Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 29 из 32



Аўтавадаіцель добра запомніў дарогу, і ўсюдыход без затрымак імчаўся дадому. А Павел не бачыў ні гэтых своеасаблівых чорна-шэрых пейзажаў, ні блізкага, з навіслымі над галавой зоркамі неба і ўсё стараўся зразумець, што адбылося. Больш-менш верагодным здавалася, што выбухнулі запасы рэчыва, якое сілкавала чашу-выпраменнік. Павел мог таксама дапусціць, што выбух здарыўся невыпадкова — усюдыход Бурмакова прабіў ахоўнае поле вакол крыніцы. Кантрольны запіс на караблі, атрыманы з усюдыхода Бурмакова, пацвярджаў слабы штуршок. Вядома, заўважыць вачамі поле было немагчыма, але тое, што яго не адчулі лакатары, здзіўляла Паўла. Відаць, капітан не звярнуў увагі на які-небудзь папераджальны сігнал, пасля яго, Паўлавай, інфармацыі ён спяшаўся.

Заставалася загадкай і што гэта было за поле, і якая энергія засвяцілася вогненным шарам. Прыборы не маглі вызначыць уласцівасці часцінак, захопленых на месцы выбуху,— яны хутка вызваліліся і з магнітных, і з гравітацыйных пастак і зніклі ў прасторы. Ва ўсякім разе, калі Гушча прымчаўся на месца здарэння, прадуктаў выбуху ўжо не было. Наўрад ці што скажа і Сцяпан Васільевіч, калі ачуняе. Дарэмна ён не ўзяў з сабой Вундэркінда, яго кібернетычны мозг, можа, што-небудзь і ўлавіў бы.

Гушча паведаміў Віцю пра падзеі, і калі пад’ехаў, юнак ужо чакаў яго каля пад’ёмнай шахты «Набата». Удвух яны перанеслі капітана на карабель, распранулі і паклалі ў медыцынскі адсек.

Стан Бурмакова быў нейкі дзіўны, незразумелы. Дэталёвае абследаванне не выявіла якіх-небудзь сур’ёзных пашкоджанняў або змяненняў у арганізме, але ён чамусьці заставаўся непрытомным. Быццам бы спаў глыбокім і запаволеным сном — дыханне, скарачэнні сардэчнай мышцы былі вельмі рэдкімі, слабымі, крывяны ціск панізіўся.

Павел праседзеў некалькі гадзін каля ЭВМ, штораз уводзячы ў яе новыя і новыя дадзеныя. Аднак і ў электроннай памяці машыны не знайшлося аналага такой хваробы, Суцяшала толькі, што вось ужо колькі часу стан капітана быў нязменны — не пагаршаўся і не паляпшаўся. Заставалася чакаць, які дыягназ паставяць медыкі Касмічнага цэнтра.

Зямля была далёка, і таму перадачы з «Набата» вялісл на ўсіх каналах сувязі, паўтараліся па некалькі разоў. Але існавала яшчэ адна праблема — прыняць тэлеграму з радэімы. I Павел усё часцей задумваўся, ці не вярнуцца «Набату» наогул. Але і супраць гэтага, на першы погляд, адзіна правільнага рашэння меліся абгрунтаваныя пярэчанні. Дарога назад зойме амаль год, і дзень-другі, які спатрэбіцца, каб праверыць гіпотэзы — яго і Бурмакова, у параўнанні з такім працяглым часам наўрад ці будуць мець істотнае значэнне. Ды і Зямля, калі ўзнікне небяспека для жыцця капітана, вышле дапамогу, хаця б у раён Марса, трасу да якога ўжо можна лічыць асвоенай. За гэтыя ж дзень-два, якія яны тут затрымаюцца, можа, будуць вырашаны пытанні, дзеля адказу на якія і адпраўляўся «Набат» на Плутон. Гонячы трывогу за Бурмакова, Павел працаваў. За сябе і за яго.

Зноў эаняўшыся складзенай Бурмаковым картай Плутона, на якой эліпсам злучаліся ўяўныя маякі, Гушча ўжо меў вынікі даследаванняў, праведзеных пасланымі ім спадарожнікамі-станцыямі. Вынікі былі зусім не такія, як ён спадзяваўся. Станцыі адзначалі, што выпраменьванні ўсіх крыніц характарызуюцца адной пастаяннай велічынёй. Не было толькі паўторных даных на адну з іх — якраз тую, што выбухнула. ХутчэЙ за ўсё яе наогул не варта было браць у разлік. Павел схіляўся да думкі, што яна чамусьці выйшла са строю раней, чым на яе наткнуўся Бурмакоў. Ды чаго не бывае, і Гушча разам з іншымі запраграміраваў для разлікаў ЭВМ і задачу, у якой менавіта гэта крыніца была ў даны момант найбольш моцная. Але гэта быў толькі адзін з зыходных пунктаў задачы — машына, грунтуючыся на факт, быццам арбіта штучнага спадарожніка Плутона праходзіць непасрэдна над гэтым маяком, вызначыць параметры і цяперашнія каардынаты яго ў прасторы. Заданне было не простае нават для магутнай ЭВМ «Набата». Павел, складаючы праграму, не ведаў многіх даных і таму не вельмі верыў у поспех. 3 такім настроем ён і прыйшоў у рубку.

Віця бадзёрыўся, хаця ўжо амаль зямныя суткі неадлучна дзяжурыў каля пульта сувязі. Павел паглядзеў на яго стомлены асунуты твар і нічога не сказаў. Адсылай — не адсылай адпачываць, не пойдзе. Ды ён і сам бы на яго месцы не пайшоў.

— Што Зямля? — спытаў Павел, хаця і без таго было ясна: адказ не паступіў.

— Як у калодзежы, Павел Канстанцінавіч,— паскардзіўся хлопец.— Адна зорачка над галавой і тая далёка.

— Надта мудрагеліста, дружок,— паківаў галавой Гушча.— Не кумекаю, што да чаго.

— Хачу сказаць, Павел Канстанцінавіч,— сумеўся Віця,— што нам адно — спадзявацца на Зямлю.

— Зарапартаваўся, Віцяй, зарапартаваўся,— Павел ускудлачыў юнаку валасы, і раптам яго рука застыла на хлапечай галаве.— А гэта ж думка!

Віця залыпаў пачырванелымі вачамі.

— Так, так,— павесялеў Павел.— Ты сам не ведаеш, як трапна сказана: «калодзеж». Маякі могуць глушыць, адводзіць убок сігналы, але пасля выбуху вакол планеты, напэўна, сёе-тое засталося. Так што будзем здымацца. А пакуль арыентуйся толькі на стацыянарны спадарожнік.



I сапраўды яшчэ да старту касманаўтам удалося злавіць вестачку з Касмічнага цэнтра. Яе, падобна, паўтаралі не адзін раз, не спадзеючыся на трывалую сувязь. Не ўсё было прынята дакладна. Сігналы ішлі слабыя, часам невыразныя, з пропускамі. Параўнаўшы два паведамленні, прынятыя ў розны час, Павел збольшага зразумеў, што зямныя медыкі пакуль не могуць назваць прычыну хваробы Бурмакова, але дапускаюць, што яна выклікана выпраменьваннямі маяка-крыніцы, і будуць шукаць спосабы лячэння. А самага галоўнага — ці небяспечны стан Бурмакова для жыцця — не было. Усё па-ранейшаму заставалася на плячах яго, Гушчы.

Старт прайшоў добра. Цяжкі карабель пасля нядоўгага змагання разарваў ланцугі Плутона і, набіраючы хуткасць, вырваўся ў прастору. Але Павел не спяшаўся, ён чакаў, калі ЭВМ пацвердзіць ці абвергне яго здагадку, і «Набат» апісваў па спіралі кругі вакол планеты, паступова аддаляючыся і аддаляючыся. Касманаўты без жалю пакідалі Плутон, змрочны, негасцінны, чужы.

ІІІ

3 ДЗЁННІКА ВІЦІ АСАДЧАГА

12 студзеня. ЭВМ рашыла пастаўленую П. К. задачу і выдала каардынаты ўяўнага штучнага спадарожніка Плутона. Па касмічных маштабах адлегласць да яго выглядала невялікай — адна шостая астранамічнай адзінкі. «Набат» ужо меў даволі значную хуткасць, і недзе праз тыдзень мы маглі б выйсці туды. Але колькі ні вывучалі вызначаны раён прасторы, ніякім спадарожнікам і не пахла. Ні там, ні паблізу.

Мне самому было горка расставацца з прыгожай выдумкай П. К. Але факты лбом не зрушыш. Заставалася пагадзіцца з ранейшым поглядам С. В., што на марсіянскай схеме быў пазначаны не спадарожнік, а зоркалёт, таксама чужы Плутону. Я нагадаў пра яго П. К., дадаўшы:

— Зоркалёт, мусіць, ужо ў сваёй галактыцы.

П. К. дзіўна паглядзеў на мяне. Ён наогул апошнія дні як не ў сабе. Вельмі многа навалілася на яго. I трывога за капітана, і адказнасць за «Набат», і да ўсяго — крушэнне гіпотэзы. П. К. можна зразумець. Палёт на Плутон, які ён прапанаваў каля Марса, да той марсіянскай знаходкі мала што дабавіў. Крыўдна.

14 студзеня. П. К. паводзіць сябе бездапаможна, бяздзейна. I на Плутон не спрабуе яшчэ раз высадзіцца, што хоць неяк апраўдала б нашу тут затрымку, і на зваротны курс не кладзе «Набат». Мне ён нічога з гэтага поваду не гаворыць, мусіць, сам не ведае, на што спадзяецца. Хіба можна план, думку падмяніць аднымі разлікамі, якімі ён займаецца ледзь не круглыя суткі — і на вахце, і потым. Ад ЭВМ не адыходзіць.

Учора на маім дзяжурстве паступіла лазераграма. Сувязь з Зямлёй яшчэ ненадзейная, апошнім часам мы не атрымалі ніводнага поўнага тэксту. I гэта не было выключэннем. 3 Касмічнага цэнтра перадалі: «...крыніц-выпраменнікаў не выяўлена...» Я нічога не зразумеў. Паказаў П. К. і спытаў:

— Яшчэ недзе маякі аб’явіліся?

— Я прасіў праверыць Марс,— паціснуў плячамі П. К.

— 3 Плутонам не разабраліся, а на Марс азіраемся,— я абурыўся. Зрэшты, нехта ж павінен мець ясную галаву. П. К. хоць і замяніў капітана, аднак капітанскага, рашучага ў ім мала.— 3 Сцяпанам Васільевічам што будзе, пакуль мы тут гойсаем?