Страница 23 из 32
Гушча адчуваў сябе ніякавата за гэту бездапаможнасць і аднаго разу сказаў, як бы просячы прабачэння:
— Не ў час я...
— Хвароба ніколі не бывае ў час. А я — жылісты, выцягну.
Сцяпан Васільевіч не крывіў душой. Ён нават сам дзівіўся з сваёй вынослівасці. Гэта ж на Месяцы, калі космас быў яму навіной, калі складаныя сітуацыі ўзнікалі раз за разам, ён стараўся не парушаць вызначанага рэжыму. Адпачываў, сачыў за фізічнай падрыхтоўкай. А зараз вось ужо колькі дзён абыходзіўся без сну, без штучных стымулятараў, і галава ўсё роўна была ясная, свежая. Ды іншага выйсця не было. Віця, хаця і быў хлопцам дужым, разумным, патрэбных у такіх абставінах вопыту і псіхалагічнай загартаванасці яшчэ не меў.
Аднак вялікая фізічная нагрузка, адказнасць за «Набат» не палохалі Бурмакова. Да іх ён быў гатовы, прыняўшы абавязкі капітана. I цяпер усё было б нармальна, каб не выпадак з Паўлам. Чым больш Сцяпан Васільевіч думаў пра яго, тым больш вінаваціў сябе. Не трэба было дазваляць Паўлу затрымлівацца на палубе. Не было ў гэтым неабходнасці. Ён, капітан, павінен быў прадбачыць і такі выпадак — метэарытная ж пагроза існавала. На тое і пастаўлены на чале экспедыцыі. Бурмакоў не баяўся папрокаў. Іх і не было. Кіраўнікі палёту не сказалі ні слова ў асуджэнне дзеянняў яго як капітана. Наадварот, зараз стараюцца заспакоіць, дапамагчы паставіць хворага на ногі. Ды ёсць уласнае разуменне адказнасці. Ад яго не збяжыш, не схаваешся за пунктамі і параграфамі інструкцый.
Можа, Бурмакоў судзіў сябе занадта строга. Але гэтыя думкі былі з ім увесь час і не забываліся, а толькі, калі навальвалася праца, адступалі на задні план, каб неўзабаве вярнуцца зноў.
Але ўсё некалі мінае. I космас, нарэшце, нібы злітаваўся над людзьмі. Сірэна больш не ўзнімала трывогі, метэарыты засталіся ззаду. Упершыню Бурмакоў перадаў поўную вахту Віцю і якіх гадзін шэсць мог адпачыць. Аднак, перш чым пайсці ў сваю каюту, завітаў да Паўла. Сёння ён ішоў сюды не як лекар, што было раней, а проста як таварыш, які наведвае хворага і можа пабыць даўжэй.
Надоечы каюту Гушчы зноў падключылі да сеткі ўнутранай сувязі, і ён ужо быў у курсе ўсіх падзей на караблі. Тое, што Віця заняў месца за пультам на цэлую змену, узрадавала Паўла, падбадзёрыла лепш за лекі. Гэта сведчыла, што «Набат» уваходзіў у нармальны палёт, што з Цэнтра не прыйдзе каманда вяртацца.
Убачыўшы Бурмакова, Павел прыпадняўся на ложку, сказаў пра набалелае:
— Даўся я вам...— Ён ужо нешта такое казаў, але цяпер адчуваў сябе амаль здаровым і быў гатовы да любой размовы.
Ідучы сюды, Бурмакоў, вядома, здагадваўся пра Паўлаў настрой. Пачуўшы гэту скаргу зараз, суцяшаць не стаў. Чалавек, кажучы праўду, наўрад ці разлічвае на спагаду. Ён проста канстатуе факт. Выходзіў Гушча на палубу не дзеля прагулкі. А што затрымаўся, то, відаць, была прычына. Невядома, як бы паводзіў сябе на ягоным месцы хто іншы. Космас, бадай, нікога не пакіне раўнадушным. Ды і верагоднасць сустрэчы «Набата» з метэарытам была адзін на дзесяць тысяч, гэта Гушча праверыў перад выхадам.
— Ёсць урач, павінны быць і пацыенты,— у штатным раскладзе «Набата» Бурмакоў займаў таксама пасаду доктара.— Як вам сёння?
— Трохі галава кружыцца. Заляжаўся.
— Праз дзве гадзіны пачынаем паскарэнне. Прастора дазваляе, так што пара набіраць тэмп,— ён спакваля падыходзіў да дзелавой размовы.— Бачу, вас адольвае жаданне дзейнічаць. Што ж, зразумела. Вікто́р,— ён павярнуў галаву да экрана ўнутранай сувязі,— ты нас слухаеш?
— 3 задавальненнем, Сцяпан Васільевіч,— яго таксама радавала, што Павел папраўляецца.
— Ёсць у мяне думка, хаця затрымка ў гэтай лёдава-каменнай зоне і адбілася на нашай хуткасці...
Гушча тузануўся, хацеў сесці.
— Ляжыце, Павел Канстанцінавіч,— паклаў яму на грудзі руку Бурмакоў.— 3 часам устанеце. А задумка... Прыкінуў я, што мы пройдзем паблізу Ганімеда, спадарожніка Юпітэра. Нашы хуткасці ў той момант будуць прыкладна роўныя, і нейкі час мы будзем рухацца паралельна. Дык ці не скарыстаць выпадак?
— Увогуле, цікава,— аднак было прыкметна, што ідэя капітана Паўла не захапіла.— Мільён кіламетраў да Юпітэра, і планетка, пра якую мала што вядома. Але асабіста я выбраў бы Сатурнаў Энцэлад. Гэта ж пад самым бокам у такога гіганта! Дзіўнага, прыгожага...
— I магутнага,— дакончыў за яго капітан.— Пакліча пальчыкам, павабіць і не адпусціць.
— А мы загадзя праверым, як далёка распасціраецца Сатурнава гасціннасць і ўлада.— Гушча ажывіўся, нават шчокі паружавелі.
— Вікто́р,— звярнуўся да юнака Сцяпан Васільевіч,— твая думка?
— Спакусліва. У прынцыпе. Але.... Крук, і лічыць трэба добра.
— Пасталеў ты, стажор! — Бурмакоў з цеплынёй глядзеў на экран, на якім віднелася схіленая над прыборамі Віцева постаць.— Вось і абмяняліся меркаваннямі. Цяпер слова за ЭВМ. Дабранач, Павел Канстанцінавіч.
Праз тры дні Гушчу дазволілі ўстаць з ложка — так рашыў кансіліум — Бурмакоў, зямныя медыкі і карабельная ЭВМ.
Павел адразу прыйшоў у рубку, стаў побач з Віцем, які зноў быў на вахце.
— Засумавалі, Павел Канстанцінавіч?
— Не кажы, браток,— раптам расчуліўся Павел.— Здаецца, сеў бы тут і не выходзіў.
— Ага,— хітра прыжмурыўся юнак,— сёння ж сувязь з роднымі.
— От гэта навіна, дзякуй,— Павел сапраўды ўсхваляваўся і падумаў, што хоць капітан і сказаў, нібыта Віцька пасталеў, на самой справе ён яшчэ зусім хлапчанё. Дарослы не намякаў бы на сустрэчу з сваёй сястрой Валяй. Але нічога. Маладосць, а яна, кажуць, хутка мінае. На Зямлю вернецца васемнаццацігадовым.
Гушча адчуў смутак. Многае здабудзе Віця ў гэтым падарожжы. Ды ці не страціць большае? У яго ўзросце чалавеку нялішнія і дзіцячыя, юнацкія радасці.
— Вам кепска? — Віця з трывогай паглядаў на Паўла.
— Прабач, задумаўся.
— Не ўсё прадумалі, пакуль хварэлі? — Бурмакоў нячутна ўвайшоў у рубку.
— Жыццё штораз падкідае повады,— развёў рукі Павел.
— Абы не метэарыты,— падхапіў капітан.— Астатняе неяк адолеем.
ІІІ
«Набат» імчаўся ў прасторы, з кожнай секундай павялічваючы хуткасць.
Бліскучы дыск Юпітэра, падобны спачатку на размаляваную сервізную талерку, не змяшчаўся ўжо ў ілюмінатары. I на экране, злучаным з тэлескопам, касманаўты разглядалі планету па сектарах. Але ўсюды было адно і тое: аміячна-метанавая атмасфера няспынна клубілася, пульсавала, успыхвала цьмяным полымем, патухала.
— Здалёк даволі забаўна, бяскрыўдна,— заклапочана сказаў Бурмакоў.— Як бы не пераступіць мяжы.
— Так, Юпітэр прагны,— падтрымаў Павел.— Вунь колькі нахапаў спадарожнікаў. Больш за ўсіх.
— Думаеце, на нас паквапіцца? — здзівіўся Віця.— Не здужае. Больш як мільён кіламетраў І хуткасць...
— Не забывай, Вікто́р, што аб’ём Юпітэра большы за зямны ў тысячу трыста разоў. I хаця яго сярэдняя шчыльнасць не надта большая эа вадзяную, сіла яго прыцягнення вялізная. Уяві сабе на імгненне, што нехта надта смелы, не паклапаціўшыся пра адпаведны скафандр, ступіць на паверхню гэтага гіганта. Ведаеш, што з ім будзе? Напэўна, сплюшчыць як блін.
— Спаць не буду, а, засну — блін прысніцца,— засмяяўся юнак.
— Легкадумны ты чалавек,— Бурмакоў таксама забаўляўся.— На ЭВМ спадзяешся?
— Мне хопіць і Вундэркінда,— блазнаваў Віця,— Забяру ў сваю каюту. Удвух не так страшна.
Такія жартаўлівыя размовы былі добрай разрадкай пасля вялікіх трывог.
А «Набату» і сапраўды асаблівай небяспекі цяпер не было. Нават тады, калі хуткасць карабля пачала зніжацца і рухавікі запрацавалі нібы на тармажэнне, калі прыборы адзначылі некаторае адхіленне ад курсу. Касманаўты ў любы момант маглі прыдаць караблю новае паскарэнне.
Затое Юпітэр, падобна, злаваўся. 3 яго неспакойнай атмасферы на дзесяткі тысяч кіламетраў вырываліся, як шчупальцы спрута, магутныя пратуберанцы, быццам цэліліся захапіць і дзёрзкіх людзей, і іх «Набат», якія асмеліліся пранікнуць у яго ўладанні. Не дастаючы, пратуберанцы, абяссіленыя, ападалі, знікалі, пакідаючы пасля сябе шэрыя воблачкі. Прыборы-пасткі, што бесперастанна аналізавалі склад навакольнага касмічнага асяроддзя, улоўлівалі атрутныя сумесі, характэрныя для юпітэрыянскай атмасферы.