Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 25 из 32



Хвілін праз дзесяць Бурмакоў выпусціў увішных кібераў, каб праверылі, што тут навокал. I толькі калі яны вярнуліся, выбраўся з кабіны сам. Чапляючыся рукамі за шматлікія ледзяныя выступы, палез па крутым схіле цясніны наверх.

Над зубчастым недалёкім краявідам паказаўся крайчык Юпітэра. Сцяпан Васільевіч знерухомеў, зачараваны. Крайчык хутка рос, узнімаўся, ператвараючыся ў вялікі, размаляваны белымі, шэрымі, барвовымі плямамі і палосамі ўнушальнага памеру калматы дыск. Юпітэр быў не такі грозны, як нядаўна, калі спрабаваў сваю сілу на зямным караблі. Зараз на большай адлегласці простым вокам ужо не заўважалася варожае дыханне яго атрутнай атмасферы. Аднак па-ранейшаму ён панаваў над наваколлем, пасылаючы Ганімеду і іншым сваім васалам цьмянае попельнае святло з злавесным барвовым адценнем.

На раўніне сям-там заіскрыліся заінелыя россыпы, між таросаў леглі вычварныя цені. Прырода нібы ажыла, радуючыся скупой і зменлівай увазе магутнага ўладара. Бурмакоў счакаў, пакуль Юпітэр узыдзе поўнасцю, і тады, быццам падштурхнуты яго прамянямі, шырока пакрочыў у глыб раўніны, дзе віднеліся астраўкі таросістых нагрувашчванняў. I адразу следам пабег, спрытна перабіраючы дзесяткам членістых ножак, кібернетычны разведчык. Рознакаляровыя сігнальныя агеньчыкі на яго чорным корпусе весела паміргвалі.

Гушча сачыў за капітанам і думаў, што, напэўна, яшчэ доўга ў космасе людзі будуць падобныя на малых, якія пачынаюць пазнаваць навакольны свет. Ім, як дзецям, будзе ўсё цікава, усё ўпершыню, ўсё захочацца памацаць сваімі рукамі, адчуць на пах, на смак. Дзеці, вядома, вырастаюць. Але колькі часу міне, пакуль касмічныя малыя стануць дарослымі? А можа, гэта наогул не здарыцца ніколі? Бо чалавек заўсёды будзе адкрываць для сябе нешта новае — і на Зямлі, і тым болей на чужых планетах, зорках...

А што тут адкрые Бурмакоў? Хутчэй за ўсё вернецца з Ганімеда ўзбуджаны, шчаслівы і з пуствімі рукамі. Галоўныя звесткі дадуць аўтаматы, якія маглі б без асаблівай рызыкі для чалавека пабываць там без яго, самастойна. Павел разумеў, што ў гэтых разважаннях ёсць многа такога, што Валя некалі называла, дакараючы, голым практыцызмам. Ён сапраўды любіў рабіць тое, што неўзабаве можна было, як кажуць, пакратаць, узважыць, памераць. I на Марсе выбраў Нікс Алімпіку, бо толькі там бачылася нейкая зачэпка. Неспадзявана бліскучы вынік умацаваў Паўлаву перакананасць у тым, што іх праца ў космасе павінна грунтавацца на непахіснай логіцы, на практычнай неабходнасці, а не на простай чалавечай цікаўнасці. На той, якая кіравала зараз Бурмаковым...

Тым часам Сцяпан Васільевіч наблізіўся да таросаў. Раптам ён запаволіў крокі, падаўся ўлева, управа і спыніўся, потым адышоў крыху назад.

— Быццам угінаецца,— недаўменна сказаў ён. Паклаў руку на кібера, які нагадваў вожыка з утуленай галавой: — Ты хто?

— Нумар чацвёрты.

— Вось што, нумар чацвёрты,— капітан чамусьці завагаўся, перш чым аддаць загад,— прайдзі да таросаў.

Робат паслухмяна пабег, слізгаючы на гладкай, бліскучай паверхні, што замерзлым азярцом абкружыла купкі таросаў. Робат сыпаў лічбамі, назвамі — яго датчыкі няспынна аналізавалі асяроддзе. Бурмакоў не надта ўслухоўваўся, усё гэта запісвала карабельная ЭВМ, яго непакоіла, ці дабярэцца «нумар чацвёрты» да таросаў.

Нішто не гаварыла пра небяспеку. Нават гэты аміячны ці яшчэ які лёд не ўгінаўся пад даволі цяжкім робатам. Бурмакоў супакоіўся і хацеў накіравацца следам, як раптам кібер адхіснуўся назад, упіраючыся нагамі, быццам наравісты конь, якога цягнуць за аброць. Ён перабіраў нагамі і нахіляўся, нахіляўся «носам» уніз, аж пакуль не стаў на «галаву», а тады пачаў правальвацца. Боўталіся заднія ногі, корпус апускаўся ўсё глыбей і глыбей, а датчыкі, нібы нічога не здарылася, працягвалі даваць справаздачу... Нарэшце шэрая рухомая маса самкнулася, і робат змоўк.

Разгублены Бурмакоў не верыў сваім вачам. Знямелі і Павел з Віцем. Трэба было вяртацца, а капітан не кранаўся з месца.

А праз хвіліну-другуго на тым пятачку, дзе толькі што разыгралася маленькая трагедыя, пачаў расці пухір, і нейкая нябачная сіла выштурхнула на паверхню няшчаснага кібера. Ён яшчэ жыў, дзейнічаў і ўсё спрабаваў вызваліць спутаныя празрыстай плёнкай жвавыя ногі, тузаўся, а яго антэны варушыліся, пасылаючы незразумелыя ўжо сігналы.

Плёнка ўвачавідкі таўсцела, мацнела. Робат цішэў, супакойваўся, спавіты ў белым кокане, ператвараючыся ў... вялікі, правільнай формы, крышталь-паралелепіпед.

— Вось і ўсё,— засмучона ўздыхнуў Бурмакоў.— Вось і мы пакінулі ў прасторы помнік...

IV

Пасля Ганімеда палёт праходзіў больш нармальна.

Касманаўты штодня збіраліся разам. Перажытыя цяжкасці яшчэ больш іх зблізілі, надалі дружбе гарачыню, сардэчнасць, нібы параднілі.



Сабраўшыся, касманаўты маглі працаваць, думаць, маўчаць — кожны аб сваім. Але гэта нікога не здзіўляла, не абражала. Важна, што побач быў таварыш.

У той вечар яны ў кают-кампаніі глядзелі перадачу з Зямлі. Гэта былі іх самыя любімыя хвіліны. Давала сябе знаць непазбежная туга па радзіме. I зараз, ідучы наперад, яны ўжо думалі пра будучае вяртанне, пра сустрэчу з роднымі.

Перадачы прыходзілі з затрымкамі — «Набат» аддаліўся ад роднай планеты на мільярды кіламетраў, двухбаковыя перагаворы рабіліся амаль немагчымымі, але кожная вестачка з дому прыносіла касманаўтам найвялікшую радасць — было то прывітанне ад блізкіх, апошнія паведамленні або звычайная тэатральная пастаноўка. I сённяшні канцэрт народнага хору яны глядзелі з задавальненнем.

Павел бываў у тэатры, з якога вялася трансляцыя. Слухаючы песні, ён успамінаў сібірскі горад, сустрэчы з калегамі ў навуковым гарадку. Напэўна, і ў яго сяброў зараз былі падобныя думкі, бо Віця раптам адвярнуўся ад экрана і ўздыхнуў.

— Ты што, Вікто́р? — устрывожыўся Бурмакоў.

— Як там, на Зямлі?

Сцяпан Васільевіч прыцішыў гук у тэлевізары, потым падключыў суседні экран да тэлескопа. Маленькая блакітная зорачка — Зямля — на неабсяжным небе выглядала ўжо адной з многіх.

— Пабыць бы хвілінку...— летуценна прамовіў Віця.

Яму нічога не адказалі. Аднак па тварах таварышаў юнак зразумеў, што ў іх гэтыя словы выклікалі толькі сум. Каб загладзіць сваю прамашку, ён папрасіў:

— Сцяпан Васільевіч, пакажыце Плутон.

На экране засвяціўся новы куток неба. Няяркі, невялікі, Плутон нібы выпіраў з далёкага зорнага россыпу.

— Ён амаль побач,— растлумачыў Бурмакоў.

— Няўжо аб ім так нічога пэўнага і невядома? — спытаў Віця, задаволены, што таварышы раптам ажывіліся.

— Пра гэта табе Павел Канстанцінавіч лепш раскажа, ён у астраноміі разумее больш.

— Не прыбядняйцеся, таварыш капітан,— засмяяўся Гушча.— Але, каб не было паміж намі спрэчкі, папытаем Вундэркінда. Скажаш нам пра асаблівасці планеты Плутон? — звярнуўся ён да робата, які апошнім часам ператварыўся ў чацвёртага члена экіпажа — ва ўсякім разе, яго не адсылалі ў гаспадарчы адсек, а трымалі ў пакоях каманды.

Вундэркінд, як гэта, відаць, было закладзена ў праграму, пачаў здалёк:

— У канцы мінулага стагоддзя самай далёкай, апошняй планетай у Сонечнай сістэме называлі Нептун. Аднак ужо тады астраномы заўважылі, што яго тэарэтычная арбіта не адпавядае сапраўднай, і выказалі натуральную думку, што на Нептун уздзейнічае іншая невядомая планета. Але якая? Дзе яна? Пошукі пачаліся ў 1878 годзе. Астраномы назіралі ў тэлескопы, матэматыкі рабілі разлікі арбіты гэтай невядомай планеты, але міналі гады, а планеты не было. Толькі ў 1930 годзе на фотаздымках месца, якое вылічылі матэматыкі, была заўважана невядомая зорачка. А неўзабаве пацвердзілася, што гэта і ёсць новая планета, за якой так доўга палявалі астраномы. Па традыцыі ёй далі імя міфічнага бога. Праз дваццаць гадоў удалося змераць дыяметр Плутона — ён складае 0,46 зямнога, або 5870 кіламетраў. Такім чынам, Плутон крыху большы за Меркурый і меншы за Марс. Сярэдняя адлегласць ад Сонца — сорак астранамічных адзінак, або шэсць мільярдаў кіламетраў. Гэта — апошняя з вядомых арбіт планет Сонечнай сістэмы. Далей ужо, відаць, пачынаюцца ўладанні іншых светаў. Бляск Плутона не пастаянны. Іншы раз ён здаецца яркім, іншы — цьмяным. Гэта звычайна бывае ў планет, якія круцяцца вакол восі, як і Зямля, напрыклад. Значыць, і на Плутоне ёсць і дзень, і ноч, у залежнасці ат таго, якім бокам ён павернуты да Сонца,— яно і для яго з’яўляецца адзіным свяцілам. Суткі роўныя шасці зямным плюс дзевяць гадзін, дваццаць адна хвіліна і трыццаць секунд. Гэта аб’ектыўныя даныя. Аналіз іх, а таксама некаторыя іншыя назіранні дазваляюць зрабіць вывад, што Плутон не падобны на іншыя вялікія планеты Сонечнай сістэмы.