Страница 27 из 32
Сённяшняе адкрыццё ўзрушыла капітана нават болей за марсіянскую знаходку. Упершыню яму, чалавеку, які заўсёды прызнаваў толькі тое, што мела пад сабой неаспрэчную абгрунтаваную аснову, раптам захацелася не абмяжоўваць сваю фантазію ніякімі граніцамі.
Сустрэць чалавека іншай цывілізацыі... Раней ён ніколі сур’ёзна не думаў пра гэта, хаця ўжо даўно ўсяго сябе прысвяціў пазнанню і асваенню космасу. Не думаў, адпраўляючыся на Марс і даючы Паўлу заданне вярнуцца да невытлумачальных фактаў, якія ёсць на роднай планеце. А зараз дужа захацелася, каб менавіта першы кантакт, хай сабе не з самімі іншапланецянамі, а з іхнімі тварэннямі, адбыўся непасрэдна пры яго ўдзеле, належаў яму.
Прывыклы аналізаваць і ўзважваць свае пачуцці і парыванні, Бурмакоў разумеў, што хоча надта многага. На яго долю і без таго выпала нямала. Месяц... Марс... Ганімед... Нарэшце, Плутон! Але думкі самі плылі далей, не спыняліся. У гэтым была, і ён ведаў гэта, яго няўрымслівая натура даследчыка. Бурмакову мроілася, што неўзабаве ён убачыць нешта такое, што раскажа пра невядомую планету ў далёкай Галактыцы, пасланцы якой пакінулі свае сляды. I яму ўявіліся цудоўная планета, залітая яркім сонечным святлом, незвычайна прыгожыя паселішчы-гарады з шырокімі вуліцамі-садамі і вынесенымі высока ў паветра ажыўленымі дарогамі-магістралямі, вялікія густыя пушчы, поўныя звяроў і птушак,— а над усім гэтым уладарыць чалавек, падобны і непадобны на зямнога: моцны, разумны, дасканалы...
Бадай, упершыню Бурмакоў так і не здолеў прымусіць сябе заснуць. Праляжаўшы вызначаны для сну час з адкрытымі вачамі, ён устаў і накіраваўся ў камандны адсек. Зірнуўшы на Паўла, засяроджанага, насупленага, відаць, таксама поўнага роздуму аб хуткай сустрэчы з новымі слядамі дзейнасці разумныхістот, Бурмакоў уключыў экран з павялічанымі здымкамі мясцовасці, дзе была выяўлена адна з крыніц-маякоў. Адлюстраванне было шэрым, невыразным. Бачыліся нейкія цені, падобныя на пёрыстыя воблакі, скрозь якія чамусьці прасвечваецца чорнае неба з цьмянымі зоркамі.
— Нічога адсюль мы не ўстановім,— Сцяпан Васільевіч выключыў экран, падсеў да Гушчы.
— Нядаўна зафіксавана яшчэ адна крыніца, я паслаў туды рухомую аўтаматычную станцыю, — сказаў Павел.
— Наўрад ці яна выявіць сутнасць, Павел Канстанцінавіч, тут чалавеку зразумець бы...
Гушча здзіўлена падняў галаву. Бурмакоў сярод касманаўтаў меў славу самага гарачага прыхільніка кібернетычнага розуму і вось раптам засумняваўся ў здольнасцях тэхнікі.
— Так,— матнуў галавой Сцяпан Васільевіч.— Крыніцы нам шукаць.
Віток за вітком намотваў «Набат» вакол Плутона. Здавалася, што на планеце не засталося ніводнага пункта, над якім не пралятаў карабель. А капітан марудзіў, вышукваў на вычарчанай ЭВМ карце Плутона раёны, якія, мажліва, яшчэ не трапілі ў поле зроку карабельных аб’ектываў і прыёмнікаў-пастак, бо крыніцы пасылалі даволі тонкія пучкі прамянёў.
Павел лічыў, што ведаць усе крыніцы неабходнасці няма, дастаткова вывучыць адну-дзве, каб зразумець і сутнасць іх, і прыроду. Але цярпліва чакаў, калі капітан дазволіць пасадку. Бурмакоў і сам не прызнаваў дарэмнай працы. Не быў ён і баязліўцам, перастрахоўшчыкам. Даследуючы Плутон старанна, дэтальна, ён, відавочна, хацеў высветліць нешта такое, у існаванні чаго ўпэўненасці не меў, аднак і адкінуць, не праверыўшы, таксама не мог, бо гэта ўяўлялася яму важным, патрэбным. Павел і сам ніколі не спяшнўся расказваць пра задумы, якія яшчэ не выкрышталізаваліся, тут ён Бурмакова разумеў. I зусім не ў піку Сцяпану Васільевічу не падзяліўся з ім і Віцем адным сваім меркаваннем. Але да Плутона яно ніякага дачынення не мела...
Мінула яшчэ амаль тры зямных тыдні, калі Бурмакоў нарэшце разгарнуў на стале вялікую карту двух паўшар’яў Плутона, перакрэсленых паралелямі і мерыдыянамі. Там-сям на карце віднеліся чырвоныя кружочкі.
— Гэта раёны, дзе выяўлены крыніцы энергіі,— растлумачыў ён.— Аднак справа не толькі ў іх існаванні, самі па сабе яны, можа, і не заслугоўвалі б такой падрабязнай карты. Мяне зацікавіла размяшчэнне крыніц. Калі злучыць на карце іх лініяй, атрымаецца выцягнуты авал. Што ён нагадвае? — Сцяпан Васільевіч як бы правяраў сябе.
Віця выцягнуў шыю, быццам хацеў разгледзець чарцёж з процілеглага боку, спытаў:
— Арбіта?
— Напэўна,— задаволена пацвердзіў Бурмакоў.— Каб яшчэ знаць — чыя?
Павел у думках пасміхнуўся: падобна, яны з капітанам падышлі да адной ідэі з розных бакоў. Ён, Гушча, назіраннямі, што, зрэшты, і належыць астраному, Бурмакоў — логікай. Але ці не надта доўгі, ці надзейны гэты іх шлях? Неба ж вялікае, неабсяжнае, зорак і планет на ім процьма. Дык ці не выбраць трэці, матэматычны падыход да праблемы? Ён павінен быць, калі... I Павел прамовіў, быццам сапраўды ведаў гэта дакладна:
— Адна з крыніц выпраменьвае зараз больш інтэнсіўна.
Капітан уважліва паглядзеў на яго, паківаў галавой:
— Гэта не ўстаноўлена.
— Трэба зрабіць паўторную праверку. Не караблём, вядома, запусцім спадарожнікаў.
— Баюся, некалі наладжаны механізм крыніц не вытрымаў выпрабавання часам,— Бурмакоў вярнуў позірк на карту.— Ды і надта няпэўна...
— Вы гэта пра што? — Віця недаўменна круціў галавой.
— Павел Канстанцінавіч хоча сказаць, што эліпс, які ты назваў арбітай, паказвае, дзе знаходзіўся або, можа, і цяпер знаходзіцца ў прасторы зоркалёт прышэльцаў.
— Не зусім,— Гушча пасміхнуўся адкрыта, шчыра.— Не зоркалёт. Спадарожнік. Пакінутая для сувязі аўтаматычная станцыя, знак пра якую быў на марсіянскай схеме.
— Смела, Павел Канстанцінавіч, смела,— капітан сказаў гэта не адразу. Потым устаў, зрабіў некалькі крокаў, шоргаючы па падлозе лёгкімі туфлямі з магнітнымі прысоскамі на падэшвах. Спыніўся перад Гушчай: — Але як гіпотэза мае права на жыццё. Правярайце.
II
— Усё! — Бурмакоў выпусціў з рук штурвал і паварушыў пабялелымі ад працяглага напружання пальцамі. Глянуўшы на іх, пасміхнуўся: пасадку «Набата» рабіў аўтапілот, і яго, чалавека, намаганні не патрабаваліся. Аднак інстынкт усё роўна прымусіў учапіцца ў штурвал.
Надрыўны гул карабельных рухавікоў, чутны нават скрозь шматслойны корпус, забяспечаны гукаізаляцыяй, аціх, пакінуўшы, аднак, у вушах непрыемны звон.
— Плутон пад нашымі нагамі! — з жартаўлівай напышлівасцю паведаміў таварышам капітан.
Віця падхапіўся з крэсла, каб быць каля ілюмінатара раней за ўсіх, але, зрабіўшы крок, спатыкнуўся і разгублена паглядзеў уніз.
— Гасцінны Плутон,— працягваў тым жа тонам Бурмакоў,— хоча напомніць людзям, Вікто́р, што на свеце ёсць прыцягненне. Як сцвярджаюць прыборы, тут яно паболей нашага, зямнога. А калі ўлічыць, што за час палёту мы наогул адвыклі, каб нас абмяжоўвала сіла гравітацыі, то напачатку мусім паднатужвацца.— Падміргнуў хлопцу: — Ды ты не засмучайся, Вікто́р, хутка прывыкнеш да сваёй новай вагі. Мускулы нальюцца сілай, і будзеш бегаць, не тое што хадзіць.
Крыху горбячыся, але без прыкметных намаганняў, Бурмакоў падышоў да ілюмінатара. «Набат» стаяў на невялікай тэрасе, з трох бакоў абкружанай гарамі, і толькі спераду ляжала пустынная раўніна. Быў дзень, цьмяны, больш падобны на звычайную зямную ноч, бо на небе свяціліся нерухомыя блакітныя, жоўтыя, чырвоныя зоркі. Але за скаламі, за самім «Набатам», які на моцных апорах стаяў з выключанымі агнямі, слаліся выразна акрэсленыя чорныя цені.
— Будзем рыхтавацца, сябры, на першую экскурсію,— злавіўшы здзіўленыя позіркі таварышаў, Бурмакоў пацвердзіў: — Іменна экскурсію. Плутон варты такой пашаны. А пазней мы з Паўлам Канстанцінавічам на ўсюдыходах праедзем да месц, дзе павінны знаходзіцца крыніцы. А ты, стажор, пабудзеш паблізу карабля. Нам можа спатрэбіцца дапамога.
Капітан гаварыў сцісла, быццам яму ўжо даўно сталі прывычнымі паходы па гэтай змрочнай планеце.
Выехалі Бурмакоў і Гушча праз зямныя суткі, калі ўжо мелася пэўнае асабістае ўяўленне пра ўмовы на Плутоне. Дзень яшчэ працягваўся, і сёе-тое можна было бачыць, не ўжываючы спецыяльных прыстасаванняў.