лабірынце. Ён быў ужо каля ўсюдыхода, як у тым баку, дзе знаходзілася крыніца Бурмакова, раптам пасвятлела, і над гарызонтам успыхнуў вогненны шар — светлы, яркі, падобны на маленькае сонца. Ён павісеў секунду-другую і рассыпаўся мірыядамі іскрынак. А ў Паўлавым шлемафоне вішчала, страляла, шыпела яшчэ добрых дзесяць хвілін.

Павел стаяў разгублены, не разумеючы, што адбылося. Калі ўсё сціхла, яму пачуўся ціхі стогн.

— Сцяпан Васільевіч! Сцяпан Васільевіч! — устрывожана загукаў Павел, спрабуючы звязацца з капітанам.

Азваўся Віця:

— Павел Канстанцінавіч, чую пазыўныя ўсюдыхода. Але Сцяпан Васільевіч маўчыць.

— Давай каардынаты! — патрабаваў Гушча і пусціў свой усюдыход на самую вялікую хуткасць.

Машына Бурмакова, свецячыся габарытнымі агнямі, ляжала на баку непадалёк ад глыбокай варонкі. Павел з горыччу падумаў, што капітан, папярэдзіўшы аб небяспецы яго, сам не асцярогся. Хаця, уласна кажучы, і асцерагацца не было чаго. Адкуль ім было ведаць, што крыніца месціцца на адкрытай раўніне, яна ж была ў гарах і нават, здаецца, у паселішчы. Павел выскачыў на хаду, падбег да ўсюдыхода капітана, зірнуў у кабіну. Бурмакоў сядзеў, наваліўшыся грудзьмі на штурвал, звесіўшы рукі і галаву. Выцягнуць яго адтуль было немагчыма: машына ляжала на дзверцах. Павел падагнаў свой усюдыход і з яго дапамогай паставіў машыну Бурмакова вертыкальна. Але перш чым адкрыць дзверцы, ён праверыў у Віці, ці цэлы капітанаў скафандр — сігналы датчыкаў на касцюмах касманаўтаў пастаянна ішлі на карабельную ЭВМ. Герметычнасць не парушылася, і Гушча перанёс непрытомнага Бурмакова ў сваю кабіну. Потым узяў на буксір усюдыход капітана — рухавік чамусьці не працаваў — і рушыў да «Набата».