Страница 8 из 47
Рыгорыха адрывала Аньку ад маці, прыдумвала знарок якую-небудзь работу…
Эх, чаго гэта ўсё ўспамінаць — схамянулася Аня. Яна паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады i падалася да сястры жаць…
Пасля полудня Аня пайшла ў лес, па ягады.
Хораша летам у лесе! Стаіць млосная, з густым пахам соснаў i ягад, цішыня. Не варушачыся, дрэмлюць зялёныя іголчастыя лапкі, як раса, блішчыць смала. На палянцы — чырвоныя россыпы суніц. Буйныя, як клубнічныя, галоўкі суніц усцілаюць яркім агнём зямлю.
Аня збірае ягаду за ягадай у вязаны лазовы кораб, час-ад-часу кладзе сунічку ў рот. «Тут можна набрадь адразу поўны кораб, — падумала Аня. — Пэўна, ніхто i не быў тут».
Аня любіць i ведае лес. Ёй тут, у гэтым вялізным лесе, бадай знаёмая кожная паляначка, кожная сцяжынка. Яна яшчэ малой, бывала, цэлымі днямі прападала ў лесе, заміраючы ад страху, хадзіла па цёмных сцежках, забіралася ў гушчары.
За дрэвамі ў цемры ёй маляваліся страшныя здані, ваўкі, мядзведзі, але неадольная сіла вабіла ў загадкавую глыбіню.
Далей, з боку паляны, на ігліцы i ў траве Аня заўважыла ўмяціны. Сляды ад ботаў. Аня знайшла на пясчанай лапінцы два ясныя адбіткі: дзяўчыне здалося, што невядомцы былі ў вайсковых ботах.
Ззаду хруснула. Яна азірнулася i ўбачыла высокага чалавека ў вайсковым адзенні з партупеяй цераз плячо, без шапкі. Бялявыя густыя валасы рэзка аддзяляліся ад чырвонага загару шырокага ілба.
Чалавек спакойна пазіраў на яе. Усміхнуўся.
— Добры дзень!
Падышоў, узяў ягад з кораба.
— Смачныя ягады! — пахваліў, неўпрыкметку дапытлівым вокам акідваючы постаць Ані.
— Бярыце яшчэ, — сказала Аня.
Вайсковы чалавек моўчкі ўзяў яшчэ жменю i стаў кідаць у рот. Чалавек быў няголены, i гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому выразу вачэй.
Кінуўшы ў рот некалькі ягад, прамовіў:
— Добрыя ягады. У нас, бадай, горшыя.
— Дзе гэта ў вас?
— Там, — чалавек махнуў рукою ўбок. — Далека.
На баку яго ў кабуры ляжаў пісталет ТТ.
— Адкуль сама? — гледзячы ў вочы, проста, з прыяцельскай ноткай, нібы ён яе ведае, запытаўся чалавек.
— З Чапліч.
— З Чапліч?.. Далека адсюль да ix?
— Кілометры два.
Ён пацікавіўся, ці ёсць немцы ў сяле, дзе яны стаяць. Аня, расказаўшы пра гэта, запыталася: — Туды ідзеце? (Яна махнула на ўсход). Чалавек узяў суніц у руку, кінуў некалькі ў рот, кіўнуў галавою.
— Дзе тут лепш ісці на Полацк?
Аня адказала. Потым уласцівым ёй пачуццём адчуўшы, што гэты чалавек сапраўды свой, што яму патрэбна дапамога, яна без усякай перасцярогі адразу запрапанавала:
— Я магу вас правесці…
Чалавек, відаць, здзівіўся такому хуткаму рашэнню, але нічога не адказаў, — ён таксама рызыкаваў i не ведаў: верыць ці не верыць гэтай незнаёмай дзяўчыне, якая сама набіваецца ісці ў небяспечны шлях.
A дзяўчына, не даючы разважыць, працягвала далей, нібы ўжо ўсё было вырашана.
— Вы тут застанецеся. Або не, лепей пройдзем бліжэй да сяла. Там ёсць адно глухое месца — ніхто не ўбачыць. А я пайду ў сяло, занясу ягады, скажу сястры, каб не чакала i не трывожылася… A ўвечары мы выйдзем, добра?
Аня, не чакаючы згоды, узяла кораб i павесіла на плячо. Яна не любіла марудзіць.
— A калі я цябе зараз завяду ў паліцыю, — чалавек узяў Аню за руку. — Можа, я правакатар?
— Вы — правакатар? Вы — лейтэнант, засталіся ў акружэнні… Тут недзе недалёка ад вас хаваюцца некалькі байцоў вашых.
Лейтэнант здзівіўся зноў, але стараўся не выдаць гэтага.
— Чаму вы так думаеце?
— Таму, што тут ёсць сляды не толькі вашы, i яшчэ — таму, што дрэнны той лейтэнант, які застаўся адзін… А вы, здаецца, не такі… А што вы мяне палохаеце, — гаворыць аб тым, што вы самі няўпэўнены. Не верыце мне… Не бойцеся, я не падвяду!
I чалавек згадзіўся. Гэтай бялявай, худзенькай дзяўчыне нельга было не верыць.
…Увечары, калі добра сцямнела, Аня выйшла з сяла.
У лесе яна сустрэлася з лейтэнантам, з якім было пяць байцоў.
Усю ноч без супынку ішлі па сцежках, а то i проста па полі, мінаючы вёскі, варожыя паліцэйскія пасты. Калі добра развіднелася, яны былі ўжо на ўскрайку лесу поблізу невялікага мястэчка, кілометраў за трыццаць ад сяла.
— Дай руку, сястра, — сказаў адзін з байцоў. — Дзякуй табе… Жыць буду, не забуду.
Ён памаўчаў, відаць, яшчэ хацеў штосьці сказаць, але не сказаў нічога, а раптам сціснуў Аніну далонь так, што занылі пальцы.
Другім стаў развітвацца лейтэнант.
— Дзякую, Анна Іванаўна. I ад мяне i ад усіх.
Аня перабіла яго.
— Нашто дзякаваць столькі? Хіба-ж я магла інакш? Якая трэба яшчэ падзяка — толькі-б дайшлі…
— Так, дайсці-б. Далека вельмі!
— Слухай, Анна Іванаўна, — загаварыў лейтэнант, — думаю, не памыляюся, што кажу гэта. У лесе за паставамі я захаваў вінтоўкі. Людзі палеглі… A вінтоўкі я падабраў i закапаў. Патрэбны будуць, можа, каму-небудзь з нашых, — аддай ix…
Ен выняў з кішэні лісток паперы.
— Тут усё напісана, як знайсці тое месца.
Ен даў паперку, зашпіліў кішэню i адразу прамовіў да сваіх:
— Пайшлі.
Яны хутка зніклі ў росных кустах. Ані, калі яна, трымаючы ў руцэ паперку, засталася адна, зрабілася раптам журботна, нібы рассталася з сябрамі.
Гадзіны дзве Аня адпачыла ў лесе, што абуджаўся ад начной цішыні, а потым, як угрэла сонца, падалася назад. Яна адчувала сябе змарнелай. Бяссонная ноч i трыццацікілометравы начны шлях даваліся ў знакі. Балелі ногі, i яна некалькі разоў садзілася адпачываць.
Дадому Аня дабралася толькі пад вечар.
IIІ
Ішлі дзень за днём, аднастайныя, здавалася, незвычайна доўгія i пустыя. Аня ўсё таксама-ж хадзіла на поле, на агарод, старалася дапамагчы Арыне, i ўсё таксама-ж за ёй услед хадзіла адчуванне адзінокасці, адарванасці, i спусцеласці, i непакой аб тым, што трэба штосьці рабіць, штосьці рабіць для тых, што на фронце, для той вялікай справы, якая чакала яе.
Дзе хлопцы, дзе Андрэй? Вось каго-б знайсці, вось хто-б даў ёй працу…
Але ішлі дні, — хутка тыдзень будзе, — а яна не магла знайсці нікога i вымушана была сядзець, адна, адна…
I вось зноў знайшлася справа.
— Анечка, — усхвалявана зашаптала Арына, — у жыце тры чырвонаармейцы. Раненыя ляжаць… У сяло не паказваюцца — баяцца, што гітлераўцы расстраляюць ix…
— Дзе ў жыце?
— На нашым полі, каля трох бяроз.
— Ты нікому не казала пра гэта? — запыталася Аня.
— Нікому.
— Добра… I не кажы нікому.
«Памагчы ім», — падумала Аня. Гэтая думка адразу захапіла дзяўчыну, якая не так занепакоілася, як узрадавалася, адчуўшы, што зноў з’явіўся раптам клопат. Яна пачне з гэтага… А там… а там будзе відаць, што рабіць…
— Мы ix перанясем да цябе ў хлеў, добра?
Як толькі сцямнела, Аня накінула хустку i ціха выйшла з хаты. Услед за ёй стукнула клямкаю, выйшла Арына. «Пайду з табой, — прашаптала яна і, нібы апраўдваючыся, дадала: —Яны-ж параненыя, трэба весці».
Мінулі хлеў, між густых зарасляў кіяшніку i маку, што буяў на агародзе, выбраліся на прыгуменне. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася.
За гумном — поле. Туды хадзіць ноччу забаронена. Стараста гаварыў, што на гэта ў гітлераўцаў ёсць строгі загад.
Ці не заўважылі ix? Не, не заўважылі, здаецца.
Ах, якая цішыня вакол. Няўжо-ж толькі што змерклася! Калісьці (дзіўна, гэта-ж было менш месяца таму назад, а, здаецца, даўно-даўно) утакі час сяло як-бы абуджалася пасля дзённай цішыні. Вярнуўшыся з поля, хутка павячэраўшы, збіраліся дзяўчаты i хлопцы каля прызбаў. Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы, час-ад-часу гамонку перабіваў вясёлы дружны рогат або раптоўны візг дзяўчыны…
— Пойдзем? — шэптам прамовіла Аня. Арына ціха адказала:
— Пойдзем.
Аня запыталася ў яе не таму, што вагалася, — ісці або не ісці, — Арына ведала, што аб гэтым у сястры не магло быць нават думкі. Аня пыталася, ці не перадумала яна, Арына: Арына — не адна, у яе ёсць сям’я…