Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 47



Іван Мележ

Блізкае і далёкае

У завіруху

К. Чopнаму

Лютавала завея. Угары над Засмужцам, у вершалінах, глуха шумеў вецер i сыпаў на дарогу калючыя дробныя крупінкі. Міма цёмнымі высокімі сценамі бясконца ішлі сосны, варушачы сваімі кашлатымі лапамі. Сціснутая соснамі з двух бакоў дарога безліч разоў паварочвалася, выпроствалася, i ўсюды, не перастаючы, вёў сваю аднастайную сумную песню вецер:

— Ууу-ууу!

Засмужцу здавалася, што не будзе канца гэтаму лесу, гэтай песні. Па яго разліках лес ужо даўно павінен быў скончыцца. Ён час-ад-часу з надзеяй падымаў галаву i паглядаў уперад, спадзеючыся ўбачыць поле, але там па-ранейшаму стаялі сосны.

Ён ішоў маўкліва i хістаючыся, як звычайна ходзяць змораныя людзі. Галава яго была звешана, i калі-б ён не падымаў яе, то можна было-б падумаць, што Засмужац на хаду спіць. Снег пластам наляпіўся на яго шапку i плечы. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім.

Здалёк, скрозь густы гул соснаў, прарваўся гук гарматнага выбуху — напамінак пра тое, што i ў гэтую ноч ішла вайна. Данесліся яшчэ некалькі выбухаў, потым стала ціха. Засмужац прыслухаўся — выбухі не паўтараліся.

Нечакана моцны нарыў халоднага ветру шалёна кінуўся на Засмужца i штурхнуў назад так, што хлопец адразу спыніўся i адступіўся, каб устаяць. Конь здзіўлена падняў галаву, грыва на ім заварушылася. А вецер са свістам-гікам ляцеў далей, гонячы перад сабой хмары снегу. Засмужац вышэй нацягнуў каўнер шыняля i, калі расплюшчыў вочы, убачыў, што наперадзе паміж рэдкімі соснамі зашарэла. Гэта было поле.

У полі стала халадней, i Засмужац то апускаў галаву, то адхіляў твар убок, каб схаваць яго ад ледзянога ветру.

Праз некалькі крокаў ён спатыкнуўся i ўпаў у снег. Дарога абарвалася. Далей яна была заменена тоўстай гурбай снегу.

Засмужцу не хацелася падымацца з мяккай снежнай пярыны. Ён ціха i нерухома ляжаў, з асалодай адчуваючы, як у целе прыемна ные стома i цяпло, нібы пасля віна, разліваецца па яго руках, нагах, кружыць галаву. Хацелася спаць.

Засмужац не спаў другія суткі. На світанні ён ішоў па гэтай дарозе ў адваротным кірунку, у штаб арміі, з данясеннем абстаноўкі ад камандзіра кавалерыйскай брыгады. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Да штаба арміі было кілометраў дваццаць ці крыху болей. Але ўсе дарогі i сцяжынкі былі так закіданы снегам, што дабрацца да яго ўдалося толькі за шэсць гадзін, дашчэнту змучыўшы каня i сябе. У штабе затрымалі нядоўга, не далі спачыць. Відаць, пісьмо было важнае, бо праз поўгадзіны яму ўручылі новы пакет i загадалі неадкладна ехаць назад. Калі ён выязджаў з сяла, заставалася гадзіны са тры да вечара. Ад стомы i бяссонніцы ён адчуваў сябе змарнела. У давяршэнне да ўсяго з вечара разлютавалася завіруха.

Засмужац з вялікім намаганнем прымусіў сябе падняцца i пайсці па цаліку. Ногі правальваліся да кален. Потым ён адразу схаваўся па пояс, — ногі згубілі пад пластам снегу цвёрды грунт… Засмужац збочыў правей i зноў з палёгкай адчуў дарогу.

Неўзабаве сумёт скончыўся, агаліўшы слізкі, вылізаны ветрам шлях. Ісці стала лепей, ногі здаваліся лягчэйшымі і высока паднімаліся. Толькі трэба было сачыць, каб не папасці ў санную каляіну, бо там было слізка.

Затым дарога зноў схавалася. Засмужац зноў блытаў, — то губляў дарогу, то намацваў яе нагамі, знаходзіў, лез, выбіваючыся з сілы. Хутка ён так звёўся, што спыняўся праз якія-небудзь тры-чатыры крокі, каб перавесці дыханне. За ўсе свае восемнаццаць год ён яшчэ ні разу не быў такім стомленым. Урэшце, калі ісці далей не хапала сілы, хлопец сеў на каня. Гэта было каля магутнага адзінокага дуба ca зламанай вершалінай, які ён запрыкмеціў, калі ішоў яшчэ першы раз. Дуб быў стары i такі шырокі, магутны, што Засмужац тады мімаволі прыпыніўся i аж свіснуў ад захаплення.



«Каштан» ішоў болей упэўнена, нейкім унутраным пачуццём адгадваючы дарогу. Але i ён быў таксама змораны, часта спыняўся, натужна сапучы, i кранаўся далей з тупой жывёльнай упартасцю. Ад стомы ён хістаўся ў бакі, спатыкаўся. Потым, збіраючы апошнія сілы, пачаў ісці скачкамі. Засмужац пашкадаваў яго, злез з сядла i павёў каня на повадзе.

Весці каня стала цяжэй. Засмужац зразу пашкадаваў, што праехаў на кані гэтыя некалькі сот крокаў. У пачатку шляху «Каштан» ледзь не наступаў на байца i дыхаў яму на шыю. Цяпер конь не паспяваў за ім: ішоў на тугім повадзе. Засмужцу прыходзілася не толькі ісці самому, a i цягнуць каня. «Каштан» часцей спатыкаўся. Повад балюча ірваў руку.

Неяк Засмужац згубіў дарогу i не мог адшукаць яе. Ён правальваўся па пояс на кожным кроку, але, збіраючы рэшткі сілы, упарта ішоў далей. Убачыўшы збоку дрэва, Засмужац з надзеяй скіраваў на яго. Аднак хутка прыйшлося расчаравацца — гэта стаяў той магутны дуб са зламанай вершалінай, каля якога ён садзіўся на каня. Ён зразумеў, што заблытаўся. Гэтае ўсведамленне зусім знясіліла хлопца.

У гэтым цяжкім шляху Засмужца падмацоўвала думка пра тое, што ён робіць баявое заданне, што ад яго залежыць лес, можа, тысяч людзей. Засмужац трымаўся за яе, як за ратунак, i, каб не выпусціць, упарта паўтараў сам сабе: «Дайсці. Што-б ні было — дайсці… Данесці пакет… Там мяне чакаюць». Па меры таго, як расла стома, гэта думка рабілася аднастайнай; ён пачынаў паўтараць толькі адно слова, у якое нібы сціснуўся ўвесь сэнс яго цяперашняга жыцця: «Дайсці… Дайсці… Дайсці…»

Засмужац зноў пайшоў па дарозе ў напрамку вёскі. Зараз ён быў у нейкім забыцці ад нечалавечай стомы. Спатыкнуўшыся, ён упаў у снег i ляжаў колькі хвілін нерухома i маўкліва. Конь пастаяў крыху, пачакаў, потым занепакоіўся, шмаргануў повад раз, другі. Засмужац бяздумна падняў галаву i ўбачыў над сабою храпу каня. Галава каня здавалася незвычайна вялікай. «Каштан» пазіраў круглымі вачыма трывожна i нецярпліва. Гэты позірк вывеў Засмужца з забыцця.

Ён павольна падняўся i пайшоў уперад.

I раптам Засмужац перад сабою ўбачыў агеньчык. Ён не паверыў, нават напалохаўся, з трывогай падумаў, што гэта міраж. Хлопец працёр вочы, але агеньчык гарэў.

Ён мігцеў, дрыжэў, залаты агеньчык. Ва ўсім свеце быў ён толькі адзін, а кругом, як i раней, трубіла бура. Але чалавек нічога не бачыў, толькі гэты маленькі агеньчык. Яго вясёлы бляск трапіў у грудзі, i Засмужцу зрабілася цёпла i хораша, нібы на такой адлегласці перадавалася яго цяпло. Гэта агеньчык той вёскі — яго мэты. Агеньчык быў такі блізкі, жаданы, мігцеў перад самымi вачыма, i баец, грузнучы ў снезе, пабег проста туды. Ён болей не шукаў дарогі.

Агеньчык толькі здаваўся блізка. Салдат ішоў да яго, а ён не набліжаўся, нібы ўцякаў. Засмужац зноў пачаў часта спыняцца ў знямозе.

Перад вёскай яго аклікнулі патрулі. Засмужац узрадавана адказаў.

Калі Засмужац падышоў да агеньчыка, то ўбачыў, што ён гарэў у хаце. Лямпа вісела над сталом. Святло лямпы падала блакітнымі палосамі на снег i плот побач з хатай. У хаце каля стала стаяла жанчына i ручніком выцірала міскі. За сталом сядзелі два салдаты. Адзін, невысокі, з пухлым дзявочым тварам, смяяўся, a другі — пажылы мужчына, з квадратнай голенай галавой, штосьці апавядаў. Твар яго быў спакойны i крыху задуменны. Відаць, толькі што скончылі вячэру.

Засмужац пайшоў да штаба на сярэдзіну вёскі. Перадаўшы пакет, ён адразу лягчэйшай хадой накіраваўся ў свой узвод. Перш ён завёў каня ў хлеў, рассядлаў, падкінуў яму сена i тады ўвайшоў у хату. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам i напаленай печкай.

Салдат весела прывітаўся з маладзіцай i доўга расшпільваў шынель. Замерзлыя пальцы не слухаліся. Жанчына, з усмешкай сочачы за ім, паківала галавой.

— Дай дапамагу, кіслы…

Яна легка сцягнула задубелы ад марозу шынель i ватоўку. Пад гімнасцёркай вызначыліся вострыя, неакрэпшыя яшчэ плечы. Засмужац ад нечаканага наплыву вясёласці моцна абхапіў яе за стан i прыцягнуў да сябе. Маладзіца з усмешкай паглядзела на яго стрыжаную галаву, на якой спераду смешна, па-дзіцячаму, тырчэлі вожыкам серабрыстыя валаскі, паспрабавала вырвацца: