Страница 49 из 50
Мы заўсёды трымалi пад строгiм сакрэтам усё, што датычылася нашых сямейных спраў. Не табе мне гаварыць, якiя меры я прымаў, каб наша ўстрывожанасць псiхiчным станам бацькi не стала нiкому вядомай. Аднак не ўсе члены нашай сям'i выяўлялi неабходную стрыманасць i асцярожнасць. У прыватнасцi, твой нягоднiк-зяць усiм расказваў самыя агiдныя гiсторыi пра бацьку. Гэта дорага нам каштавала: па горадзе пайшлi плёткi, а сёй-той праводзiць паралель памiж неўрастэнiяй Янiны i эксцэнтрычнасцю бацькi, якую яму прыпiсваюць, наслухаўшыся балбатнi Фiлi.
Паўтараю: парвi i спалi гэты сшытак i нiкому пра яго не гавары. Давай i мы з табой пра яго забудзем. I ўсё ж, павiнен прызнацца, мне шкада яго знiшчаць ёсць там i тонкiя псiхалагiчныя назiраннi, i нават мiлыя пейзажныя замалёўкi. Быў, вiдаць, у бацькi не толькi талент прамоўцы, але i пiсьменнiцкая струнка. Але тым больш у нас падстаў знiшчыць гэты дзённiк. Уявi сабе, што нехта з нашых дзяцей цi ўнукаў возьме ды надрукуе бацькавы запiскi!.. Бяды тады не абярэшся!..
Мы з табой можам называць рэчы сваiмi iмёнамi i павiнны, прачытаўшы гэты сшытак, сказаць сабе ясна i недвухсэнсава: бацька наш не быў псiхiчна нармальным. Вось цяпер да мяне дайшлi словы тваёй дачкi, якiя спачатку я палiчыў хворай фантазiяй: "Дзядуля - адзiны набожны чалавек, якi мне сустрэўся ў жыццi". Бедная Янiна блiзка ўспрыняла туманныя разважаннi i мроi гэтага iпахондрыка. Вораг сваiх блiзкiх, чалавек, ненавiсны ўсiм, i, як ты ўбачыш, няшчасны ў каханнi (ёсць у гэтай споведзi даволi камiчныя падрабязнасцi), раўнiвец, якi не мог дараваць жонцы нявiннага дзявочага флiрту - няўжо на схiле дзён сваiх пачаў ён шукаць уцехi ў малiтве? Не веру я ў гэта. А з тых радкоў, дзе пра гэта гаворыцца, вынiкае зусiм iншае: аўтар пакутаваў разумовым расстройствам, манiяй праследавання; выношваў неадчэпныя думкi, якiя набылi рэлiгiйную форму. Тут i следу нiякага няма ад сапраўднага хрысцiянства. Я-то ў гэтых пытаннях разбiраюся, i гэты лжывы мiстыцызм выклiкае ўва мне толькi агiду.
Магчыма, ты па-жаночы не так паставiшся да ўсяго гэтага. Аднак, калi раптоўная бацькава набожнасць зробiць на цябе ўражанне i ты будзеш гатова паверыць у яе, успомнi, калi ласка, што бацька не ведаў мяжы ў сваёй нянавiсцi, а калi i любiў каго, то толькi на злосць сям'i цi сваёй роднай мацi. А якiя ў яго рэлiгiйныя парывы? - Ты адразу ўбачыш, што ўсе да аднаго яны проста або ўскосна скiраваны супраць тых прынцыпаў, якiя нам з маленства прывiвала мама. А нястрымны рэлiгiйны мiстыцызм патрэбен яму толькi для таго, каб зручней было нападаць на разумную памяркоўную набожнасць, якая заўсёды была ў вялiкай пашане ў нашай сям'i. Iсцiна - гэта раўнавага... Зрэшты, не буду больш стамляць цябе сваiмi разважаннямi. Нагаварыў я тут дастаткова, так што табе застаецца толькi пазнаёмiцца з бацькавым дзённiкам. З нецярпеннем буду чакаць адказу. Хутчэй хочацца ведаць тваё ўражанне.
Месца застаецца мала, а трэба яшчэ адказаць на твае пытаннi. Дарагая сястра, мы перажываем цяпер перыяд крызiсу, i нам неабходна вырашыць адну вострую i важную для нас праблему - як быць са спадчынай? Калi мы будзем захоўваць кiпы банкаўскiх бiлетаў у сейфе, то давядзецца пражываць наш капiтал, а гэта ўжо няшчасце. Калi купiць на гэтыя грошы акцыi i стрыгчы купоны, то ўцехi таксама мала: курс акцый увесь час падае. Як бачыш, у любым выпадку мы будзем несцi страты. Таму я лiчу, што разумней за ўсё будзе захаваць крэдытныя бiлеты Французскага банка. Франк сёння каштуе ўсяго чатыры су, але ён забяспечаны вялiкiм залатым запасам. У гэтых справах бацька наш меў багаты вопыт, i мы павiнны браць з яго прыклад. У французаў з'явiлася небяспечная схiльнасць: абавязкова пускаць свой капiтал у якую-небудзь справу. Жэнеўева, нiколi не паддавайся на гэтую спакусу. I яшчэ: цяпер такi час, што жыць трэба прасцей, асаблiва не разганяцца, эканомiць, даражыць кожным франкам. Ну, а калi спатрэбiцца мая парада, я заўсёды да тваiх паслуг, - гэта ты ведаеш. Час, канешне, змрочны, трывожны, але сачыць за справамi на бiржах трэба ўважлiва: кожны дзень можа прынесцi i добры выпадак выкарыстаць капiтал. Я, напрыклад, цяпер усё прыглядаюся да каньяку маркi "Кiна" i анiсавай гарэлкi. Думаю, што крызiсу ў гандлi гэтымi таварамi не чакаецца, трэба толькi дзейнiчаць смела i разам з тым абачлiва.
Ты парадавала мяне прыемнымi весткамi пра Янiну. Не варта баяцца яе празмернай набожнасцi. Самае галоўнае, каб яна забылася пра Фiлi. Усё астатняе само памалу ўладзiцца: Янiна з нашай пароды, а ў нас заўсёды ўмелi не злоўжываць самымi прыемнымi забавамi.
Да пабачэння, дарагая Жэнеўева! У сераду прыеду.
Цалую цябе. Твой брат Хюбэр.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Янiна - Хюбэру
Дарагi дзядзечка! Прашу Вашай дапамогi. Мы пасварылiся з мамай. Яна нiяк не хоча паказаць мне дзядулевага "дзённiка". Кажа, што варта мне толькi яго прачытаць i ад маёй павагi да дзядулi нiчога не застанецца. Але калi яна ўжо так беражэ маю добрую памяць пра нябожчыка, то чаму тады кожны дзень паўтарае мне: "Ты i ўявiць сабе не можаш, як непрыгожа ён пiша пра цябе!.. Нават i знешнасцi тваёй не пашкадаваў!.." Яшчэ больш мяне здзiўляе тое, з якой ахвотай яна дала мне прачытаць Ваша пiсьмо, дзе Вы каменцiруеце "дзённiк"...
Мама стамiлася ваяваць са мной i сказала нядаўна, што аддасць мне дзядулевы запiскi, калi Вы палiчыце гэта патрэбным, - яна ва ўсiм спасылаецца на Вас. I вось я звяртаюся да Вас, да Вашага пачуцця справядлiвасцi.
Перш за ўсё дазвольце адразу зняць тую перашкоду, якая датычыць асабiста мяне: як бы жорстка нi гаварыў пра мяне дзядуля ў "дзённiку", паверце: сама я суджу сябе яшчэ больш строга. I яшчэ: я ўпэўнена, што жорсткасць яго не пашыраецца на тую няшчасную жанчыну, якая да самай яго смерцi была побач з iм у Калезе.
Даруйце мне, дзядзечка, але не магу я пагадзiцца з Вамi ў галоўным: я адзiны сведка апошнiх дзён дзядулi i ведаю, якiя былi ў яго пачуццi ў той час. Вы папракаеце яго за туманную, нездаровую набожнасць. Аднак дазвольце Вам сказаць, што ў Калезе ён тройчы сустракаўся з прыхадскiм святаром (першы раз у канцы кастрычнiка i два разы ў лiстападзе). Дарэчы, Вы можаце папытацца пра гэта ў самога святара. Мама гаворыць, што ў "дзённiку", дзе пазначаны ўсе падрабязнасцi дзядулевага жыцця, чамусьцi нiчога не напiсана пра гэтыя сустрэчы. Гутаркi са святаром мелi, безумоўна, iстотны ўплыў на перамены ў душэўным настроi нашага дзядулi, а нiчога не сказана пра iх у дзённiку толькi таму, што ён не паспеў напiсаць пра гэта. Мама ж сама гаворыць, што запiскi абрываюцца на паўслове. Я асабiста не сумняваюся, што смерць забрала дзядулю якраз у той момант, калi ён хацеў сказаць пра сваю споведзь. I дарэмна будзеце вы мне пярэчыць, што калi б ён атрымаў адпушчэнне грахоў, то пайшоў бы да прычасця. Я добра памятаю тыя словы, якiя паўтараў мне дзядуля за дзень да сваёй смерцi: ён усё бедаваў, што яшчэ не варты прыняць прычасце, i вырашыў пачакаць да каляд. Дзядзечка, чаму мама мне не верыць? Чаму яна лiчыць гэта галюцынацыямi? Як цяпер, чую я, як ён гаварыў са мной у гасцiнай пра гэты жаданы для яго калядны дзень. О, якi сумны, цiхi, слабы быў дзядулеў голас!..